У суседзяў закрычалі пеўні, а Алена ўсё думала пра сваё жыццё — згадвала маладыя гады, таварышаў па партызанскай роце, Марціна, калі ён быў камандзірам роты. «Трэба-б заснуць. Хутка світанне, хоць-бы на гадзінку заплюшчыць вочы перад работай!»
Але сон, як i раней, не ішоў. Сталі варушыцца неспакойныя думкі пра брыгаду, пра жніво, з якім трэба як мага хутчэй управіцца. У цішыні бяссоннай ночы ёй зноў успомніліся ўсе абставіны той размовы, балючай i несправядлівай, паўтарылася кожнае слова, якое сказала Насця, яна ўбачыла ўважлівы позірк Марціна, пачула запытанне: «З твае брыгады?» I ў сэрцы зашчымела крыўда, сціснула горла…
— Дзень добры, Насця!
Насця азірнулася на Гардзея, які сказаў гэтыя словы, i прыпынілася.
— Дзень добры, кажу, — паўтарыў Гардзей i кіўнуў галавою.
— Добры дзень, — неахвотна адказала жанчына i насцярожана паглядзела на Шкробата. Яны ніколі не віталіся раней, хоць жылі адзін ад аднаго непадалёк i часта даводзілася бачыцца.
— А ты ўсё спяшаешся… Пачакай хвілінку, — сказаў Гардзей, адчуваючы, што Насця вось-вось падасца прэч. Ён падышоў да Насці, ад сваіх веснічак, дзе стаяў, калі Насця ішла па вуліцы. Наблізіўшыся, ціха, з дакорам прамовіў: — Чуў я. Усё чуў ад людзей. Нядобра зрабіла, Насця…
— А табе… што да гэтага?! — Яна не любіла Гардзея i ніколі не хавала сваёй непрыязнасці да яго.
— А ты цішэй. Чаго лемантуеш на ўсю вуліцу, — спакойным тонам парадчыка адказаў той. — Як гэта — што мне да гэтага? — зрабіў здзіўлены твар Гардзей. — Хіба я чужы чалавек? Хіба я не з Каранеўкі? Не з аднаго сяла з табою?.. Вось вы раздзяляеце сваіх людзей, а я вам аднаго дабра жадаю. — Насця нецярпліва кінула ўпартымі чорнымі вачыма, скептычна ўсміхнулася. Заўважыўшы гэты позірк, ён паўтарыў: — Аднаго дабра… Нядобра ты зрабіла, нядобра…
— Ведаеш што, стары… Не суй носа не ў сваё проса! Сама ведаю, што рабіць.
— Мала ты ведаеш, зелень ты, — па-бацькоўску прамовіў Гардзей. — Мала. А пыху трымаеш — не падыходзь блізка. Я табе гавару на глум, а ты вазьмі на розум.
Спакойны павучальны лад гаворкі Шкробата распякаў Насціну ганарыстасць. Твар яе паступова бялеў, але яна стрымлівалася.
— Не суй носа, стары… Не вучы, я цябе ўсё роўна не паслухаюся.
Гардзей паківаў галавою, плюнуў пад ногі.
— Неслухмянка ты! От што. Не думаў я, што ты такая. Не чакаў… Куды табе да Алены! Да яе табе, як зямлі да сонца. От то разумная жанчына. I сталая, i разважная. Другой такой, пэўна, па ўсяму свету не знайсці!.. Не дарма Марцін так паважае яе. Я ўчора быў у канцылярыі, дык акурат бачыў, як ён яе сустракаў, сваю Аленку. Аж вочы ў Марціна запаліліся! А яна… А пра яе i гаварыць не трэба. Увогуле, справа ў ix, як той казаў, — як па-маслу… Ну i няхай — харошая жанчына! Дай бо’ ёй шчасця.
Насця, апусціўшы галаву, штосьці абыякава разглядала на дарозе. На яе чорных густых валасах, што выбіліся з-пад выпрасаванай шоўкавай хусцінкі, глянцавіта паблісквалі сонечныя водсвіты. Цяпер у Насці пярэчыліся цікавасць i ганарыстая ўпартасць, — хутка цікавасць адолела, i Насця, пагардліва ўсміхаючыся, запыталася:
— Дык ён вельмі радаваўся, калі тая прыйшла?
— Ну як табе сказаць? Я-ж казаў ужо. Радаваўся. Нібы не бачыліся дзесяць гадоў…
— Брэшаш ты, стары? — недаверліва сказала Насця, пранізваючы Гардзея вострым позіркам.
— Ну, вядома, брашу… Усё выдумаў! — абыякава адказаў Шкробат. — Гэта я ўсё расказаў, каб цябе падражніць… — Гэтая абыякавасць Гардзея зусім збіла Насцю. Яна падумала, што ўсё тое, што ён расказаў пра ўзаемную прыхільнасць Марціна i Алены, — праўда, тым больш, што яна ўчора i сама прыкмеціла. Яна тады падумала, што ёй проста здалося, але, выходзіць, усё гэта чыстая праўда.
Насця памкнулася ісці.
— А насуперак нашай указцы ты не зробіш. Не дазволім…
Насця азірнулася.
— Хто не дазволіць? Ты?
— I я… i ўсе. I Марцін, i Алена.
— Мне ніхто не ўкажа таго рабіць, чаго я не захочу.
— Мы ўкажам!
— Укажаце? Ты? Алена? — Насця з пагардай акінула Гардзея, ганарліва засмяялася. — Указчыкі!.. — яна рэзка павярнулася i, не азіраючыся, хутка пайшла па вуліцы.
Гледзячы на яе парывістую хаду, Гардзей падумаў: «Агонь-баба… Зачапі яе, усю Каранеўку раскідае. Не тое, што Алена: тая ўсё ў сэрцы трымаць будзе». — Унутры соладка варухнулася радасць.
Цяжкія дні
Марцін сядзеў на драбінках калёс, звесіўшы ногі, i нецярпліва кусаў пахучую завялую травінку, выцягнутую з сена. Ён некалькі разоў уздымаў галаву, паглядаў на вуліцу, але Насці не было відаць.
Калёсы, на якіх сядзеў Марцін, стаялі каля плоту на дварэ МТС. Конь, прывязаны вераўчанымі лейцамі да альховай штакеціны, на якой дзе-ні-дзе віднеліся тонкія шчыліны, церабіў сена. Ён стаяў у ценю пад старой разгалістай таполяй з падранай унізе карою. Мухі i сляпні не давалі спакою каню, атакуючы яго з усіх бакоў, i Марцін час-ад-часу саскокваў з драбінкі, каб адагнаць ix.
На шырокім уезджаным дварэ, на якім цягнуліся paдамі ромбікі i прамавугольнікі ад аўтамабільных скатаў, акрамя Марціна, нікога не было. Непадалёку, у майстэрні, нехта ўвесь час біў молатам па жалезе, прарэзлівы, назойлівы звон уядаўся ў галаву.
Марцін i Насця прыехалі разам у горад. Яму трэба было ў МТС’е дамовіцца, каб праз два дні прыслалі у калгас малатарню. Сабралася нямала таксама іншых спраў, якіх нельга было больш адкладаць. А Насця прыехала сустракаць свайго мужа Паўла. Павел прыслаў з Брэста тэлеграму, што сягоння прыедзе, i Насці хацелася спаткаць яго на станцыі. Ужо даўно быў час ім прыйсці, а ix не было.
«Мо’ цягнік запазніўся, — падумаў Марцін. — Іначай, чаго-б яна забавілася». Каб адагнаць нецярплівае жаданне ехаць, ён пачаў думаць пра Насцінага чалавека. Павел i Марцін некалі былі таварышамі. Яны рассталіся яшчэ да фінскай вайны… Марцін успомніў, што не давялося быць на вяселлі таварыша, бо Павел жаніўся, прыехаўшы з часці на поўмесяца ў водпуск, а старшыня ў той час служыў пагранічнікам на Карпатах. A даўно-ж-такі не бачыліся. Глядзі ты, гэта-ж амаль сем гадоў. Як гады ляцяць. Павел, відаць, вельмі змяніўся за такі час. Цяпер i не пазнаў-бы, напэўна, каб адзін-на-адзін спаткаўся… — падумаў Марцін, закурваючы.
Непрыкметна Марціна зноў атачылі клапатлівыя думкі. Ён успомніў пра здарэнне на «Далёкім полі», пра спрэчку паміж Насцяй i Аленай, саскочыў з драбінак і, не ведаючы, чым заняцца, пачаў нецярпліва тупаць вакол воза, перавязаў вяроўкі ў задку калёс, падгарнуў пад задок больш сена, раз-по-раз паглядваючы на дарогу.
«Хто-ж гэта той ячмень патравіў? Не можа быць, каб Алена падбівала на гэта каго-небудзь. Лiха яго ведае, хто… Адно мне толькі вядома, што цяпер гэтая хмарка, чорт-бы яе пабраў, вельмі не патрэбная». Ён пашкадаваў, што яшчэ дагэтуль не дабраў ладу ва ўчынку на «Далёкім полі».
Насця на яго здзіўленне прыйшла адна. Марцін, як толькі ўбачыў яе статную постаць, адразу пачаў ладавацца ў дарогу. Падабраў з-пад конскай морды ў абярэмак сена і, паклаўшы на калёсы, стаў запрагаць каня. Калі Насця падышла, ён падцягваў церассядзёлак.
— Чаму адна, кума? — Марцін, жартуючы, заўсёды называў Насцю «кумою».
— Не прыехаў.
— Не прыехаў? Што-ж гэта з ім?
— Мабыць, затрымалі…
— Не, можа, дзе-небудзь на «перасадцы» марнуецца… Сядай!..
Марцін прытрымаў каня, пакуль Насця, падабраўшы край вішнёвай спадніцы, каб не мяць яе, садзілася на сена. Сам не сеў, да вуліцы, кульгаючы, ішоў побач з калёсамі, трымаючыся адной рукой за драбінку, а другой — за лейцы. Потым ужо, як калёсы жалезнымі шынамі застукацелі па бруку, падскокваючы на кожным камені, прысеў да Насці. Тая бліснула на яго чорнымі вачыма, памкнулася нешта вясёлае сказаць i, не сказаўшы, сціхла. Бровы здзіўлена падняліся.
— Ты што, як мыш на крупы, надзьмуўся. Глядзі, людзей настрашыш. А то яшчэ, чаго добрага, каб конь не спудзіўся. Разнясе.
Яна засмяялася, бліснулі роўнымі радамі белыя зубы. «Красуня якая! — пранеслася ў галаве Марціна. — От i вайну перажыла i колькі перацярпела, a ўсё, як дзяўчынка. Ніколі не пабачыш з апушчанай галавой — смяецца, жартуе… Без прымаўкі i з лаўкі не зваліцца!»