— От так, Джо’дж, а цяпер рассунь задніцу.
— Не-е-е!
— Ўошынгтан, — сказаў Макмэрфі. Ён глыбока ўдыхнуў і крочыў да чорнага, адсунуўшы таго ад Джорджа. — Ўошынгтан, хопіць, хопіць...
Усе маглі пачуць бездапаможную, безвыходную роспач у голасе Макмэрфі.
— Ты застаўляеш мяне абараняцца, Макмэрфі. Хіба ён не застаўляе мяне, братва?
Астатнія двое кіўнулі. Чорны акуратна паклаў цюбік на лаўку каля Джорджа і выпрастаўся, выкінуўшы кулак адным рухам, засьпеў Макмэрфі зьнянацку ўдарам у сківіцу. Макмэрфі ледзь не паваліўся. Ён спатыкнуўся назад у шэраг голых целаў, нашыя злавілі яго і зноў падштурхнулі да ўсьмешлівага сланцавага аблічча. Ён атрымаў яшчэ адзін удар, па шыі, пакуль нарэшце не зьмірыўся з думкай, што ўжо нарэшце пачалося і цяпер застаецца толькі як найлепей гэтым скарыстацца. Ён перахапіў наступны бакавы, сьціснуў чорную зьмяюку рукі за прыдалоньне і патрос галавой, прыходзячы ў сябе.
Яны так крыху пахісталіся, пасаплі ў такт з сапеньнем сьцёку, а потым Макмэрфі адштурхнуў чорнага, прыгнуўся, прыкрыў падбародзьдзе магутнымі плячыма, падняў кулакі паабапал галавы і пачаў кружляць вакол праціўніка.
І тут акуратны маўклівы шэраг голых людзей ператварыўся ў галасістае кола; рукі, ногі і тулавы перапляліся ў канаты вакол рынгу.
Чорныя рукі калолі нахіленую рудую галаву і бычыную шыю, вышчэрбвалі кроў з лоба і шчокаў. Чорны сыходзіў лёгкімі рухамі. Ён быў вышэйшы, з даўжэйшымі, чым у Макмэрфі, рукамі, і біў хутчэй ды разчэй; ён мог дзяўбці суперніку плечы і галаву, не набліжаючыся да таго. Макмэрфі ўсё ішоў наперад — натужлівымі, пляскатымі крокамі, з апушчаным тварам, пазіраючы ўгару паміж татуяванымі кулакамі паабапал галавы — пакуль не загнаў чорнага на канаты голых целаў і не засадзіў кулаком проста ў сярэдзіну бялюткіх, накрухмаленых грудзей. Сланцавы твар трэснуў ружовым, з вуснаў вываліўся язык колеру клубнічнага марозіва. Чорны сышоў ад танкавага наступу Макмэрфі і здолеў даслаць яшчэ пару ўдараў, але гэты кулак зноў няслаба дагнаў яго. Гэтым разам рот раскрыўся шырэй, плямай бляднейшага колеру.
У Макмэрфі на галаве і плячах былі чырвоныя адмеціны, але ён не выглядаў пабітым. Ён усё насоўваўся, атрымоўваў дзесяць удараў за адзін. Так працягвалася даволі доўга, пакуль чорны ня стаў задыхацца, хістацца і рухацца ўжо толькі каб сысьці ад гэтых рудых рук-дубінаў. Нашыя крычалі Макмэрфі, каб ён заваліў чорнага. Макмэрфі нікуды не сьпяшаўся.
Чорны крутнуўся ад удару ў плячо і кінуў хуткі позірк на дваіх астатніх, якія на ўсё гэта пазіралі.
— Ўільямз... Ўорэн... чэрці вас бяры! Другі вялікі рассунуў натоўп і схапіў Макмэрфі ззаду за рукі. Макмэрфі строс яго, як бык страсае малпу, але той не адчапіўся.
Таму я падняў яго і закінуў у душ. Ён быў увесь нашпігаваны электралямпамі, важыў ня больш за пяць-сем кіляў.
Найменшы з чорных крутнуў галавой з боку ў бок, павярнуўся і пабег да дзьвярэй. Пакуль я на яго глядзеў, той другі вылез з душа і ўзяў мяне ў замок — прасунуў рукі пад мае і счапіў далоні ў мяне на карку — мне давялося рушыць задам у душ і чмякнуць яго аб кафлю. Пакуль я ляжаў там у вадзе і спрабаваў даглядзець, як Макмэрфі крышыць рэбры Ўошынгтану, другі ззаду ўкусіў мяне за карак, і мне давялося вызваляцца з замка. Потым ён ляжаў спакойна, і крухмал сплываў зь белай уніформы ў задышлівы сьцёк.
Калі найменшы з чорных прыбег назад з рамянямі, кайданкамі, утаймавальнымі кашулямі і яшчэ чатырма санітарамі з аддзяленьня для агрэсіўных, усе ўжо адзяваліся і паціскалі нам з Макмэрфі рукі, казалі, што тыя чорныя ўжо даўно нарываліся, і якая была ачмурэнная бойка, якая фантастычная перамога. Яны ўсё казалі гэта, каб разьвесяліць і падбадзёрыць нас — пра бойку і перамогу — у той час як Вялікая Сястра дапамагала санітарам з агрэсіўнага зацягнуць скураныя кайданкі нам на руках.
У агрэсіўным заўсёды пранізьлівы бразгат, як у машынным аддзяленьні, — турэмны станок штампуе нумарныя знакі. Час вымяраецца чык-чпок, чык-чпок, у рытме пінг-понгавага століка. Людзі рухаюцца па асабістых сьцежках: уперціся плячом у сьцяну, разьвярнуцца і рушыць да іншай сьцяны, уперціся плячом і зноў разьвярнуцца, хуткія кароткія крокі пакідаюць перакрыжаваныя каляіны ў кафлянай падлозе. Пах смаленага ад людзей, шалёна запалоханых да страты кантролю, а ў кутах і пад столікам для пінг-понгу хаваюцца істоты, якія скрыгочуць зубамі і якіх ня бачаць дактары з мэдсёстрамі, а санітары ня могуць забіць дэзынфэктантамі. Калі дзьверы аддзяленьня адчыніліся, я адразу ж адчуў гэты пах смаленага і пачуў гэты зубоўны скрогат.
Калі санітары завялі нас з Макмэрфі ўнутр, пры ўваходзе нас сустрэў высокі кашчавы стары, які целяпаўся на дроце, прасунутым яму між лапатак. Ён агледзеў нас жоўтымі зацьвілымі вачыма і патрос галавой.
— Я ўмываю рукі ў гэтай справе, — зьвярнуўся ён да аднаго з каляровых санітараў, і дрот адцягнуў яго па калідоры.
Мы пайшлі за ім да дзённага пакою, і Макмэрфі спыніўся ля дзьвярэй, расставіў ногі і задраў галаву, каб усё агледзець; ён паспрабаваў засунуць адзінцы ў кішэні, але кайданкі былі занадта цесныя.
— Ну й відовішча, — ціха прамовіў ён убок.
Я кіўнуў галавой. Я ўсё гэта ўжо бачыў.
Пара мужыкоў спыніліся, каб паглядзець на нас, а кашчавы стары зноў прыплёўся ўмываць рукі ў гэтай справе. Спачатку ніхто не зьвяртаў на нас асаблівай увагі. Санітары пайшлі ў тутэйшую Сястроўню, пакінуўшы нас у дзьвярах пакою. У Макмэрфі распухла вока, так што ён увесь час нібыта падміргваў, і я бачыў, што яму балюча ўсьміхацца. Ён падняў рукі ў кайданках, агледзеў рухавы гармідар і зрабіў глыбокі ўдых.
— Мяне зваць Макмэрфі, ка-а-алегі, — сказаў ён працяжна, каўбойска-акторскім голасам, — і я б хацеў ведаць, хто з вас, птушанятаў, у гэнай установе кіруе гульнёй у покер?
Пінг-понгавы гадзіньнік шпарка пацікаў па падлозе і выключыўся.
— У ачко банкаваць мне ў такой збруі цяжкавата будзе, але я ўсё роўна ўпэўнены, што любому ў карты фору магу даць.
Ён пазяхнуў, паварушыў плячом, прыгнуўся, прачысьціў горла і плюнуў нечым у сьметніцу за паўтара мэтра; пачулася дзынь, і ён зноўку выпрастаўся, ухмыльнуўся і правёў языком па крывавым прагале ў зубах.
— У нас тут унізе заваруха была. Мы з Правадыром счапіліся з парай чарнамазых.
Грукат станка ўжо спыніўся, усе глядзелі на нас дваіх ля дзьвярэй. Макмэрфі прыцягваў позіркі, як вядоўца аўкцыёну. Я зразумеў, што поруч зь ім я таксама атрымаў абавязак быць пад гэтымі позіркамі, і адчуў, што мне трэба выпрастацца і стаяць як мага раўней. Ад гэтага мне балела сьпіна, там, дзе я ўпаў у душы, калі на мне вісеў чорны, але цяпер я не падаваў выгляду. Нейкі мужык з галодным выглядам і калматай чорнай чупрынай падышоў і працягнуў руку, быццам у мяне нешта для яго было. Я спрабаваў яго ігнараваць, але ён усё забягаў, куды б я ні павярнуўся, быццам дзіця з працягнутымі да мяне далонямі.
Макмэрфі крыху пагутарыў пра бойку, а мая сьпіна балела ўсё мацней і мацней. Я так доўга курчыўся ў крэсьле ў куце, што цяпер было цяжка доўга стаяць роўна. Я ўсьцешыўся, калі прыйшла маленькая мэдсястра-японачка, каб адвесьці нас у тамтэйшую Сястроўню, дзе я змог сесьці і адпачыць.
Яна спыталася, ці дастаткова мы супакоіліся, каб зьняць кайданкі, і Макмэрфі кіўнуў. Ён ужо згорбіўся, павесіў галаву, засунуў локці між каленяў і выглядаў цалкам зьнясіленым — раней мне ў галаву не прыйшло, што яму, гэтаксама як і мне, было цяжка стаяць роўна.
Мэдсястра — памерам з востра заточаную галоўку ад нічога, як пазьней сказаў Макмэрфі, — зьняла нам кайданкі і дала Макмэрфі цыгарэту, а мне жуйку. Яна сказала, што помніць, як я люблю жуйкі. Я яе зусім ня памятаў. Макмэрфі курыў, пакуль яна мачала ў слоік мазі свае ружовыя пальчыкі, танюткія, як сьвечкі на торце, і апрацоўвала яму сінякі ды ранкі. Яна штораз моршчылася ад болю разам зь ім і прасіла прабачэньня. Узяла ягоную далонь у свае і змазала яму костачкі кулака.