Яна сама не магла зразумець, што сталася з яе жыццём, куды яно падзелася і чаму ў ім цяпер засталіся толькі боль і страх. Каб не паказваць іх, яна навучылася рабіць непранікальны выраз твару, як у індзейца. На працы караскаліся ўсе, і яна са сваім індзейскім тварам караскалася. За ежу. Потым неяк усе разжыліся, і яна разжылася. А пустата засталася. Толькі тое й трымала, што сям’я, дзеці. Гісторыя ангельскай мовы. І боль. Нагадваў, што жывая. Намякаў, што мусіць жыць.
Яна настолькі паглыбілася ў адчуванне болю, што не бачыла сваіх дзяцей, свайго мужа, хоць і клапацілася пра іх кожны дзень. Яна карміла іх сняданкам, дачышчала сыну з дачкой зубы, апранала дзяцей у садок, не зважаючы на іхнія слёзы, выцягваючы з рукавоў швэдараў баечкі, а з рукавоў куртак — швэдары. Пяць хвілінаў ім было ісці да садка. Там яна пакідала ў групе на першым паверсе сына (бо старэйшы), загадвала яму пераапранацца, а сама падымалася на другі паверх з малодшай дачкой і пераапранала яе (і варта было гэтак мучыцца пяць хвілінаў таму, сілком нацягваючы на яе адзенне). Затым яна спускалася на першы паверх да сына і дапамагала яму. Выходзіла на вуліцу, бегла памахаць з аднаго боку будынку, тады з другога.
Пасля працы яна забірала дзяцей з садка і гушкала іх на арэлях. У першыя дні пасля здарэння ў метро яна баялася, што людзі на пляцоўцы заб’юць іх за беларускую мову, але не — абышлося. У садку малых цішком цкавалі за мову, вучылі «гаварыць правільна», але ніколі адкрыта не зачаплялі, бо ў сваім іншым, прыватным жыцці, па-за межамі афіцыйнай установы выхавацелькі і самі размаўлялі на трасянцы. Да «натуральных» трасяначнікаў яны ставіліся нават прыхільна, у адрозненне ад беларускамоўных дзяцей.
Перад тым як вяртацца дахаты, яна купляла ў дваровай напаўпадвальнай краме сок ці «Кіндары». Дома яна карміла ўсю сям’ю вячэрай, гутарыла з мужам пра бягучыя справы (ніколі пра палітыку, гвалт, фінансавыя праблемы, нападкі свякрухі), чытала дзецям кніжкі, глядзела з імі і абмяркоўвала мульцікі, купала, укладвала спаць. Праца, гатоўка, сон, прыборка, мыццё посуду — гэта ўсё былі нязначныя справы, нявартыя ўвагі прамежкі паміж урыўкамі часу з дзецьмі і мужам. Але мужа і дзяцей як быццам не было — былі толькі боль і страх. Яны былі існымі, істотнымі. Яны былі тым, што жыло ў ёй.
Дзеці засыналі, і тады яны з мужам маглі пабыць сам-насам, калі яна не працавала да першай гадзіны ночы за кампом ці не адмывала кухню, якая, здавалася, незваротна страціла бель, як толькі яны засяліліся ў кватэру. Пакуль дзеці спалі, яны маглі пагаварыць пра палітыку, гвалт, фінансавыя клопаты, але рэдка, амаль ніколі — пра выбрыкі свякрухі, таму што гэта была яе асабістая пакута і несправядлівасць, пра каторую не пішуць у навінах і праз каторую не гінуць іншыя людзі. Хоць калі яны маглі разам з мужам нават паглядзець фільм, выпіць келіх віна: яна — белага, а ён — чырвонага. Але гэта было як быццам ненасамрэч. Бо варта было спусціцца раніцай у метро, падрамаўшы перад гэтым у аўтобусе, як яна разумела, што прыватнае сямейнае шчасце, інтэлектуальныя памкненні, мастацкія густы, асабістыя намаганні, кар’ерны поспех — хісткая ілюзія, якая можа быць перакрэсленая ў адно імгненне. І тады зноў вяртаўся боль. Вандраваў па целе. Пульсаваў то там, то тут. І яна думала, што нешта трэба вырашаць, нешта рабіць, ісці да ўрача, лячыцца. Але яна баялася таго, што ёй маглі сказаць, і, улічваючы тое, якія жахі адбываліся апошнім часам, яна думала, што гэта непазбежна будзе які-небудзь благі дыягназ.
Праз год на медаглядзе для чарговай даведкі кіроўцы бабка ў аглядным кабінеце пакруціла галавой унутры парыка і заўважыла: «Трэба правярацца на анкалогію. У вашым узросце нічога добрага асабліва не чакай». Гучала гэта не як меркаванне ці падазрэнне, а як дыягназ, як прысуд. Спачатку яна падумала: «Так. Гэта той самы боль. Нічога дзіўнага: ён блукаў па целе і цяпер прарос ува мне маёй смерцю». Тады пачала сумнявацца, абурацца: «Не, гэтага не можа быць!» Затым пачала ўнутрана лямантаваць, пытацца ў Бога: «Чаму я? Чаму не нехта іншы? І чаму так рана?» Але чым яна адрозніваецца ад іншых людзей? Яны ўсе бялковая форма жыцця. Хто ёй гарантаваў, што яна недатыкальная для смерці?
Два тыдні, пакуль рабіўся аналіз, яна развітвалася з жыццём, зайздросціла тым, хто застанецца, нават мужу. Бедавала, хто будзе гадаваць дзяцей. А тыя нічога не разумелі, не ведалі, што дажываюць апошнія дзянёчкі з маці. Гарэзілі, капрызнічалі, цацкі сабе выпрошвалі, пакуль яна памірала. А як яны тады будуць жыць у дзетдоме? Каму яны будуць трэба? Бедныя сіроткі! Як жа ёй іх шкада! А яны бачылі, што маці да іх паблажліва ставіцца, не лае, усё прабачае, і яшчэ болей разыходзіліся. А яна думала: «Хоць трошкі любові дам сваім дзецям перад смерцю. Прападуць мае птушаняткі без матчынай любові, загінуць». А тады неяк яна перастаўляла суп гарбузовы з пліты ў лядоўню, адна ручка ад каструлі адвалілася, і яна не змагла яе ўтрымаць — увесь той густы суп на падлогу выліўся. Дзеці прыбеглі паглядзець, што там на кухні здарылася, дык яна іх, здзіўленых, перапужаных, так аблаяла — увесь свой адчай, страх, бездапаможнасць і крыўду на іх выплюхнула. Ад таго моманту зразумела, што ўсё: дзеці самі па сабе, а яна са сваёй хваробай і смерцю сама па сабе. Ніякая любоў да дзяцей, неабходнасць іх гадаваць яе цяпер не ўратуюць. Яна пачала прыдзірацца да дзяцей, злаваць на іх: як яны не разумеюць, што маці памірае, што іх чакае прытулак, што гэта канец усяму. І гэтая злосць, крыўда на недасканаласць яе лёсу глыбокай ранай заселі цяпер у ёй і нават, здавалася, вытравілі сваёй атрутай папярэдні боль.
Праз два тыдні аналізы яшчэ не былі гатовыя. Яна пахадзіла-пахадзіла па адказ некалькі разоў, тады махнула рукой, схавалася ў сваім страху і бездапаможнасці. Аднойчы вечарам (добра, што яна сама зняла слухаўку) пазваніла бабка з агляднага і голасам спеца-хірурга паведаміла, што прыйшлі нарэшце аналізы. Рэзультаты вельмі нядобрыя, і трэба ісці да ўрача. Неяк не верылася. Як нейкі чарвяк у медычнай іерархіі можа ставіць такія дыягназы? І як яна магла захварэць? Не паліла, не п’янствавала. Ламінату і іншай хімозы не прызнавала — у кватэры паркет, масіў, эка-бія. Брокалі ела. Адкуль што магло ўзяцца? Такі адчай накаціў: калі б ведала, у які момант, якія такія гаротныя думкі пра сярмяжную праўду і зламысніцу-свякруху прывялі яе да хваробы, вярнулася б назад і ніколі б, ніколі думак гэтых не думала. Толькі б жыць! Мёртвай хваткай трымалася б і за гэтую няўдалую звар’яцелую краіну, і нават за свякруху — абы толькі заставацца жывой!
Талон да ўрача быў толькі праз тры тыдні. Гэта занадта доўга, асабліва калі ўлічыць, што ёй трэба ведаць, будзе яна жыць ці не. Яна запісалася ў рэгістратуры і пачала чакаць ды разважаць. Бабка можа быць зацікаўленая — яна, можа, прэмію атрымае. З галадухі цяпер людзі на што хочаш здатныя, хоць і не прызнаюцца, што па іх гвазданула. Можа, бабка сама хворая — яна ж была ў парыку. Ёй крыўдна, што пасля яе нехта на гэтым свеце застанецца. А можа, яна па дабрыні душэўнай перастрахоўваецца. Можа, аналіз неакуратна зрабілі.
Вырашыла аналіз перарабіць у іншым месцы, мінаючы бабку. Так і зрабіла. Пайшла ў платную клініку. Пакінула там палову авансу, але аналіз абяцалі прыслаць праз тыдзень, ды і ўрач хаваць яе, здаецца, пакуль не спяшалася. А спяшацца ўрэшце варта было: трэба было вызначыцца, ці жыць, ці ўжо паміраць, бо, па-першае, збіраліся ўсёй сям’ёй ехаць у вёску ў адпачынак, а па-другое, надыходзіў яе дзень народзінаў.
У вёску паехалі, як і планавалі: наспела малінаў, парэчак — яна хутчэй кінулася варыць варэнне, каб было чым узімку дзяцей лячыць. За тыдзень нарабілася так, што адвальвалася спіна. На вуліцы горача, нават у сенцах прахалода не ратавала — здавалася, пара руку апячэ, бо не астывае ў паветры. Але яна хоць была спакойная, што дабро не прападзе. Столькі слоікаў наставіла, што ўсёй радні і суседзям прапаноўвала, але тыя адмаўляліся, казалі, што не паелі яшчэ леташняе варэнне, як дарэчы і яна. Тут муж нагадаў ёй пра прыемнае: за садовымі клопатамі і штодзённай абавязалаўкай мерзнуць у азёрнай вадзе, сочачы за дзецьмі, забылася яна на свой дзень народзінаў. Муж пытаўся пра падарунак. Падумалася адразу пра новы гадзіннік на металічным бранзалеце, але яны на ёй не трымаліся: увесь час у працы — дзе-небудзь ды бразне. Дзецям шмат чаго трэба купіць, але не ў іх жа дзень народзінаў, ды ім і так купіцца. Чаго яшчэ? Жывыя-здаровыя, і дзякуй Богу. Тут якраз успомніла пра сваю хваробу, халера на яе. Пабегла за мабільным тэлефанаваць у клініку. Адміністратарка сказала, што пашукае адказ і перазвоніць. Перазваніла сама дакторка. У яе ёкнула сэрца. Дакторка сказала, што аналізы неблагія, але трэба з’явіцца на прыём, бо ёсць, відаць, нейкі запаленчы працэс. Яна запытала, наколькі гэта тэрмінова, бо калі гэта пытанне жыцця і смерці, то праз гадзіны дзве-тры прыедзе, але калі пацерпіць, то не хочацца кідаць сям’ю ў адпачынку. Дакторка ўдакладніла, дзе яны адпачываюць. Узрадавалася: «А-а-а. Купаецеся. Ну, купайцеся. Вяртайцеся да мяне ўжо цяжарнай». Пасмяяліся разам ды развіталіся. «Ну вось, можа, буду жыць, — падумала яна. — Хаця ў рэшце рэшт усё роўна памру. Невядома, ад чаго. Лепей, канечне, у глыбокай старасці, зграбнай старэнькай ягіняй. Адысці ціха ў сне. Цьфу. Цяпер буду баяцца заснуць!»