Што ж папрасіць сабе на дзень народзінаў? Трэцяе дзіцё на радасцях у мужа неяк няёмка прасіць — вунь некаторыя і другога не выпрасілі. Гэта не сціпла. Ды ў яе ўзросце. Каб быць маладой… Пачувацца прывабнай, здаровай. Дыск ёгі ў яе ёсць, але не даходзяць да яго ў адпачынку ні рукі, ні ногі. Вены на нагах павылазілі. Але шмат у каго становішча не лепшае — проста ног не паказваюць і за прыгажунь сыходзяць. Як жа пралятае жыццё: не паспелі яны з сяброўкамі павыводзіць прышчы, адвучыцца, зайсці замуж, панараджаць дзяцей, як тут ужо і сталасць надышла, а дзве сяброўкі ўжо і памерлі — адна ад сухотаў, другая ад інсульту. Што ж сабе можна пажадаць на такі кароткі дзень народзінаў у такім ненадзейным жыцці?
Падышла ў двары да вакна, паглядзела на свой адбітак: абвіслы капялюш ад сонца на галаве, нізка завязаны хвосцік, бела-сіняя майка ў шырокую папярочную палоску, блакітныя ільняныя нагавіцы — сукенку не апранеш: варыкоз. Падумала: «Няўжо гэта я? Добра, што ёсць дачка, і яна будзе маім працягам, працягам маёй прыгажосці, але ж яна не я. Мной жа захапляліся хлопцы, мужчыны. Я ж была там нейкай…». Пачала раздумляць, якой яна магла б быць цяпер. Хацелася б апранаць сукенкі. Але тады толькі доўгія, бо вены. Элегантнай. Якой жа там яшчэ? Ракавой! Так, яна яшчэ можа быць ракавой! І тут яе перамкнула. Яна ўявіла сабе сцэну з якога-небудзь ангельскага фільму, калі дама едзе на чырвоным кабрыялеце па вузкай дарозе праз палі, па алеі, абсаджанай высокімі дрэвамі (а можа, гэта быў французскі фільм?), і зусім няма машын, бо аўто ў яе ледзь не адзінай, таму што яна мясцовая прыгажуня-арыстакратка, а на галаве ў яе павязаны чырвоны празрысты шалік, і рагі яго развяваюцца ў яе за спіной, а яна трымае прыгожыя рукі з тонкімі запясцямі на «без пятнаццаці тры» і з усмешачкай спрактыкаванай спакусніцы ўзіраецца ў пустую, вольную дарогу праз цёмныя акуляры.
«Чырвоны кабрыялет!» — сказала яна мужу. Той, канечне, адразу не адмовіў, але мужным брывом здрыгануўся. «Не трэба купляць», — зжалілася яна, бо ўсё ж такі яны роднасныя душы і разам прайшлі праз усялякія выпрабаванні. Нарадзілі дваіх дзяцей, разам начэй не даспалі, працавалі пазменна, бо не было каму дапамагчы. Па чарзе спалі, па чарзе елі. — «Вазьмі напракат. Я хачу, каб усё было, як у фільме. Дарога праз палі, і цёмныя акуляры, і шалік». Сказала і забылася, пайшла забяспечваць жыццё.
За дзень да дня народзінаў (а выпаў ён якраз на суботу) муж зазбіраўся ў горад. Яна здзівілася, бо гэта было нездаровае памкненне — у час адпачынку ўцякаць у горад з азёрнага краю ды яшчэ насустрач плыні, бо ўвесь Менск будзе пхнуцца ў адваротным накірунку. Аднойчы ў пятніцу гадзіне а дзясятай вечара, калі муж абварыў сабе кіпенем нагу і трэба было тэрмінова ляцець у бальніцу, яны доўга не маглі нават выскачыць на трасу, бо машыны ішлі несупынным цугам. Муж патлумачыў, што хоча набыць ёй адмысловы падарунак. Чамусьці ёй прыгадалася, што па картачцы адной касметычнай крамы на дзень народзінаў зніжка, і размарылася, што муж купіць ёй новыя духі. У такім выпадку можна зразумець і апраўдаць вар’яцкае жаданне адправіцца ў пятніцу ў Менск. Падумала, ці не даць яму часопісную выразку з якой-небудзь памадай ці крэмам ад куцюр. Тады вырашыла пакласціся на мужа і дазволіць яму здзівіць яе. Перад ад’ездам, праўда, не стрымалася і паквахтала: «Едзь асцярожна. Не спяшайся. Зважай на стрэчную плыню — ці мала дурняў лятуць на двайны-трайны абгон. Я пару разоў мусіла ў такіх выпадках з’язджаць на ўзбочыну і тармазіць ледзь не да поўнага прыпынку».
Абняліся-пацалаваліся, і муж паехаў, а яна засталася на гаспадарцы. Дзякаваць таму, што машыны не было, яна хоць не мусіла цягнуць дзяцей на возера, што яе ўнутрана радавала: гэта добры занятак для малых, але мярзляцтва ў ледзяной вадзе не для яе. І чаму некаторыя людзі думаюць, што выходныя на блакітных азёрах — гэта вяршыня жыццёвага поспеху? Прыязджаюць туды на «міні»-шміні ў даражэзных купальніках, абмазаныя крэмамі і для і супраць загару, папярэдне папасціўшыся колькі месяцаў і бясконца робячы «нажніцы» і «веласіпед», а можа і папацеўшы ў фітнэс-цэнтры. Ехалі б сабе на мора. Няўжо яна адна гарачыню не пераносіць? Так, холад яна таксама не любіць, але на возеры можна пасядзець у ценю соснаў, палюбавацца шкляной роўняддзю вады. Калі б не трэба было вучыць дзяцей плаваць, яна б і не палезла лішні раз у возера. А з іншага боку, варта адважыцца акунуцца і праплысці, і яе на бераг не выцягнеш. Муж тады робіць ёй незадаволеныя знакі, паказвае на малых, маўляў, дзяцей без нагляду кідаеш, а я адзін не дам рады. Толькі сумленне яе і прымушае выйсці з вады, бо яна ведае, што, угрэўшыся на сонцы, не захоча ізноў лезці ў гэтую халадэчу…
А сястра яе любіць пакупацца на выходных. Вось і цяпер, у суботу, недзе а дзявятай раніцы яна прыехала з іхнім стрыечным братам і сваім мужам. Сястра зайшла замуж за сябра дзяцінства — ягоная бабуля жыве па суседстве. Зяцю не сядзелася ў горадзе, і ён падрываўся рана ранкам, каб ляцець да бабулі ў госці. Аб адзінаццатай, у апошнюю гадзіну, калі дазвалялася дзецям гуляць на дварэ, бо потым пякло сонца і яны мусілі хавацца ў хаце да трох (пажадана спаць дзённым сном), яна адчула, што на вуліцы нешта адбываецца. Што называецца, рэптыльным мозгам. Нейкія нязвыклыя гукі, пасмейванне, ускрыкі, гаворка. Яна выйшла з сада на вуліцу. Проста на яе па разбітым трактарамі стогадовым бруку пад засенню вербаў, клёнаў і таполяў рухалася небывалае для мясцовага краявіду дзіва. Спачатку яна ўбачыла шыкоўную машыну. Паабапал яе, як целаахоўнікі ў фільме пра гангстараў, ці тое ішлі, ці тое беглі дзве вялізныя постаці — Галя і Коля. Галіна маці, бабуліна сяброўка, жыла ў пачатку вёскі, і яны прыстроіліся паглядзець, што гэта робіцца. Машынка знаходзілася недзе на ўзроўні іхніх паясніцаў. Галя была мажная, хоць і не сказаць каб надта высокая жанчына, а Коля — да пары ёй, толькі большы, улічваючы, што ён асобіна мужчынскага полу. Каб уявіць Галіны габарыты, дастаткова распавесці гісторыю, якая здарылася ў іхняй вёсцы пару гадоў таму. Гэтым летам іх апанавалі дзікі. Усе бабы баяліся хадзіць у лес у ягады, але не ісці не маглі, бо трэба было неяк зарабіць на чарніцах. Галя тады неяк стаяла ў двары, гледзячы на таўшчэзную вярбу і кажа: «Можа, патрэніравацца па дрэвах лазіць на той выпадак, калі дзіка сустрэну?» А праз нейкі час здарылася ў іх страшэнная бура — вядома, азёры прыцягваюць іх апошнімі гадамі ўсё часцей. Вялізныя дрэвы ў лесе паваліла і паламала, як запалкі. Назаўтра выправілася вялікая кампанія вяскоўцаў паглядзець, што ў лесе бура нарабіла. Прыйшлі, а там — просека: дарогі, сцежкі заваленыя аграменнымі дрэвамі. Ва ўсіх бабулі, мацяркі, жонкі, дзеці. Лёгка ўявіць, што б было, калі б наляцела гэтая бура раніцай, пакуль усе яшчэ ў лесе. Тады нехта вырашыў перавесці ўсё ў жарт і гаворыць: «Можа, гэта Галя вучылася па дрэвах лазіць і гэтак сосны паваляла?» Ад таго часу так тое месца і клікалі — «Галіна просека».
Прыгледзеўшыся, яна ўбачыла, што за рулём аўтамабіля сядзіць яе муж. І машына такая нізкая, таму што гэта кабрыялет з адкінутым верхам, толькі не чырвоны, а барвовы ці, хутчэй, колеру спелых журавінаў. Яна была агаломшаная: не магла паверыць, што такое ўвогуле магчыма — вось так, проста прыгнаць у іхнюю некалі заціснутую паміж балотамі вёску кабрыялет найноўшай мадэлі. Яна пачувалася, як на сваім вяселлі, калі муж прыехаў да яе з букетам і не пазнаў яе, прыбраную і нафарбаваную. Цяпер яна як быццам не пазнавала свайго мужа, які з кветкамі выскачыў з машыны і пачаў яе віншаваць. Яна думала: «Няўжо гэта мой дзень народзінаў? І які ў мяне шчодры муж, калі зрабіў мне такі прэзент. І якая ж я асаблівая, калі мне дораць такія падарункі. Ну добра, хай сабе машына ўзятая напракат і гэта пустая трата, але ж як прыгожа, і як прыемна!»
Папалуднаваўшы і ледзь не сілком паклаўшы дзяцей спаць, уся кампанія пачала абмяркоўваць, што рабіць з гэтым прэзентам, якая будзе праграма. Удзельнічалі: бабуля, муж, сястра, муж сястры, нежанаты стрыечны брат. Нехта прапанаваў з шыкам праехацца на Белае возера. Але Белае (любімае ўсімі, хоць і пахне балотам) — гэта жабянятня. Які цымус ехаць туды на чырвоным, прабачце, журавінавым кабрыялеце, хоць некаторыя так і робяць? На Рудакова далёка паркавацца — асабліва не пафарсіш. Можна паехаць у Купы, там арандаваць экскурсійны самалёт і пасмяяцца з Галі — прызямліцца ў яе на гародах. Так, хто тады пахаванне Галі будзе аплочваць? Сваё возера, Наўры, нават не разглядалася: каго мы тут уразім — не той размах. «Чакайце, чакайце! — запярэчыла імянінніца. — Я ж прагнула нечага ўзнёслага, артыстычнага. Праехаць праз палі, па дарожцы, абсаджанай дрэвамі. І каб шалік, і рагі развяваліся, і чорныя акуляры». Усе адзін за адным расчаравана ўздыхнулі, але слова імянінніцы — закон.