Литмир - Электронная Библиотека

Пачалі рыхтаваць амуніцыю. Ціхенька прайшоўшы ў маленькі пакойчык, бо дзеці спалі, яна пачала шукаць у старой драўлянай шафе свае даўнія сукенкі, якія насіла ў сямнаццаць-дваццаць гадоў і якія шкада было выкінуць, а апранаць не мела сэнсу. Вісела там і вясельная сукенка. Пастаяўшы перад адчыненай дзверцай і паразважаўшы, яна выбрала крэмавую вясельную сукенку, доўгую чорную сукенку з дробнымі белымі кветачкамі і блакітны сарафан з вышыўкай. На дыбачках прабралася ў гэтую хату, і творчая нарада працягнулася. Сарафан спадарства забракавала адразу: занадта проста, хоць блакітны і журавінавы колер добра дапасуюцца. Завесіўшыся занавескамі, яна прымерыла каля прыпечку вясельную сукенку — ледзьве ўлезла ў грудзях і сцёгнах. Палюбаваліся, паўспаміналі, але на фотках будзе выглядаць, як карцінка з вясельнага буклета. Ізноў яна завесілася каля прыпечку, апранаючы чорную квяцістую сукенку. Самы раз. Асабліва яна спадабалася бабулі. Вядома, чаму: у яе маці была гэткага кшталту кашуля, толькі зялёная. Яе ўсе памяталі: бабуля так любіла гэтую кашулю, што захоўвала яе ў куфры і штолета даставала разам са старым дзіцячым адзеннем і саматканымі посцілкамі, каб прасушыць на сонцы. У выніку выбар паў на чорную сукенку, тым больш што куплялася яна падчас вучобы ў Лондане. Прычоску вырашылі пакінуць, якая ёсць, толькі замест нізкага хваста зрабіць высокі, хоць пад шалікам усё роўна не будзе відаць. Але вось праблема — дзе ўзяць шыфонавы шалік? Да таго ж чырвоны. Узгадалі, што свякруха некалі даўна дарыла барвовы з чорнымі разводамі шалік — хадзіць у царкву. Ізноў яна прабралася на дыбачках у гэтую хату, шукала-шукала ў серванце і знайшла. З горам папалам прыстроіла шалік на галаве, бо ён саслізгаў з яе гладкіх валасоў, абкруціла рагі вакол шыі, завязала ззаду. Паглядзелася ў люстэрка — нешта не падобна да арыстакраткі з фільма.

«А што за фільм?» «А я адкуль памятаю? Можа, гэта і не адзін фільм, а два ці некалькі, але былі, былі такія кадры». Сястра пазычыла свае навамодныя акуляры. Трохі лепей, але зусім іншы стыль. Трэба такія акуляры, якія насілі ў дзевяностыя. Успомнілі, што маці прывозіла сабе падобныя акуляры са Швейцарыі, а яна іх падхапіла. Можа, таксама недзе валяюцца цяпер, адпраўленыя на пенсію ў вёску. Так і ёсць — бабуля прыгадала, што бачыла гэтае дабро ў шуфлядзе пад тэлевізарам. З падрапанымі гэтымі акулярамі яна выглядала ўжо бліжэй да патрэбнага вобразу. Заставалася памада. Але свая ізноў не гадзілася: максімум, на што яна цяпер адважвалася, — гэта колер ружовага дрэва. Сястра пакорпалася-пакорпалася ў касметычцы і знайшла чырвоную. Не, не гадзіцца. «Бураком можна вусны памазаць», — прапанавала бабуля. Не, лепей не рызыкаваць. Буракі, жарсныя пацалункі — пакусае перад тым, як фатаграфавацца, і будзе дастаткова.

Затым ўзяліся абдумваць, дзе ехаць. Праз былы барок? Там цяпер не той антураж — дарогу пашырылі. І не бегчы ж ім з камерай па лесе, як партызанам. Арэхавую прысаду выкарчавалі і засадзілі жытам, ды там усё роўна сцежка была, а не дарожка. Падыходзіла толькі дарога на могілкі: вузкая, злева лес, справа поле. Не алея і няма засені дрэваў над дарогай, але настрой стварыць можна.

І вось яна прыбралася і нафарбавалася. Папрачыналіся дзеці, і вырашана было пачынаць акцыю. Муж павінен быў фатаграфаваць, а сястра здымаць на відэакамеру. Яна села ў машыну і ў суправаджэнні блазнаватых усмешак гасцей і суседзяў, а таксама плачу дзяцей, якіх не пусцілі ў машыну дзеля чысціні кадру, павольна, як было дамоўлена, праехалася некалькі метраў. Раптам ззаду закрычалі: «Стоп! Стоп!» Яна ўжо спужалася, ці не пераехала каго-небудзь выпадкова, калі падбег муж сястры і са смехам паведаміў: «Пастой! Гэтак загледзеліся на машыну, што забылі здымаць». Задні ход, улічваючы колькасць публікі, яна вырашыла не даваць. Стартавала з таго месца, дзе спынілася. Праехаўшы колькі метраў, ізноў прытармазіла, каб дачакацца, пакуль астатнія сядуць у машыну зяця, каб ехаць на могілкі. Цугам яны пракаціліся да канца вёскі, а там другая машына абагнала яе, каб лепей было здымаць тыя кадры, дзеля каторых усё і было задумана. Паказаўшы правы паварот, яна сабралася была павярнуць на дарожку да могілак, але папярэдняя машына рэзка затармазіла. Зазваніў мабільны. Высветлілася, што перад лужынай на дарожцы, якая не высыхае нават у спёку, ляжыць гадзюка. Паўстаюць два пытанні: першае: «Можа, гэта кепскі знак?», другое: «Ці таптаць змяю?» Пачалі раіцца. У вёсцы гадзюк забіваюць, але ейны муж чытаў у нямецкім інтэрнэце, што іх знішчаць нельга. І потым: заб’еш, а раптам гэта таксама на благое, а пад рукой няма бабулек, каб падказаць (свая праводзіла іх каля хаты і ў мерапрыемстве ўдзельнічаць не захацела, бо не той узрост). Сама ж яна пашкадавала, што сядзіць у кабрыялеце, а не ў звычайнай закрытай машыне, таму што ёй пачало здавацца, што на яе вось-вось накінуцца змеі і будуць поўзаць па ёй і джаліць за дачную разбэшчанасць, за пыху і непавагу да сціплых вясковых традыцыяў. Раіліся-раіліся і вырашылі пусціць гадзюку паміж колаў. Седзячы ў сваім адкрытым кабрыялеце, яна заплюшчыла ад страху вочы і нават не ведала, мінула змяю ці не. Яна ажно здрыганулася, уявіўшы, як пераціснутая гадзюка зараз завяжацца над кабрыялетам вузлом і схіліць да яе разяўленую пашчу з атрутнымі зубамі і раздвоеным языком. Ці што там у змеяў у роце? А калі гэта цяжарная гадзюка і ў яе з жывата вылезе зараз сем маленькіх слізкіх і вёрткіх гадзянят? Што ні ўяві — суцэльны грэх.

Яна расплюшчыла вочы — лужына засталася ззаду, і цяпер яна рухалася па дарожцы на могілкі. Дарогу кожны год заворвалі, але вяскоўцы ізноў пракладалі яе, каб дабрацца да могілак і ў суседнюю вёску, таму што дарога там была спрадвеку. Раней па правым баку знаходзіўся панскі двор. Яе бабуля памятала, як маладыя, прыгожа апранутыя паненкі у капелюшах хадзілі праз вёску прагуляцца ў арэхавую прысаду. У трыццаць дзявятым годзе паны ўцяклі ў Польшчу, пакінуўшы на сядзібе сваю састарэлую маці: можа, яна сама не захацела кратацца з месца, а можа, думалі, што старую бабку ніхто не зачэпіць. Тут яны памыліліся. Распавядалі, што нейкія маладзёны з суседняй вёскі, быццам бы адэпты новай улады, прывязалі бабку да хваста каня і пачалі яго ганяць па полі. Старая пані таго не перажыла, сканала ад траўмаў, але і маладзёны гэтыя памерлі не сваёй смерцю, а перад тым мучыліся ад скураных хваробаў: скура ў іх да мяса аблезла і кроў ішла. Людзі казалі, што гэта ім за раны старой пані гэткае пакаранне. Ад панскай сядзібы засталася толькі сажалка, зарослая нейкімі невыразнымі кустамі — само месца зааралі, як і дарогу. У гэтай сажалцы ніхто не лавіў рыбу, і хоць-калі там збіраліся сабачыя вяселлі. Да былога двара можна было падысці ад лесу, але людзі баяліся туды совацца. У рэшце рэшт з гэтага боку вырас непралазны гушчар, і невядома было, растуць там грыбы-ягады ці не. Ну і дарожку яны сабе выбралі да здымак!

На папярэдняй машыне загарэліся чырвоныя стоп-сігналы. Ізноў званок. Сястра паведаміла, што будзе здымаць відэа з двух ракурсаў: з машыны, а потым ад поля. І тут яе працяла думка: для таго, каб атрымаўся кадр, адпаведны таму, што ў фільме, здымаць трэба ажно ад панскага двара, таму што ў кіно аўто едзе злева-направа ў аддаленай перспектыве. Але як здымаць, калі паабапал дарогі расце жыта? Не на сосны ж, як тая Галя, лезці? Гутарылі-гутарылі і вырашылі здымаць, як атрымліваецца, а мужа дэлегавалі фатаграфаваць.

На фотках яна ўсміхаецца ад вуха да вуха. Вобраз у яе зусім не арыстакратычны, а сучасна-гарадскі, і ў гэтым царкоўным шаліку яна выглядае так, як быццам едзе ў падшэфны калгас буракі палоць, хоць і на кабрыялеце. Ад мары толькі тое і засталося, што тонкія запясці на «без пятнаццаці тры». На відэа добра чуваць, як моцна дзьме вецер, ціўкаюць у лесе птушкі, стракочуць у жыце конікі, ці каму там яшчэ належыць стракатаць. Смяюцца і крычаць дзеці. Бубняць, даючы парады і абмяркоўваючы ўсё на свеце, дарослыя. Яна здымае чорныя акуляры і часта-часта міргае вачыма. (Яна што — заўжды так робіць?) Паглядзеўшы відэа, яна страціць адчуванне ўздыму, незвычайнага шоу, небывалай весялосці, якія былі ў яе падчас мерапрыемства, і запомніць толькі гэты гукавы фон і сваё частае мірганне. (Не, болей ніякага відэа! Альбо так: мілая сялянская дзяўчына ў паркалёвай сукенцы і белай хустцы ідзе ўздоўж жытняга поля з букетам валошак-рамонкаў. Від ззаду. Не загубленая яшчэ цяжкай сялянскай працай пластыка. Рухаецца яна прыгожа — для нашчадкаў гэтага будзе дастаткова.) І вось місія была выкананая, мара здзейсненая і трэба цяпер было неяк выбірацца з гэтай дарожкі праз поле, а не аддавацца роздумам пра тое, ці дастаткова яна арыстакратычная і ракавая жанчына з выгляду. Развярнуцца, не патаптаўшы жыта, там было немагчыма. Заставалася толькі ехаць да могілак і акручвацца там. Яны цугам пад’ехалі да лесу, дзе быў магільнік. Гэта быў светлы, утульны і духмяны сасоннік. Сям-там панарасталі бярозкі. На могілках заўжды было так прыгожа, што лёгка было забыць, з якой нагоды людзі там звычайна апынаюцца. Перад самым магільнікам было перакрыжаванне дарог, і там можна было лёгка развярнуцца, але папярэдняя машына ізноў спынілася і з яе высыпалі ўсе пасажыры, уключаючы дзяцей. Усе падышлі да яе і прапанавалі ісці на могілкі, калі яны ўжо сюды, сабраўшыся гэтак разам, заехалі. І яны рушылі ў самы канец могілак да сваёй радні. У іхняй сям’і было два вялізныя шэрагі — адзін дзедаў, другі бабін. Дзедава магілка з агароджаным для бабы месцам стаяла ўжо асобна — трэцім шэрагам. З фатаграфій на іх глядзелі, заўсёдна ўсміхаючыся і радуючыся ім, продкі. У некага, асабліва ў тых, хто памёр маладым, фотак чамусьці не было. Яны пахадзілі-пахадзілі, патлумачылі дзецям, дзе хто ляжыць. Паправілі штучныя кветкі, паскідалі з магілак бярозавыя лісцікі і сасновыя іголкі. Пашкадавалі, што не прыхапілі ніякага пачастунку. Сын з дачкой паказалі на свае пакецікі кукурузных палачак з падарункам. (Кітайская хімоза — абсалютная забарона! Кантрабандысты малыя! Пад падазрэннем у пасрэдніцтве стрыечны брат — варта правесці з ім асветніцкую размову.) Ну што ж, вырашылі пакласці кукурузныя палачкі, і малыя радасна кінуліся выконваць заданне — хоць нейкае апраўданне кітайшчыне.

72
{"b":"828985","o":1}