— Ой, матанькі! — спалохана прысела Малання. — Пранясі ты, акаянны, стараною…
I зноў — цішыня. «Бачыш ты, вусцішнаснь якая! — падумала Алена. — Ці ўправімся?.. Каб толькі не лінуў зараз». Неспадзявана аднекуль з боку лесу вырваўся парывісты вецер, з посвістам i віскам прамчаўся над пракосамі, шпурнуў у Аленін твар абярэмкам сена. Вакол адразу пацямнела. Шыю абліло свежасцю i холадам, быццам вадою.
Алена гукнула Маланню i Лізавету:
— Хутчэй, — яна кінулася ў цемру.
Колькі часу яны працавалі — не ведалі. Можа гадзіну, можа болей, а можа i менш за поугадзіны.
Яны мала не паспелі скончыць. Грабны ўжо былі пры самым лазняку, а тыя, што капілі, складалі ледзь не апошнюю капу, калі зашумеў дождж.
Дождж валіў сцяною, i яго шум было чуваць яшчэ здалёк. З неба адразу секанула вадзяною хваляю.
A ў наступную хвіліну ўсё навокал танула ў шуме…
Алена спярша намерылася была падграбці сена вакол капы, але дождж так сыпануў, што яна, як прыйшлося, ускінула граблі ды наўпрасткі пашыбавала да бліжэйшага дубочка, які прыкмеціла, калі грабла пры ім сена.
Тут толькі, прыціснуўшыся да дубка i аддыхваючыся, слухаючы, як угары порстка лапоча ад дажджу лісце, яна адчула, што адзежа ўся прамокла i прыліпла да цела. Прабіраў холад… A іншыя дзе? Дзе Малання, дзе Лізавета? Мабыць, пабеглі да буданоў; яна ціснулася пад дубком адна.
«Трэба было-б i мне… Усё адно змокла…»
Але выбірацца з-пад дубка, які хоць i ненадзейна, а ўсё-ж хаваў ад дажджу, выбірацца пад ручаі, што, як з латакоў, шчодра ліліся з неба, — не наважылася. З лісця на галаву сыпаліся важкія i халодныя кроплі, цяклі па твары, сплывалі ў рот… Яна выцерла твар мокраю далоняю…
«Усё-ткі ўправіліся», — падумала яна, i ў сярэдзіне, у грудзях, пацяплела.
Яна думала пра тое, што ўдзень, як толькі перастане дождж, скончаць касінь той лапік, які застаўся, што, калі здарыцца добрае надвор’е, дні за два, ўсё прасохне i можна будзе ўсё прыбраць i застагаваць, а людзей накіраваць на поле, на жніво — там яны даўно патрэбны…
А дождж сек i сек па маладому дубку, i ўгары нясціхна лапатала лісце, i ручай за ручаём сплывалі на яе галаву, твар; аднак Алене было светла i легка, ён цяпер ужо не трывожыў так, як раней, гэты нежаданы дождж.
1947 г.
Гарачы жнівень
Aповесць
Перад раніцай прашумела навальніца.
На світанні яна сціхла, дождж сышоў на захад, да Прыпяці, а за ім хутка сплылі i хмары. Над вымытымі вадой палямі засінела чыстае неба i зазіхацела яркае, жнівеньскае сонца. I неба, i сонца, пераліваючыся вясёлкавымі колерамі, адбіваліся ў незлічоных, буйных кроплях, што былі шчодра рассыпаны на пожні. Здавалася, што гэта не кроплі, a крупінкі сонца, што разам з дажджом асыпаліся на зямлю.
Калі сонца паднялося вышэй, на зямлю зноў сышла гарачыня. Луг ахутала трапяткая цякучая смуга. З гэтага дня гарачыня не спадала ўвесь жнівень. Дні стаялі ўвесь час пагодныя, духменныя; неба сінела высокае, бяздоннае i чыстае — на ім толькі зрэдку ў недасяжнай вышыні зіхацелі белыя, як пух, воблачкі.
Было ў самым разгары жніво; жыта ўжо зжалі, а ячмень i пшаніца яшчэ амаль усюды стаялі некранутыя, чакаючы вострых сярпоў. Пад палючымі праменнямі сонца хутка выспявалі загоны аўса.
…Неспадзявана ўзгарэлася спрэчка.
Спрэчка
Канчалася абедзенная сцішанасць. Поле, застыўшае на нейкую гадзіну ў млявым спакоі, пачынала ажываць.
Загаманілі жанкі, аднекуль з дарогі данеслася рассыпчатае сакатанне калёс. Каля недажатага загону ў Аленінай брыгадзе стала люднець. Праўда, шмат каго яшчэ не было. Некалькі жней, што вярнуліся з абеду, чакаючы, пакуль падыйдуць астатнія, сядзелі на прыпеку на пожні, ціха, аднастайна гаманілі. Іншыя драмалі, схаваўшы галовы ад сонца між снапамі ў бабках.
Яшчэ не паспелі сабрацца ўсе, як цётка Малання ўсхапілася, быццам яе мурашка ўкусіла, i глянула на сонца.
— А бо’! — крыкнула яна са здзіўленнем. — Вечарэе ўжо, як час ляціць, скажы ты! Заспаліся.
Алена спалохана паднялася — няўжо-ж праўда, што заспала; ёй здавалася — хвіліны не прайшло, як яна вочы заплюшчыла. Цень, што выпаўз з-пад бабкі, быў асцярожны, нясмелы.
Глянула на неба — i аслепла ад іскрыста-белага распаленага бляску: сонца толькі-толькі бралася на захад.
— Г-гых, як млосна, — прамовіла ўстаючы Лізавета, Маланніна суседка. — Няйнакш у лазні!.. Разамлела я. — Яна лена пацягнулася, выпінаючы грудзі, смачна пазяхнула, павольна завязала белую памятую хустку, што ссунулася з галавы.
— Зірніце на яе, разамлела яна! Млосна ёй! Зараз я табе разамлею!.. Вось як аперажу перавяслам па спіне. А вы што стаіце, як вешкі. Годзе абіваць бокі! — накінулася раптам на ўсіх разгневана Малання. — Абед ужо даўно скончыўся… Варушыцеся!
Строга звёўшы тонкія, з сярдзітым заломам бровы, яна азірнулася. Усе жнеі падняліся ўжо, — адны ваду пілі са збанкоў, другія весела перакідваліся смешкамі, беручыся за сярпы. Хоць Малання i выдавала гэты начальніцкі тон за жарт, жанчыны, было прыкметна, заварушыліся жвавей…
— От як трэба з імі, брыгадзір! Вучыся… Бач, я хоць i самазванец, а слухаюць. Ведаюць, што смешкі мае кепскія! Я во-острая! Яшчэ як у салдатках я хадзіла, дай бог памяць, — звалі мяне недарма фельдфебель у андараку.
— Фельдфебелі, цётка Малання, цяпер адменены. Яны былі пры старым рэжыме…
— Як адмянілі? Хто табе сказаў?.. Дык то-ж тых, хто быў у шынялі, а не ў андараку. Зразумела?.. Пагаварыце яшчэ ў мяне!
Малання лёгка сагнула сваё старое хударлявае цела, прывычна захапіла жылаватымі, учэпістымі рукамі жменю спелых шапаткіх сцяблін, падрэзала ix сярпом і, кладучы на пожню, ускрыкнула:
— A бо’! Алена! Колас пачаў асыпацца! Ай-яй! Асыпаецца. Жаць трэ’ хутчэй!..
Алена, якая ўвесь гэты час напружана да нечага прыслухоўвалася, заклапочана перабіла:
— I чаму жняяркі з «Кругоў» не чуваць…
— А хто там, рыбка, на ёй?
— Хто! Вольга Цімахова. Казала, што не забавіцца, — i на табе, да гэтага часу няма! Што там такое з ёю сталася? Даўмецца не магу… Эх, відаць, трэба бегчы на «Кругі». Паглядзець. Мо’ адсюль не чуваць.
— А чаго-ж, ідзі, Аленка… Ідзі, хутчэй пасылай жаць, бо, не дай божа, прападзе ячмень.
Алена шпарка пайшла да «Кругоў», дзе жняярка павінна была жаць ячмень. Поле празвалі «Кругамі» таму, што калісьці на тым месцы былі невялікія азёрцы — кругі. З часам яны высахлі. Цяпер там заставаліся толькі дзве нязначныя нізінкі, у якіх вада блішчэла хіба ў самую раннюю вясну.
Алена ідзе i раз-по-раз сцірае далонню з твару пот. Босыя, паколатыя i падрапаныя пожняю ногі асцярожна ступаюць па гладкай, убітай, як ток, сцежцы. Зямля напалілася i, як гарачы прысак, пячэ ў падэшвы ног.
Вакол з усіх бакоў поле. Справа яно працягваецца далека, аж да самага небасхілу, — толькі зрэдку дзе-ні-дзе выпадкам прымосціцца дзікая ігруша ці бярозка трапяткая, а злева — вось ён, узмежак. Поле тут адразае чорна-зялёная сцяна густога цяністага сасонніку. Лявей сасонніку — вёска: рад саламяных, гонтавых i дашчатых дахаў i стрэх, сады, а за імі, атуленая ніклым купчастым лазняком, павілястая рэчка Тур’я.
Амаль усё вакол афарбавана ў два колеры — залацісты i блакітны — поле, бясхмарнае неба, лазняк, асмужаная далеч. Толькі бліжні лес выбраў інакшы колер — густое, амаль чорнае зяленіва.
Яшчэ не даходзячы да «Кругоў», Алена ўпэўнілася, што жняярка там не працуе. Яна падумала, што з жняяркай здарылася якая-небудзь замінка, бо не магла-ж Вольга без прычыны ў такую гарачую пару запазніцца. Хто-небудзь іншы мог заседзецца на калгасным дварэ, гамонячы з суседам, ці дзе забавіцца, але не Вольга. Вольга не магла затрымацца, яна — акуратная, старанная жанчына. Што-ж тады здарылася?
Алену апанаваў непакой. Яна недаўменна паглядзела на дарогу, што ішла з калгаса між яшчэ нязжатых спелых жытоў, — там таксама жняяркі не было відаць.
Раптам ззаду, на сцежцы, пачуўся порсткі тупат каня, — Алена борзда збочыла ў ячмень, каб дадь конніку дарогу. Але коннік, пад’ехаўшы, рэзка спыніўся. Гэта якраз i была Вольга. Бялявыя, заўсёды акуратна прычэсаныя, з праборам валасы яе выбіваліся з-пад хусткі, падалі пераблытанымі пасмамі на вузкі лоб. Рукі стрымлівалі тугімі вераўчанымі лейцамі распаленага бегам каня, які часта i прагна дыхаў.