Литмир - Электронная Библиотека

Было вось так некалi ў старой хаце. Мяркавалi, што калi ў новую перабяруцца, то не дадуць-жа паразiтам распладзiцца. Ажно й не прадбачылi трываласьцi клапiнага племя. Мусiць, у латаных кажухох i iншых рызманох на развод iх прынесьлi. Ня здолялi як сьлед абжыцца, як паразiты ў перабудаванай iз старых бярвеньняў хаце загнезьдзiлiся, а пасьля неўзабаве на худую Макатунiшыну сям'ю начамi iнвазii пачалi рабiць.

— Божачкi сьвятыя мае! — цi раз змораным i крыўдным аж ад адчаю голасам наракала начамi старая Макатунiха. — Гэта-ж во як на беднага дык i людзi i ўсякiя пранцы нападаюць. А каб-жа вы ўзялi ды дзе да каторага сытога й багатага ў хату заблудзiлi, ягоную таўстую шыю цi плечы папакусалi!

I чаго ўжо толькi нi прабавалi, каб якое збаўленьне ад клапоў знайсьцi, Макатунiшкi! Павыносяць, было, зiмою ў траскучы мароз на двор усю-ўсенькую вопратку, рызманы й пасьцелю. У хаце сьцены варам пааблiваюць, нiводнай шчылiны ня мiнуць стараюцца. Разам iз тым варам кiпiць у нявыгляднай Макатунiшынай хаце колькiгадзiнная праца. Дашчэнту, здаецца, выпякуць клапiнае племя.

— Ну, паглядзiм-жа ўжо цяперака, — кажуць змораныя жанкi. — Калi сягоньнiка iх нi зьвялi, дык якiя пранцы тады памогуць?

Адна, другая, трэцяя ноч пройдзе спакойна. На чацьвертую цi пятую пачынаецца-аднаўляецца папярэдняе. А клапом на дапамогу вошы й блохi. Хоць ты няведама што, зьнiкуль ратунку няма.

Бедавала Макатунiха, цi раз бедаваньне лаянкай перасольваючы:

— Гэта-ж каб на вас парашкi цi якую халеру, каб раз i наўсягды выдушыць можна было. А то ратуначку нiма!

Гэту ноч, калi ўсе азбудзiлiся, пачалi плакаць дзеткi, перабралася Дуня на шырокую лаву на покуцi. Зграбла, вытрасла што магла з пасьцелi, скамячыла нейкую вопратку пад галаву, сяк-так накрылася. Пастанавiла, што ўвечары пойдзе спаць на сена. Праўда, сена тое, — за недахопам мейсца ў пунi хлявушкi, складзенае было збоку пад страхой. Лiчы што на двары было. Страшнавата аднэй дзяўчыне там спаць.

— Дунечка, як-жа ты, дзетка, там засьнеш? — турбавалася мацi, шкадуючы яе. — Гэта-ж лава голая. Каб табе што пад бок.

— Ну й тамака, мамачка, нiма як. Глядзiце вы ўжо сябе.

На халоднай i мулкай лаве было яшчэ больш нявыгадна, але-ж хаця ад паразiтаў далей. Яны там ля палаткаў панадзiлi. Ужо сама сьведамасьць таго, што тут на покуцi, мабыць, клапоў няма, супакоiла дзяўчыну, i яна намагалася заснуць.

Сон ня браў. Ляжала й думала. Марыла аб выгаднай мяккай пасьцелi, чыстай коўдры й сяньнiку. А каб яшчэ асобнае ложка! Гэткiя сьмелыя думкi выдавалiся ёй недасяжным шчытам мараў. Ведала, што некаторыя якраз так i жывуць: сьпяць асобна ды ў чыстым, ядуць уволю, працуюць, сiлаў не надрываючы. Ня так, як яны, Макатуны — вечна зубы ашчэрыўшы, каб зусiм у бяздоньнi галечы не загразнуць, каб як-небудзь з дня на дзень дух перавесьцi.

Была, мусiць, нейдзе ў жыцьцi й лагодная рука лёсу, i поўная мерка шчасьця, i волi, i радасьцi. Дзе яна? Цi судзiў Бог маладой i адно што падрастаючай Дунi калi зь ёю сустрэцца? Iншыя ўмелi й шчыра сьмяяцца, i поўнай мерай чэрпаць жыцьцёцую асалоду, як тая пчолка вясной i ўлетку нэктар з прывабнае краскi. Дуня-ж калi й сьмяялася, дык стрымана, вонкава, адно быццам для вока людзкога. Праўда, былi хвiлiны, што падзiцячаму забывалася пра сваю худую долю, аддавалася й сьмеху й радасьцi. Але трывала гэта коратка. Сьмех i радасьць былi нетрывалкiмi, зманлiвымi.

Была-ж нейдзе на сьвеце й прыгажосьць. Вядома, ня тая, якой поўнiцца лес i поле, i вада, i неба, i сонца, i месяц. Гэта прыродная прыгажосьць была сталая. Бог даў яе для ўсiх, што ўмелi яе бачыць i цанiць. Дуня мела ў думках прыгажосьць самаго жыцьця, быту; прыгажосьць наедзенага чэрава й добра апранутага цела, мэтанакiраванай i плённай працы дый спажываньня тых плёнаў. Была, мусiць, i гэткая, ды не для яе.

Ведала дзяўчына, што й думаць аб такiх рэчах дарэмна. Куды ўжо ёй з такой апошняй у вёсцы й затуканай-загуканай сям'i ды аб нечым лепшым марыць. Сьмешна проста, дый годзе. Думкi адно й застануцца нiколi нязбытымi марамi ды мо шчэ больш напоўняць коўш горычы. Жыцьцё ейнае як палын, нiчога яго, мусiць, не асалодзiць. Такiмi думкамi сабе адно шкоду робiць. Цi ня лепш ужо нiчога ня думаць ды каратаць бяду — вечна ў будзённай беспрасьвецiцы iзь сёстрамi й маткай калупацца?

Калi-нiкалi было й спадзяваньне на Бога. Гэта-ж пра Яго казалi, што ўсемагутны й справядлiвы, бачыць усю бяду й галiту й ведае ўсё чысьценька. Цi праўда гэта? Якi-ж Ён запраўды? Цi гэткi суровы, iз насупленымi брывамi, што вунь на покуцi ў iхнай хаце царствуе ды шкляным, iльдзяным зрокам абыякава на ўсю злыбяду iхную прыглядаецца? Цi, можа, ён зычлiвы, ласкавы, добры, мiласэрны, такi як яго адзiн раз у школе намаляваў на лекцыi рэлiгii той дубовiцкi сьвятар? Хто-ж яго ведае…

На каго-ж тады спадзявацца, калi не на Яго?

А за сьцяной яшчэ сьмялей дзёрлi свае глоткi пеўнi. Раз-пораз кукарэкаў Макатунiшын галаган, у вадказ адгукаўся нейдзе на ўзгорку певень старой Пятушыхi, там далей рэфрэн трымалi зладжана — Дуня гэта ведала, — трывожачы сваiх курэй, блiжэйшыя й далёкiя. Мабыць, нейдзе на ўсходзе за балотам, калi неба не замурзана, паказалiся ўжо зарнiцы сонца, што паволi ды няўхiльна наблiжаецца, каб азбудзiць да жыцьця Лiтоўцы й цэлую сьпячую салодкiм сном кароткай летняй ночы ваколiцу.

I тады ў Дунiным уяўленьнi вырас перапоўнены багатымi чарамi скарбовы лес. Гэта-ж зараз, мусiць, трэба ўстаць — усяроўна сну ўжо ня будзе, — ды па грыбы сьпяшацца. Там пад дубамi й гладкакамлёвымi бярозамi пасьмялелi й павылазiлi з травы наверх баравiкi. Некаторыя, можа, й ня сьняць, што прывiтаецца зь iмi й нiзка паклонiцца iм сяньня пасьля сьвiтаньня падлетак-Макатунiшка. Так ёй карцiла ўжо туды. Гэта, можа, адзiнае й найлепшае мейсца, дзе яна жыла, поўнiлася чарамi iншага сьвету.

Праўда, там хадзiў iз злым сабакам забойца Бахмачыхi. Дуня яго зручна абмiнала й дагэтуль клопату ня мела. Як тая спрактыкаваная лiска, выхадзiла-выбегала яна гэны лес, угадвала, дзе й калi пайсьцi, каб зь бядой лоб-у-лоб не сутыкнуцца. Лясьнiк, праўда, заўсёды трымаў сабаку пры сабе, а часта й без сабакi валачыўся па лесе.

А лес, — Божа мой! — гэта цi не другi ейны дом. Там яна чулася вольнай i лёккай, прыглядалася кожнай букашцы й матыльку, лавiла чар салаўiнай песьнi й кожнае рэха. I здавалася ёй цi раз, што добра было-б у лёкка-пырхаючую птушку замянiцца, ейным крылатым бесклапотным жыцьцём дыхнуць. Але-ж ня можа быць, каб птушкi сваiх клопатаў ня мелi. На iх i каршукi й iншыя дзяруны палявалi, яны-ж мусiлi й гнёзды на хiсткiх галiнах майстраваць, i дзеткаў гадаваць, i ўсякую непагоду пераносiць. Ды ня можа быць, каб не жылося iм лацьвей, чымся лiтоўскiм Макатуном.

Ужо добра парадзела цемра, калi ацiхла ў хаце. Дуня ўстала, на дыбачках каб, баранi Божа, нiкога не азбудзiць, — падыйшла да сьцяны, брала зь вешалкi сваю вопратку й апраналася.

— Дачушка, ты куды? — азвалася мацi.

Дзяўчынка ў думках упiкнула сябе за тое, што не магла цiшэй, што матчына чуткае вуха ейнае вандраваньне па хаце распазнала.

— Па грыбы, мама.

— Паспала-б яшчэ — рана, мусiць.

— Ат, дзе там рана. Пайду.

Матка змоўкла. Дуня бачыла, як перавярнулася з другога боку ля сьцяны Параска. Мусiць, i яна чула.

Белая Дунiна хусьцiнка, якой перавязала валасы, мiльгала ў шарэчы раньняга сьвiтаньня. На правай руцэ тарабанiла кошык, а ў iм — iз кароткiмi чыранкамi ножык. Борздымi крокамi мерыла дзяўчына мяжу мiж нiвамi, абмiнула з паўднёва-ўсходняга боку Гараватку ды накiравалася на калёнiю Лазоўскага. Босыя ногi абмывалiся сакавiтай расой, што даймала сьвежым i прыемным халадком. Ведала Дуня, што покуль дойдзе да лесу, а ў тым лесе да аблюбаваных баравiкамi мейсцаў, сонца высадзiць свой чырвоны лоб з-за балота, каб пачаць сьвяцiць людзям у яшчэ адзiн працавiты летнi дзень. Шапку Архiпа абселi вароны. Дзесь на ўзьлесьсi, а мо ў вербах над канавай, аж заходзiўся ў сьпеве салавей. Яму дапамагаў другi й трэцi.

Вялiкi луг Лазоўскага драмаў пад шыза-зялёным дываном роснай атавы. Дуня прастала нацянькi да ўзьмежжа жытняга поля, пакiдаючы за сабою сьцежку, як добрую баразну. Драмалi, здавалася, важкiя адраныя каласы жыта. У раньняй задуме, мусiць, чакалi яны жняцоў. Дуня кiнула зрокам на вялiзную жытнюю нiву. Асаднiк яшчэ не зажынаў. Хутка, можа ўжо й сяньня, стануць нейдзе ў хвасьце вясковыя наймiткi-жнейкi i з традыцыйным «Божа памагай» зьвяжуць першы снапок, каб стануў ён ганарова на покуцi гаспадаровае хаты. Сярпы пачнуць уядацца ў моцную мязгу вырослых на сакавiтым угнаеньнi жытнёвых сьцёблаў. Дзяўчаты й жанкi, як адважныя жаўнеры ў гарачай бойцы, зацята цяць будуць высокую сьцяну каласоў, у хвасьце за сабой пакiдаючы суцэльны памост снапоў. Пад вечар мускулiстыя рукi парабка Яўхiма паставяць тыя снапы ў тоўстыя бабкi, а журботная жнiўная песьня зь перасохлых i патрэсканых ад сьпёкi вуснаў паплыве над шырынёй урадлiвае нiвы.

39
{"b":"103052","o":1}