Литмир - Электронная Библиотека
A
A

I, даючы знак, што размова скончана, ён тузануў лейцы. Коні крануліся.

— Чакай-жа! Я скажу Марціну, што жняярка палову дня цераз цябе стаяла без работы…

— Кажы! Без загаду брыгадзіра я не аддам. Скажа Насця аддаць, я i аддам, а без яе i не прасі.

— Дык яна-ж у горадзе…

— А мая справа маленькая.

— Ты хочаш паддобрыцца да Насці. Ну глядзі-ж. Я ўсё скажу старшыні! — крыкнула ўслед Алена.

Яна вярнулася да жней. Хвілін праз дзесяць ішла другая — большая група жанчын з Насцінай брыгады. Жанчыны, відаць, адсталі, каб назбіраць травы ці пустазелля для кароў i свіней: хусткі, якія жанкі неслі за плячамі, як клункі, былі туга набіты травою. Параўняўшыся са жнеямі, жанчыны раптам збочылі i падаліся да Алены.

— Дзень добры, Аленка! Дзень добры, жанкі!.. А мы да вас…

Яны сталі скідаць клункі з плеч. Жнеі весела прывіталіся, з цікаўнасцю пазіраючы на ix.

— Мы да вас, суседачкі, памагчы… От, хочам разам з вамі пашчыраваць… Ці прымаеце?

— Дзякуем, — не разгінаючыся i не гледзячы на жанчын, прабурчэла Малання. Яна яшчэ нешта хацела сказаць, але Лізавета, быстра кінуўшы зірк на старую, перабіла:

— А чаму не прыняць! Памагайце… Мы з радасцю, калі да нас з добрай душою.

Шмат якія жнеі з Аленінай брыгады клікалі ix да сябе, каб жаць поруч. Жанчыны адразу разышліся, уладзіліся, дзе каму падабалася, i, не марнуючы часу, сталі жаць.

…Цішыня. Толькі сярпы пераклікаюцца: ж-жык! ж-жык! Духмень. У неагляднай глыбознай далечы ні адной хмурынкі.

Нерухомае спякотнае сонца.

На калгасным дварэ, дзе, прыехаўшы з горада, Марцін распрагаў каня, было пуста i ціха, — толькі ў другім баку канюшні конюх пакрыкваў на хворых коней.

З канюшні выйшаў стрыжаны хлапчук у майцы i зрэбных, закасаных да кален штанах — конюхаў сын. Ён вёў за лейцы гнедага нязграбнага каня, што ляніва тупаў маслакаватымі нагамі, звесіўшы гарбаносую галаву. Хлапчук стаў запрагаць каня ў пажарную бочку.

— Ты куды? — запыніў Марцін хлапчука.

— Па ваду на рэчку.

— A хіба тут у калодзежы ўжо няма вады?

— Няма. Уся высахла ад гарачыні… Бацька нядаўна набіраў, дык адзін глей.

Марцін ужо ведаў пра тое, што здарылася. Яшчэ на дарозе, не даязджаючы да сяла, ён спаткаў агароднага вартаўніка Васіля Скорыка, i той яму падрабязна расказаў пра спрэчку за жняярку. Васілю Марцін не вельмі верыў, бо той, расказваючы што-небудзь, заўсёды любіў многа дадаваць сваёй выдумкі. Тым не менш словы вартаўніка ўстрывожылі Марціна, i ён спяшаўся хутчэй распрэгчы каня i даведацца пра ўсё больш дакладна.

Занёсшы ў кладовую вупраж i выходзячы з канюшні, ён акурат убачыў Вольгу, што вярталася з поля.

— Пачакай трошкі! — паклікаў Марцін i хутчэй пакульгаў услед.

Яна спынілася, стомлена пераступіла з нагі на нагу, чакаючы, калі ён падыйдзе.

— А дзе Алена?

— Алена на полі. Уся брыгада яшчэ на полі… Я прыйшла раней, бо дзіця малое нешта нядужае… Цэлы дзень рабілі. На абед не хадзілі нават. Там i палуднавалі — толькі я хадзіла, дзіця пакарміць.

Яна зморана перагнулася назад i выпрасталася, светлы, не чарнеючы ад загару твар перасмыкнуў боль.

— Спіна, як чыгунная… Але i зрабілі многа.

— Колькі зжалі?

— Я — шаснаццаць сотак. Авёс быў густы, спорны. I болей зжала-б, каб не хадзіла ў сяло. Малання сягоння больш за дваццаць сажне…

— Калі скончыце?

— Паслязаўтра, можа, i скончым. Але наўрад.

— Што гэта ў вас такое здарылася з трэцяй брыгадай? — запытаўся Марцін, калі яны пайшлі.

Вольга расказала. Слухаючы яе, старшыня з трывогай падумаў пра сваё абяцанне, якое даў у райкоме. «Нібы знарок, каб перашкодзіць мне — ліха гэтае… Цяпер управіцца за два дні яшчэ цяжэй. Чорт, чаму я не ўцяміў папярэдзідь, каб перадалі жняярку. Як я прашляпіў, няўдача…»

Яны падышлі да Вольчынай хаты. Перад хатай, дзе ў агародчыку да вайны Вольга садзіла кветкі — мальвы, вяргіні, півоні, цяпер яшчэ густа буялі каструбаватыя калючыя кусты дурнап’яну, дзядоў ды крапівы. Пры вуліцы тырчэлі два парэпаныя счарнелыя слупкі, што нейкім цудам уцалелі ад плоту. Вольга стала.

— Ну, мне да дому…

Насцю апошняе здарэнне таксама устрывожыла. Яна, хоць i казала старшыні, што турбуецца толькі за сваю брыгаду, зусім не абыякава адносілася да таго, паспее ці не паспее калгас зжаць у час.

Пры гэтым ёй здавалася, што сённяшняе здарэнне было як-бы вынікам той спрэчкі, якую пачала яна. I Насця не магла адкаснуцца ад думкі, што яна, хоць i была ўвесь дзень не ў калгасе, вінавата разам з Петрусём.

Аднак Насця старалася не паказваць старшыні свайго непакою.

Як толькі калёсы ўз’ехалі на калгасны двор, яна саскочыла з драбінак i, ні слова не кажучы Марціну, накіравалася да хаты, у якой жыў малады жняяр. «Ах ты, нягоднае хлапчанё! — думала ўзлавана яна. — Ен ужо — бачыце вы — свае парадкі тут устанаўляе… Цэлага поўдня праз яго, нягодніка, змарнавалі!»

Пятрусь быў дома — папраўляў зубы ў граблях. Ен акурат жалезным тронкам ножыка забіваў выразаны кляновы зуб. Убачыўшы брыгадзіра, хлопец адразу адлажыў граблі ўбок i ўстаў.

— Што ты гэта натварыў! — не адказваючы на прывітанне, накінулася Насця на хлопца.

Пятрусь збянтэжыўся.

— А што такое?..

— Што такое? Ты не ведаеш?! Ты чаму жняярку не аддаў Алене?

— Чаму? Самі нібы не знаеце… Нібы не пры вас яна адабрала жняярку каля кузні. Нібы не ведаеце, што яна ячмень на «Далёкім полі»…

Насці хацелася сказаць, што Алена па праву ўзяла жняярку каля кузні, — але яна стрымалася — не такі быў у Насці характар, каб абы-як прызнавацца ў сваёй віне, ды яшчэ перад нейкім зялёным падлеткам.

— А табе што да гэтага? Прасілі цябе ўмешвацца? Калі яна i зрабіла тое, то ты ўсё роўна не маеш права не даць ёй жняярку, — строга прамовіла Насця. — Што яна, Алена, для сябе брала? Для сябе?

— Не для сябе, канешне… Для брыгады.

— Не для сябе! I ты не меў ніякага права не аддаць, ясна? От мы зараз былі з Марцінам у горадзе, — ён там у райкоме сказаў, што наш калгас заўтра скончыць жніво. Ён слова цвёрдае даў! А цяпер што цераз тваю выхадку атрымліваецца?

— Я не ведаў…

— Трэба было ведаць!.. А да таго, што я маю з Аленай, ты не чапайся. Не ў сваё проса не сунь носа!.. Я сама не дам сябе ў крыўду! Ясна?

Хлопец не ведаў, што адказаць. Хацеў зрабіць так, каб Насця пахваліла, думаў аб тым, каб было да спадобы сваёй брыгадзе, а тут, выяўляецца, — памыліўся.

Пятрусь вінавата заміргаў вачыма:

— Ясна…

Да нас ідуць, жанкі!

Яшчэ не ўзыходзіла сонца, калі Алена выправілася на работу. З балота ад Тур’і, зацягнутай густым пластам белага туману, патыхала свежым халаднаватым ветрам. Было золка. Неба ўсюды абложвалі цёмныя панурыя хмары. «Хоць-бы дождж не пайшоў!» — падумала Алена. Выйшаўшы з хаты, яна апранула пінжак i, падагнуўшы доўгія рукавы, зашпіліла яго на ўсе гузікі. Жанчын з яе брыгады на вуліцы яшчэ не было, i Алена падумала, што паднялася зарана, што трэба было-б пачакаць трохі дома. Але яна не вярнулася, ведаючы, што жанчыны стрымаюць сваё абяцанне, не спозняцца.

I праўда, ужо на павароце з сяла на калгасны двор яе дагнала Вольга.

— Ну вось, да двара пойдзем удваіх, — сказала яна, аддыхваючыся ад хуткай хады i стараючыся ісці ў нагу з Аленай.

— Хоць-бы дождж не нагнала. Хмары якія…

— Хмары разыйдуцца, — запэўніла Вольга.

Алена ішла маўкліва i задуменна. Вольга, зірнуўшы на яе яшчэ соннымі вачыма, узрушана загаварыла:

— Рана як, Алена! Цялят i кароў не чуваць нават… Мая Арынка спіць со-оладка! — яна шчасліва ўсміхнулася простай, адкрытай усмешкай. — Як ішла, накрыла яе, а яна нават не паварухнулася. Калі-б ты бачыла, Алена, як спіць! Ручкі раскінула, вось так… Ну, я на двор па жняярку.

Алена не адказала. Вольга здзіўлена зірнула на яе i толькі цяпер заўважыла, што Алена зусім не слухала яе, думала аб нечым сваім.

Над полем, над шырокім прасцягам нячутна плыў ранак. На прыдарожнай траве, у вясёлых пялёстках рамонкаў, на пляскатых лісцях трыпутніку, на белых галоўках дзьмухаўцу абапал дарогі густа туманіліся кроплі расы. Стаяла такая цішыня, што ў ёй было чуваць, як побач, устрывожаныя блізкімі крокамі Алены, з ясным шэлестам ападаюць расінкі.

20
{"b":"849482","o":1}