Литмир - Электронная Библиотека

Затое ля сядзібы яшчэ колькі месяцаў таму ляжаў у зямлі скарб нейкага вельмі маладога й ранняга стагоддзя й апаленае палена, якое спарахнела ў пыл, як толькі яго дасталі — праводзілі цеплатрасу. (Яшчэ адно ўскоснае ўказанне на рэстарацыю: для абарыгенаў бы не сталі гэтак старацца). Падчас гэтых гістарычна-будаўнічых раскопак мы яшчэ былі разам. Разам пераскоквалі праз траншэі, уцякалі з эцюднікамі па снежных гурбах ад спушчаных сабак, разам наткнуліся на партызанаў, якія вялі немца на допыт. Тады тут здымалі кіно, а мы раным-рана, звыклымі для паклоннікаў парку сцежкамі, нечакана для сябе выпаўзлі проста насустрач гэтым узброеным людзям. І паколькі парк быў заўсёды казкай, легендай, зачараванай краінай кахання — настолькі нерэальна сапраўднага, што дыхала даўніной, я ані здзівілася, калі пабачыла там партызанаў. Затое здзівілася, калі 8 траўня ў рамантычным парку XVІ стагоддзя забэмкаў аркестр і каля нашай любімай лаўкі мы напароліся на шнуры, кабелі, прамовы, сівых бабулек з медалямі, якія сядзелі на прынесеных для іх крэслах, хіталі галовамі, хапаліся за сэрца й з’язджалі са свята на «хуткай дапамозе». І гэта быў дзень развітання з мінулым — і для іх, і для нас. Цяжкі й упарты дзень, які настойліва хацеў атрымаць сваю даніну й цягнуў да сябе, прэч ад нас, прэч ад мяне нашую закаханую рэчаіснасць, нашую існасць, наш давер.

Гэтым днём мы яшчэ здолелі застацца разам, паверыць у натуральнасць, нязмушанасць нашага суіснавання. Але потым нагнала ветрам іншыя дні, і яны нізкімі абыякавымі хмарамі знеслі цябе ў неакрэсленым кірунку. І хаця я заўжды магла б адшукаць цябе ў гэтым горадзе, нават высачыць цябе, я ўсё роўна не змагла б цябе знайсці. Бо ты знік у нетрах невядомай мне, неагучанай крыўды, злоснага сумнення, падазрэння ў тым, чаго не было. І паколькі я не ведала й не ў стане была здагадацца, што нас разлучыла, я вырашыла шукаць адказу ў снах. Я рана клалася спаць і позна ўставала. Я глядзела свае сны гэтак, як людзі глядзяць на дошку на лекцыі геніяльнага прафесара, каб пабачыць тое, чаго няма ў падручніку, але што трапна й яскрава раскрые таямніцу мудрагелістай навукі.

Спачатку, некалькі тыдняў, мне снілася, што ты крочыш побач са мной. Але я бачыла толькі твае чаравікі — нічога болей. Нарэшце, пасля адной выпадковай сустрэчы ў кіно на «Небе над Берлінам» і рытуальнага замірэння ў кавярні, мне прысніўся твой твар. Ты глядзеў на мяне й маўчаў. Але ты не кахаў мяне. Ты чакаў. Ты чакаў майго разумення, маёй здагадкі. Але я не здагадвалася, ніяк не здагадвалася, чаго ты хочаш, хаця й спадзявалася, што змагу зразумець цябе, калі ты сам паспрабуеш мне растлумачыць. Пасля гэтага ты прыходзіў да мяне кожную ноч, але ўсё роўна моўчкі. Затое ты быў побач, і калі мне хацелася пабачыць цябе пасярод якога-небудзь сну, я аглядалася й бачыла цябе. І ты кахаў мяне. Тады ты мяне кахаў. І яшчэ ў двух снах. У тым, дзе мы сядзелі ў Лошыцы на лаўцы, ты трымаў маю руку на сваім сэрцы й гладзіў мяне далоняй па твары. І ўсміхаўся. І гэта было больш, чым каханне, — гэта былі мы. Нарэшце разам, нарэшце без страху, нарэшце самі сабой. І ў апошнім сне, дзе ты зноў прамаўчаў. Дзе гаварыла толькі мая прабабка Марыля й апавядала мне мой лёс. Але я не чула словаў, а толькі бачыла вобразы, з якіх запомніла святло й адчуванне шчасця. І калі лёс скончыўся, мы пайшлі з табой, узяўшыся за рукі, — ты моўчкі, а я з усмешкай суцяшэння й каровай на вяроўцы за спінай.

А калі сны пра цябе перасталі мне давацца, калі я перагаварыла па тэлефоне з усёй тваёй раднёй, бо цябе ніколі не было дома, калі паглядзела ў кіно шэсць фільмаў і не сустрэла цябе, я зразумела, што з гэтага моманту пайшоў чысты аркуш часу й жыцця. Прабел, пустыя міліметры ў тэксце нашага лёсу. Міліметры бясконцыя й няўмольныя, бо яны не хацелі запаўняцца. І я пачала шукаць адказу ў мінулым. У тваіх даўніх словах, паводзінах, марах. Я зграбла ў кучу ўсё тое, што здавалася мне трызненнем, калі мы былі разам: што я прапаную табе ўмоўнасці, што я нічога не напісала, што нейкая там Надзя табе раднейшая за мяне, і што жыццё пакажа. Вось гэта было адкрыццё! І я пачала перапісваць гэтую лухту нанава, каб выправіць свой чысты й светлы гештальт, несправядліва заплямлены ў тваёй свядомасці.

Я зняла жытло ў трохпавярховым доме з каваным надпісам «1896» пад дахам. Сярод сабак, катоў, абарыгенаў, легендаў і аварыйных станаў. Я пісала дзёрзка й шчыра — гэтак, як для сябе, ведаючы загадзя, што праз колькі гадоў гэтага не буду разумець нават я сама. Я хацела выдрапаць Надзіны вочы, выкруціць ёй, як ляльцы, рукі й ногі, павыдзіраць валасы — абавязкова з валасянымі цыбулінамі, навесці на яе псоту, сурочыць на тры пакаленні наперад. Але я, маладушнае, супярэчлівае стварэнне, прабачыла яе й пакарала яе тым, што кінула пра яе думаць. Паглядзім, што ёй цяпер пакажа жыццё!

А пакуль што жыццё паказвала мне. Ды й як магло быць інакш, калі адзіным прымальным доказам кахання, прымальным для цябе, мог быць, як на мой розум, толькі экстрэмізм. А як яшчэ назваць тую справу, калі я мусіла ўсе свае абстрактныя погляды й перакананні, прыдбаныя ў гадзіны чытання й разважанняў, у гады вандровак па палітычна-карэктных краінах, пусціць ва ўжытак? Выцягнуць іх тутака, у роднай краіне Беларусі, проста пасярод Лошыцы — не тое што ў супрацьлеглым баку ад істэблішменту, а ўвогуле па-за рамкамі яго. Прымусіць іх рэалізоўвацца, працаваць, рабіцца ўмоўнымі рэфлексамі — гэтак, каб нават старыя сябры паверылі ў трываласць маіх рэакцыяў, а ты не сумняваўся ў маіх не-звычайнасці й ня-ўмоўнасці. Перабольшыць іх настолькі, каб яны зрабіліся знакам, безумоўным для барацьбітоў з умоўнасцямі. Жыць творчасцю, але абавязкова ў экстрэмальных умовах, сярод няшчасных і знядоленых. Кахаць, але прынцыпова заставацца адной, каб не быць падобнай да ўсіх астатніх і не паразітаваць на мужыку. Зарабляць высокаінтэлектуальнай працай — пляваць, што жабрацкія грошы. Змагацца за вагу ў грамадстве, але не прадавацца наменклатуршчыкам і не мець справы з кар’ерыстамі. Ездзіць на ровары й кожны дзень рызыкаваць гэтым сваім творчым, сумленным, высокаінтэлектуальным жыццём, бо кіроўцы гатовыя забіць цябе. Дзіва што: яны з апошняй моцы выпінаюцца, каб «адпавядаць», трацяць інтэлектуальныя й фізічныя сілы, здароўе, грошы на няхай знешнія, але атрыбуты прыстойнага жыцця. А тутака нейкая дзеўка ўпарта торкаецца пад колы на сваім альтэрнатыўным ровары. Не можаш пайсці замуж за мужыка з машынай — сядзі ў хаце альбо ездзі на аўтобусе № 3, а не гайсай на прадукце вытворчасці Мінскага матацыклетнага й веласіпеднага завода, няхай і з поўным наборам катафотаў! Знайшлася экалагіня, феміністка — дарма, што вас за алтар не пускаюць! Так, я — за экалогію, я — за экалогію, я — за экалогію. Гэта праўда, і гэта не самы дрэнны вобраз мяне. Не хапала яшчэ, каб яны здагадаліся, што я не змагла зайсці замуж не тое што за мужыка з машынай, а нават за небагатага мастака, і што ў першую чаргу я ўсё ж — за каханне.

Каханне заўжды здавалася мне фундаментам, сутнасцю чалавечага існавання. Каханне было мэтай і сродкам жыцця, галоўнай безумоўнасцю свету. І ўсё ў маім жыцці было падпарадкавана пошуку, чаканню, прадчуванню сапраўднага кахання. Сумнення быць не магло. Рана ці позна сутнасць павінна была атрымаць сваю знешнюю праяву. І каб сустрэць гэтае рана ці позна ў поўнай зброі, трэба было ўпарадкаваць сваё жыццё так, каб ніякія ўмоўнасці не маглі зрабіцца перашкодай майму каханню. Ніякія грошы, ніякія квадратныя метры, ніякія хваробы, ніякая саманерэалізаванасць, ніякія праблемы ў адносінах, ніякая смерць. Менавіта таму ў далёкія 16 гадоў я вырашыла атрымаць прыбытковую адукацыю, займець уласную жыллёвую плошчу, рэгулярна займацца фізкультурай, рэалізоўваць таленты, вывучыць псіхалогію й жыць доўга. На гэты момант асабліва злабадзённым быў выбар прафесіі, і, паступіўшы ў адну вельмі гуманітарную ўстанову без іспытаў, я ўсё ж змяніла арыенцір на больш прагматычную адукацыю, каб вандраваць па свеце й, галоўнае, мець выбар у каханні. Дакладней, мець магчымасць паміж карысцю й каханнем выбраць апошняе. За час вучобы я сапсавала сабе здароўе так, што яго давялося потым адбудоўваць рэгулярнай фізкультурай і рацыянальным харчаваннем. Я хаатычна рэалізоўвала свае таленты, так што час ад часу мусіла пытацца ў сябе, ці не загубіла я іх. За наступныя пасля шаснаццаці дзесяць гадоў я гэтак ублыталася ў адносіны з людзьмі, што не мела іншага выбару, акрамя як вучыць псіхалогію, а таксама ўсе ажыццявімыя й неажыццявімыя метады псіхатэрапіі. Я ледзь не памерла ад страшэннага расчаравання ў патэнцыйных аб’ектах кахання, якія, дзякаваць навамодным павевам псіхалагічнага пазітывізму, а таксама міралюбівасці характару, удалося прабачыць і палюбіць. І самае галоўнае — я ўсё ж атрымала прыбытковую адукацыю, якую проста не захацела скарыстаць. Мая адукацыя атрымалася вельмі гуманістычнай, альтруістычнай і няўхільна цягнула мяне ў бездань навукі й дабрачыннасці ў выглядзе выкладання. Але адукацыя ўсё ж давала мне магчымасць вандраваць і мець выбар на карысць кахання.

2
{"b":"828985","o":1}