Литмир - Электронная Библиотека

І калі я сядзела з гэткімі маркотнымі думкамі пасярод агульнай весялосці, я адчула, што нехта пагладзіў мяне па шыі, і затым па спіне ў мяне як быццам праліўся ручаёк ледзяной вады — якраз там, дзе раней была каса. А праз колькі часу дзверы самі адчыніліся, і я, здаецца, пачула шоргат набрынялай важкай вадой даўгой сукенкі. Але ўвайшоў ты, спыніўся на парозе, агледзеў гасцей і здзівіўся, быццам не знайшоў некага, каго напэўна чакаў убачыць. А потым заўважыў мяне. Я схапілася за горла ад хвалявання, але ўсё роўна заплакала, а ты падышоў да мяне, апусціў вочы, узяў мяне за руку й прыклаў яе да свайго сэрца…

А Габруся мы бачылі амаль праз год у кіно разам з Надзяй. Казалі, што ён носіць яе на руках, чытае ёй вершы, катаецца з ёй на ровары. Ён нават прывёў Надзю на хрэсьбіны нашага сына Андрэя, дзе сам, канечне ж, быў хросным. Андрэй нарадзіўся падобным да бацькі, але з маёй усмешкай і меншым за звычайных дзяцей, бо крыху раней за тэрмін. А ўсё праз тое, што калі мы клалі кафлю на балконе на нашым першым паверсе, да нас падбег сабака — чорны, мокры, быццам толькі што з вады. А стаяла ж гарачыня — ліпень! Я гэтак спужалася, што хлопец, відаць, вырашыў лезці з сваёй неўрастэнічнай маці на волю. І пакуль мы чакалі таксоўку на лаўцы каля пад’езду, сабака ляжаў каля маіх ног — шчаслівая, супакоеная псіна. За гэтыя некалькі хвілінаў сабака абсох і цела ягонае перастала дрыжэць.

Пасля раддому мы каталі Андрэя ў парку, таму ён хутка падрос, падужэў і дагнаў сваіх равеснікаў. Абарыгены мяне цяпер вельмі паважаюць, тым больш што пасля родаў я пакруглела й стала называцца «маладзіцай». Калі мы са Змітром і Андрэем гуляем у парку, абарыгены кланяюцца, усміхаюцца нам і кажуць: «Здрастуйця». Самі ж яны таксама пакрысе перасяляюцца ў новыя шматпавярховікі, робяцца вельмі сур’ёзнымі, важнымі й замаўляюць у Змітра праўдзівыя мастацкія шэдэўры. А я…

А я вось цяпер хоць-калі думаю: «Нашто я тады, на сваю галаву, палола гэтыя буракі?»

Лістапад 2001 — красавік 2002 г.

ЧОРНАЯ ЛІНІЯ

Тым, хто быў,

і тым, хто мог быць.

Алеся ўпершыню за два гады вырвалася да Ганны Раманаўны. Падлічвала-падлічвала даты і прыйшла да высновы, што ў дзедавай другой жонкі юбілей. Апошні раз ейны дзень народзінаў святкавалі, яшчэ калі дзед Кастусь быў жывы. Той, як заўжды, быў на рэпетыцыі, таму Алеся віншавала Ганну Раманаўну сам-насам. Паслухала ў соты раз гісторыю цётчынага знаёмства з Алесінай роднай бабуляй, пра іхнюю сумесную вучобу ў Віленскай беларускай гімназіі, пра жахлівыя падзеі, якія напаткалі навучэнцаў, і ў першую чаргу хлапцоў, за Саветамі. Потым Ганна Раманаўна плаўна пераходзіла на свае прыгоды ў тэатры, і сканчалася размова, як звычайна, крытыкай сучаснай беларускай мовы. Дзедава жонка прыводзіла, як ёй здавалася, забойны аргумент заганнасці сённяшняга маўлення: «Як зараз гавораць, як пішуць? Вось наш дырэктар гімназіі Грышкевіч казаў: “Ганна — наша хлюба!” А хіба такія словы цяпер разумеюць?» Алеся адмоўна круціла галавой, і Ганна Раманаўна задаволена пераходзіла да плётак пра дзедаву радню.

Чамусьці лічылася, што Алеся не належыць ні да аднаго, ні да другога клана: яна сябравала як са сваёй кроўнай, так і з дзедавай раднёй па жончынай лініі. І што самае дзіўнае, Алеся не мела ўяўлення, што ў іхняй сям’і адбываюцца такія падзеі, пра якія пляткарыла цётка. Некаторыя давяраліся ёй самі, бо, прыходзячы да дзеда, не наважваліся адкрыць яму душу, а выгаварыцца трэба было. Нехта неасцярожна выносіў смецце за парог дзедавага кабінета, бо не мог стрымаць эмоцыі. У асноўным гэтым грашыла дзедава старэйшая дачка Ада, якая ўсё жыццё супернічала са сваім малодшым братам Алегам, Алесіным бацькам. Дзіўна, як Ада ўвогуле не звар’яцела, калі дзед пасля разводу з ейнай маці, сваёй першай жонкай, пабраўся шлюбам з Ганнай Раманаўнай і аброс прыёмнымі дзецьмі, новай раднёй.

Алесіна родная бабуля, Соня, таксама выйшла замуж другі раз за сябра маладосці. Віктусь вучыўся разам з дзедам у Віленскай кансерваторыі і, аўдавеўшы, далёка не шукаў сабе новай спадзвіжніцы, а ўзгадаў пра першае каханне — оперную спявачку Соню. Вось такая ў іх адбылася цікавая перастаноўка лёсаў. Ганну Раманаўну пасля шлюбу з дзедам нават не перасталі называць цёткай — зваротам, які яна прыдбала ў часы сяброўства з Алесінай роднай бабуляй.

Гэтая блытаніна сардэчных справаў і шлюбныя ракіроўкі, відаць, так моцна паўплывалі на іхную радзіну, што сям’я лічылася непахіснай святыняй. Кастусёвы дзеці мёртвай хваткай трымаліся за сваіх жонак-мужоў. Радню проста скаланула, калі Алесіна стрыечная сястра Жэня разышлася са сваім першым мужам. І не важна, што пра гэтага небараку памяталі толькі, што ў яго «флейтавыя вусны». (З цягам часу ўзгадвалася адно тое, што «прыпячатаў» дзед.) А па вялікім рахунку нікому не цікава было, што там за доля ў Жэні і ці былі ў ейнага мужа якія-небудзь вартасці, акрамя музычных задаткаў. Галоўнымі лічыліся інтарэсы клану і ўзорнасць сямейнай рэпутацыі. Дзеда ж суцяшала тое, што новы Жэнін муж — таксама музыка. Хоць і нарвежац, не праваслаўны і джазмен. «Чорная лінія», як яе жартам любіў называць дзед, не абмінула і старэйшую ўнучку.

А малодшай унучцы будучы «чорны» шлях пасылаў камічныя знакі. Алесі расказвалі, як недзе ў трохгадовым узросце яна ўбачыла на запраўцы негра. Стала каленкамі на сядзенне і вытыркнула ў задняе акно ажно чатыры хвігі — нарэшце спатрэбіліся Жэніны ўрокі. Пра гэты эпізод Алеся памятала, як стаяла на каленках, гордая сваімі чатырма хвігамі, гатовая абараніць сябе й сваю сям’ю найноўшай зброяй, а бацькі смяяліся, але потым, кусаючы вусны, адчытвалі яе. Чарнаскуры чалавек, відаць, падаўся дзяўчынцы такім страшным, што памяць не захавала ягоны воблік. Другі дзіцячы ўспамін пра запраўку па дарозе на бабіна лецішча таксама быў звязаны са смехам. Зноў заходзіліся бацькі. Алеся азірнулася па баках — неграў наўкола не было, ды і яна сама прыстойна сядзела сабе на заднім сядзенні і нешта напявала. Да ўсяго чарнаскуры чалавек не здзівіў бы яе цяпер — ёй было ажно цэлых шэсць гадоў. Прыгледзеўшыся, Алеся зразумела, што развесяліла бацькоў. Ля суседняй калонкі стаяў высокі светлавалосы чалавек і даішнай палачкай камандаваў мужчынам, відаць, сябрам, які запраўляў яму зялёную «Волгу». Бацькі выйшлі з «Жыгулёў» і пачалі абдымацца-цалавацца з гэтым высокім дзядзькам. Паказалі на яе. Светлавалосы нахіліўся, адчыніў дзверцу, узяў яе, разгубленую, на рукі, усміхнуўся і пыхліва сказаў: «Мая парода». Так Алеся даведалася, што акрамя дзеда Віктуся, у яе ёсць яшчэ родны дзед Кастусь.

Нельга сказаць, што былыя муж і жонка замірыліся, але дзеці пасля той сустрэчы на запраўцы зноў пачалі сустракацца з бацькам. Стасункам гэтым замінала цяпер рэўнасць паміж Адай і Алегам, якія аб’ядноўваліся толькі, калі іх абурала «неапраўданая» набліжанасць да дзеда каго-небудзь з цётчыных дзяцей. Першую ж жонку Соню і аднакашніка Віктуся дзед перажыў амаль на дваццаць гадоў. І паколькі Алеся засталася без бабулі і дзядулі, якія гадавалі і любілі яе, яна хілілася да дзеда Канстанціна і ягонай другой жонкі, не гледзячы на тое, якая сямейная палітыка праводзілася Адай і бацькам.

Жыццё сярод музыкі, наведванне дзедавых фартэпіянных канцэртаў, балетныя расповеды Ганны Раманаўны, здаецца, не пакідалі ім са стрыечнай сястрой Жэняй выбару. Абедзве падаліся ў мастацтва — паступілі ў кансерваторыю. Жэня — на вакал, Алеся — на фартэпіяна. Алеся мела, як лічылася, прыярытэт перад сястрой, бо насіла бацькава, а значыць і дзедава прозвішча. Нельга сказаць, што гэта палягчала вучобу ў кансерваторыі. Хоць-калі наадварот, часцей выклікала ў людзей злосць і пагарду: «блатная». Алеся разумела, што можна вывернуцца назнайніцу, граць як заўгодна добра, але дастаткова сысці са сцэны альбо апынуцца ў кампаніі нядобразычліўцаў, як будзеш усё той жа — дзедавай унучкай, якая, быццам бы, сама па сабе нічога не вартая. Да таго ж магутнасць, велічыня дзедавага таленту прыціскала іх з Жэняй да зямлі — яны дакладна ўсведамлялі, што ніколі не зробяць шыкоўнай музычнай кар’еры, бо іх заўжды будуць параўноўваць з геніяльным продкам.

10
{"b":"828985","o":1}