Білі занадта моцна плача і заікаецца, каб сказаць нешта яшчэ. Ён трэ вочы тыльным бокам далоні, зрывае струп з аднаго з парэзаў, і чым больш ён трэ, тым больш размазвае кроў па твары і па вачах. Тады ён бяжыць усьляпую па калідоры, б’ючыся аб сьцены, твар завэдзганы крывёй, адзін з чорных санітараў рушыць яму ўздагон.
Макмэрфі паварочваецца да астатніх і адкрывае рот, каб нешта яшчэ спытаць, але адразу ж закрывае, пабачыўшы, як на яго глядзяць. Ён стаіць недзе хвіліну перад шэрагам вачэй, скіраваных на яго, як шэраг заклёпак на дзьвярах, потым кажа: «Халера вас дзяры», — ціхім і няўпэўненым голасам, зноў нацягвае кепку і займае сваё месца на лаўцы. Двое тэхнікаў вяртаюцца зь перапынку на каву і йдуць у той пакой праз калідор. Калі дзьверы са сьвістам адчыняюцца, у паветры — пах кіслаты, быццам перазараджаюць акумулятар. Макмэрфі сядзіць і глядзіць на дзьверы.
— Нешта гэта ў мяне ў галаве не ўкладаецца...
Па дарозе назад у наш будынак Макмэрфі з задумлівым выглядам затрымаўся ў хвасьце групы — рукі ў кішэнях уніформы, кепка насунутая на вочы, патухлая цыгарэта між зубоў. Усе маўчалі. Білі Бібіта ўжо супакоілі, і ён ішоў наперадзе паміж чорным і белым санітарамі з Шок-Блоку.
Я запаволіў хаду і даў Макмэрфі абагнаць мяне, хацеў сказаць яму не турбавацца, бо тут нічога нельга зрабіць. Я бачыў, што яго сьвідруе нейкая думка, трывожыць, як сабаку трывожыць нара, пра якую ён ня ведае, што там. Адзін голас кажа: «Дружа, гэтая нара — не твая праблема, надта ўжо яна вялікая і чорная, і сьляды навокал сьведчаць, што тут мядзьведзь ці нешта яшчэ горшае». Але нейкі іншы голас прыходзіць рэзкім шэптам з глыбіняў памяці ягонай пароды, неразумны голас, у якім няма асьцярожнасьці: «Ату яго, дружа, ату яго!»
Я хацеў сказаць яму не турбавацца і ўжо зьбіраўся зрабіць гэта, нават выкрыўшы сябе, калі ён раптам падняў галаву, ссунуў кепку на патыліцу, пасьпяшаўся да найменшага з чорных, пляснуў таго па плячы і спытаўся:
— Сэм, а што калі заскочым у сталоўку на хвілінку, каб я мог купіць пару блокаў цыгарэтаў?
Мне давялося прысьпешыцца, каб іх дагнаць, і ад гэтай прабежкі маё сэрца зазьвінела ў галаве высокай усхваляванай нотай. Нават у сталоўцы я ўсё яшчэ чуў гэты гук, які маё сэрца запусьціла ў галаве, хоць мой пульс ужо запаволіўся да звычайнага. Гэты гук нагадаў мне, як я некалі стаяў халодным пятнічным вечарам на футбольным полі, чакаючы першага ўдару па мячы і пачатку гульні. Гэты звон нарастаў і нарастаў, і вось я ўжо ня мог яго трываць, а потым удар нагой па мячы — гук зьнікаў і гульня пачыналася. Цяпер я зноў чую гэты звон пятнічнага вечара і адчуваю тую самую шалёную напятую нецярплівасьць. Я таксама бачу ўсё вельмі выразна і акрэсьлена, як некалі перад гульнёй і як я бачыў нейкі час таму са шпітальнага вакна ўначы: усё рэзка, ясна і грунтоўна — я ўжо забыўся, што так можа быць. Шэрагі цюбікаў з пастай і матузкоў, сонечных акуляраў і шарыкавых асадак з пажыцьцёвай гарантыяй, хоць пад вадой на камянях пішы, і ўсё гэта ахоўвае рота цацачных мядзьведзікаў на верхняй паліцы над прылаўкам.
Макмэрфі тупае да прылаўку, становіцца поруч са мной, засунуўшы пальцы ў кішэні, і кажа прадавачцы даць яму пару блокаў «Мальбара».
— Не, дайце нават тры, — просіць ён, пасьміхаючыся ёй. — Я зьбіраюся шмат курыць.
Звон у галаве не спыняецца да сходу ў той дзень. Я краем вуха слухаў, як апрацоўвалі Сэфэлта, каб ён усьвядоміў сапраўднасьць сваіх праблемаў і здолеў прыстасавацца («Гэта ўсё дылянтын!» — урэшце выкрыквае ён. «Паслухайце, містэр Сэфэлт, калі вы хочаце дапамогі, вы павінны быць шчырым», — кажа Сястра. «Але ж гэта пэўна ад дылянтыну; хіба не ад яго дзясны псуюцца?». Яна ўсьміхаецца: «Джым, вам ужо сорак пяць...»), калі мой позірк упаў на Макмэрфі, які сядзеў у куце. Ён не круціў у руках картаў і не драмаў, ссутуліўшыся над часопісам, як звычайна апошнія два тыдні. Ён сядзеў, выцягнуўшыся па струнцы ў сваім крэсьле, з расчырванелым дзёрзкім тварам, пазіраючы то на Сэфэлта, то на Вялікую Сястру. Звон у мяне ў галаве ўзмацніўся. Ягоныя вочы былі блакітнымі палоскамі пад бялявымі бровамі і стралялі сюды-туды гэтак жа, як калі ён сачыў за картамі ля покернага стала. Я быў упэўнены, што з хвіліны на хвіліну ён выкіне нейкую шалёную штуку, за якую яго ўпякуць да агрэсіўных. Бачыў такі самы выгляд у іншых перад тым, як яны накідваліся на нейкага з чорных. Я ўчапіўся ў парэнчу крэсла і чакаў, баючыся таго, што адбудзецца, і, як я пачаў разумець, крыху баючыся, што не адбудзецца нічога.
Ён маўчаў і глядзеў, як яны разабраліся з Сэфэлтам; потым павярнуўся напаўабароту ў сваім крэсьле і назіраў, як Фрэдрыксан, спрабуючы неяк адпомсьціць ім за свайго сябра, некалькі хвілінаў гучна скардзіўся на тое, што цыгарэты трымаюць у Сястроўні. Фрэдкрыксан выгаварыўся і ўрэшце пачырванеў, як заўсёды папрасіў прабачэньня і зноўку сеў на месца. Макмэрфі па-ранейшаму нічога не рабіў. Я крыху аслабіў хватку на парэнчы і падумаў, што памыляўся.
Да канца сходу заставалася пару хвілінаў. Вялікая Сястра сабрала свае паперы, паклала іх у кошык і паставіла кошык на падлогу. Потым кінула хуткі позірк на Макмэрфі, быццам хацела ўпэўніцца, што той ня сьпіць і слухае. Яна склала рукі на каленях, паглядзела долу на пальцы і глыбока ўдыхнула, хістаючы галавой.
— Хлопцы, я вельмі доўга думала пра тое, што зараз скажу. Мы абмеркавалі гэта з доктарам і з астатнім пэрсаналам, і як бы нам гэта ні было цяжка, мы ўсе прыйшлі да адной высновы: павінна быць нейкае пакараньне за тое ганебнае стаўленьне тры тыдні таму да абавязкаў падтрымліваць чысьціню ў аддзяленьні. — Яна падняла руку і агледзелася: — Мы доўга чакалі, спадзеючыся, што вы знойдзеце ў сабе сілы папрасіць прабачэньня за сваё непаслухмянства. Але ніводны з вас нават і блізка не раскаяўся.
Яна зноў падымае руку, каб спыніць любыя пярэчаньні — як варажбітка ў шкляной будцы на атракцыёнах.
— Калі ласка, зразумейце. Мы не ствараем нейкіх правілаў ці пакараньняў для вас, не абдумаўшы вельмі ўважліва іх тэрапэўтычнай каштоўнасьці. Шмат хто з вас тут таму, што вы не маглі прыстасавацца да грамадзкіх правілаў у вонкавым сьвеце, таму, што вы адмаўляліся прымаць іх, таму, што вы спрабавалі іх абысьці і пазьбегчы. Некалі — магчыма ў вашым дзяцінстве — вам, пэўна, дазволілі беспакарана пагарджаць грамадзкімі правіламі. Калі вы парушылі правілы, вы гэта ведалі. Вы жадалі, каб з вамі разабраліся, вам гэта было патрэбна, але пакараньне не прыйшло. Неразумная паблажлівасьць вашых бацькоў магла быць той бацылай, зь якой разьвілася ваша цяперашняя хвароба. Я кажу вам гэта са спадзевам, што вы зразумееце: мы дамагаемся дысцыпліны і парадку выключна для вашай жа карысьці.
Яна круціць галавой, азіраючы пакой. На твар нацягнутае шкадаваньне праз тое, што ёй даводзіцца рабіць. Стаіць поўная цішыня, акрамя высокага, ліхаманкавага, шалёнага звону ў маёй галаве.
— Цяжка дамагчыся дысцыпліны ў такім асяродзьдзі. Вы пэўна самі гэта бачыце. Што мы можам з вамі зрабіць? Вас нельга арыштаваць. Вас нельга пасадзіць на хлеб і ваду. Вы пэўна бачыце, што перад пэрсаналам стаіць праблема: што мы можам зрабіць?
У Раклі ёсьць ідэя, што яны могуць зрабіць, але яна не зьвярнула на гэтую ідэю ніякай увагі. Ейны твар зь ціканьнем рухаўся, пакуль не набыў іншага выгляду. Яна нарэшце адказала на ўласнае пытаньне.
— Нам трэба пазбавіць вас нейкага прывілею. І пасьля ўважлівага разгляду акалічнасьцяў гэтага бунту мы пастанавілі, што будзе нейкая справядлівасьць у тым, каб скасаваць доступ да купальні, якую вы ўдзень выкарыстоўваеце для картачных гульняў. Хіба вам гэта не падаецца справядлівым?
Ейная галава нават не паварушылася. Яна не глядзела. Але адзін за адным усе астатнія павярнуліся ў тым напрамку, выцягнулі худыя шыі, каб паглядзець на Макмэрфі, — твары павярнуліся да яго, поўныя непрыкрытай, спалоханай надзеі.
Усё тая ж высокая нота ў маёй галаве гучала, як шыны, што на хуткасьці труцца аб брук.