Литмир - Электронная Библиотека
A
A

«Добра, што месяц яшчэ не ўзышоў, — супакоіла сябе Аня. — Трэба хутчэй спяшацца, каб не застаў месяц».

Зблізу, ледзь не з-пад ног, раптам, як стрэл, вырваўся пагрозны свіст. Арына трывожна прысела.

Лапочучы крыламі, у цемры штосьці праляцела.

— Гэта перапёлка, — сказала Аня. — Ах, каб ты!..

Яны ішлі разораю. Шапаткія каласы чапляліся за Аніны рукі, за адзенне, нібы прасіліся ўзяць з сабою. Але Аня не заўважала гэтага, яна ўся была занята адным клопатам.

Цяпер недалёка. Цяпер хутка, каля трох бяроз.

— Стой, хто гэта?

Перад імі ў змроку ўстала цёмная постаць з вінтоўкай у руцэ.

— Сяргей? Гэта мы.

Чалавек адразу стаў лагоднейшым.

— А, сястра! А я думаў, што не прыйдзеш.

— Я-ж казала — прыйду…

— Мала што казала. Рознае бывае… — у жыце паднялася яшчэ постаць, чалавек прамовіў да яе: — Пойдзем… Павел, Сцяпана панясу зараз я. Бяры гэтую…

Ён падаў Паўлу вінтоўку, узваліў з яго дапамогаю на плячо чалавека, які стагнаў i трызніў.

— Другі дзень так. Амаль непрытомны… Аслаб зусім, — сказаў Сяргей. Павел дадаў нявесела:

— Плямы нейкія пайшлі па назе i па целу…

Яны падаліся ў вёску. Наперадзе — Аня, за ёй Сяргей са Сцяпанам, потым Арына i апошнім Павел.

Цяпер Ані чамусьці стала спакайней i весялей. Можа таму, што поруч ішлі байцы. А можа таму, што цяпер яна непакоілася толькі пра ix.

Да прыгумення i цераз агарод перабіраліся па адным, прыгнуўшыся, асцярожна. Спыняліся раз-по-раз, слухалі. Цішыня. Каля хлява Аня i Павел, пакінуўшы іншых, прыпалі да чорнай сцяны, яшчэ раз азірнуліся.

Цьмяна чарнелі поблізу абрысы дрэваў, высокіх, востраверхіх, i нізкіх, раскідзістых, якія ціха, але неспакойна шумелі.

I вось яны ўсе ў хляве, на палацях, агорнутыя цемраю i духмяным, казытлівым пахам сена. Двое ляжаць, а Сяргей сядзіць поруч з Аняй. Арына пайшла ў хату, непакоячыся, ці не прачнулася Лорка.

— Сястра, — прашаптаў Сяргей, — як ты думаеш, — хутка Сцяпан паправіцца?

— Заўтра пагляджу рану, скажу.

— Эх, каб вылечыць хутчэй! Нельга цяпер нам сядзець…

— Што-ж, ён застанецца пакуль.

— Нельга, сястра. Мы з ім на адным самалёце ляталі. Разам гарэлі… Пад Шаўлямі была такая справа. Мы з ім ад гітлераўцаў разам адбіліся. Там яму i пашкодзілі нагу. Я яго на сваіх плячах можа дзвесце кілометраў цягну. Проста аж сам дзіўлюся, з чаго я такі цягавіты зрабіўся? Гэта-ж не жарты — цэлы бамбардзіроўшчык, можна сказаць, на карку, — нявесела пажартаваў Сяргей. — Ен у нас быў чэмпіёнам па боксу ў часці — па цяжкай вазе.

Аня маўкліва слухала. Яна ўспамінала знаёмых сваіх танкістаў, маёра Бродкіна, гай пад Полацкам, каля якога вёў бой i згарэў апошні ў батальёне танк… I ёй было прыемна слухаць побач сіплы, крыху насмешлівы голас лётчыка, — гэта быў такі-ж самы чалавек, як i тыя, з якімі яна спазнавала горыч адступлення i боль утраты. Яна адчувала сябе такой, якой была з танкістамі. Той-жа абавязак, звычны.

A галоўнае, справа — важная, патрэбная.

— Сястра, нашы далека цяпер?

Ен так гаворыць, што не зразумееш, ці ён гэта проста кажа, ці пытаецца. Пытае, мусіць. Што яму адказаць? Сказаць яму праўду, што гітлераўцы ўжо за Полацкам, ці зманіць?

Не, такому нельга маніць.

— Далека.

— Мусіць, ужо каля Полацка?

— Далей. Полацк у ix…

У хляве паступова пасвятлела, праз шчыліны прарэзаліся белыя вострыя нажы святла — узышоў месяц.

«Трэба ісці ў хату», — узнялася Аня.

— Сястра, прынясі махры… Смаліць нешта ў грудзях.

— Прынясу.

Яна прыадчыніла вароты — толькі-б не зарыпелі. Выглянула ў шчыліну: нікога, цішыня. Праціснуўшыся, зачыніла хлеў, хвіліну пастаяла ў ценю пад страхою. Цяпер можна ісці.

IV

На наступны дзень Аня агледзела Сцяпанаву рану. Правая нага, на якой вышэй калена гнаілася рана, распухла i пакрылася фіялетавымі плямамі, біў моцны пах гніення; плямы былі ўжо i на бядры. Сцяпан трызніў.

«Гангрэна».

Яна зразумела, што цяпер позна ўжо дапамагаць, што яна бяссільна дапамагчы чым-небудзь, i ёй стала горка.

— Ён паправіцца? — трывожна шапнуў Сяргей, спасцярожліва зірнуўшы на Аню.

— Паправіцца… — Аня схамянулася, пачала хутка перавязваць рану.

Скончыўшы перавязку, яна стала адразу спускацца па лесвіцы ўніз, нягледзячы ні на кога, нічога не гаворачы нікому. Сяргей палез услед.

— Кепска?

— Кепска. Ён безнадзейны. Памрэ.

— I нічога нельга зрабіць?

Аня не адказала. Узяла пустое вядро i выйшла на двор.

Увесь гэты дзень яна была як-бы прыглушаная. Некалькі разоў прыходзіла да хлопцаў, праведвала Сцяпана: яму станавілася ўсё горш i горш.

Увечары ён памёр.

Сяргей, палажыўшы таварыша на плячо, вынес яго ў поле, да тых-жа трох бяроз, дзе яны ляжалі ўчора. Аня прынесла рыдлёўку.

Капалі зямлю i хавалі Сцяпана моўчкі, Павел амаль увесь час курыў.

— Ну, вось, далей пойдзем? — сказаў раптам Сяргей Паўлу.

— Пойдзем. Чаго-ж сядзець.

Яны не захацелі, каб Аня праводзіла: самі знойдуць, карта i компас ёсць.

Вярнуўшыся апоўнач у хату, дзе чакала сястра, Аня, як ніколі раней, адчула сябе пакінутай i адзінокай.

V

Дні цягнуліся нудныя, доўгія. Яна хадзіла па-ранейшаму на поле, у лес, i ўсё чакала, чакала, марыла, што ўсё гэта зменіцца, што знойдзецца справа, сапраўдная справа.

Аднойчы пад вечар прыехала ў сяло варожая калона. Тры салдаты, гамонячы аб нечым, рагочучы, накіраваліся ў хату. Арына спалохана замерла. Адзін немец, высокі, з вострым падбародкам, загадаў даць вядро. Аня бачыла, як ён выйшаў на двор, выцягнуў вады са студні, стаў заліваць у машыну.

Калі ён вярнуўся, паставіў вядро на лаўку, Аня запыталася:

— Далека фронт? — заўважыўшы, што салдат не зразумеў яе, дадала: — Советы, большэвікі—далека?

— Далека… — адказаў за яго другі, маладзенькі, блакітнавокі, збіраючыся ісці. — Смаленск ёсць нямецкі, цяпер хутка Масква.

Ён стукнуў у грудзі.

— Будзем хутка там…

«Няўжо Смаленск ужо ўзялі? I на Маскву ідуць? Быць не можа», — думала дзяўчына, сочачы, як яны ходзяць каля машын.

Хоць яна i не хацела верыць у гэта, ёй было трывожна. Да поўначы гаманіла Аня з Арынай, перабіраючы тое, што было, намагаючыся ўявіць, што будзе.

— Ты чакай. Бачыш, што робіцца, — супакойвала сястру, раіла ёй Арына. — Табе што, ты чалавек маленькі, дзяўчына… Што ты можаш зрабіць?

— Не магу я сядзець, Арына, — горача дыхала ў твар сястры Аня.

— А ты патрывай… Пара цяпер такая, што жыві ды аглядвайся. I галаву згубіць нядоўга. Яшчэ, дзякуй богу, што не чапляюцца да цябе — усе-ж ведаюць, што… настаўніца.

— Не магу я так! Не магу, ты разумееш?

Уранку Арына прибегла ад суседкі i сказала ўстрывожана, што на дарозе каля Купін падарвалі машыну з гітлераўцамі, што дзевяць салдат забіта.

Аню гэта вестка ўсхвалявала па-свойму. Значыцца, ёсць людзі, што не марнуюць часу, не сядзяць так, як яна. Дзе яны, як ix знайсці?

Зноў перад ёй асабліва ярка ажыў вобраз Андрэя Віткоўскага. Як з ім звязацца? Андрэй жыў раней з бацькам, але бацькі ўжо няма… Хто-ж можа ведаць пра Андрэя? Цётка?

Вярнуўшыся ў прыцемках з поля, яна зайшла да Андрэевай цёткі.

— А хто-ж яго ведае, дзе ён, вісельнік, — неспадзеўкі, злосна размахваючы рукою, амаль закрычала цётка. — Ён i бацьку да згубы давёў.

— Не ведаеце? — не паверыла Аня: ёй здавалася, што старая лаецца няшчыра.

— От што? Калі табе жыццё надакучыла, то ты як сабе хочаш. А мяне не чапляй!

Аня пагаварыла яшчэ з адной жанчынай, муж якой калісьці сябраваў з Андрэем і, мусіць, недзе хаваўся тут, — жанчына таксама нібы не ведала нічога пра Віткоўскага. Некалькі разоў Аня хадзіла ў лес, дзе-б маглі быць тыя, каго ёй так хацелася бачыць, але не знайшла нікога. Вяртаючыся, аднойчы, яна наткнулася на гітлераўцаў, — добра, што несла ягады, не затрымалі яе, забралі ягады i пусцілі.

I вось, калі Аня ўжо амаль страціла веру ў тое, што хутка ўдасца знайсці сляды партызан, Андрэй аб’явіўся сам.

9
{"b":"849482","o":1}