Литмир - Электронная Библиотека
A
A

Васіліна Карпаўна засмяялася памаладзелымі вачыма, у якіх i вясёлы жарт, i лёгкая іронія з сябе. Я, пазіраючы на яе, перастаў заўважаць i яе маршчыны на твары, i сівізну ў валасах, пасму якіх варушыў пругкі веснавы вецер. Але ўсмешка хутка растала на яе твары, — жанчына загаварыла сур’ёзна i задуменна:

— Маладая! Каля пяцідзесяці… Хіба-ж гэта ўсё? — голас яе прыціх i задрыжэў. — Я-ж, можа, толькі вось цяпер жыць пачала як мае быць. Па-чалавечаму пачала жыць… Дзетак у людзі вывела. Я, можа, толькі цяпер — пры нашай уладзе, дзякуй ёй! — паспытала, што яно такое, жаночая доля…

Васіліна Карпаўна зноў памаўчала.

— Доля… Запозна трошкі ты, маладосць мая, пачала вяртацца. Эх, каб гадоў на дзесяць раней прыйшла!

Ужо-ж пажыла-б я!.. Ну, ды — годзе! Не ўсё яшчэ мінулася. Не ўсё!

Яна стала глядзець наперад, у шырокую, усхваляваную ветрам простань ракі, куды спакойна, важка ішоў параход.

195З г.

Дом на праспекце

(З гісторыі аднаго дома)

Першыя дні

Некалькі год назад на цэнтральнай вуліцы горада высіўся між руін пануры, суровы кораб дома. Ён глядзеў у свет, як сляпы, пустымі вокнамі, над якімі па сцяне веерам расплываліся чорныя, дымныя сляды.

У ім не было ні пакояў, ні калідораў. Усё ўнутры выпаліла бязлітаснае полымя. Калі ўваходзілі ў пройму дзвярэй, то бачылі вакол высачэнныя сцены, на якіх пяць разоў адзін над адным цягнуліся рады вокан, а над самай галавой угары бачылі сіняе, белае ці шэрае — гледзячы па надвор’ю — неба. Сцены ўнутры там-сям былі яшчэ задымлены, але з большага дажджы ўжо змылі ўедлівую чорную копаць. Там-сям на сценах яшчэ трымаліся іржавыя, падобныя на гармонікавыя мяхі, батарэі.

У праходах свабодна гуляў вецер, заносячы сюды летам пясок, a зімою — снегавую крупку…

У першыя дні пасля вызвалення прыйшоў сюды, да гэтага дома, хударлявы, сутулаваты чалавек у паблеклым армейскім адзенні. Ён, горбячыся, патупаў-патупаў вакол дома i ў сярэдзіне i, не сказаўшы нічога, але з нейкім намерам, што было відаць па выразу яго добрага, крыху хваравітага твару, падаўся прэч.

На наступны дзень ён — Загорскі — з жонкаю расчысціў ад гліны i камення адзін невялікі куток, адгароджаны сценамі з трох бакоў. Пасля гэтага ён прывёз на фурманцы дошак i ўвесь доўгі дзень, перамагаючы боль у параненай назе, рэзаў, цясаў, прыбіваў.

— Ды сядзь ты, папалуднуй. Вунь вечарэе ўжо… Суп зноў астыў. Колькі-ж табе падаграваць! — гаварыла жонка. (Яна падтрымлівала дошку, якую ён прымацоўваў да слупа.)

— Ну вось адразу i папалуднуем i павячэраем, як той цыган.

Ён усміхнуўся: усмешка ў яго была мяккая, добрая i нібы сарамлівая.

— Заняты ты. Як возьмешся за што, дык не адарваць… Глядзі, каб гэта назе не пашкодзіла.

— Адпачне потым… Што-ж гуляць да часу. Кончыў працу, тады i — гуляй.

— Кончыў! Тут колькі яшчэ да канца?..

Мужчына, неахвотна пасёрбаўшы супу, спяшаўся зноў вярнуцца да справы, i жонка, склаўшы талеркі i накрыўшы кацялок ручніком, ішла за ім.

Яны тут i днявалі i начавалі. Ложкам ім былі дошкі, складзеныя пры сценцы i накрытыя шынялём i коўдрай.

Калі будаўніцтва было скончана, гаспадар сеў на каменне і, выняўшы з кішэні кісет, з асалодай закурыў. Ён курыў павольна, глыбока зацягваючыся, як чалавек, які даўно сумаваў па табачным дымку.

— Чорт пабяры, я, здаецца, за гэтыя дні i не закурыў ні разу… Маруся, курыў я ці не курыў — не заўважыла?

— Ды курыў, здаецца… Бяда якая — не курыў! Кінуў-бы ты зусім гэтую атруту, — можа-б здаравейшы быў!..

Жонка гаварыла з папрокам, — Загорскі адчуваў, што яна поўна вялікай трывогі за яго, трывогі за яго нагу, за яго натруджаную рану, за тое, што ён пажаўцеў за гэтыя дні.

— Што-ж, куток нічога! — прамовіў ён, гледзячы на сваё збудаванне. — Жыць можна! Ёсць дах, сцены ёсць, акно…

— Добры куток, Андрэйка!.. От, як прыбяру ў сярэдзіне, ты пабачыш…

I яна дзелавіта падалася ў пакой…

Было відаць па тым, як Загорскія хутка аснавалі сваё простае, немудрашчае жытло, як адалелі бяду, што людзі гэтыя цярплівыя, прывыклыя да ўсяго, у тым ліку да руін. Да вайны Загорскі жыў недалёка адсюль у драўляным доміку, на месцы якога, вярнуўшыся, убачыў нечы агарод.

У пакоі, які ён цяпер абсталяваў, было трое: Загорскі, жонка яго i сын. Жонка Загорскага працавала ў трамвайным парку, а сам ён першы час тупаў паціху дома, калоў абрэзкі дошак, паліў у печцы, гатаваў у задымленым кацялку кашу ці суп, адным словам, рабіў тое, што ў іншых сем’ях робяць жонкі.

З заржавелай трубы, што выходзіла на двор у акенца i нечым нагадвала гармату, уранку i ўвечары віўся дым.

Нярэдка, прысунуўшыся бліжэй да святла, Загорскі сукаў дратву ці, дробна пастукваючы малаточкам, прыбіваў падмёткі, — абуваў сям’ю. Занятак гэты быў яму прывычны — Загорскі калісьці рабіў у шавецкай арцелі на Камароўцы.

Сын лазіў па руінах дома, усё нешта капаў, вышукваў, неахвотна выконваў бацькаў загад прынесці з бліжняй будоўлі трэсак. Ён быў падобны на маці, чарнявы, рухавы i быстры, яўная процілегласць маўкліваму, павольнаму i лагоднаму бацьку.

Малы даваў шмат турбот бацькам. То яго бачылі высока на лесвіцы, i маці, млеючы ад страху, прасіла, каб Загорскі сказаў яму сыйсці ўніз. Калі гэта гаварыла малому сама маці, Жорка звычайна не слухаўся. Ён ведаў, што строгая маці будзе лаяцца, а то яшчэ, чаго добрага, i па адным месцы напляскае.

Найбольш-жа любіў Жорка корпацца ў каменні, у зямлі. Тут ён не раз знаходзіў розныя рэчы: прыгожыя, праўда, паржавелыя, шары (бацька казаў, што яны з ложкаў), розныя металічныя пруткі, бліскучыя пліткі кафлі, пагнутыя лыжкі. У зямлі трапляліся пазелянелыя патроны. Бацька да ўсіх гэтых пошукаў адносіўся спакойна, пакуль аднойчы Жорка ледзь не падарваўся на нямецкай гранаце.

Загорскі, заўважыўшы, якую рэч трымае ў руках Жорка, пабялеў. Ён зразумеў, што ледзь толькі крыкне на малога, той кіне сваю страшную знаходку i… аб далейшым бацька не мог думаць. Ён, стараючыся не паказваць трывогі, падышоў да сына i папрасіў:

— Дай, сынок.

Жорка неахвотна перадаў гранату ў руку бацькі, якая дробна дрыжэла. Загорскі хутка агледзеў гранату: з запалам!

Загадаўшы малому адысці, ён асцярожна разрадзіў яе, разабраў на дробныя часткі, а запал закапаў у зямлю.

— Сынок, не гуляй тут. Ідзі на двор лепш.

— Чаму не гуляць тут?

— Тут — нельга. Тут — смерць, — бацька хмурна кіўнуў на руіны. — Не будзеш?

— Не буду.

Дом ажывае…

Увосень i ўвесь першы год кульгавы чалавек i яго сям’я былі адзінымі жыхарамі гэтага дома.

Зімою ўпарты вецер свістаў у праломах сцен, ляскаў недзе наверсе бляхаю, невядома як уцалелаю. У доўгія i неспакойныя студзеньскія ці лютаўскія ночы сцепы вялізнага дома гулі, як дрэвы ў лесе. Летам унутры на замшэлых каменнях раслі непераборлівая i ўчэпістая трава, высокія жытныя каласы, тырчэў калючы дзядоўнік.

Дом быў амаль пусты i здаваўся мёртвым. Адзіным, што ажыўляла гэтую амярцвеласць, было жыллё Загорскага i яго неспакойны сын, які ўвесь час бегаў ці корпаўся на дварэ.

Поблізу паступова ўбіралася ў сілу жыццё. Заклапочана спяшаліся на працу людзі, ішлі гарэзнымі чародкамі школьнікі… На другі год — за тры месяцы — поруч узнялася будыніна школы, пераліўна зазіхацела шклом квадратных вокнаў; непадалёк за пустырамі i гарбамі руін задыміла жалезная заводская труба, а тут, у гэтым доме, на Совецкай, было ўсё па-ранейшаму.

Пра яго нібы забыліся.

Прайшоў год, i яшчэ амаль цэлы год — лета, зіма. Настала вясна…

Аднойчы, ясным вясновым днём, прыехалі да дома тры чалавекі. Яны доўга хадзілі вакол дома, разглядаючы яго з усіх бакоў ад нізу да верху, __ зайшоўшы ў пустэчу былых дзвярэй, падымаліся па ўцалелых цэментовых ступеньках угару, прычым адзін з ix вышэй другога паверху не наважыўся ісці, а два другія пайшлі далей, аглядваючы сцены, шукаючы трэшчын.

36
{"b":"849482","o":1}