Литмир - Электронная Библиотека

Дома высветлілася, што муж забыўся купіць адмысловых шакаладных цукерак, якія Юля звычайна прэзентавала нямецкаму начальству. Трэба было ехаць у супермаркет. Вяртацца па машыну пасля сцэны з брыгадзірам не хацелася. Прыкідваючы, як магла б павярнуцца справа, жанчына так і не здолела ўявіць сабе сцэнар дыялогу паміж імі пасля таго, як дзядзька гэтак доўга і занудна выцягваў з яе хабар. На аўтобусе да крамы было два прыпынкі, але Юля не памятала, як трэба ездзіць на грамадскім транспарце. Як яна павінна была б сябе паводзіць? Сесці няёмка, стаяць неразумна. А калі народу наб’ецца, што не прадыхнуць? А талончыкі? На прыпынку быў толькі фруктовы кіёск, талоны не прадаваліся. А што, калі на маршруце працуюць кантралёры? Юля павагалася і пайшла пешкам.

Пасля хатняй утульнасці дробны дождж у перамешку з мокрым снегам нагадваў пра ўсе нешматлікія жыццёвыя няўдачы. Тройка па хіміі ў сёмым класе. Сябра дзяцінства закахаўся не ў яе, а ў іхнюю сяброўку, і яны не бралі Юлю з сабой купацца на рэчку. На іспыце ў ДАІ не змагла запаркавацца ў гараж заднім ходам і мусіла месяц чакаць пераздачы. Будучы муж на гадзіну спазніўся на спатканне, бо не перавёў гадзіннік. Свякруха сказала, што нявестка тоўста рэжа агуркі, а гэта зусім не праўда. Няма дзяцей, а ёй ужо амаль трыццаць. Юля гатовая была завыць ад крыўды, холаду і злосці на брыгадзіра стаянкі за ўсе былыя беды і за тое, што цяпер мусіла ісці з голай галавой і ў асенніх туфлях пад дажджом ды снегам.

Наперадзе супермаркет свяціўся цёплымі агнямі, паслужліва адчыняліся перад пакупнікамі аўтаматычныя дзверы. Нарэшце яна пераадолела апошнія метры і апынулася ў раі! У яе запацелі акуляры. Змерзлыя вушы пачалі адагравацца, і іх крыху пашчыквала. Пахла свежаспечанымі булачкамі. Але не гэтак, як у якім-небудзь звычайным кафетэрыі, а неяк адмыслова, на заходні манер, як у Берліне на вакзале. Пацягнула свежазмолатай кавай. Вось Юля ўжо і музыку сваімі адталымі вушамі пачала чуць… Скупіць бы тут усё! Усё, што трапляецца на вочы… Стоп! Яна ж сама дасведчаная гандлярка і ведае гэтыя хітрыкі. Не, ні за што! Цяпло цяплом, але нельга так лёгка трапляцца на кручок да калегаў. Купіць шакаладныя цукеркі і — дахаты.

Перад тым, як зноў выйсці на вуліцу, Юля прайшлася па радах з вопраткай і нагледзела сабе цёплы шалік з турэцкімі агуркамі. Гэта было выратаванне, але што рабіць з такой бабскай хусткай потым? Марнатраўства! Злежыцца, выкарміць пакаленні молі і выкінецца. Раней дзед старыя рызманы хаця б на збанкі і свістулькі для ўнучкі абменьваў. Юля дзьмула-дзьмула ў гліняных птушак, што было моцы, — ажно вушы закладала, а потым губляла гэтыя цацкі дзе-небудзь на падворку. Напластаванні часу адносілі свістулькі некуды па-за межы ўчастку, і яны ні разу не трапіліся Юлі — ні калі ейнае сямейства перабудоўвала старую хату на лецішча, ні калі Юля разбівала новыя клумбы. Панурыўшы галаву, жанчына выйшла з крамы і рушыла ў бок дома. Зноў яе сцяла холадам. Мокры снег абляпіў твар, наліп на акуляры, кусаў вусны. Цяпер Юля ненавідзела сябе за тое, што не купіла хустку. Гэта бядняцкі сялянскі перажытак, калі якія-небудзь туфлі выбіраюць, як мужа, — на ўсё жыццё. У яе навярнуліся на вочы слёзы. Не хапала яшчэ зарабіць сабе да атыту і кан’юнктывіт! Пляваць! Пляваць на правілы паводзінаў у транспарце і кантралёраў! Яна паедзе на аўтобусе, і хай яе штрафуюць, калі ў іх няма сэрца. Яна ўсё адаб’е. Зробіць шыкоўную прэзентацыю па праекце, і пацякуць новыя грошы.

Юля рушыла да прыпынку. Побач таўкліся нешматлікія шэрыя постаці. Цяпер уся ўвага была накіраваная на аўтобус. Прыйдзе-не прыйдзе. Павінен прыйсці. Такога не бывае, каб не прыходзіў. Але калі? Яшчэ не так доўга яна чакае. Як забіць час? Як не заўважаць часу, прымусіць яго ляцець? Памаліцца? Пастаяць на малітве. Чытаць «Ойча наш». За здароўе жывых, за ўпакой памерлых. У яе вялікая радня па абодва бакі свету. Доўга. Імёны сканчаюцца. Дадаць ворагаў да спісу жывых, а да нябожчыкаў — самагубцаў? Цнота і грэх. А ўсё дзеля аўтобуса, якога няма так доўга. Калі яе задзьме ў сумёт, труп яе лепей захаваецца, але калі яна проста прастыне, хворая пацягнецца выбіваць грошы…

Ну вось і аўтобус! Бітком набіты. Нікому не падабаецца дрэннае надвор’е. Шэрыя постаці з прыпынку кінуліся да дзвярэй. Юля таксама падбегла, прымасцілася каля астатніх, потым неяк апынулася ззаду. У адчаі падняла вочы на шчасліўцаў у аўтобусе. І Ён — той самы, умоўны — стаяў там і ўсміхаўся ёй. З тым жа поспехам ён мог бы быць нябожчыкам і шчэрыць зубы, толькі што намолены, з таго свету. Яна забыла яго. Яна ненавідзела яго. Яна кахала яго. І кроў пульсавала ў скронях. Ёй зрабілася млосна. Яна ірванула каля шыі замок на куртцы. Трапіць у аўтобус! Глядзець толькі ў ягоныя вочы. Цалаваць толькі гэтыя вусны. Учапіцца за руку і ніколі болей не раздымаць абдымкаў. Не існуе свету акрамя Яго — ні таго, ні гэтага.

Дзверы зачыніліся. Як жа яе адцерла? Ён спачувальна пачапаў галавой. Усміхнуўся. Значыць, памятае. Значыць, будзе чакаць на наступным прыпынку. Юля не адчувала холаду. Вочы яе былі гарачыя, бы вуголле, і выглядалі новы аўтобус. Ён прыйшоў адразу. Амаль пусты. Яна заскочыла ў салон, ухапілася за парэнчу, нахілілася, каб лепей было відаць дарогу наперадзе. Ці дагоніць яна яго? Павінна дагнаць, павінна! Але не — супакоіцца. Няхай будзе Боская воля. Лёс ці не лёс? Калі лёс быць з ім, то буду, калі не, значыць трэба замірыцца. Але сэрца тахкае, трасуцца рукі, дрыжаць калені. Дагнаць папярэдні аўтобус. Убачыць яго радасную ўсмешку. Гэта ўсяго толькі адзін прыпынак. Юля выскачыла з аўтобуса. Тут мала, хто выходзіў: прыпынак на будучыню, каля недаробленай новабудоўлі. Жанчына апынулася сярод двух-трох мінакоў. Ён не чакаў яе. Ён не выйшаў. Благое надвор’е. Не лёс. Вось як бывае. Не лёс — гэта таксама Боская воля.

Юля пайшла павольна. Абяссілела. Не адчувала нічога. Дождж, снег. Якая розніца? Яна пражыла зараз цэлае новае жыццё. Яна сустрэла сваё першае каханне. Яна зноў страціла яго. Цяпер назаўжды. Моцнае пачуццё. Вялікія і боль ад яго страты, і спустошанасць. Значыць, не лёс. А ён не кахаў яе. Вось так. Інакш бы выйшаў.

Юля дацягнула ватныя ногі дахаты. Гледзячы ў пустату, распранулася і ўвайшла ў кухню. Муж азірнуўся на яе, дастаючы з духоўкі мяса па-французску, і шчыра падбадзёрыў: «Гітлер капут! Не сумуй! Зробіш ты гэтых немцаў. Вернешся з перамогай! Мый рукі. Будзем аддавацца гастранамічным спакусам і піць глінтвейн. Якраз пасуе да такога надвор’я».

Юля закулілася ў лазенку, прыхінулася гарачым ілбом да халоднай кафлі. Усміхнулася праз слёзы: «Не лёс. Такая воля. Як я не люблю гісторыі пра спатканне з першым каханнем! І які ж ён у мяне ўсё-такі родны…».

Кастрычнік 2006 — сакавік 2012 г.

ЧЫРВОНЫ КАБРЫЯЛЕТ

Спачатку выбары, потым выбух у метро. У гэты год яна важыла сорак дзевяць кілаграмаў замест звычайных пяцідзесяці чатырох. Пабіла асабісты рэкорд і нават ганарылася сабой: значыць, ніколі моцна не патаўсцее. Але выглядала абы-як: хісткае пластылінавае цела, завялікая галава на тонкай шыі. Старая баба. Акуляры. Валасы выцвілыя разлятаюцца павуціннем па фатаграфіі. Абы-што.

Пасля гэтых падзеяў нутро яе сціснуў боль. Яна не была на плошчы: з мужам, змяняючы адзін аднаго, безвынікова спрабавалі пакласці малых спаць. Ёй пашчасціла не апынуцца падчас гэтага здарэння на станцыі: яна паспела ўжо вярнуцца дахаты. Муж гэтым часам пад’язджаў да метро на аўтобусе. Бацька пазбег гэтага жаху, размінуўшыся з ім на дваццаць хвілінаў. Свёкар ехаў у той момант па суседняй лініі, і выбух даў яму па вушах. Ад таго часу свёкар пачаў глухнуць — можа быць, праз гэты выпадак, можа быць, ад выцця цыркуляркі на працы, а можа, проста не хацеў болей чуць, што яму маюць сказаць людзі.

Спачатку толькі боль і жыў у ёй. Потым імкненне ўсё змяніць, выправіць. Здавалася, яшчэ трошкі і ўсё вырашыцца, зменіцца. Абсурд і няпраўда будуць адмененыя нейкім найвышэйшым розумам. Ці проста кімсьці разумным. Але не адбылося. І скончылася ўсё страхам, а тады пустатой. Толькі боль не сышоў. Перарос у боль фізічны. Балеў жывот. Зранку, удзень, вечарам. Праўда, ноччу яна спала. Потым уставала. Сняданак, дзіцячы садок, ёга, душ, кава, праца. Невядома, да чаго імкнуцца, куды рухацца. Штодзень па дарозе на працу спускалася ў метро, праязджала праз «Кастрычніцкую» станцыю, як праз свежую магілу. Кожны раз рыхтавалася сама памерці. Тады боль усярэдзіне завываў. Скуголіў. Голасам сваім выцягваў з яе сокі, як немаўля жаласлівым плачам выпрошвае ў маці малако.

69
{"b":"828985","o":1}