Таму папрацаваўшы пару гадоў у кансерваторыі, Алеся пайшла на «вольныя хлябы»: давала прыватныя ўрокі. За заняткі ў чалавека з прозвішчам ейнага дзеда людзі былі гатовыя плаціць шалёныя, па ейных меркаваннях, грошы. Алеся ні з кім не канкуравала, не рабіла афіцыйнай кар’еры, пры гэтым ейнае майстэрства толькі крышталізавалася з гадамі. За тое, што яна ціха адышла ўбок, яе адразу палюбілі дзедавы калегі і знаёмыя, таму любая новая ахвяра, якая хацела вучыцца граць на піяніна ці паступаць у кансерваторыю, аддавалася ў Алесевы рукі. Грошы нават не лічыліся і нікога з сям’і асабліва не цікавілі — сачылі толькі за раскладам заняткаў і патрабавалі пунктуальнасці ад вучняў, бо інакш канвеер спыніўся б. Час для сябе ўсё ж заставаўся і прысвячаўся захапленням: чытву і джазу. Дзякаваць першаму, Алесі хутка не было пра што гаварыць з дзедам. Дзякаваць другому, ён увогуле расчараваўся ва ўнучцы, якой і так не хапіла характару, каб зрабіць кар’еру ў «сур’ёзнай» музыцы.
Яшчэ ў дзяцінстве, калі Жэня вучылася ў музычнай школе, Алеся любіла пайграць на піяніна стрыечнай сястры. Спачатку гвалціла нотныя запісы, а потым наігрывала мелодыі, якія прасіліся на волю з сэрца. Жэня рэагавала скептычна: «Ні адзін кампазітар не напіша такой лухты». Дзед, запрошаны на сямейныя канцэрты, каментаваў папушчальніцтва Алесевых бацькоў адназначна: «Некаму мядзведзь наступае на вуха, а тут слон патаптаўся. Дзіцячыя густы трэба накіраваць у здаровае і больш адпаведнае для яе рэчышча. Хай лепей малюе».
Алеся магла б прыдбаць комплекс на ўсё жыццё, але прага да музыкі, жаданне быць падобнай да незвычайнага дзеда патрабавалі граць. Бацькі спрабавалі адводзіць яе ад фано «далікатна»: забаранялі займацца, бо інакш сапсуе нотамі вочы, будзе насіць акуляры і яе ніхто не пакахае і не возьме замуж. Але дачка наважыла стаць піяністкай і для яе пытанне будучыні было вырашаным. Гадоў у трынаццаць Алеся зразумела, што музыка, якая гучыць у ёй, адпавядае ейнаму халерычнаму тэмпераменту і ёй не вучаць у музычнай школе — гэта джаз. Таксама Алеся скеміла, што калі добра граць тое, што ад цябе чакае бальшыня, то можна спакойна займацца сваім хобі і не згубіць дзедаву любоў.
Дарэчы, нягледзячы на акуляры, дзяўчына выйшла замуж яшчэ на апошнім курсе кансерваторыі за студэнта з харавога аддзялення. «Махае рукамі, — падвёў выснову дзед. — Дырыжорам не будзе, але да саліста, мабыць, даслужыцца».
«Не перажывай, — суцяшала сястру Жэня. — Па-мойму, гэта лепшая характарыстыка, чым проста “флейтавыя вусны”».
Што датычыцца апошніх, то Жэні нядоўга заставалася карыстацца рабочым органам мужа. Неяк Алеся зацягнула сястру на джэм-сэшн з нарвежскім джазменам. Гэта была першая палова дзевяностых. Гралі ў падвальнай кавярні з вокнамі, завешанымі чырвонымі шторамі. Знадворку ішоў дождж. Публіка складалася ў асноўным з аматараў джазу і музыкаў, шмат хто з якіх потым назаўсёды з’ехаў за мяжу. Атмасфера была ледзь не хатняя. Зайгралі, няведама чаму, можа, дзеля смеху, кандовы «Summertіme». Жэня, ашалелая, відаць, ад джазавай анархіі, нечакана для сястры заспявала прыстойным «чорным» вакалам. Нарвежац Пэр развесяліўся: яму падабалася, калі публіка пачынала разнявольвацца і па-добраму вар’яцець ад ягонага выканання. Ці варта казаць, што даспявала Жэня стандарт на «сцэне» пад апладысменты і крыкі адабрэння, а налета на прыступках лютэранскай царквы ўпівалася апладысментамі пасля вянчання. «Флейтавыя вусны» яшчэ з год пакутавалі, наведвалі дзеда з выглядам рэанімаванага нябожчыка, якому яшчэ не да канца зразумела, дзе лепей: на гэтым свеце ці на тым, — а потым ажаніліся зноў і зніклі з іхняй сям’і назаўжды.
Ці тое новае сваяцтва адыграла сваю ролю, ці тое надышла творчая сталасць, але Алеся пачала даволі актыўна паігрываць з сябрамі-джазменамі і нават ездзіць з імі на гастролі. Гэта надавала ейнаму сухому іміджу рэпетытаркі своеасаблівую жвавасць і не зашкодзіла асноўнаму занятку. Летам, калі дзеці адпачывалі, а абітурыенты здавалі нарэшце іспыты, Алеся ехала ў Нарвегію. Тут, ужо па самым сапраўдным блаце, яна выступала з Пэрам, Жэняй і іхнімі сябрамі ў клубах і на розных гарадскіх мерапрыемствах. Але гэтая пратэкцыя не чапляла Алесю: яна была шчаслівая ад магчымасці займацца любімай справай і не адчуваць сябе здрадніцай, бо тут мала хто чуў пра дзеда.
З цягам часу ў яе склалася сваё кола знаёмых. У замежжы вельмі паважалі ейную акадэмічную адукацыю, начытанасць, веданне моваў. Па «чорнай лініі» яна нават пазнаёмілася ў Штатах з адной афраамерыканскай аматаркай джазу — даволі паспяховай пісьменніцай і рэдактаркай выдавецтва — і ўмудрылася запрасіць тую на бабуліна лецішча на паўночны захад Беларусі. Бялявыя, блакітнавокія мясцовыя жыхары ашалелі ад такога відовішча. Іх саміх можна было б лёгка змясціць на паштоўцы ХІХ стагоддзя, якія фотазнаўцы называюць «тыпамі». А тут такое нявіданае заморскае дзіва! Ветліва кланяецца ў грыбах, спачувальна паглядае на бабульчыны хусткі і трыко пад сукенкамі, прынятыя за рэлігійны прымус. Усяляк падкрэслівае сваю талерантнасць да тутэйшага дзікунства. Ведала б тая Тоні (празваная ў момант Тонькай), што шкадуюць бабкі яе — адукаваную, рэалізаваную, багатую амерыканку: гэта ж такое няшчасце — нарадзіцца чорнай! Затое Алесю цяпер ніхто не мог бы западозрыць у расізме. Ёй нават падалося, што яна саступіла госці сваё месца ў дзедавай душы. Маэстра ахвяраваўся прыехаць на лецішча і потым пад уплывам высокай прыгажуні Тоні кінуўся выконваць госпелы і спірычуэлс. Гэта крыху ўсхвалявала ўнучку: яна зразумела сваю цётку Аду і ейную рэўнасць да дзеда з Алегам. «Добра, што яму за восемдзесят, а Тоні жыве ў Амерыцы», — суцяшала сябе Алеся і пакорліва раздабывала пакінутаму закаханаму патрэбныя ноты.
Свята месца пуста не бывае. Відаць, Тоні разварушыла размякчэлае ад старасці сэрца маэстра, бо хутка дзеда спасцігла новае каханне. У доме з’явілася Марына. Высокая, поўная, ружовая, светлавалосая. «Вось табе і чорная лінія, — шыпела пра сябе Алеся, — Дзедаў тыпаж жанчыны змяніўся. Марына — негатыўны адбітак Тоні. Гэта не празрыстая беларусачка Соня і не маленькая чарнавалосая Ганна». Апошняя паводзіла сябе з Марынай па-свойску. Не ведала, не разумела, не давала веры альбо не паказвала знаку? Дзедава жонка проста паведаміла Алесі перад сваім чарговым днём народзінаў, што прыйдзе «Кастусёва пераемніца». На святкаванні Марына сядзела ціха, падлашчвалася да радні з абодвух кланаў і добра пастаўленым голасам пела дыфірамбы маэстра. Унучка не ўнікала, ці кахала гэтая жанчына дзеда і якая роля адводзілася новаму захапленню ў ягонай творчай кар’еры, але калі мэтр памёр праз некалькі гадоў, Марына сапраўды пераняла ўсе ягоныя сувязі, ангажамент і выкладчыцкую дзейнасць. Пакуль жа гэтая прыгожая і, відаць што, таленавітая жанчына была для Алесі неад’емным атрыбутам сямейных святаў — ненавязлівым, але абсалютна чужым.
На тых сямейных сходках у дзедавым доме ўсё было дасканала рэгламентаваным. Як вітацца, куды праходзіць, пра што размаўляць, у якім парадку частавацца нагатаванай цёткай смакатой. Алесю і Леру, унучку Ганны Раманаўны, ганялі па поўнай праграме. Леры даставалася больш, бо інакш справа выглядала б так, як быццам да Алесі прыдзіраюцца, бо няродная. Паслухаць цётчыны каманды, дык ейная ўнучка не ў стане была пакласці на стол адпаведныя лыжачкі, расставіць як след талеркі, нарэзаць хлеб ці акуратна працерці бакалы.
Лера з’явілася ў іхнім доме ў Менску гадоў дзесяць таму, калі пачала вучыцца ў Інстытуце культуры — грала на цымбалах. Алеся ж яшчэ ў сямігадовым узросце была пастаўленая на выпрабаванне — наколькі добра яна можа сервіраваць стол. Відаць, умельства было слабым, бо болей дзед не звяртаўся да яе з падобнымі просьбамі. Толькі раз спытаўся, ці здатная яна нашынкаваць капусту, бо Ганна Раманаўна дрэнна пачувалася. Алеся абачліва вырашыла адказаць адмоўна. А вось Леры хітрасці не хапала.
З Лерай яны пасябравалі пасля Жэнінага ад’езду ў Нарвегію. Агульнага ў Алесі з цётчынай унучкай было мала, але наведваць дзеда хацелася, а стасункі з ім былі на той час не самыя лепшыя. Алеся не магла да яго дастукацца. Ён жыў у сваім свеце, сваіх перажываннях, радасцях і расчараваннях. Унучкі выраслі і не апраўдалі спадзяванняў, хоць ён ніколі адкрыта дзяўчат не асуджаў. Вучні, розныя пакаленні якіх маэстра называў сваімі дзецьмі, унукамі і праўнукамі, цікавілі яго больш за родных. Алеся ўзгадвала, як неяк у снежні паспрабавала надаць размове адценне блізкасці і спытала, ці любіць дзед Новы год. Стары паглядзеў на яе, як на вар’ятку, падзякаваў жонцы за палудзень і пайшоў у свой кабінет. «А я Новы год не люблю», — прамовіла ў паветра Алеся. Ганна Раманаўна спачувальна патлумачыла: «У яго рэпетыцыі, канцэрты. Да таго ж ён праваслаўны — які Новы год у пост?» Далей цётка расказвала вывучаную Алесяй на памяць гісторыю свайго дзяцінства, юнацтва і зноў пра бабу Соню, гімназію і беларускую мову. Алеся так упадабала гэтыя расповеды, што сама не ведала ўжо, хто цікавіць яе цяпер больш — дзед ці Ганна Раманаўна. Тая ж то хілілася да дзяўчыны, то пакутавала амнезіяй і забывалася, што не варагуе з гэтай прыблудай Алесяй. Таму самым надзейным было мець справу з цётчынай унучкай.