Литмир - Электронная Библиотека

Не грашыў Абухаў любасьцяй да беларускае зямлi. Адылi гэта зусiм не перашкаджала яму любiць i спажываць плёны ейныя. Як кажа тая француская прыказка — апэтыт расьце падчас яды. Рос, ды шчэ й як рос, апэтыт Абухава. Чым больш сыцеў, багацеў, тым больш буйнела прагавiтасьць ягоная.

Як благi сон прыгадваў Абухаў часы мiнулыя, калi пасьля вайны, як дэзэртыр з расейскага войска, хаваўся й лындаў па гэтай чужой краiне. Сам ня зь бедных паходзiў, да працы ня хiнуўся й ззамоладу, а тут жыцьцё паставiла яго проста ў бязвыхадны тупiк. I невядома, як доўга трывала-б тое, калi-б напярэймы Абухаву не прыйшла сама «матушка веры iсьцiннай рускай» — праваслаўная царква. Дакладней гаворачы — не царква Абухаву на выручку пасьпяшыла, а людзi, што ёю ў Польшчы й акупаванай Палякамi Заходняй Беларусi кiравалi. Старалiся яны як найбольш свайго брата ў сьвятарскiя расы апрануць. Дый сам Абухаў, што заўсёды гультая корчыць любiў i беларучкай праз усё жыцьцё хацеў прайсьцi, борзда спанатрыў, дзе лёккi хлеб расьце. Аб тым, што ягоная асабiстая й хрысьцiянская маральнасьць шмат дзе шванкавала й замiнала стацца «пастырам авец праваслаўных», нянадта Абухаў турбаваўся. Дый «уладыкi», што пасьля кароткай падрыхтовы яго на сьвятара пасьвяцiлi, нянадта пра тое дбалi. I м галоўнае абы свой чалавек. А там упражэцца неяк, рады дасьць.

Спачатку вольна й асьцярожна ступаў, а пасьля некаторае практыкi ўжо зусiм сьмела й адважна на сьвятарскiя ногi Абухаў стануў, у сьвятарскi пух пачаў абрастаць. Лiшнiм казаць, што не належаў да тых, якiя духоўны шлях ахвярным паклiканьнем лiчуць. Для яго гэта была проста прафэсыя, што спорыла багацьце, многа выгадаў i магчымасьцяў бяз значнага абмежаваньня асабiстых i сямейных вольнасьцяў.

Царкоўныя рытуалы й iншыя мудрасьцi засвоiў добра й часам «наiзусьць». Гэта дазваляла яму зь вялiкай лёккасьцю й амаль аўтаматычна, зусiм без ангажаваньня свайго духовага «я», барабанiць дзе што патрэбна было. Вядома, вымагалася й нямала акторства, адылi й тут Абухаў ня зломак быў. Калi ты заўсёды на вачох у людзей, ды шчэ такiх назiральных i дапытлiвых, як мясцовыя сяляне, ня маеш права промаху даць. Сваiм выглядам i ўсёй вонкавай iстотай паказаць мусiш, што ўся твая душа ў малiтве Божай. Асаблiва-ж на хаўтурах цi панiхiдзе ты, як найбольш любы раб Божы, усяго сябе пасьвяцiць мусiш прозьбе ласкаў Ягоных. Спачатку нялатвая была гэта для Абухава справа. Ды наламаўся-налаўчыўся так, што й запраўды, гледзячы на яго, маўлялi часта людзi:

— Ты вiдзiш, як гэты поп шчыра молiцца. Ужо гэткага дык пэўна Бог паслухаiць.

Тым самым людзям, не разгадаўшым зручна асвойтанага Абухавым рамёства, даводзiлася нямiла разчароўвацца пры iншых нагодах. Было гэта найчасьцей на пасьлякалядных ссыпках, калi разам iз парабком на шырокiх разваднях па сваёй парахвii езьдзiў i «всякое даянiя благо» зьбiраў. Тады людзi бачылi перад сабой прагавiтага чалавека.

Зайдзе, бывала, у каторую хату, як накручаная катрынка малiтву адляпеча, пару разоў крапiлам па кутох махне й выглядае ўжо, каб яго шчодра за гэткую «благадзецель» абдарылi. Беларусы, як усiм вядом, з натуры людзi добрыя й сумленныя дый шчодрыя — даюць ад душы, хто колькi можа. Адылi моршчыўся адпасены сыценькi твар Абухава, калi бачыў, што ў мех сыпалi гарнец, а ня цэлую сяўню жыта, калi нехта, з прычыны свае беднасьцi, дзесяць грошаў, а ня цэлую залатоўку дасьць.

Узiмку сялянскiя меншыя дзеткi звычайна дома сядзелi. Як тут на двор босы цi голы ступiш? Па хатах сядзелi апранутыя ў вадных зрэбных кашулях, басанож. Наглядалi зiму адно праз размаляваныя штукаром-марозам малыя вокны, марачы аб ботах i цёплай вопратцы, каб на саначкi цi на лёд пабегчы. Для такiх дзетак кажны чалавек адтуль знадворку, што ў хату заглядаў, вялiкай навiной быў. Уявеце сабе, як прыглядалiся яны такому дзiўнаму чалавеку, што ў даўгой расе, зь вялiкай чорнай барадой, зьзяючым крыжам, махаў нейкай малой мяцёлкай i пырскаў вадой навокал, ды нейкай незразумелай мовай да «Божанькi», што на покуцi, гудзеў.

Ледзь памятаў Янук, як першы раз убачыў Абухава. Сядзеў ён у хаце, рабiў на замарожаных шыбах кругленькiя «вочкi» й цiкава-прагавiта на двор выглядаў. Калi Абухаў увайшоў у хату, за сабой шмат холада ўпусьцiўшы, малы Янучок не на жарты зьдзiвiўся й насьцярожыўся ды назiраў, што далей будзе. Апрача таго, што сьвятар рабiў, найбольш цiкавым аб'ектам Януковай увагi была даўгая й шырокая чорная барада. Нiдзе й нiколi ня бачыў ён такой барады, такiх даўгiх пэйсаў.

Калi ўжо ўсё скончылася — значыцца, калi гэты дзiўны барадаты дзядзька накруцiў нешта перад сабой залатым i прыгожым крыжам, усё паўтараючы «мiца й сына», падыйшоў ён тады да Янука, што воддаль ад столу трымаўся. Парнуўшы вялiкiм указальным пальцам у чэрава так, што аж да сьлёз забалела, iз брыдкай грымасай на сытым чырвоным твары сказаў:

— Ну что, мужык, нажрался бульбы, а?

Не разумеў Янучок, чаго гэты дзiўны дзядзька так брыдка зарагатаў, што аж ходырам задрыгала барада. Агiдным i нялюбым выдаўся хлапчуку гэны твар i тыя дрыжачыя пэйсы ў барадзе, што нагадвала густую мяцёлку. Так балюча ў чэрава парнуў, што аж у вочках пякучыя сьлёзы накацiлiся.

Ды цi толькi Янука так вiтаў «слуга божы» Абухаў. Гэтак зьвяртаўся да дзетак амаль у кожнай хаце. I ўжо нашто цярплiвыя былi сяляне й непашанай да духоўнiка не грашылi, адылi некаторыя, пачуўшы такi «жарт» раз цi два, ня вытрымалi. Проста ў сьвятарскiя вочы гледзячы, сказалi, што ад каго як каго, але ад духоўнiка брыдка такое чуць. Абухаў — пык-мык! — усё пастараўся «замяць для яснасьцi», на жарт зьвесьцi. Неяк наагул ня мог ён старэйшым проста ў вочы глядзець, а ў гэны момант i пагатоў.

Усё гэта пасьля Абухаў на свой лад перакруцiў. Мясцовыя «цёмныя мужыкi» не дарасьлi, каб ягоны субтэльны й дасьцiпны жарт зразумець. Сьвятар, вiдаць, забыўся, што малыя дзеткi наагул, а на такiх кручкаватых жартах i пагатоў не разумелiся. Ён i не падазраваў, што гэнае грубое «мужык нажрался бульбы», тарнаванае iм iз смакам на вачох старэйшых людзей, зусiм коратка, вымоўна й калярова характарызавала ня толькi яго, як беднага на разумовую вынаходлiвасьць чалавека, але й шмат чаго iншага.

Абухаў меў добры нюх. Борзда разгадваў людзей, iхную вартасьць, удзельную вагу ў грамадзтве й пры ўладзе. Ужо калi яму што рупiла, то ведаў, да каго пасьпяшыць iз прозьбай, пранюхаўшы заднiя хады; да каго паставiцца з ласкай, каму льга, а каму не выпадае пад бок таўхануць, каго абыйсьцi й не чапаць. Адным словам, Абухаў рана пазнаў у гэтых мяйсцох i пры гэтай уладзе карысныя для яго простыя сьцежкi й крывулi, найважнейшыя слупы-апоры пры iх. Дзiва, што ў даволi кароткiм часе разжыўся й разбагацеў Абухаў так, як некалi й сьнiць пра гэта не даводзiлася.

Ды яму ўсё было мала, усё расла яшчэ прагавiтасьць. Вакольныя бедныя людзi паглядалi на «папоўшчыну», кiвалi галовамi й пыталiся самi сябе: цi-ж запраўды аднаму чалавеку, хаця-б iзь вялiкай сям'ёй, так многа самай лепшай зямлi й усяго iншага трэба, калi пасуседзтву такая галеча й нiшчымнасьць сьвецiцца?

Многiя так i называлi сьвятара скуралупам, несумленным абдзiральнiкам, ненажэрам ды iншымi зьмяншальнымi мянушкамi. Iншыя-ж, пабожнейшыя казалi, што iм судзiць «бацюшку» нельга, бо яму, мусiць, Бог усё тое багацьце дае; а калi гэтак, дык ужо каму як каму, а ня iм-жа божыя шляхi й учынкi разгадваць.

Першыя, вядома, праўду казалi. Перад тым, пакуль каму цану за вянец, хрысьцiны, паховiны цi што iншае засьпяваць, Абухаў намагаўся разьведаць пра матар'яльны стан чалавека, а тады ўжо сваё вымагаў. Браў, такiм чынам, не за паслугу, а паводля прынцыпу — колькi ўдасца зьдзерцi. Безумоўна, у яго быў свой мiнiмум, што мусiў узяць незалежна ад таго, цi чалавек меў чым плацiць, цi ў яго дзеткi ў хаце ўпрогаладзь сядзелi.

Калi йшло пра вянцы, дык поўбяды тут было. Людзi маладыя, жэняцца, весяляцца, новае жыцьцё пачынаюць будаваць. Калi й лiшняе ад iх возьмеш, дык яны-ж маладыя, заробяць, нiдзе ня дзенуцца. Найбольш балюча давалiся ўзнакi людзям сьвятаровыя ўзяткi за хрышчэньнi й паховiны. Нараджэньне й сьмерць два асноўныя й непазьбежныя працэсы йснаваньня. Людзi родзяцца i ўмiраюць, наперад не разьведаўшы, цi будзе чым за сьвятарову паслугу заплацiць.

26
{"b":"103052","o":1}