— Во табе, Правадыр, на жуйкі.
Я пакруціў галавой і пайшоў з прыбіральні. Ён ухапіў мяне за руку.
— Правадыр, я проста прапанаваў табе знак сваёй удзячнасьці. Калі ты лічыш, што заслужыў большую долю...
— Не! Ня трэба мне тваіх грошай.
Ён адступіў, засунуў адзінцы ў кішэні і нахіліў галаву назад. Гэтак ён разглядаў мяне нейкі час.
— Добра, — сказаў ён — А ў чым штука? Чаму тут усе ад мяне насы вернуць?
Я маўчаў.
— Хіба я не зрабіў таго, што абяцаў? Не вярнуў табе твайго памеру? І чаму я тут раптам стаўся нялюбы? Вы, хлопцы, так сябе паводзіце, быццам я радзіме здрадзіў.
— Ты заўсёды... нешта выйграеш!
— Нешта выйграю! Ну ты лось дурны, у чым ты мяне вінаваціш? Я толькі выконваю сваю частку дамовы. І з чаго раптам так дапякло...
— Мы думалі, што табе не пра выйгранку вядзецца...
Я адчуў, што ў мяне дрыгаецца сківіца і што я вось-вось расплачуся, але не расплакаўся. Стаяў перад ім, сківіца торгалася, а ён раскрыў рот, каб нешта сказаць, аднак спыніўся. Ён дастаў адзінцы з кішэняў і ўзяў сябе за пераносьсе адзінцом і паказальнікам, як робяць людзі, якім намулялі цесныя акуляры, і заплюшчыў вочы.
— Выйгранку, Божа ж ты мой, — вымавіў ён з заплюшчанымі вачыма. — Ну і ну, выйгранку.
Таму я напэўна больш чым хто іншы вінаваты ў тым, што адбылося ў той дзень у душавым пакоі. І таму адзінае, чым я мог загладзіць сваю віну, гэта тое, што я зрабіў, ня думаючы пра асьцярожнасьць, пра бясьпеку, пра тое, што са мной будзе, — хоць раз не хвалявацца ні пра што, акрамя таго, што трэба зрабіць, і проста рабіць.
Адразу як мы сышлі з прыбіральні, зьявіліся трое чорных, каб сабраць нас усіх на гэты адмысловы душ. Найменшы зь іх тузаў усіх, хто стаяў уздоўж сьценкі, сваёй чорнай крывой рукой, халоднай, як лом, казаў, што Вялікая Сястра назвала гэта прэвэнтыўнай санітарнай апрацоўкай. Беручы пад увагу, у якой кампаніі мы былі на рыбалцы, нас трэба апрацаваць, перш чым мы разьнясем нейкую заразу па ўсім шпіталі.
Мы пашыхтаваліся, голыя на кафлянай падлозе, і да нас падышоў чорны з плястыкавым чорным цюбікам у руцэ, выціскаючы сьмярдзючую мазь, густую і клейкую, як яечны бялок. Спачатку ў валасы, а потым павярнісь-ка задам і рассунь шчочкі!
Нашыя скардзіліся і жартавалі, і цьвяліліся, спрабуючы не глядзець адзін на аднаго і на гэтыя сланцавыя маскі ў паветры, якія рухаліся сьледам за цюбікамі, быццам твары з кашмарных фотанэгатываў па-над мяккімі сьціснутымі кашмарнымі пісталетнымі рулямі. Яны жартавалі з чорных, казалі: «Гэй, Ўошынгтан, а чым вы, хлопцы, забаўляецеся астатнія шаснаццаць гадзінаў?» ці «Гэй, Ўільямз, а можаш сказаць, што я еў на сьняданак?»
Усе сьмяяліся. Чорныя сьціскалі сківіцы і маўчалі: такога не было, пакуль гэты руды чорт тут не зьявіўся.
Калі Фрэдрыксан рассунуў задніцу, пачуўся такі гук, што я падумаў, найменшага з чорных зараз з ног саб’е.
— Уважайце! — выгукнуў Гардынг, прыклаўшы далоні рупарам да вуха. — Чароўны голас анёльскі.
Усе раўлі, рагаталі і жартавалі адзін з аднаго, пакуль чорны не спыніўся каля наступнага з нашых, і ў пакоі раптам запанавала абсалютная цішыня. Наступным быў Джордж. І ў гэтую сэкунду, калі ўвесь сьмех, жарты і скаргі спыніліся, калі Фрэдрыксан побач з Джорджам выпрастаўся і разьвярнуўся, а вялікі чорны зьбіраўся сказаць Джорджу нахіліць галаву, каб выціснуць на яе сьмярдзючую мазь — якраз у гэты момант мы ўсе больш-менш зразумелі, што зараз адбудзецца, чаму гэта павінна адбыцца і чаму мы ўсе памыляліся наконт Макмэрфі.
Джордж ніколі не карыстаўся мылам у душы. Ён нават нікому не дазваляў падаць сабе ручнік, каб выцерціся. Чорныя зь вечаровых зьменаў, якія кантралявалі звычайныя памыўкі ўвечары ў аўторак і чацьвер, ужо ўцямілі, што прасьцей пакінуць гэта, як ёсьць, і не прымушалі яго рабіць інакш. Так было ўжо здавён. Усе чорныя гэта ведалі. Але цяпер усе разумелі — нават Джордж, які адхіліўся, трос галавой і прыкрываўся вялікімі вузлаватымі далонямі, — што гэты азлоблены чорны з ламаным носам і ягоныя два прыяцелі, якія ззаду назіралі, што ён будзе рабіць, ня могуць упусьціць такога шанцу.
— Ай-й-й, нагні-ка галаву тутака, Джо’дж.
Нашыя ўжо глядзелі туды, дзе праз пару чалавек у шэрагу стаяў Макмэрфі.
— Ай-й-й, ну давай-ка, Джо’дж.
Марціні і Сэфэлт стаялі ў душы нерухома. Сьцёк у іх пад нагамі глытаў невялічкія кароткія порцыі паветра і мыльнай вады. Джордж недзе сэкунду глядзеў на вадасьцёк, быццам той прамаўляў да яго. Назіраў, як той булькае і захлынаецца вадой. Ён зноў паглядзеў на цюбік у чорнай руцэ перад сабой; склізь павольна выцякала праз маленькую дзірачку ў цюбіку на чыгунныя касьцяшкі чорнага кулака. Чорны падсунуў цюбік на некалькі сантымэтраў, і Джордж адхіліўся яшчэ далей, зноў закруціў галавой.
— Не... Гэтую гідоту не.
— Давядзецца эта зрабіць, Цяры-Шаруй, — сказаў чорны амаль спачувальна. — Давядзецца. Мы ж ня можам дазволіць, каб тут усё казюркамі кішэла, праўда? Хто яго знае, пэўна, у цябе паўсюды кляшчы пад скуру зарыліся на добрую цалю.
— Не!
— Ай-й-й, Джо’дж, ты ж нават ня знаеш. Этыя ж казюркі, яны ж малюпусенькія-малюпусенькія — менш за галоўку шпількі. І знаеш што, братан, яны ж як робяць: зачэпяцца за валаскі і давай сьвідраваць цябе, прагрызаюць наскрозь, Джо’дж.
— Няма казюрак!
— Айй, Джо’дж, паслухай мяне, я бачыў выпадкі, калі такія во злобныя казюркі...
— Годзе, Ўошынгтан, — кажа Макмэрфі.
Там, дзе ў чорнага быў зламаны нос, цяпер шнар, як нэонавы выгін. Чорны ведаў, хто да яго зьвярнуўся, але не паглядзеў у тым кірунку. Пра тое, што ён увогуле нешта пачуў, мы маглі здагадацца толькі па тым, як ён змоўк і правёў доўгім шэрым пальцам па шнары, які атрымаў на баскетболе. Пацёр нос, а потым сунуў далонь Джорджу ў твар і пакруціў пальцамі.
— Вошка, Джо’дж, бачыш? Бачыш? Ты ж знаеш, як выглядае вошка, праўда? Ясна ж, што на этым каціры рыбацкім вошы былі. Мы ж ня можам дазволіць, каб цябе вошкі грызьлі, праўда, Джо’дж?
— Няма вошай! — заенчыў Джордж. — Не! — ён выпрастаўся і падняў галаву, так што мы пабачылі яго вочы.
Чорны крыху адступіў. Астатнія двое зь яго засьмяяліся.
— Нешта ня так, Ўошынгтан, брацішка? — спытаўся другі вялікі чорны. — Нешта замінае выканаць працы-дуры, брацішка?
Той зноў падступіўся да Джорджа.
— Джо’дж, я табе кажу, нагніся! Ці ты нагнесься, каб намазацца, ці я пакладу на цябе далонь! — ён падняў далонь; тая была вялікая і чорная, як багна. — Пакладу гэтую чорную! Брудную! Сьмярдзючую! Далонь на цябе!
— Не! — Джордж падняў кулак над галавой быццам зьбіраўся раструшчыць сланцавы чэрап на кавалачкі, рассыпаць па ўсёй падлозе шасьцерні, гайкі і балты. Але чорны проста тыркнуў цюбікам Джорджу ў пуп ды сьціснуў кулак, і Джордж склаўся як сьцізорык, уцягнуўшы паветра. Чорны выпырснуў порцыю мазі яму ў старэчыя сівыя валасы, потым уцёр рукой, размазаўшы чарнату з далоні таму па галаве. Джордж абхапіў жывот рукамі і заверашчаў.
— Не! Не!
— А цяпер дупку, Джордж...
— Я сказаў хопіць, братан.
Тое, як цяпер прагучаў гэты голас, прымусіла чорнага разьвярнуцца і паглядзець туды. Я пабачыў, што чорны ўсьміхаецца, бо Макмэрфі голы — няма кепкі, бацінак ці кішэняў, каб засунуць туды адзінцы. Чорны ўхмыляўся, аглядаючы яго з галавы да ног.
— Макмэрфі, — працягнуў ён, пакруціўшы галавой. — Знаеш, я ўжо падумаў, што да этага ў нас ніколі ня дойдзе.
— Нягрыла ты сраны, — вымавіў Макмэрфі неяк хутчэй стомлена, чым раззлавана. Чорны нічога не адказаў. Тады Макмэрфі ўзвысіў голас: — Рваны чарнамазы гандон!
Чорны пакруціў галавой і хіхікнуў сваім дваім сябрукам:
— Як думаеце, братва, на што Макмэрфі нарываецца такімі размовамі? Думаеце, ён хоча, каб я праявіў ініцыятыву? Гы-гы-гы. Хіба ён ня знае, што нас вучаць не рэагаваць на такія жахлівыя зьнявагі ад псыхаў?
— Х.ясос! Ўошынгтан, ты проста...
Ўошынгтан разьвярнуўся да яго сьпінай, вярнуўшыся да Джорджа. Той усё яшчэ стаяў сагнуты, хапаючы паветра пасьля ўдару мазі ў жывот. Чорны схапіў яго за руку і разьвярнуў тварам да сьцяны.