Литмир - Электронная Библиотека

Цiвун — гэта такi вырадак i нi дай Божа якi гультай, што сам рабiць ня хоча. Дык от стаiць над табой i вякаiць, бiзуна збоку дзяржыць i iм паганяiць. Ты тамака iз касой, iзь сярпом, iз сахой цi iз цэпам — потам залiваiсься, вочы наверх табе ад цяжкой работы лезуць — а гэта брыда вечна над табой, як той благi сярдзiты сабака ўсiроўна. Калi каму гэтыя цiвуны ўжо так доймуць, што чалавек ня ўсiлах трываць дый возьмiць агрызьнецца, дык як груганьнё нiнажорнае зьлятуцца ды так саб'юць, што дваццатаму закажаш, дух зь цябе вон. Ох бiлi-ж, сынок, ай-яй як бiлi!

У пана сабака большую цану меў, чым наш пан сярмяжнiк. Ганялi-варочалi намi горы, як скацiнай якой. Мужык сваёй зямлi ня меў, дык на пана мусiў пяць цi шэсьць дзён рабiць, а на сябе нi было калi. Дый сiлы тэй нi было, калi зь цябе ўсе духi вышматаюць. З таго малога куска зямлi, што пан у варэнду дасьць э, дык калi быў час яго абрабiць, дык яшчэ й цару й пану трэба падаткi плацiць. Дзяцюкоў-жа мужыцкiх сiлком у маскалi бралi. Прыедуць у сяло, забяруць дый пагоняць на край сьвету. Як адслужыць гадоў дваццаць пяць, дык глядзiш — маладым i здаровым пайшоў, - а старым i саўсiм зношаным вернiцца.

Я знаю сынок, бо сам служыў. А там-жа такiя нелюдзi — нi дай ты, Божа. Як у чым малым правiнiсься, дык так бiзунамi сьсякуць, што ня толькi зоры ўвiдзiш, алi, здаецца, жывым пад зямлю лез-бы. Гэта шчасьлiвы той, катораму нi пападзець. Ды такiх мала ёсьць. Мне папалося, сынок, от паглядзi.

Дзедаў голас дрыжэў. Нязграбнымi старэчымi пальцамi ён расшпiлiў сьвiтку ды сьцягнуў на шыю споднюю шэра-кужэльную кашулю.

— Зайдзi ззаду, паглядзi на плечы, сынок.

Янук устаў, зiрнуў на дзедавы плечы й жахнуўся. Скура ўся была ў шнарах-пiсягах. Яны крыжавалiся наўскасяк. Януку няцяжка было ўявiць, што замiж гэтых, цяпер загоеных, жаўтаватых рубцоў, былi некалi крывавыя барозны. Як-бы яму мову заняло, хлапец, нi слова не сказаўшы, iзноў сеў на камень.

— Казалi, сынок, мужыкi так: прыгон — дух зь цябе вон. Дый найгоры, што цар манiфэст зрабiў i кажыць: я вам, мужыкi, зямлю дам. У паноў працаваць нi будзiця. Ну i даў. А за тую зямлю дык трэба было вялiкую сiлу грошы плацiць. Дык i астаўся мужык у панскiм кiшанi. Гэта-ж проста зьдзек быў з нашага брата. Адным словам, да такой бяды давялi, што людзi ў адчай кiнулiся. I от тады паўстаньня пачалося. Усе, як усiроўна згаварыўшыся, надумалiся раз i наўсягды з гэтым пеклам скончыць…

— Гэта, дзядуля, што ў тысяча восiмсот шэсьдзiсят трэцiм годзе было?

— Яно, сынок, яно.

— Дык аб гэтым нас у школе вучылi. Тутака iм Калiноўскi вёў, - памог iзноў дзеду Янук.

— Так, сынку, гэта той самы. Толька-ж тады ня ўсе зналi, хто ў галаве быў, ажно пасьля, як яго павесiлi, дык народ дачуўся. А тады, як пачало ўсё як у катле кiпець, дык усе людзi па сваiх мястох i хто чым мага: хто касой, хто тапаром, хто цэпам, а каторы стрэльбу меў дык шчасьлiвым быў. Дык во гэдак i кiнулiся на паноў ды маскалёў. А калi войска й казакi прыйшлi iм на выручку, дык нашаму беднаму брату яшчэ патроiлася работы. Цяжкоя-ж гэта было змаганьня, сынок, ой цяжкоя. Наш брат нiабучаны быў, болi крыкам чым крэпкай рукой манiўся браць. А дзе-ж ты процi войска ўстоiш…

Сколька гэта народу, хаты курныя пакiдаўшы, пановы палацы iз дымам пускалi, у лясох гнязьдзiлiся, ад войска й казакаў хавалiся. Проста дзiва дзiўная. Здаецца, чалавек наш такi спакойны, Богу мiлы, працавiты. А ўжо так даелi, так дапяклi, што азьвярэў, на гэтых катаў як воўк iз клыкамi кiнуўся. Ды дзе ты там рады дасi. Маскалёў чортава гiбель панапаўзала, павярнуцца нi было дзе. Страхоцьцейка, сынку, што выраблялася. Знаю я ўсё гэта, бо во такi, як ты цяпер, быў i нашым людзям весьцi i ежу насiў. Мы малыя, дык да нас нi чапiлiся. От разгледзiм, дзе якоя войска, што яно робiць, i ды данясём сваiм, што па гэтых вялiкiх лясох крылiся. А дома толька самыя старэйшыя, калекi ды дзеткi малыя былi, а такiя, што сiлу ў руках мелi, дык усе ваяваць выйшлi.

Мусiць, цэлы год так было, а тады маскалi так прыдушылi, што нi было куды дзецца. Здавалiся. А ў тых мiласьцi нi было. Гэты вешацiль, што Мураўёў зваўся, дык страх што нарабiў: усю зямлю трупамi завалiў i крывёй залiў. Во тутака на гэтым Архiпавым суку было трох, што мужыкамi камандавалi i што iх ў лесе злавiлi дый павесiлi. Адзiн ужо старэйшы, што галавой быў, дык гэта наш вясковы мужык быў, Iван Карпук зваўся. Ягоную сям'ю на атап ды ў Сiбiр, жонку й двоя дзетак пагналi. Значыцца, гэтага Карпука й двух яшчэ, каторыя памагалi, прыгналi сюды пад Архiпа iзь зьвязанымi рукамi, тады сагналi ўсiх людзей, што толькi дзе жывоя было, каб усе прыглядалiся, дый павесiлi бедных. Нiхай Бог дасьць iм царства нябесная! — перахрысьцiўся дзед.

Памаўчалi.

— Ну й што далей? — спытаў Янук.

— Загадалi, каб нiхто iх нi чапаў. Яны, — кажуць — маюць гэттака на Архiпавым суку вiсець. Так гэта для постраху зрабiлi, каб людзi маскалёў помнiлi. А як-жа ты iх ня будзеш помнiць? Яны-ж у нашай i другiх вёсках стаялi й выраблялi што хацелi: п'янствавалi, дзевак маладых насiлавалi, над людзьмi зьдзеквалiся. Ой гора-ж вялiкая, нi дай ты Божа, на народ наш было прыйшло. Баялiся людзi ценю свайго, а многа каторыя то ў норы пазашывалiся й нi вылазiлi, або ў лясох глыбокiх.

От, значыцца, вiселi тыя тры паўстанцы тады цалюськую ноч i другi дзень. А вiдаць дык яны здалёку былi. Аж на другую ноч iх ня стала. Толька ранiцай агледзiлiся маскалi, што нехта пазабiраў iх i сук во гэты, надта таўсты, што цяперака як кукса тарчыць, адпiлаваў. Гэта ўжо многа часу пасьля дазналiся мы, хто зрабiў. А гэта былi вясковыя дзяцюкi, каторыя ў лесе крылiся. Дык забралi яны павешаных паўстанцаў уночы, завязьлi й закапалi ў леся, а з таго Архiпавага сука здаравенны крыж зрабiлi й над курганам паставiлi. Той курганок i цяперака ў леся ёсьць. Калi хочаш знаць, дык ён там на Выгар як iдзеш, пiрад узбалоткам. Знаiш, дзе гэта?

— Гэта блiзка ад сьцежкi?

— Нi так далёка направа.

— Я тамака нiдзе крыжа нi вiдзiў.

— Дык нiма цяпер, сынку. Крыж даўно згнiў i завалiўся, толька на магiле вялiкi плоскi камень ляжыць, i на iм напiсана, што гэта паўстанцы. От, калi паглядзi, дык, пэўня, знайдзiш.

— Трэба будзiць пашукаць, — сказаў Янук.

Смуга на захадзе многа пашырэла. Пякло. Часам чуваць быў далёкi глухi гром.

— Надыходзiць бура, дзядуля. Чуеш, як грымiць? — прыгадаў Янук.

— Чую, дзетка, чую. Нiхай даець Бог дажджу, зiмля даўна пiць просiць, кiваў дзед галавой i ўзноў узяўся набiваць люльку.

— Дык можа-б мы пад дом, дзеду, га?

— Нi тарапiся, сынок. Можа во яшчэ бокам пойдзiць.

Памаўчалi. Iзноў загрымела, гэтым разам блiжэй i галасьней. Заходнi кавалак захмаранага неба перашылi раз i другi разгалiненыя маланкi. Янук думкамi вярнуўся да таго, што распавядаў яму дзед. Як на дзiва, палякчэла на сэрцы. Вялiкае народнае гора, аб якiм гаварыў дзед, зьлiлося-зьмяшалася ў хлапцовым уяўленьнi зь ягоным прыватным горам, i гэтае першае як-бы паглынула-аблекчыла апошняе.

— I от вiдзiш, сынок, сколька крывi сваёй нi пралiвалi людзi, сколька нi папаявалi, пападужалiся, усiроўна рады нi далi. Ярмо, як было, гэтак i асталося. Прыгону нiма, нiкаторыя i нiблага са сваёй зямлi жывуць, ну алi бальшыня людзей, каторыя бiзьзямельныя, дык як гаравалi так i гаруюць, як рабiлi на паноў так i робюць цяперака. Нiчагуткi нi зьмянiлася. Усе найлепшыя землi пазабiралi, ты на iх працуй, а яны цябе горы за свайго сабаку маюць. Паткнiся куды, дык ён iз табой нi палiчыцца каторы. От як i тваю матку пакойнiцу… Гэта-ж такая залатая душа была: у яе i рукi да працы й галава на плячох. Каб-жа яе, а то й бабку ейную помню вуньдзiка. Алене гэта было жыць ды пажываць, дзетак гадаваць, а нi сырую зямлю парыць так рана…

Янука хтосьцi зноў цiснуў-душыў за горла. У вачох накацiлiся сьлёзы.

— Дык от табе гэты галадранец — каб яго зiмля наша сьвiтая нi насiла, адкуль ён узяўся! — за ягадзiну застрэлiў.

Янук ня вытрымаў. Сьлёзы зноў паплылi гарохам. Адхiнуўўся ад дзеда, каб скрыцца з плачам. Першыя хмары ўжо закрылi сонца а на захадзе кацiўся гром.

35
{"b":"103052","o":1}