З Лерай яны маглі пасмяяцца, паскардзіцца адна адной на «завіхі» старых, пакпіць з дзедавых студэнтаў. З гадамі, праўда, Лера пачала астываць да Алесі, і тая не магла для сябе растлумачыць, чаму. Магчыма, цётчына ўнучка хвалявалася за спадчыну, бо Алеся была ў іх занадта частай госцяй. Калі ж дзед адышоў у іншы свет, Алеся не магла прабачыць Леры радасці з гэтай нагоды. Цётчына ўнучка якраз збіралася замуж за правінцыйнага міліцыянера, і зрабіцца багатай спадчынніцай было для яе вельмі дарэчы. Маладыя жанчыны нарадзілі дзяцей з розніцай у тыдзень, але болей ніколі не сустракаліся і не тэлефанавалі адна адной — толькі абменьваліся безаблічнымі эсэмэскамі па святах. Аформіўшы ўсе паперы на маёмасць, Лера пакінула сваю дзівакаватую бабку на волю лёсу. Цётчына ўнучка з’ехала да мужа (здаецца, у Глыбокае) і займалася гадаваннем дачкі.
Алеся хоць-калі разважала, ці сапраўды пашанцавала той Леры, бо дзед меркаваў аддаць жончыну ўнучку за Адзінага малодшага сына Ігара: «Каб дабро ў сям’і заставалася». Была, відаць, і іншая прычына ў гэтых планаў. Ігар быў спакойным, ураўнаважаным, мэтанакіраваным, як дзед. Раней той не асабліва цікавіўся хлопцам, бо «малы», як і Кастусёвы дзеці, не належаў да свету музыкі, але з гадамі менавіта станоўчы траўматолаг Ігар завалодаў спадзяваннямі старога. Магчыма, дзед уяўляў, што шлюб унукаў будзе працягам ці імітацыяй іхняга з Ганнай Раманаўнай кахання.
У Ігара ж даўно было сваё жыццё, далёкае ад драматызаванага існавання людзей мастацтва. Дзеда ён любіў, не разумеў той істэрыі, якая склалася вакол імя маэстра, а таму быў са старым на роўных. Дзеда гэта заварожвала. Яны бавілі час ледзь не як два прыяцелі: ездзілі на дзедава лецішча, вудзілі рыбу, размаўлялі пра футбол і жанчын. «Бязглуздыя» дзяўчаты напіналіся, вучылі ноты, сканчалі кансерваторыю, выконвалі «правільную» і «няправільную» музыку, але ўсё роўна безумоўная любоў дасталася ўнуку і пераемніцы Марыне.
Ігар яшчэ да дзедавай смерці з’ехаў у Польшчу і ўладкаваўся працаваць па спецыяльнасці. Ажаніўся з палячкай, прыдбаў дзіця, патыркаўся-папыркаўся з імі па краіне і асеў нарэшце ў Кракаве — каля дзедавага брата Антона, таксама ўрача. Дзед успрыняў гэты ад’езд значна больш эмацыйна, чым Жэніну эміграцыю. «Чаго яму не хапала? — пытаўся дзед у Алесі, калі тая наведвала яго ў лякарні. — Усё б засталося яму! І кватэра, і лецішча, і гараж, і машына! Ну што ж мне, дзеўцы спадчыну пакідаць? Харавіку твайму?» Алеся хрысцілася: «Лепей вы жывіце, а я да вас у госці хадзіць буду. У мяне ж усё ёсць. І ў харавіка майго». Дзед расслабляўся, заплюшчваў вочы, спакойна прамаўляў: «У мяне поўна дзяцей, унукаў і праўнукаў. Яны і мяне дагледзяць, і Ганну». Алеся выдатна разумела, што пад нашчадкамі маэстра мае на ўвазе сваіх вучняў. «А маёмасць, — працягваў дзед, — гэта марнасць. Я табе такога не жадаю. Згубіш радню. Ада цябе загрызе. Лера не будзе з табой вітацца». «Для мяне знойдзецца месца, дзе б я ні была. Знойдзецца і фано. Я не прападу», — запэўнівала дзеда Алеся.
Прыходзіла Марына. У ліловай даўгой сукенцы з палярынай на грудзях. «Няўжо канцэртная? — абрывалася Алесіна сэрца. — У мяне такой ніколі не будзе». Марына гучна віталася, цалавала маэстра ў шчаку. Даставала печаныя яблычкі, тваражок, пачынала карміць дзеда з лыжачкі. Ні Алеся, ні Лера такога прывілею не атрымлівалі, а Ганна Раманаўна ўвогуле лічыла, што муж кладзецца ў лякарню, каб спакушаць медсясцёр і студэнтак, і яго прынцыпова не наведвала. Да ўсяго жонка пакутавала ад старых балетных траўмаў і пры неабходнасці не хацела выходзіць нават у краму — гатовая была галадаць, каб не тая Лера.
Алеся бачком ссоўвалася з дзедавага ложка, выціскала з сябе «да пабачэння», якое, як у гарачым перадгрымотным паветры, глухла ў Марыніным распеўным стракатанні. Дзед задаволена, бы малы, глытаў тваражок і ківаў у знак развітання галавой. Алеся зноў вярталася ў звычайны свет, дзе было ейнае пасрэднае месца, пакуль яна не пераходзіла «чорную лінію» — не грала джаз.
За пару месяцаў да дзедавай смерці Алесі прыснілася, што дзед з Ганнай Раманаўнай прыйшлі да яе, узяўшыся за рукі, і стаялі ўсміхаючыся. Цётка любоўна патлумачыла: «Прыйшлі да цябе развітацца, пакуль мы разам». Алеся зразумела ў сне, што нехта з іх хутка памрэ. Дакладней, што абодва яны некалі апынуцца на тым свеце, а магчыма, і зараз яны размаўляюць з ёй адтуль альбо з нейкай мяжы паміж гэтым і тым светам. Мяжы, каторая, верагодна, займае гады, але ёсць імгненнем для вечнасці. Толькі невядома, хто з іх сыдзе першым. Алесі было шкада абодвух, але ёй, канечне, хацелася, каб дзед жыў бясконца. Ёй здавалася, што так яно і будзе. Калі табе за трыццаць, а ты ўсё яшчэ ўнучка пры жывым дзеду, паўстае ілюзія, што смерць зблудзіла на шляху да любімага табой старога і ўжо ніколі не знойдзе да яго дарогі. Усяляк жа бывае ў наш час! Пры сучаснай медыцыне ды ўлічваючы дзедаў правільны лад жыцця… І да ўсяго думаць пра дзедаву смерць, чакаць яе значыла б добраахвотна адмаўляцца быць дзіцёнкам. Каму ж захочацца губляць такую раскошу?
Дзедава пахаванне прыпала на Алесіну цяжарнасць. Ганна Раманаўна праявіла ўсе неабходныя засцярогі: нябожчыка не цалаваць, на пахаванне не йсці, на дзевяць і сорак дзён не з’яўляцца, а толькі слухаць духоўную музыку і думаць пра будучае дзіцё. Унучка развіталася з дзедам па адпяванні ў царкве. Выходзіла з сабора на вуліцу й сказала сабе: «Ну вось, бачыліся апошні раз. На гэтым свеце». Лера, таксама цяжарная, але таемна, бо яшчэ незамужняя, прайшла праз усе жалобныя рытуалы. Тым не менш яна нарадзіла здаровую дзяўчынку, і ніякія прымхі не займелі над ёй улады.
Па Кастусёвай смерці Ганна Раманаўна адасобілася ад усёй мужавай радні. Яны тэлефанавалі, заходзіліся без папярэджання — усё спрабавалі яе ратаваць ад немачы і адзіноты. Ганна Раманаўна трымала абарону. Вакол яе раптам утварылася кола з кроўнай радні, разбэрсанай дагэтуль па правінцыі. Нават Ігар, улюбёнец абодвух старых, які прыехаў на пахаванне і хацеў да свайго ад’езду хоць неяк быць карысным цётцы, не прабіўся на аўдыенцыю ў дзедаву кватэру. Стасункі зрабіліся вельмі афіцыйнымі і адчужанымі. Ганна Раманаўна выяўна адважвала іх ад дома. Там ішла праца: ператрасалі дзедавы паперы, афармлялі спадчыну, аддавалі Леру замуж, прадавалі машыну, здавалі гараж. Адлучаныя ад дзедавай сям’і, Ада з Алегам толькі пераглядаліся і казалі: «Мы гэта ўжо аднойчы праходзілі. Цётчына вераломства не ведае межаў».
Алеся паглыбілася ў перадродавыя клопаты і раз на тыдзень тэлефанавала дзедавай удаве. Калі па тэлевізары паказвалі перадачы пра маэстра, жаданне зноў апынуцца ў ягоным доме рабілася асабліва моцным. Што яна спадзявалася знайсці ў тым некалі гасцінным прытулку? Магчыма, у ёй тлела дзіцячая вера ў цуды, у тое, што дзед жывы, сядзіць у сваім фатэлі пад таршэрам, прыкрытым празрыстай шыйнай хусцінкай, і не падыходзіць да тэлефона праз слабасць. Але свет гэты схлопнуўся для Алесі — нельга было заскочыць да старых па дарозе на «Камароўку», перад дзедавым канцэртам у філармоніі, перад сваім выступам у наваналепленых па ўсім цэнтры кавярнях. Яна зрабілася звычайнай, як усе астатнія людзі, — яна болей не была дзедавай унучкай, не была дзяўчынкай, не была дзіцём.
Месяцы два перад родамі Алеся не магла болей сядзець за інструментам і кампутарам — дзіцёнак пратэставаў, а яна сама задыхвалася. Джэм-сэшны былі адкладзеныя, але прыватныя заняткі яна магла стоячы праводзіць да самых родаў. Не было як пісаць і-мэйлы Жэні, Ігару. Слала толькі кароткія эсэмэскі, зрэдку выходзіла ў «Скайп» і «Фэйсбук». Здавалася, што насычанае творчае жыццё з любімымі і цікавымі людзьмі мінула незваротна. Цяпер заставалася толькі ўласна свая сям’я, дзе яна не ўмела быць такім моцным энергетычным цэнтрам, якім некалі быў для іх, унукаў, дзед.
Нованароджаны сын, патрабавальны, безабаронны, правёў рысу паміж адносна бестурботным жыццём удваіх і кругласутачным клопатам пра немаўля. Алесю падтрымлівала і радавала тое, што малы быў выліты прадзед, чым яна не прамінула пахваліцца Ганне Раманаўне ў надзеі яе заінтрыгаваць.