Литмир - Электронная Библиотека

Гэтак я думала па дарозе ў парк, самотная, злая, прагорклая ад расчаравання жанчына, як раптам убачыла на дрэве за мостам лік святога. Спачатку я вырашыла, што мне здаецца і гэта маё сумленне папярэджвае мяне, што нельга дрэнна казаць аб людзях, а тым больш мужчынах. Але калі я зірнула на дрэва зноў і зноў, то ўпэўнілася, што лік усё яшчэ там, і вельмі выяўны. Святы з барадой, даўгімі расхрыстанымі валасамі й буйным носам мудраца глядзеў на мяне разумнымі ўважлівымі вачыма. І ў той жа час ён глядзеў і ўправа, і ўлева, і ўверх, і ўніз, і праз стагоддзі, і ў сябе. Ён думаў, ён ведаў і як быццам хацеў нешта сказаць, а можа, проста быў. І ўжо аднаго гэтага было дастаткова, каб адчуць, ухапіць нейкую думку, ідэю, і адразу яе забыць, але супакоіцца й паверыць. Я як быццам убачыла, зразумела сябе, свой шлях, сваё каханне й сваю любоў, сваё змаганне й свой спакой. Я ўбачыла прасветлены позірк Змітра, ягонае прабачэнне й прыняцце, твары ягоных дзяцей з маёй усмешкай, пачула смех нашых бацькоў і ўздых маёй прабабулі. Я адчула смак слёз у горле маёй нядаўняй госці й пагладзіла зморшчыны ад п’янага роздуму на лобе спецназаўца ў адстаўцы. І я кінулася да дрэва, каб яшчэ пагутарыць, запытацца, але зблізу лік быў усяго толькі абрубленым таўстым суком. Тады я датыкнулася пальцамі да светлых дарожак дрэва й намацала цёплы старэчы твар, і калі я адбегла назад, святы ўсё гэтак жа глядзеў на мяне, на раку, на вінакурню, на сядзібу й у неба.

І я зразумела, што гэта развітанне: Лошыца прыняла мяне, явіла мне свае таямніцы й тым адпускала мяне. І парк, і сядзіба, і вінакурня застануцца й будуць жыць сваім жыццём, хаця непазбежна зменяцца. Гэтак і я мушу ўвайсці ў жыццё й пакінуць мінулае за спіной, каб яно магло з чалавечай драмы зрабіцца жыццёвым знакам. Я павінна пакінуць тую Лошыцу, якую я любіла, бо яна ўвасабляла для мяне каханне да Змітра, і прыняць Лошыцу з ейным асобным адмысловым лёсам. І Змітра таксама я павінна ўбачыць не як увасабленне сваёй мары, а як асобнага чалавека, які можа мяняцца й выбіраць новыя накірункі для свайго ўнутранага й знешняга жыцця. Я не павінна чакаць ад яго «ідэальнасці» й падпарадкаванасці маім уяўленням — я павінна радавацца яму, факту ягонага існавання. І калі я хачу кахаць Змітра, то мне нішто не замінае — глупства патрабаваць гарантыяў узаемнасці. Хаця я, здаецца, і не прасіла ніколі гарантыяў альбо маналітнасці адносінаў — я проста хацела быць разам. Тут я ўзгадала скандал з Надзяй, і да мяне дайшло, што нам нішто не перашкаджае быць разам, што паміж намі, па вялікім рахунку, не стаяць трэція асобы альбо абставіны, што мы паасобку толькі праз свае страхі, пыху й крыўды. Дык значыць зараз, калі гэтыя заганныя пачуцці вытраўленыя хаця б з майго сэрца, бо пра цябе я нічога не ведаю, акрамя таго, што ты горды й пакутуеш на адлегласці, мы можам аб’яднацца й быць разам? Гэта ж цалкам магчыма, бо мы нават не пасварыліся, не разышліся душою, не забылі адзін аднаго, а проста аддаліліся целам у часе, каб перш-наперш знайсці сябе. А знайшлі… Я знайшла Габруся, абарыгенку ў белай сукенцы, дзяўчынку Насцю, лік святога, творчасць і ўнутраны спакой. А яшчэ я нарэшце знайшла сваё сапраўднае каханне — цябе ў тваім жыцці, без маіх страхаў, уладнасці й сумнення…

Пакуль я рабіла для сябе гэтыя высновы, парк раптоўна пачаў губляць колер. Ён рабіўся шэрым — недзе святлей, а недзе цямней, і толькі валасы мае гарэлі ля твару рудым агнём. Яны былі лішнімі — яны вярталі мяне ў мінулае, дзе я кахала цябе інтуіцыйна, слепа, навобмацак, але дзе ты любіў дакранацца да маіх валасоў. А зараз я кахаю цябе свядома, кахаю менавіта цябе, але з аднолькавай верагоднасцю я магу альбо ўбачыць цябе заўтра, альбо не ўбачыць цябе ніколі. Таму я больш не хацела сваіх валасоў. Я не хацела цягаць тваё каханне за спінай — я прагнула сустрэцца тварам да твару, зірнуць табе ў вочы чыстым радасным позіркам свабоднага ад крыўды й чаканняў чалавека. Я так больш не магла — мне не патрэбны быў гэты руды адчай, які я сама раней пялегавала й любіла. І таму, калі я сшарэлым прыцемкам прыйшла дахаты, я запляла валасы ў касу, пазычыла ў суседзяў вялікія бабуліны нажніцы для стрыжкі авечак, бо сама мела толькі манікюрныя, стала перад люстэркам і адрэзала прэч свой тугі, непадатлівы руды адчай.

Праўда, адчай не адпусціў мяне адразу, а прымусіў урэшце зрабіць адзін імпульсіўны ўчынак. Я так расхвалявалася, калі ўбачыла свае кароткія абскубаныя валасы, што ўнутрана залямантавала, што мушу праз яго ісці на гэткія дзікунскія, нечалавечыя ахвяры. І мне захацелася кінуць сваю касу яму ў твар, каб ён нарэшце зразумеў, як я пакутавала, як несправядліва ён са мной абышоўся. І яшчэ я хацела, каб ён ведаў, што я не намерваюся пакутаваць надалей і не збіраюся ні з кім ваяваць, а буду проста жыць. І калі ён гэткі сляпы, што не заўважае вытанчаных сціплых знакаў, кшталту «шостай гадзіны раніцы», то я пашлю яму такі знак, што ён пашкадуе.

Цяпер можна толькі дзівіцца, што, вырашыўшы мірыцца й болей не ваяваць, я замест гэтага шпурнула яму чорную значку, але наступнай раніцай я выправілася на пошту, скруціла касу й паслала яе Змітру дахаты. Я разумела, што адрэзаная каса наўрад ці можа прывесці да цябе каханага чалавека — хутчэй наадварот, выкліча жах ці гідлівасць, альбо яшчэ горай — смех тваёй незацейлівай суперніцы, але я проста не здолела даць сабе рады. Хай глядзіць, хай успамінае, хай нават спужаецца, а сябровачка ягоная хай вішчыць у прыпадку рэўнасці й злосці. І няхай каса мая паляціць у смярдзючы бак для смецця, я хаця б упэўнюся тады, што ён мяне не кахае, і, можа, здолею пераадолець у сабе жаданне быць разам.

Я магла б, канечне, паступіць прасцей: напісаць пісьмо, адправіць хаця б суправаджальную паштоўку, патэлефанаваць, але мне здавалася, што Зміцер будзе тады пачувацца як загнаны звер, на якога палююць і якому не даюць шанцу самастойна распараджацца сваім жыццём. Я адчувала, што ён сам павінен зрабіць першы крок да замірэння, і спадзявалася, верагодна, гэткім чынам нагадаць аб сабе, прымусіць пра сябе думаць. І яшчэ я хацела, каб ён датыкнуўся да мяне, хаця б на адлегласці, пагладзіў мае валасы, няхай і не ляжаць яны ўжо на маёй спіне. Цікава, я што, збіралася адчуць фантомныя болі?

А ў яго ажно забалеў жывот, калі ён убачыў гэтую скручаную, як змяюка, касу. «Дадумацца такое ўчыніць! Ды з якой мэтай? Што мне цяпер з гэтай касой рабіць? Павесіцца на ёй, ці што?» Халодная, нежывая, рудая, яна смаліла яму рукі, і таму Зміцер, запхнуўшы касу ў эцюднік, пакіраваў у Лошыцу. Па-першае, гэткую незразумелую рэч нельга было трымаць у хаце, а па-другое, яму трэба было ўсё як след абдумаць, падалей ад мітусні й людзей.

…Марыя разышлася з ім неяк па-дурному, абразліва, нагаварыўшы тузін пропаведзяў пра чалавечыя адносіны, творчасць, самарэалізацыю, умоўнасці, багацце, беднасць. Яна ўсё скандаліла й скандаліла, прычым сама з сабой, а ён ніяк не мог даўмецца, чаго яна ад яго хоча. Ніводнае з ейных словаў, рашэнняў не мела дачынення да ягонага непасрэднага жыцця, да рэальнага стану рэчаў. Да таго ж незразумела было, якая роля ва ўсіх ейных рашэннях адводзіцца яму. У яго яна нічога па-сур’ёзнаму не пыталася — толькі пераконвала яго чамусьці, што ён ёй здраджвае, што ён, відаць, не шчыра яе кахае й спадзяецца знайсці сабе іншую, маладзейшую дзяўчыну. Яна нават раздабыла нейкі падрабязны нямецкі гараскоп на мінулы год, дзе было дэтальна распісана, як ён перакінецца да іншай і будзе выпрабоўваць каханне сваёй партнёркі, але потым упэўніцца ў сталасці ейных пачуццяў і выбера яе. Калі Марыя з шалёнымі вачамі й выразам абражанага гонару на твары цытавала яму гэты гараскоп, Зміцер вельмі моцна засумняваўся ў тым, што ў яе ўсё ў парадку з галавой, і падумаў, ці не пашукаць яму, сапраўды, іншую — хай прасцейшую, але не настолькі разумную вяшчуху, каб ажно зашкальвала.

Потым ён стаміўся трываць ейныя прыпадкі, справакаваныя тым, што ён ходзіць маляваць не з ёю, а з сябрамі-мастакамі, а пасля п’е з імі ў парку піва й, можа калі, гарэлку. Для Марыі гэта чамусьці сталася галоўным доказам таго, што яму на яе напляваць, і яна пусціла ў ход цяжкую артылерыю абвінавачанняў у тым, што ён убогі п’яніца. Гэта ўжо было занадта, тым больш, што яна, відавочна, не ўсведамляла, што гаворыць не пра яго, а пра нягеглы плод свайго ўяўлення. Да таго ж неабаснаванае абвінавачанне ў п’янстве гэткае жа прыкрае для мужчыны, як і празыванне шлюхай для жанчыны. Таму ён пачаў азлоблена маўчаць, яна істэрыла, а потым неяк сумелася й… некуды прапала. Праўда, ненадоўга. Ён нават не паспеў як след засумаваць па ёй, а яна ўжо з позіркам адданай сучкі кінулася яму пад ногі ў кіно. Зміцер тады ўзрадаваўся, таму што мірыцца неяк трэба было, а тут выпадак падстроіў гэткую добрую магчымасць, якая не закранала нічыйго гонару. Але ў кавярні Марыя зноў гаварыла ў асноўным пра сябе, ні пра што ў яго не цікавілася, а толькі сцвярджала пра яго тое, што, лічыла, адпавядае рэчаіснасці. Ён бачыў, што яна хоча пагаварыць пра іх, але загадзя баіцца, што ён, гэткі сапсаваны здраднік, не пойдзе на размову. Вось гэтае ейнае чаканне, што ён не здатны на разумныя ўчынкі, на добрыя чалавечыя стасункі, узлавала яго больш за ўсё. І таму, калі Марыя знікла ў невядомым напрамку — зноў жа не праз яго, не праз сварку, а праз ідыёцкі страх перад жыццём, праблемамі, людзьмі, Зміцер уздыхнуў з палёгкай. Нарэшце ён быў вольным — і для мастацтва, і для асабістага жыцця.

8
{"b":"828985","o":1}