Литмир - Электронная Библиотека
A
A

— Ну, што-што, a ўявіць магу, дарэмна ты так не верыш у мае здольнасці. Але справа не ў гэтым. Будуць i ў нас сапраўдныя, як ты кажаш.

— Будуць?

Ён ведаў пра тое, што ў Мінску пачалася будоўля вялікіх аўтамабільнага i трактарнага заводаў. Але, запалены спрэчкай, не хочучы паступіцца, са звычайнай сваёй упартасцю дадаў:

— Будуць, вядома. Але — тое яшчэ будзе!

Праз некаторы час яго накіравалі ў Мінск, на аўтамабільны завод, ён сам папрасіўся, напісаўшы з такой просьбай пісьмо ў ЦК партыі, i яму дазволілі: на заводзе была вялікая патрэба ў спецыялістах.

Ён прыехаў хмурным лістападаўскім днём. Сеяў нудны дождж, той дождж, які можа ліць безупынку i дзень, i два, i месяц.

Адразу за будынкам вакзала ён трапіў на гразкую плошчу. Яна была ўся раз’езджаная коламі аўтамашын, i ў каляінах i ямах было поўна бруднай вады. Абапал плошчы моклі на дажджы пахіленыя, учарнелыя слупы з правадамі. У розных месцах стаяла некалькі легкавых i грузавікоў, i Зыбін адразу накіраваўся да ix. Ён запытаўся ў шафёраў, ці не едзе хто ў бок завода, але туды не было, — і, падняўшы каўнер, трымаючы ў руцэ чамаданчык, падаўся на Магілёўскае шасэ пешшу.

Зыбін думаў, што завод пачынаецца адразу за горадам. Аднак ён мінуў i апошнія, вясковага складу, будынкі ўскраіны i выйшаў у поле, a ніякага завода не было відаць. Ён занепакоіўся, ці не памыліўся, але хлапчук, які яму трапіўся, сказаў, што завод яшчэ далей.

Падняўшыся па мокрым асфальце на ўзгорак, Зыбін, нарэшце, убачыў у сасняку наперадзе цьмяныя абрысы доўгіх камяніц…

Праз поўгадзіны ён ужо ўладжваўся ў драўляным бараку, над якім дробна стукацеў па даху няўціхны дождж.

Усяго ў пакоі стаяла ў рад пяць ложкаў, i жыло, пра гэта Зыбін ужо ведаў, чатыры чалавекі, але гаспадары трох у той час акурат працавалі. Дома быў толькі адзін плячысты, губаты хлопец, які ляжаў на ложку ў пінжаку i ў ботах.

Хоць хлопец яўна не меў ахвоты размаўляць, Зыбін, падсунуўшы чамаданчык пад ложак, аглядаючыся, пачаў распытваць, хто жыве тут i як жывецца.

— Жытка — так. Не надта…

— Чаму гэта?

— Харчы слабыя.

— Што — не хапае?

— Толькі паабедаеш, a ўжо есці хочацца.

— А ты-б па два браў…

— Хаджу на рынак… Ды капеек нягуста…

Пачуўшы гэта, Васіль Цімафеевіч уважліва агледзеў хлопца i перастаў распытваць. Той яму не спадабаўся: «такі здаравенны, а смаркач».

Зыбін быў звычайна катэгарычны i рэзкі ў сваіх ацэнках.

— Ну, ды i не заўсёды дастаішся, — памаўчаўшы, загаварыў хлопец. — Бывае, што i так пойдзеш.

Зыбін, які прысеў на табурэтцы каля акна, запытаўся стомлена:

— Не ўпраўляюцца паабедаць? — А то што-ж.

— I многія?

— Многія.

«Пажывем-пабачым», — падумаў Зыбін, сочачы, як дзяўчына, што прыйшла з бялізнай, засцілае яго ложах…

Што праўда, то праўда — многае было неўладавана. Ужо ў той вечар Зыбін убачыў, як у сталовай у перапынак таўкліся доўгія чэргі, як частка людзей вярнулася так i не ўправіўшыся паесці.

У цэху ад сцюжы дрантвелі рукі i стылі ногі. Праз дах, у якім многа было выбітых шыб, дабіраўся дождж. Ды i наогул завод, аказалася, быў мала падобны на аўтазавод: у цэхах рабілі толькі асобныя дэталі, якія пакавалі ў скрынкі, грузілі ў полі за заводам на платформы i адпраўлялі, як запасныя часткі.

I ўсё-ткі гэта быў завод, гэта было тое, да чаго ірвалася, па чым тужыла яго душа. Ідучы на працу ў натоўпах, што густа i хутка цяклі да ўваходу на завод, слухаючы гудок, што ракатаў, разыходзіўся над пасёлкам, над сасняком, над палямі, Зыбін чуў, як у сярэдзіне яго спявае…

Калі ён увечары, вярнуўшыся з прады, пачуў, як здаравенны хлопец, першы яго знаёмы, сказаў, што збіраецца ўцячы, — Зыбіна гэта ўкалола. Ён адчуў сябе як-бы пакрыўджаным. Пакрыўджаным за завод, які ён яшчэ амаль не ведаў…

— Я думаю, завод нічога не страціць, — сказаў ён рэзка губатаму.

Хлопца гэтая рэзкасць уразіла.

— А я не чакаю, каб па мне плакалі.

— Слёз не будзе!.. — запэўніў Зыбін. — Адным трусам будзе менш.

— А ты… — губатага яго словы, відаць, узялі за жывое. — Пабачым, што ты сам запяеш, пабыўшы.

— Ты гэтага не ўбачыш!..

Праз дні тры губаты кудысьці знік, i Зыбін больш яго не бачыў i не думаў пра яго. Іншае, больш важнае, захапіла, павяло Зыбіна, апанавала яго клопатам.

Рабочымі ў Зыбіна, што спачатку працаваў начальнікам аддзялення ў механічным цэху, былі простыя вясковыя хлопцы, якія яшчэ вельмі мала разбіраліся ў сваей справе. Шмат хто з ix тады, — як i ў іншых цэхах, — вызначаўся тым, што на дзіва часта ламаў стацкі ці дэфіцытныя фрэзы. Не адну гадзіну штодзень Зыбін корпаўся са станкамі, наладжваючы ix, цярпліва i стрымана ўтлумачваючы таму ці другому хлопцу, чаму прыключылася бяда i чаго трэба асцерагацца на далейшае. Была такая пара, калі яму даводзілася амаль палову часу траціць як наладчыку, гэта тады, калі i сваіх абавязкаў было досыць. Іншага нічога ён не мог-бы прыдумаць, бо наладчыкаў сапраўдных таксама амаль не было.

Жыць даводзілася на дзве сям’і — жонка з маленькім сынам была ў раёне, на яго даўнейшым месцы. Жыць ім тут не было дзе. Зыбін, праходзячы па вуліцы, уранку — на працу, ці ўночы — з завода, заўсёды рэўніва сачыў, як ідзе будоўля жылых карпусоў. Яны раслі чырвонымі мураванымі сценамі, абазначаючы першыя, яшчэ не зусім зразумелыя, абрысы заўтрашніх плошчаў i вуліц. Ён не раз вылічваў, калі зможа перабрацца ў сапраўдную кватэру ці хоць у асобны пакойчык, уяўляў, як будзе жыць утраіх з жонкай i малым сынам.

Сустракаючыся ў Мінску з таварышамі, ён стаў, поруч з успамінамі пра Тагіл, аб лясных днях, цяпер часта гаварыць пра свае заводскія будні. Па гэтых яго апавяданнях можна было-б пабачыць, як паступова развіваецца, развінае свае сілы малады завод-гарадок, што вырас у ляску за мінскімі ўскраінамі. Спачатку Зыбін пахваліўся, што асвоілі каленчаты вал, што пачаў працаваць ліцейны цэх, потым перадаў, што выпусцілі аўтамашыну.

Ён з захапленнем расказваў, якая яна вынослівая i моцная, гэтая машына-самазвал, як яна добра прыстасавана да цяжкіх нашых дарог!

Крыху пазней, калі ён падвучыў хлопцаў i наладзіў справу, калі з заводаі ўжо выходзілі дзесяткі, сотні машын, яго назначылі начальнікам у новы цэх, які толькі што арганізоўваўся. Гэта быў цэх аўтаматаў, што рабілі для машын самыя рознастайныя балты i гайкі, а таксама арматуру. На другіх заводах такія цэхі называюць аўтаматнымі, а тут яму далі назву «цэх нармаляў». Становішча было цяжкае: цэх нармаляў затрымліваў выпуск машын, зрываў усе графікі. На кожнай нарадзе цэх лаялі — лаялі былога начальніка цэха, начальнікаў аддзяленняў, майстроў, хутка сталі лаяць i Зыбіна.

Яму давялося перажыць нямала горкіх дзён. Зыбін хутка зразумеў, у чым прычына таго, што цэх не спраўляецца з тэмпам жыцця завода, — але паправіць не мог справы. У скураной вечнай паддзёвачцы хадзіў ён у тыя дні пануры, паглыблены ў сябе, тоячы настойлівы позірк халаднаватых i шэрых, як лістападаўскія хмары, вачэй. Ніякіх дзіваў асаблівых не было ў тым, што ён хацеў зрабіць для цэха, — нічога незвычайнага. Але ад гэтых простых рэчаў залежала справа; хоць, трэба сказаць, што гэтая простасць ix была не так ужо простай, калі Зыбін пачаў ажыццяўляць свае намеры.

Справы ў яго доўга не ладзіліся, i да яго даходзілі чуткі, што яго вось-вось здымуць з пасады. Такога ў жыцці Зыбіна, чалавека самалюбнага, даўней не было, i гэтыя нелады яму вельмі абыходзіліся. Ён стараўся з усіх сіл, не бачачы ні дня, ні ночы.

— Змарнелі вы, Васіль Цімафеевіч, — чорны нейкі… — пашкадавала яго тэхнолаг цэха Елена Сяргееўна. Яна была поўная, з пышнымі валасамі, кучаравымі над ілбом i каля маленькіх ружовых вушэй.

Жанчына збянтэжылася, пачаўшы такую размову нечакана для сябе, i, каб схаваць няёмкасць, параіла спакойна:

— А вы не перажывайце гэтак.

— А хто перажывае?

— Ды вы… хіба-ж я не бачу… Васіль Цімафеевіч, здымуць — ну, здымуць, што-ж!.. Вядома, непрыемна, але толькі i свету таго, што наш цэх?!

43
{"b":"849482","o":1}