Вярнуўшыся дахаты, яны выправіліся на гароды рабіць шашлыкі. Агонь звычайна раскладалі каля лазні. Пад яе сцяной стаялі невядома адкуль прыцягненыя электрыкам-Колем і падараныя бабулі тэатральныя адкідныя крэслы. Бабуля прыйшла з кайком і села на адно з іх. Дзеці насіліся і рызыкавалі ў рэшце рэшт затармазіць дзе-небудзь у гародзе, ад чаго бабуля час ад часу роспачна адрывала ад зямлі канец кійка і бездапаможна торкала ім у паветра, бязгучна вымаўляючы гарэзам. Прыйшлі на сяло і Галя з Колям. Мужчыны завіхаліся каля шашлыкоў, жанчыны накрывалі раскладны стол. Шпокнула, не дачакаўшы першай партыі мяса, пробка ад бутэлькі з чырвоным, віно палілося ў келіхі, зазвінела за прамоўленым тостам шкло. Яна даседзела ў той вечар з гасцямі да дванаццаці, здолеўшы а дзясятай пакласці дзяцей спаць пад наглядам бабулі. Кампанія ўсё разрасталася: завітвалі прыехаўшыя на выходныя сябры дзяцінства. Прыйшло і яе першае каханне — тоўсты дзядзька з прыгажуняй-жонкай ледзь не на дзесяць гадоў маладзей за яго.
Бабкі-суседкі прызналіся назаўтра, што баяліся заснуць і прапусціць, як яны заспяваюць. Яна не ведала, што і яе саму, як і шмат іншых, чакае бяссонная ноч. А ўсё праз гэты кабрыялет. Машына стаяла ў двары, вароты былі зашчэпленыя, але ў нейкі момант яна ўсвядоміла, што яна і яе госці не адны ў вёсцы. Постаці, шэпт, цені, ціхая гамонка, аддалены смех, бляск чужых вачэй у водблісках агню — розгалас пра незвычайную машыну і яе дзень народзінаў прывабіў цікаўных з навакольных вёсак. Яна ўзгадала, што некалі, калі суседскага хлопца праводзілі ў армію, усе канавы кішэлі, бы прусакамі, падлеткамі і маладзёнамі, прагнымі далучыцца да чужога свята і халяўнай выпіўкі. Відавочна, тое самае адбывалася і зараз. Гэткія гулянкі, нечаканыя госці і забаўкі прыцягваюць у вёсцы людзей, бы свежая кроў — драпежніка.
Начная мітусня пачалася з даха: раптам, адспяваўшы песні свайго юнацтва — «Новае неба», «Мрою», «НРМ» і старога «Уліса», — яны ўзгадалі, што машына адкрытая. І хоць дождж не прадказвалі на тую ноч, але край азёрны — невядома, як сябе могуць павесці стыхіі. Пайшлі тады яны з гародаў у дварышча і, перагаворваючыся, а тое і пераругваючыся шэптам, каб не пабудзіць малых, сталі разбірацца, як падняць дах у машыне. Затым, калі ўжо ўсе ляглі спаць, ёй уяўлялася, што хто-небудзь з гэтых прагных постацяў падкрадзецца ціхенька да машыны і выпадкова ці знарок падрапае яе. Альбо, што яшчэ горай, у тынэйджарскім запале возьме пакатацца. Разпораз яна ціхенька ўставала, стараючыся не рыпець спружынамі, і на дыбачках падыходзіла да вакна, каб упэўніцца, што машыне нішто не пагражае. Тая, бы халодная цвердаскурая журавіна, спакойна паблісквала бакамі ў месяцовым святле. Бабуля ў маленькім пакойчыку за занавескай час ад часу выдыхала: «Божа, божа…», — ссоўвалася з ложка, і наколькі гэта было магчыма для яе без калка, таксама тупала да вакна і, павіснуўшы на падваконні, бо ёй цяжка было стаяць, правярала, ці на месцы кабрыялет. Недзе а другой ночы яна пачула прыглушаныя галасы і крокі на бруку, і, як рысь, скокнула з ложка да вакна — гэта яе сястра з зяцем прыйшлі паглядзець, ці ўсё ў парадку. Паенчвалі пераўзбуджаныя дзеці. Толькі муж спаў сном праведніка з лёгкім сэрцам рыцара, які здолеў раздабыць для сваёй дамы замоўлены трафей.
Пасля амаль бяссоннай ночы яна была радая, што машыну трэба адганяць назад у горад. Сястра выклянчыла для сябе гонар сесці за стырно, а мужа адправілі да зяця на пасажырскае месца. І вось цяпер усё было як мае быць. Усё дарэчы. Сястра, заўжды прыгажэйшая за яе, з густымі ільнянымі валасамі ў высокім хвасце, у белай свабоднай блузе з раблёнымі шыдэлкам карункамі, у белых нагавіцах, з французскім манікюрам і ягаднай памадай (а як ёй, дык і не знайшла адразу ў касметычцы — жанчыны ёсць жанчыны) села на месца кіроўцы і паставіла рукі на «без пятнаццаці тры». Яна зрабіла фотаздымкі сястры — у чорных акулярах, без акуляраў, з белым шыфонавым шалікам вакол шыі (і адкуль тая ведала пра шалік?). Потым, калі зробленыя фотаздымкі ляжалі перад ёй на стале, яна ўсё шукала ў сабе прыкметы старасці, параўноўвала сябе з малодшай сястрой. Так, тая лепей глядзелася за стырном кабрыялета, і відавочна было, што яе не турбуе ні халодная вада ў возеры, ні садоўніцтва-агародніцтва, ні дзіцячы рэжым дня, ні патэнцыйныя хваробы. Яна яшчэ жыве бесклапотным жыццём, дзе ёсць толькі лета, шашлык каля лазні, магчымасць сустрэцца з сябрамі дзяцінства на юбілеі сястры, каторай спаўняецца трыццаць гадоў. І адзіная непрыемнасць — гэта дакучныя камары. Яна сама выглядала на фотаздымках даволі камічна, але не падалася сабе ні хворай, ні старой, ні нябожчыцай у блізкай перспектыве. Яна бачыла крыху змянчоную маладую жанчыну, загарэлую мамашку дваіх маленькіх дзяцей, у каторай адна мэта — працаваць, як гадзіннік, назапашваючы шчасце сыну і дачцэ. Можа быць, яна не ракавая і не арыстакратычная, але хаця б запясці ў яе тонкія. Магчыма, гэтага будзе дастаткова, каб адчуваць сваю жаночую непаўторнасць?
Гэтай ноччу, паклаўшы дзяцей спаць, перамыўшы посуд сваімі рукамі з тонкімі запясцямі ў жоўтых рукавіцах памеру L і папрасаваўшы назаўтра адзенне, яна ляжала ў ложку і глядзела ў вакно. Яно выходзіла на стары ганак (раней там быў парадны ўваход, а потым дзверы часткова заклалі дзеля эканоміі месца). Вакол ганка паразрастаўся сліўняк і пагражаў запаланіць сабой усю вольную прастору. Кожны год нехта рашуча казаў: «Усё! Сёлета выкарчуем слівы: яны ўсё пазадушвалі, і хутка мы не ўлезем праз іх у хату». Але час пралятаў, надыходзіў жнівень, і, гледзячы на абсыпаныя пладамі дрэвы, нельга было сабе ўявіць, што іх можна зрэзаць. Вось і зараз у бляклай ліпеньскай начы відаць было, што галіны ажно згінаюцца ад сліваў, і зразумела было, што хутка ізноў трэба будзе варыць гэтае бясконцае варэнне, бо не дарма ж яе продкі саджалі сад (слівовае варэнне — яе каронны спецыялітэт: палова слоікаў з карыцай, чвэрць з апельсінам, чвэрць з апельсінавай цэдрай, варыцца мінімум два вядры — астатняе з’ядаецца ў добраахвотна-прымусовым парадку, ідзе на пірагі і проста згнівае). Ёй захацелася закрычаць, залямантаваць страшным бабскім голасам, як па нябожчыку. Яна разумела, што разбудзіць і перапужае дзяцей і бабулю. Але не знаходзіла ў сабе моцы маўчаць, і не мела смеласці, каб закрычаць. Па маладосці, па жыцці, па хваробе, па смерці. Па тым, чаго яна чакала і не чакала ад свайго лёсу. І ў гэтыя апошнія імгненні паміж тым, што было, і тым, што будзе (можа быць, сном, а можа быць, агульным абуджэннем), у пустаце ад стомы, ад перажытага болю і яго цяперашняй адсутнасці, ад сваёй неспадзяванай амністыі, як дзіцё, якое ўшчэнт выплакала нейкую аднаму яму вядомую патрэбу, боль ці крыўду, альбо як гаспадар, які чарговы раз пасадзіў гарод і ўпарадкаваў сад і цяпер будзе чакаць ураджаю, калі яму не зашкодзяць вайна ці прыродныя з’явы, яна падумала зморана і радасна: «Якая ўсё ж палёгка — заставацца жывой, і якое шчасце — не мець чырвонага кабрыялета…».
6 снежня 2011 — 13 сакавіка 2015 г.