— Колькі гэта гадоў табе? — нечакана запытаўся старшыня.
— А што?.. Купіць хочаш? Не купіш. Грошай не хопіць.
— Гляджу на цябе: i гады да цябе не прыстаюць. Як да гуся вада. Да ста гадоў будзеш, як цётка Малання кажа, маладухай хадзіць. Не тое, што Алена. Тая за вайну пастарэла гадоў на дваццаць.
— А што мне, — са смехам у чорных вачах сказала Насця. — Лягу не мята, устаю не клята… Чаго мне старэць? У калгасе-ж таксама не ганяць за маю працу, — з задорам скончыла і, стрымліваючы смех, паглядзела на Марціна.
Старшыня не адказаў. Фурманка выехала ў поле, колы ціха i мякка шаргацелі на пыльных каляінах. Абапал пацягнуліся сады, агароды, ягаднікі.
— А як ты думаеш, — загаварыў раптам Марцін, — чаму я надзьмуўся?
— А хто-ж цябе ведае? Табе-ж нібыта відней.
— Відней то відней, праўда. A ўсё-ткі i ты-б даведалася, каб трохі падумала. Мо’ ў старшыні ад ляноты паясніцу ломіць. А можа ён трывожыцца, што на полі ячмень асыпаецца, а тут — разлад, спрэчка паміж двума брыгадамі?
Наперадзе, праз поўкілометра, шлях браўся направа. Ад паварота ён быў абсаджаны густымі бярозавымі прысадамі. Калі Марцін i Насця пад’ехалі да паварота, насустрач ім з-за прысад паказалася фурманка, нагружаная мяхамі. За ёй — другая, трэцяя, чацвёртая. Яшчэ зводдалек старшыня пазнаў, што гэта абоз са збожжам з іхняга калгаса, з «Партызана». Ён саскочыў з калёс i пайшоў насустрач калгаснікам.
— Сёння ўсё вывезлі? — запытаўся Марцін у старшага абознага, вельмі шырокага ў плячах, рослага хлопца.
— Жыта вывезлі, колькі было намечана. Поўнасцю, словам… Кепска, што пшаніцы вось яшчэ не вязем, — адказаў абозны, ідучы поруч з Марцінам.
— Намалоцім i пшаніцы. Цяпер-жа ўсё пакуль цапамі б’ем. От паслязаўтра скончым жаць ды малатарня прыйдзе — абяцалі ў эмтээсе, — тады пабачыш!.. Пакуль не забыўся, слухай — здасі, Рыгор, хлеб, заедзь у сельгасснаб, забяры запасны нож для жняяркі… Скажы, дома там усё ў парадку?
— Усё. А што там можа здарыцца? Працуюць…
Марцін, паспакайнеўшы, вярнуўся да Насці.
— Найшоў на мяне пасля той вашай спрэчкі неспакой. Насцярожаны нейкі стаў я… Быццам якая-небудзь гайка ў машыне скрышылася, так i ў нашым калгасе. Круціцца кола, бегае, як трэба, але рыпае… А ты гэтага, быццам, не разумееш: ты толькі пра сваю брыгаду дбаеш, а за ўвесь калгас — табе малы клопат. Пра ўвесь калгас мне застаецца думаць.
— Што-ж, вялікаму каню вялікі хамут, — з усмешкай перабіла Насця. — Ты-б, от, пра Алену меней думаў, тады-б лягчэй было. — Потым дадала сур’ёзна i горача: — Ты што-ж, хочаш, каб я памірылася? З ёй не тое, што мірыцца, а… яе трэба, калі хочаш ведаць, можа, судзіць, тую тваю хвалёную Алену. А ты яшчэ прыкрываеш!
— Чым-жа ты давядзеш, што Алена вінавата?
— Нечага i даводзіць. Я i так ведаю, што яна. Бачна па вочках, што ходзіць па ночках. I ўсе ведаюць, адзін ты не бачыш.
— Як ты можаш гаварыць так!..Сама пачала спрэчку, а цяпер яшчэ сарамаціш чалавека…
— Ты мяне не агіціруй мірыцца, — адрэзала спакойна яна, спусціла з драбінак загарэлыя пруткія ногі ў падгорнутых насках i чаравіках з высокімі абцасамі i стала моцна сцябаць пугай па запыленай прыдарожнай траве. — Як захачу — сама прыйду, працягну руку! Я хоць i ў спадніцы, a смеласці не стану пазычаць…
Старшыня пачаў гарнуць цыгарку. Тытунь, нібы знарок, церусіўся ў непаслухмяных пальцах. Чыркануў некалькі разоў запалкамі, запалкі гаслі. Ён кінуў лейцы Насці, саскочыў з калёс, але няўдала — павярэдзіў параненую пятку i ад болю мімаволі заскрыпеў зубамі. Выпрастаўшыся, адразу прыкурыў. Фурманкі не стаў даганяць, a ішоў наводдаль ад яе i думаў: «Баба ўпартая, паспрабуй, уламай яе… На ліха мне такі брыгадзір… Не слухае добрых слоў, не разумее, не хоча разумець!.. „Як захачу, сама прыйду, не пасаромлюся“. Чакай, калі ёй зажадаецца прыйсці!.. Важдайся тут з яе капрызамі!»
Ён ішоў так доўга. Абапал у сухім духмені жнівеньскага дня млелі палі — то голая пожня, першы знак развітання з летам, то бялявыя разлівы нязжатага ячменю, то зялёныя, прыпыленыя абсягі бульбы. Жыта ўжо не было відаць, a пшаніца i ячмень яшчэ дзе-ні-дзе стаялі. Марцін разы тры збочваў з дарогі, шоргаючы зношанымі кірзавымі ботамі, ішоў па пожні, гаспадарскім вокам звыкла прыглядаючыся да прысадзістых бабак, да ўмятых калёсных дарожак. На адным полі, то там, то сям на памятым іржышчы, дзе стаялі раней бабкі, Марцін знайшоў каласы.
«Нацерушылі i не падабралі, абібокі! Гаспадары называецца! Чыё гэта поле? Здаецца, „Чырвонага шляху“… Ну, так, „Чырвонага шляху“… Трэба пазваніць старшыні — навучыць, як трэба рабіць…»
Яго зноў крануў непакой. Марцін збочыў з поля на шлях, кульгаючы, уподбег дагнаў калёсы i сеў.
— Я ў райкоме даў слова, — сказаў ён, беручы ад Насці лейцы, — што мы заўтра ўвечары скончым уборку.
Ен паглядзеў на Насцю, у позірку прыплюшчаных вострых вачэй было запытанне: скончым ці не? Насця сказала:
— Мая брыгада сёння скончыць. За мяне табе хвалявацца не прыйдзецца. Я, можаш быць спакойны, не падвяду.
— A іншыя?
— A іншыя? Што-ж мне галаву лішне ламаць? Кожны хай сам за сябе дбае… У кожнага ёсць свая галава, свой розум… Да чужога цела няма каму дзела…
У вачах Марціна бліснулі жорсткія агеньчыкі. Ен згарача памкнуўся сказаць штосьці, відаць, едкае, але перадумаў, змаўчаў. Потым, супакоіўшыся, суха выціснуў:
— Пашлі сягоння на ноч чалавек трыццаць сціртаваць.
Болей яны да самага калгаса не прамовілі ні слова.
Увесь дзень Ігнат сланяўся па дварэ, не знаходзячы сабе прытулку. Koнi пасвіў цяпер іншы калгаснік. Ісці працаваць у поле Ігнат не хацеў, бо гэта азначала уступку яго «крыўдзіцелям» — Насці i Марціну. («Не пайду я да ix кланяцца!»)
Але працаваць карцела. Ен любіў працаваць. Два гады з таго часу, як у вызваленай Каранеўцы зноў стаў жыць калгас, Ігнат з дня ў дзень спяшаўся на працу, яго галава была напоўнена рознымі думкамі пра коней.
I раптам сёння Ігнату не трэба ні аб чым рупіцца, ні пра што дбаць. Спі, колькі зажадаецца, гуляй, як табе хочацца. Раней часамі ён думаў, што не мець клопатаў прыемна, а цяпер выяўляецца, што такое становішча вельмі дакучае. Асабліва, калі вакол гарачая жніўная пара i ўсе людзі, нават горкія падлеткі, з рання да позняга вечара не сыходзяць з поля…
Учора, перадаўшы коней другому конюху, у сваяка-суседа Ігнат выпрасіў пляшку гарэлкі. Цяпер даводзілася пакутаваць ад няўтольнай смагі, аднак, пахмяліцца не было чым. Малання, у якой ён прасіў «хоць кроплю» гарэлкі, сярдзіта накінулася на яго: «Трасцы табе, а не гарэлкі, абібок!.. I ёсць, а не дам», — дадала яна напаследак, каб болей дапякчы. I праўда, Ігнат ведаў, яна мае гарэлку, але болей не прасіў, ведаючы Маланніну ўпартасць. Хоць памірай, калі сказала: не дам, — не дасць. Вылаяўся ціха i паплёўся ляніва з хаты ў агародчык. Там каля хлява стаяла некалькі вішанек; пад вішнямі была густая аксамітная траўка, цень, прахалода. Ён разваліўся ў траве, спадзеючыся заснуць, але сон неішоў. Ігнат некалькі разоў перавярнуўся з боку на бок, — дарэмна, смага не давала спакою.
Вось ужо Малання пайшла на работу: Ігнат чуў, як заскрыпелі вароты. «Праклятая баба, шкода ёй гарэлкі!» Нейкі час увага былога конюха была занята мураўём, што рупліва поўз па травінцы, несучы паклажу. Потым пачуў ён дзіцячы плач, дзіця плакала недзе непадалёк, нехта яго супакойваў. Хутка яно сціхла, i над сялом запанавала непарушная цішыня.
Ігнат падняўся i паклыпаў у хату. Толькі знайшоў у сенцах пляшку з гарэлкай, — пачуліся на ганку крокі. Ен борзда схаваў бутэльку i ўскочыў:
— Хто там?
У сенцы ўвайшла Вольга. Са святла яна некаторы час нічога ў змроку не бачыла, як сляпая, пазірала не на Ігната, а ў бок ад яго. Потым вочы спакваля звыкліся з прыцемкам.
— Дзядзька Ігнат, — яна парывіста дыхала, напэўна, хутка ішла. — Дзядзька Ігнат, вам трэба ісці на работу У нас не хапае возчыка… — Вы-ж цяпер не працуеце, — цішэй дадала яна.
«А-а, прыйшлі прасіцца! — з непрыязнасцю i радасцю падумаў Ігнат. — Патрэбны стаў! Учора скінулі з работы, а сёння клічаце… думаеце, Ігнат не помніць крыўды…»