Литмир - Электронная Библиотека

«З чаго б яму быць падобным да Кастуся? Гэта ён, відаць, у бацьку твайго пайшоў», — адрэагавала тая. «Старая не хоча нас бачыць. Альбо блытае мяне з Лерай», — панура рабіла выснову дзедава ўнучка.

Гэтак, як маятнік, прайшлі тыя два гады: то яе пацягне з’ездзіць да цёткі, дапамагчы ёй, пагутарыць, паказаць маленькага сына, то адштурхне холаднасць дзедавай другой жонкі. Цяпер жа, калі малы падрос, а ў Ганны Раманаўны быў юбілей, Алеся проста паставіла яе перад фактам, што зойдзе. Трэба было супакоіць сумленне.

…За першыя месяцы пасля родаў Алеся навучылася лічыць кожны рубель: вучняў не было, муж зарабляў дробязь — не ў пераходзе ж яму спяваць. Калі сыну споўнілася месяцаў сем, яна вырашыла вярнуцца да прыватных урокаў. Ізноў пацяклі грошы, ізноў Алеся не лічыла іх, як і вучняў: баялася спудзіць удачу. Але бядняцкі страх перад тым, што ў краме не будзе чым разлічыцца, застаўся.

Алеся стаяла ў мікрараённым гастраноме і разважала, які пачастунак прынесці Ганне Раманаўне. Цукеркі «Маэстра»? Але ж гэта цётчына свята, а не дзедава. Торт? А раптам у іх там ужо напечана пірагоў, як было раней? Цукеркі выглядаюць больш элегантна, а торт — банальна. Але цукеркі — куртаты прэзент, а торт — салідны. Пры гэтым цукеркі даражэйшыя, а торт таннейшы — а што, калі яе палічаць скнарай? Яна і сапраўды зрабілася скупой, ашчаднай да абсурду ўва ўсім, што не датычылася дзіцёнка. Урэшце яна купіла больш-менш прэзентабельны торт-рулет, які чамусьці называўся «пірожнае “Світанак”».

Насустрач ветру, у нязручнай пан-аксамітнай сукенцы з запахам Алеся рушыла з перавязанай каробкай на прыпынак аўтобуса (зноў жа каб не плаціць за паркоўку, бо каля дзеда цяпер не прыб’ешся на машыне). Яна другі раз за паўгода ехала ў цэнтр на транспарце і пачувалася іншародным целам. Тут былі іншыя, чым у ейнага атачэння і вучняў, твары. Іншыя выразы на іх, чым на «мордачках» распрацаваных стылёвымі дызайнерамі машын. Хацелася быць ветлівай, саступаць усім месца (сама ж яна села на канцавым прыпынку), але каробка з тортам, сумачка, парасон… Хацелася не слухаць музыку з чужых навушнікаў, не дыхаць потам асабліва фанатычных артадоксаў. Алеся думала: «Ці ёсць апраўданне таму, што я цягнуся на транспарце? Ах, так, ёсць: рамантуюць дарогу, пробка на стрэчнай паласе. Буду думаць, што я паступіла правільна».

Метро, вуліца. Алеся адвыкла ад гэтых людзей. Калі жывеш сярод каляровых новабудоўляў на ўскрайку Менску, дзе кучкуюцца правінцыялы-трасяначнікі і другое-трэцяе пакаленне распладзіўшыхся менчукоў, а цёплай парой з’язджаеш на лецішча ў Нарачанскім краі, то цэнтр падаецца клаакай чужародных вобразаў. Як мага хутчэй Алеся прайшла кавалак дарогі ад метро да дзедавага дома і сто разоў пашкадавала, што не пераапранула пасля рэпетытарства пан-аксамітную сукенку. Яна панадзіла моду шыць сабе для заняткаў з вучнямі тры строі на год. Ці тое канцэртныя, ці тое вячэрнія, ці тое арыстакратычныя — для вечаровых праменадаў па садзе з ружамі старых сартоў. Але тое, што ўражвае вучняў і падыдзе для машыны, вылучала яе сярод навакольнай кітайшчыны як белую варону. Ненафарбаваная, белабрысая, у яшчэ дародавай нарвежскай куртачцы, у туфлях а-ля саракавыя гады Алеся неяк бокам прапіхвалася супраць ветру ў прасторы. Дабегчы да старога ўтульнага свету і схавацца на цётчынай кухні, у дзедавым кабінеце. Хай Ганна Раманаўна будзе, як заўжды, лаяць, што маргарын ўзяла нажом з сярэдзіны круглай баначкі, а не з боку, хай дзед ужо не прыхіне да свайго вялікага, мажнага цела і не расцалуе ў абедзве шчакі, але там будзе знаёмая атмасфера спакою, далікатнасці і разумнасці.

Алеся падышла да дзедавага пад’езду. Пахла травеньскай лістотай, язмінам, кветкамі. Зірнула ўгору на шыльду: ніколі не памятала дакладна нумару кватэры, а дзедава і апошняя кватэра ў гэтым пад’ездзе адрозніваліся на дзясятак. Пазваніла ў дамафон. Паехала на ліфце. Яна адважвалася на гэта толькі цяпер, ужо пажыўшы на дзявятым паверсе дваццаціпавярховіка. Неяк яшчэ маленькай Алеся захрасла ў гэтым ліфце разам з бацькамі. Плакала ці тое са страху, ці тое на ўсялякі выпадак. Дзед праз дзверы суцяшаў яе, як мог — нават спяваў. Калі ж іх нарэшце вызвалілі з ліфта, Алеся адчула, што ў гэтым жыцці ў яе ёсць абаронца. Дзед, у дыхтоўным шаўковым халаце паверх фраку, стаяў з кухоннай сякерай для мяса ў руках, гатовы сячы дзверы ліфта, калі своечасова не прыйдзе дапамога.

Падвойныя дзверы адчыніла Ганна Раманаўна — у старэнькай паркалёвай сукенцы, нязменная, родная. Жанчыны абняліся. Алеся павіншавала цётку, але пасаромелася пытацца, ці ў той сапраўды юбілей. Зняла куртку, разулася, абула шытыя ў васьмідзясятыя гады пантоплі з дывана і пайшла паставіць на кухню торт. Ганна Раманаўна пляскала ад захаплення ў далоні: «Якая сукенка! Якія туфлі! Калі я вучылася ў гімназіі, я насіла такія ў царкву!» Дзедава ўнучка з гонарам абвяшчала: «Сукенку я сама шыла». Цётка потым на працягу ўсяго Алесінага візіту пыталася: «Дык хто, скажы ты мне, шыў сукенку?» Ізноў нехта званіў у дзверы, і Ганна Раманаўна, не даслухаўшы, войкала і бегла адчыняць.

Прыходзілі дзедавы вучні — самі вялікія асобы з славай і пасадамі. Прыносілі кветкі, віно, цукеркі. Цалаваліся з імянінніцай, стоячы ў прыхожай, кораценька прабягаліся па ўспамінах і выпраўляліся па сваіх справах. Цётка чакала галоўных гасцей, якія мусілі прыйсці ўвечары. Алеся з палёгкай уздыхнула: яна яшчэ паспее ўцячы дахаты, зайсціся ў крамы ў цэнтры, пагуляцца з сынам перад рэпетытарствам.

Яшчэ нехта прыйшоў. Маладыя дзяўчаты. «Кастусёвы студэнткі», якіх Алеся, дарэчы, ніколі раней не бачыла. Адна чорненькая, другая беленькая — класічная сяброўская пара. Праспявалі Ганне Раманаўне «Многая лета». «Ты хто, сапрана?» — запыталася дзедава жонка ў чорненькай. «Я не ведаю», — флегматычна адказала тая. Алеся напружылася. Сказваліся гады рэпетытарства: каб дзеці паступалі, яна мусіла хоць-калі быць тыранічнай настаўніцай. А тут такая размазня. Алеся ледзьве стрымлівалася, каб не прачытаць лекцыю. Дзедавай мудрасці і ўмення размяжоўваць працу і адпачынак у яе не было. Магчыма таму, што яна займалася з вучнямі дома, а не ва ўстанове.

Дзяўчаты павіталіся з Алесяй. Ганна Раманаўна прадставіла яе: «Родная ўнучка маэстра. Па ягонай кроўнай лініі». Алеся нават здзівілася такім пампезнасці і гонару, якія дасталіся ёй пасля дзедавай смерці. Беленькая запанібрата прамовіла: «А мы цябе ведаем. Мы твае фатаграфіі і малюнкі ў альбоме маэстра бачылі». Алеся скурчыла ветлівую міну: «Мне вельмі прыемна». Прыемна ёй не было. Гэтыя дзяўчаты гадоў на пятнаццаць маладзей за яе, студэнткі-другакурсніцы, а ўжо «тыкаюць». Алеся магла зразумець якіх-небудзь немцаў, у якіх казаць «ты» — значыць дэманстраваць давер, салідарнасць і шырыню поглядаў, але камісарскае «ты» ад гэтых малалетак яе напружвала. Самі, бадай, «Юліі Віктараўны» для якой-небудзь малечы ў летнім лагеры.

Да таго ж фоткі! Пра іх толькі і было гаворкі: каму яны застануцца ў спадчыну? Лерынаму міліцыянеру дзедавы альбомы наўрад ці патрэбныя. У лепшым выпадку запхнуць у які-небудзь правінцыйны музей, і не ўбачыць радня Кастуся з роварам у Вільні, з вясковым хорам у дзеда на вакацыях, з каралевай прыгажосці ў 38-м годзе ў Ашмянах. Унукам дзед даваў глядзець альбомы ўласнаручна, пад наглядам і з каментарамі. Кожная фатаграфія была падпісаная і суправаджалася расповедам пра тое, калі яна здымалася, як рабілася і чым адметная. Дзед любіў фатаграфаваць. Старыя здымкі захавалі для нашчадкаў дасавецкую, зусім нядаўнюю Беларусь, якую яны дрэнна ведалі, бо мала засталося людзей, здольных гэтую незатурканую, незмардаваную і не няшчасна калгасную краіну прадстаўляць. Фатаграфіі накшталт Алеся сустракала ў сваіх нарвежскіх сяброў-джазменаў. Але вось у дзедавых альбомах пайшлі пасляваенныя гады: беднасць, спрошчанасць, стандарт. Толькі вясковыя здымкі, зробленыя на прадзедавай радзіме, чамусьці не страцілі дыхтоўнасць. Так, ёй паказвалі менскія знаёмыя сваіх бабуль-прыгажунь у каракулевых футрах. Ды нават калі менскі твар 30–50-х гадоў сыты, на ім шкляныя галодныя альбо пакутніцкія вочы.

13
{"b":"828985","o":1}