«Калі добра сягоння пастараемся, можа, як-небудзь заўтра да вечара ўправімся, — думала Алена. Пухкія, падобныя да дзіцячых, вусны задрыжэлі ад крыўды. — Пазней за ўсіх…»
Першай пачала працаваць жняярка. Пры жняярцы была Вольга, якая нікому ў Аленінай брыгадзе не саступала гэтага месца — яна лічылася ў брыгадзіра за самага стараннага, спрактыкаванага жняяра. Усё, за што ні бралася Вольга, яна рабіла акуратна. Разам з Аленай яна шчыра перажывала ўсе брыгадныя непаладкі. Пры жняярцы ішлі калгасніцы з Вольчынага звяна.
Жанчыны збіраліся дружна i адразу браліся за працу. Неба спакваля яснела. Радуючыся, што надвор’е правіцца, Алена праверыла, ці ўсе прыйшлі. Было сорак чатыры чалавекі — больш, як у іншыя дні, бо прыйшло некалькі калгасніц, якія звычайна не хадзілі на жніво. Чацвёра падлеткаў-дзяўчат, што жалі ўпершыню, трымаліся між дарослых нясмела, нязвычна, як навічкі ў школе. Алена адвяла ім асобны ўчастак, назначыла старшую. Да ix далучылася бабка Прося, сухая, маўклівая, строгая жанчына: дзе ў яе гады раўняцца з маладымі жнеямі. У іншыя дні бабка сядзела сабе пры хаце ды глядзела ўнука, а сёння дзіця аддала ў яслі i таксама прыйшла на поле.
Мужчын i хлопцаў — ix было дзевяць — Алена накіравала вазіць снапы.
Потым, як ужо ўсе пачалі працаваць, прыйшоў Васіль Скорык, Вольчын чалавек. Каўнер яго даматканай ільняной сарочкі, старанна вышыты Вольгаю, быў шырока расхрыстаны. Пусты правы рукаў, каб не матляўся, Васіль засунуў з ніжняга краю за тонкі скураны паясок, што слабка перахопліваў сарочку. Пры наступленні на Мінск Васілю, які быў у той час мінамётчыкам гвардзейскай часці, асколкам з нямецкага снарада адарвала па плячо правую руку; вярнуўшыся ў калгас ён стаў працаваць агародным вартаўніком. Як агародны вартаўнік, Васіль не меў ніякага дачынення да Аленінай брыгады, але ён разам з Вольгаю перажываў брыгадныя нелады.
— Прымаеце ў памочнікі? — голас у Васіля басавіты, модны: яго ў сяле за гэта жартам называюць «трубою». Некалькі жанчын цікаўна зірнулі на яго. — Га, прымаеце? Чаго-ж маўчыце?
— Чаму-ж не прыняць? Калі ласка…
— Куды яго, такога нездаляшчага! — наўмысна запярэчыла Алена, хоць у душы радавалася прыходу Васіля.
— Хто нездаляшчы? — весела адгукнуўся Васіль, ён любіў жарты. — Я? Ты-б, мілая, лепей спытала маю Вольгу, яна вунь там на жняярцы сядзіць, яна табе сказала-б, які я нездаляшчы. — Ён схапіў Алену за стан i прыцягнуў да сябе. Алена ўперлася рукамі, паспрабавала вырвацца, але дзе там — Васілёва рука, як жалезны абруч.
— Ну што, нездаляшчы? — з пераможнай усмешкай сказаў Васіль, адпускаючы Алену. Тая, заружавеўшы ад супраціўлення, лагодна ўсміхаючыся пухкімі губамі, развязвала змятую хустку, каб паправіць ускалмачаныя валасы. Жанчыны весела падсмейваліся з Алены, кпілі.
— Дык то адно, з бабай управіцца, а гэта другое, рабіць… — не здавалася Алена.
— А як-жа-ж агарод! Там-жа свінні націнне вытаўкуць ці вераб’і выдзеўбуць каноплі без цябе, вераб’іны начальнік!..
— Не выдзеўбуць! Яны ў мяне свядомыя! — пажартаваў Васіль, потым, схаваўшы ўсмешку, сказаў сур’ёзна: — Там Лідка мая засталася…
Ён пайшоў зносіць снапы ў бабкі.
— Калекі хлеб зарабляюць, а мой гуляе! Чакай, абібок! Чакай, катаржнік, я табе ўжо не дарую, — цётка Малання касцістай учэпістай рукою захапіла поўную жменю аўсяных сцяблоў i парывіста, са злосцю, рэзнула сярпом. — Я табе не дарую…
У нейкі міг у лагоднай сінечы між разарваных воблакаў зазіхацела сонца, i поле адразу радасна заззяла. Зямля пачала прыкметна параваць i сохнуць. Дыхнула гарачынёй.
— Та-та-та! — далятае зводдалек прагавіты клёкат жняяркі. Ён нібы падганяе коней, жнеяра, вязальшчыц.
Жняярка ідзе спорна, кладзе за сабою шапаткія абярэмкі спелых сцяблін.
Жанкі, што працуюць там, спяшаюцца, стараюцца не адстаць. Гарачы едкі пот, сплываючы з ілба, засцілае вочы. Толькі-б паспець у час, толькі-б хутчэй звязаць снапы.
I раптам — клёкат адразу ціхне, нібы адсечаны адным махам, у вушах прыкра звініць, шалясціць непрывычная цішыня. Алена ўстрывожана выпростваецца, глядзіць туды — жняярка стаіць нерухома. З ускінутымі крыллямі, што паднімаюцца над аўсом, машына здалёк нагадвае нейкага вялізнага матыля. Алена бачыць — Вольга саскочыла з сядзення i бяжыць наперад, чамусьці прыглядаючыся да аўса. Прабегла метраў сто, спынілася, паглядзела наперад. «Што там такое? — не церпіцца хутчэй даведацца Алене. — Чаму спыніліся?»
Праз хвіліну Вольга, устрывожаная, з пацямнелым ад пылу ці ад непакою тварам, падышла да брыгадзіра.
— Што там у цябе?
— Авёс ад перастою паламаўся… не можна жаць…
— Паламаўся? Многа яго?
— Соткі тры… Увесь той узгорак.
— Абміні. Я з жанкамі сажну… Ідзі.
Вольга не чула апошніх слоў Алены, яна наўпрасткі пабегла да жняяркі. Жняярка зноў пачынае стракатаць. Аднак Алена не спакайнее, трывожная вестка, прынесеная Вольгаю, зноў абуджае горкія, неадчэпныя думкі: «Спазніліся. Заўтра трэба хоць уночы рабіць, а скончыць».
Трэба рабіць, не трацячы дарэмна ні хвіліны, спяшацца, а тут Малання, нібы сумысля, становіцца насуперак, касцістай, учэпістай рукою шмаргае Алену за спадніцу:
— Глядзі, Аленка, што там за працэсія?
Алена непрыхільна падумала: «Вось няшчасце яшчэ: жала-б, пра жніво больш думала-б, чым попусту па баках сарок лавіць… Глядзі ды глядзі… Такая непаседа, быццам маладая!»
— Нечага мне, цётка Малання, туды глядзець.
— Не, рыбка, паглядзі, — не адстала, голасам, поўным здзіўлення i зацікаўленасці, сказала Малання.
Алена выпрасталася, зірнула на дарогу. Вольная рука, якую яна была падняла, каб сцерці з твару пот, неспадзеўкі застыла. Алена ўбачыла на дарозе жанчын, якія паволі набліжаліся сюды. Няўжо яны да нас? Жанчыны ішлі наўпрасткі па іржышчы гаманлівым нястройным гуртам, рознаапранутым i шматгалосым. З сярпоў, што яны неслі на плячах i ў руках, час-ад-часу зыркім бляскам біла сонца.
— Жаць ідуць… — выказаў нехта ўголас думку.
— Няйнакш жаць… Сярпы на плячах!
— Да нас ідуць, жанкі…
— Гэта-ж Насціна брыгада!..
— Не-э, Коржыкава брыгада! Вунь-жа Агата…
— Памагаць, мабыць, ідуць…
Тут нечакана ў рознагалосіцу ўзрушаных i радасных воклічаў i меркаванняў уварваўся зычны Маланнін голас:
— Не трэба нам іхняй помачы!
На нейкі час усе сціхлі.
— Чаму гэта не трэба?.. Няхай папрацуюць, хутчэй скончым, — запярэчыла Лізавета. Некалькі галасоў падтрымалі яе.
— А я кажу, не трэба! — настойвала Малання. — Мы i адны справімся!..
Жанкі між тым падыходзілі гамонячы. Хутка ўсе ўбачылі, што ў натоўпе пераважна былі калгасніцы з Насцінай брыгады — яны ішлі разам ca сваім брыгадзірам. Некалькі жней прыслала i брыгада Коржыка. У Коржыка жаць заставалася не шмат, яму даволі было i паловы брыгады, i ён, ведаючы, што Аленіна брыгада адстае, прыслаў сваіх жней сюды.
— Дзень добры, жанкі! — загучэлі наперабой галасы «гасцей».
— Добры дзень…
— Ці будзем на парозе стаяць, ці, можа, за стол папросіце?…. — пажартаваў нехта з гасцей.
Лізавета адказала ў тон:
— Калі з добрай навіной — за стол! Ды яшчэ на кут пасадзім.
— Бачыце, колькі яны зрабілі, пакуль мы збіраліся! — падышоўшы, з захапленнем прамовіла Васіліна, смуглая, з ласкавымі чорнымі вачыма жанчына, у сіняй сацінавай кофце — адна з тых, што ўчора прасіліся дапамагчы. — Мусіць, ні свет ні зара прыйшлі сюды! От як стараюцца!.. Нават брыгадзір з сярпом!.. — сказала яна далей, звяртаючыся да сваіх таварышак.
— Тут жанкі ўвішныя, як мурашкі…
Гэта былі словы таварыскія, спагадлівыя, жнеі з брыгады Алены сталі па-сяброўску вітацца. Нібы вецер лагодны павеяў.
Шчырыя словы суцішылі прыкрую насцярожанасць, якая не пакідала Алену з дня спрэчкі за жняярку. Жанкі пачалі па-таварыску гаманіць між сабою. Гледзячы на ix, нельга было-б i падумаць, што між брыгадамі нядаўна быў нейкі нялад. Хоць гэта быў пакуль пачатак звароту добрай дружбы, але i ён радаваў Алену. Значыць, i ў трэцяй брыгадзе шмат хто, можна было падумаць, не лічыў яе вінаватай. Алена адразу, узрадаваная, гатова была забыць усе свае крыўды — добрая ад прыроды, яна не ўмела злавацца.