Тады ж вельмі дарэчы яму падвярнулася пад руку Надзя. Яна, сапраўды, была маладзейшай за Марыю й не мела ейнага жыццёвага досведу, якім Марыя адначасова й ганарылася, і які сама сабе не магла прабачыць. Надзя была ўладкаванай па жыцці дзяўчынкай, мела спадкаемную кватэру недалёка ад цэнтру, багатага бацьку, вясёлы, нахабны нораў і добрыя жыццёвыя перспектывы. Ёй не трэба было ні за што змагацца, яна не мусіла думаць, як зарабіць на кавалак хлеба, фарбы, вандроўкі. У ейным узросце дзяўчаты нават пра замужжа згадваюць са смехам і шчанячай радасцю, таму што гэта наперадзе, гэта хутка й будзе вельмі ўдалым. Асабліва для яе, для Надзі, таму што любы будзе рады й ім няма пра што будзе клапаціцца. Праўда, Зміцеру потым падалося, што Надзя й сама была радая любому. І нягледзячы на тое, што яна старанна строіла Змітру вочкі, рупліва спакушала яго, хаця яны ўжо даволі доўга былі разам, і шчодра, ненавязліва дазволіла пажыць у сваёй кватэры, Зміцер усё больш упэўніваўся, што Надзі было ўсё роўна, хто мог апынуцца на ягоным месцы — «абы моцна не піў і не смярдзеў».
Спакваля Зміцер адыграўся на Надзі за непаразуменні з Марыяй і пачаў заўважаць, што Марыі яму не хапае. Яна ж не заўжды была гэткай ідыёткай, як у апошнія месяцы іхняга сяброўства. Дагэтуль ім было вельмі добра, і яны змаглі сумесна прайсці ў каханні й жыцці праз, здавалася б, непераадольныя выпрабаванні. І, у першую чаргу, увесь гэты доўгі шлях адно да аднаго, да іхняга знаёмства. Дзіва, як яны знайшлі адно аднаго й што гэтак доўга шукалі, бо хаця яны вельмі розныя па тэмпераменце й па характары, яны якраз гэтыя супрацьлегласці, што прыцягваюцца й утвараюць адно цэлае. У гэтым Зміцер не сумняваўся, нават калі яны канчаткова разышліся, бо адчуваў Марыю, ейны душэўны стан і настрой на адлегласці і быў упэўнены, што тое ж самае адбываецца з Марыяй. Ён мог меркаваць, што дзеецца ў ейным жыцці й што яна перажывае. Аднойчы ён ішоў з кухні й нечакана жахнуў кулаком па дзвярах лазенкі, што падалося Надзі цалкам невытлумачальным, але ён ведаў, што Марыя ў гэты момант знайшла сабе некага іншага — можа, сябра, а можа, новае каханне. Пасля гэтага ў яго ўжо зусім не заладзілася з Надзяй, але ён не мог вырашыць, што яму цяпер рабіць. Ён вёў той лад жыцця, якога ўсяляк унікаў, калі быў з Марыяй. Але цяпер атрымалася значна горш, бо ён быў з жанчынай, якую не кахаў і з якой яму ўжо даўно надакучыла гаманіць пра мастацтва й любіцца ў помсту невядома каму.
А цяпер вось яшчэ гэтая каса. Нашто было абразаць валасы? Ходзіць недзе, бунтуе мужыкоў якой-небудзь тыфознай стрыжкай. Ніколі ёй гэтага не прабачу! Так і ўяўляю, як яна стаіць дзе-небудзь на галерэі каля прыбіральняў у Доме афіцэраў, паліць і хіліць абскубаную галоўку да задымленага плечыка. «Млее» ад балбатні якога-небудзь джазанутага псеўдаінтэлектуала з нью-ёркскай бародкай, а сама паціху глядзіцца ў люстэрка ўнізе — ці прыгожа яна выглядае. Косіць пад маладую. Сама ж прыпадабняецца да Надзі й усёй гэтай падлеткавай зграі. Зусім затлуміла сабе галаву. Сто працэнтаў, што й паліць пачала. Дадумалася! Касу даслала! Магла б адну якую пасмачку пакласці, калі ўжо была на тое нейкая рамантычная патрэба. Добра яшчэ, што не ўсю галаву па пошце атрымаў. Што яна за жанчына? І ці жывая яна там? Вунь жа каса якая халодная, а раней рукой возмешся, а яна ажно гарачая каля шыі. Марыя, Марыя, якая ж ты свалата. А ты, дурань бесхарактарны, яе кахаеш…
Гэтак стаяў і разважаў Зміцер каля ракі, на супрацьлеглым ад вінакурні беразе. У вінакурні на трэцім паверсе балявалі: смяяліся, спявалі, крычалі, але мацюкоў чуваць не было. Добра ж некаторым жывецца — сядзяць сабе ў старажытным раі, забаўляюцца, песні спяваюць, а ў цябе ў эцюдніку рудая каса, і невядома, што з ёй цяпер рабіць. Зміцер адкрыў эцюднік, выцягнуў касу, пагладзіў, акуратна скруціў, прыцэліўся й шпурлянуў у раку. Рудая змяюка яшчэ праплыла крыху па паверхні, пакуль не намокла й не патанула.
А на супрацьлеглым беразе з’явілася аднекуль дамачка ў белым — таўклася зазыўна каля вады й тарэшчылася на Зміцера. Памылкі быць не магло — дамачка глядзела менавіта на яго, пасміхалася прыязна й, здаецца, усім сваім выглядам запрашала да сябе. Цётка была выяўна мясцовая, бо занадта дзіўная, але нічога непрыемнага ён у ёй не знайшоў і падумаў, што калі яна сама гэтак напрошваецца, то чаму б і не. У рэшце рэшт яму трэба было забыцца, развеяцца, да таго ж гэткай здзічэлай жанчыны, як абарыгенка ў белым, у яго яшчэ не было. Ад Надзі ён усё роўна сыдзе, Марыя як у ваду канула, а гэтая тут — жывая, прыгожая, лагодная. Хай мне будзе горай — пайду. Цікава проста, што за яна. У белай даўгой сукенцы. Відаць, на свята на трэці паверх прыйшла. А можа, гэта яна сама ў тым пакоі з надпісам на шторах жыве. З такой і не грэх, бо надта ж душэўна напісала. Не хоку, канечне, але нельга чакаць зашмат ад абарыгенкі…
І я ўсё ж вырашыла пераязджаць. Дом мой якраз здалі, і хаця кватэра была яшчэ не ўпарадкаваная, жыць там можна было, асабліва пасля Лошыцы. Вядома, мне было шкада пакідаць вінакурню, раку, мост, альтанку й парк, але я памірала ад самоты й бязглуздасці свайго асабістага жыцця. Я хацела на новае месца, каб усё забыць і пачаць спачатку. Мяне гнала прага пераменаў, бо я больш не ў стане была слухаць свой унутраны голас і жыць без Змітра там, дзе ўсё было прасякнута каханнем да яго й дзе дрэвы яшчэ маглі засведчыць, што ён таксама мяне кахаў. Праўда, Зміцер патрабаваў ад мяне нейкай паказной, кідкай інакшасці, але я й так інакшая, як і кожны асобны чалавек. Да таго ж я не магу быць інакшай больш, чым я ўжо ёсць, і думаю, я не павінна перарабляць пад сваю інакшасць грамадства, бо гэтак я яе проста згублю. І яшчэ: як можна было прылічыць мяне да ўмоўнасцяў — я ж чалавек! Я чалавек! Я звычайны чалавек, і тым больш жанчына. Я й так шмат зрабіла, каб годна справіцца са сваёй сітуацыяй: часу не губляла, навуку рухала, напісала пра горад, у якім не здолела прарасці каранямі, вярнулася да сябе, знайшла новых сяброў… Дарэчы, высветлілася, што Габрусь зусім не маньяк — проста ён любіць гуляць у прэферанс. Гэта тое, што дае яму адчуванне стабільнасці жыцця, асабліва цяпер, калі ён разышоўся са сваёй сяброўкай. І паколькі ўдзень усе занятыя, гуляе ён з прыяцелямі позна ўвечары й па начах, таму й мусіў ездзіць на ровары праз начны парк, бо й са мной хацеў пабыць і пагуляць у карты. А яшчэ Габрусь патлумачыў, што прападаў столькі часу, бо прачытаў у «Спадчыне» новы матэрыял пра Лошыцу, і яму карцела сёе-тое пашукаць у архівах. Асабліва спадзяваўся ён знайсці што-небудзь пра пані Любанскую, дачку галавы мазырскай шляхты, якая зайшла за мясцовага пана ў дзевятнаццаць гадоў, была надта прыгожая й, па чутках, круціла раманы з выбітнымі мужчынамі, але была вельмі спагадлівай, дапамагала бедным, утрымлівала дом састарэлых, толькі вось дзяцей не мела й ўтапілася на свой дзень народзінаў. Выцягнуў яе ейны сабака, а пан змарнеў і некуды з’ехаў.
Цяпер пані завецца Белай Дамай, з’яўляецца час ад часу ў белай сукенцы ў парку й дапамагае закаханым і бяздзетным жанчынам.
Як я гэтае пачула, дык ажно скаланулася ад холаду, і мне падалося, што забрахаў сабака й кропля вады бэмкнула аб падлогу. Перад вечарынай я зноў паспрабавала знайсці госцю ў белай сукенцы, але нідзе не сустрэла яе, а суседзі й Насця яе не ведалі. Таму я запрасіла толькі старых сяброў, Габруся й нагатавала есці. Госці папрыносілі віно й шакалад, а адна даўняя мая прыяцелька падарыла мне «чупа-чупс». Гэтак мы сядзелі, гутарылі, жартавалі й смяяліся. І я бачыла, што сябры радуюцца за мяне, таму што я нарэшце раблю, як людзі. І яшчэ яны падміргвалі мне, пераглядаліся паміж сабой і ўсё намякалі, што за Габрусём я не прападу. А мне было неяк не па сабе. Надышоў жа мой апошні вечар у Лошыцы, дзе я была й гэткай няшчаснай, і гэткай шчаслівай. Апошні вечар, за каторым ужо не павінна было быць цябе, пасля якога ты мяне ўжо больш ніколі не знойдзеш. Апошні вечар, які пярэйдзе ў ноч. Дзе я больш не змагу супраціўляцца абставінам і абяру Габруся. І Габрусь выведзе мяне ў тое жыццё, дзе я ўжо больш не буду ўзгадваць цябе.