Каб не размаўляць з цётчынымі памагатаркамі, Алеся пайшла на кухню. Ісці без запрашэння ў залу альбо ў кабінет маэстра яна не рызыкнула. Нечакана толькі цяпер Алеся звярнула ўвагу на тое, якая небагатая па сённяшніх часах у дзедавай жонкі абстаноўка. Нефарбаваныя ручной работы шафкі, старэнькая лядоўня, дзверцы якой нельга моцна цягнуць за ручку, бо адваляцца, інвалід-кран, які нельга туга закручваць, бо сарвецца. Жасцяныя банкі ў гарошак — цаглянага колеру, з надпісамі па-літоўску і па-руску. У васьмідзясятыя гады гэтыя кантэйнеры адмыслова везліся з Вільні Ганнай Раманаўнай — сабе і палове дзедавай радні. Пустыя каробкі ад замежных шакаладных цукерак. Цэлафанавыя пакецікі за хлебніцай. Зараснікі кветак. Тое, што амаль трыццаць гадоў таму ўспрымалася як шык, сёння выдавала цётчын узрост, адзіноту і статус удавы мужчыны, які болей дбаў пра творчасць, чым пра побыт.
На кухню ўвайшлі дзяўчаты. Беленькая ўсяляк падкрэслівала сваю абазнанасць у гаспадарцы Ганны Раманаўны. Чорненькая пакорліва выконвала загады сяброўкі: мыла фрукты, наразала, раскладала па вазачках. Алесі даручылі сервіраваць стол. Яна ўзрадавалася: нягледзячы на сваё фіяска ў дзяцінстве, Алеся любіла гэтую справу. Для яе было святам падабраць настольнік, выбраць адпаведны посуд. Праўда, яна асцерагалася вычварэнняў з упрыгожаннямі: кветкі, свечкі лёгка было зачапіць, перадаючы хлеб ці стравы. Адзінае, што на Вялікдзень і Раство заўжды стаяла ў іх з дзедам на стале якая-небудзь адмысловая свечка: курачка-піяністка альбо калядная козачка.
Алеся ўвайшла ў залу. Наўкола віселі дзедавы партрэты, напісаныя прыхільнікамі і сябрамі, цётчыны фатаграфіі са спектакляў. У куце каля вакна пыхліва выпячваў губы дзедаў бюст, замоўлены ў знакамітага скульптара. «На магілу сабе, відаць, прыгатаваў», — кпіў з бацькавай пыхі Алег. Але не, на магілу рыхтавалі, як тлумачыла Ганна Раманаўна, нейкую манументальную кампазіцыю. «Спадзяюся, — разважала Алеся, — яны не зробяць фано ў поўны рост з прыліплымі да яго дзедавымі рукамі». Цётка мела даволі своеасаблівае ўяўленне пра тое, як ушанаваць памяць мужа. Ігар, які аплочваў усю задуму, распавядаў сястры, што ледзь утаймаваў фантазію ўдавы і ўгаварыў цётку не ўторкваць у памятку абрысы кансерваторыі, царквы і Віленскай Вострай Брамы. «Лепей бы яго на прадзедавай радзіме пахавалі, я мог бы нават паставіць капліцу! А то запхнулі ў куток з функцыянерамі… Няўжо дзеду не знайшлося месца на алеі з музыкамі ягонага кшталту?» — абураўся ўнук.
Ад рытуальна-ўшанавальных роздумаў Алесю адарвала Ганна Раманаўна. Яна вызвалілася ад чарговых наведнікаў, а дзяўчаты корпаліся за яе на кухні. «Пойдзем са мной!» — загадкава і ўрачыста прамовіла дзедава жонка, і яны накіраваліся па доўгім калідоры з партрэтамі і ўзнагародамі маэстра ў ягоны кабінет. Тут нічога не змянілася. Яшчэ ў дзяцінстве Алеся выпрацавала звычку запамінаць падрабязнасці кабінетнай абстаноўкі. Дзед прывучыў яе знаходзіць пры кожнай сустрэчы навінкі. Імі былі незвычайныя свечкі з калекцыі, каторую дзед збіраў у паездках і на гастролях. Старога моцна расчароўвала, калі Алеся памылялася альбо разгублена не магла распазнаць новы экземпляр. Чамусьці дзед быў упэўнены, што ўнучка будзе мастаком і ёй трэба трэніраваць назіральнасць і зрокавую памяць. Алеся ж магла дасканала паўтарыць, пра што вялася апошні раз гаворка, якія творы выконваліся на нядаўнім канцэрце, але гэтыя візуальныя дробязі… Усё ж яна не магла расчараваць новапрыдбанага дзеда — такога асаблівага ды яшчэ з сабакам Цімкам! Трэба было працаваць над сабой, і таму яна займалася ў ізастудыі, дарыла старому малюнкі ягоных выступаў і свядома запамінала знешнія дэталі.
Узнагародай за старанне была дэманстрацыя бара. Адчынялася паўкруглая шафка, яе люстраная сярэдзіна круцілася дзедавай прыгожай рукой, міналі нейкія бескарысныя бутэлькі і з’яўляліся нарэшце яны — цукеркі! Такіх дакладна не прадавалі ў крамах, як і свечкі з дзедавай калекцыі. Але, у адрозненне ад апошняй, новыя цукеркі Алеся заўжды магла распазнаць у чароўным сховішчы.
Дзяўчынцы дазвалялася таксама назіраць, як дзед паджартоўвае з якой-небудзь студэнткі-першакурсніцы. Унучка, студэнтка і сабака запрашаліся ў кабінет. Спачатку раздаваліся неверагодныя цукеркі. Потым дзед даставаў чарачку-напарстак, націскаў на вянец статуэткі-анёла і той сікаў каньяком. Студэнтка чырванела, ад напою адмаўлялася альбо настойвала: «До! До!» Дзед расплываўся ва ўсмешцы, відаць, задаволены сваімі спакушальніцкімі чарамі і пачуццём гумару, і каментаваў: «До — гэта до. А вось не на “до” — гэта не на “до”!» Студэнтка ўсаджвалася за інструмент, а ўнучка з сабакам адпускаліся на кухню пад нагляд дзедавай жонкі. Узгадаўшы гэта, Алеся саркастычна ўсміхнулася: яна б не здзівілася, калі б даведалася, што студэнткі гэтыя маглі выпіць каньяку значна болей, чым можа прадаставіць анёлава «мача».
«Не смейся! — строга загадала Ганна Раманаўна, — Гэта ўрачысты момант». Алеся пырснула са смеху: гэткая сур’ёзнасць з боку цёткі была вельмі нечаканай. «Сядай вось сюды, да стала», — загадала дзедава жонка. Алеся пасумнела: звычайна за стол саджаў яе дзед — напісаць пісьмо па-ангельску ці па-нямецку, паказаць новыя фатаграфіі, набраць нумар брата Антона ў Польшчы альбо кампазітара, чый твор маэстра выконваў на ўчарашнім канцэрце. Машынальна ўнучка заўважыла некалькі новых рэчаў на раялі: ікону ў залатым акладзе, цётчыны старыя фатаграфіі і маленькі белы пакуначак, перавязаны бліскучай тасьмой.
Дзедава ўдава па-змоўніцку прамовіла: «Ты ведаеш, што вы належыце да старога праваслаўнага роду…». Алеся прыкусіла язык, каб не паправіць, што прапрадзеды іх лічылі сябе ўніятамі і не хацелі прызнаваць змененага на праваслаўны манер прозвішча. «Твой прадзед збіраў усё жыццё золата». Алесі рабілася ўсё весялей. «І вось перад смерцю загадаў перадаваць сваю спадчыну толькі мужчынам, бо жанчыны хцівыя і іх нельга дапускаць да скарбаў. Пасля таго, як Кастусь адышоў, я падзяліла ўсё сямейнае дабро. Большую частку атрымаў Ігар. Алег, твой бацька, заўжды быў мамчыным сыночкам, і Кастусь не захацеў бы зрабіць яго сваім спадкаемцам. Ада — дзеўка. Астатняе я раздала сваім сынам і ўнукам. А як у цябе нарадзіўся хлопчык, ты павінна атрымаць сваю долю і перадаць яму. Хай памятае, якое страшнае было дваццатае стагоддзе. Я як успомню, што амаль усіх нашых хлапцоў з гімназіі забіралі проста з урокаў… А Кастусь ужо быў студэнтам і хаваўся на нейкім літоўскім хутары на хлеўчыку. Потым вывучыўся, скончыў аспірантуру і ажаніўся з Соняй. А гэта я накіроўвала яго і падбухторвала займацца музыкай. Інакш быў бы ўрачом, як ягоны старэйшы брат, бо таго хацела свякроў. Хто заўгодна можа быць урачом! Гэта рамяство!» Дзедава ўдава спынілася і падсунула да Алесі ікону і белы пакуначак. «Разгарні!» — загадала старая. Алеся паслухмяна развязала тасьму, раскруціла цалафан і касметычную ватную падушачку, у якой ляжала залатая дзесяцірублёвая манета. «Гэта Мікалай Другі. Ён святы пакутнік. Можна прасвідраваць дзірачку і павесіць малому на шыю замест крыжа». Алеся сумнявалася, што ахрышчаны ў прыпадку гістарычна-палітычнай праўды грэка-католікам сын будзе насіць на шыі расейскага цара. Але няхай. Падорыцца на шаснаццаць гадоў, а далей хай сам вырашае.
У Алесі варухнулася здагадка аб прыродзе гэтай манеты. Некалі дзедаў бацька ўмудрыўся перад самым аб’яднаннем Беларусі прадаць бабы Соніным продкам сваю спадчынную зямлю. Прадзеды паходзілі з суседніх вёсак, хоць потым і ўсталяваліся ў Вільні. Бабы Сонін бацька фанатычна ставіўся да зямлі і ніколі не забываўся на свае сялянскія карані. Кастусёў жа бацька перакаваўся на мешчаніна і малой радзімай амаль не цікавіўся. Соніна сям’я з радасцю ўхапілася за магчымасць пашырыць «уладанні», якія потым, вядома ж, страціла ў калектывізацыю. Лічылася, што зямля была прададзеная ім гэткай неспакойнай парой наўмысна — ды яшчэ за цэлых 700 залатых рублёў! Кастусю, нават калі ён ажаніўся з Соняй, не маглі прабачыць вераломства продка. Ада з Алегам меркавалі, што бацькі праз гэтыя грошы і разышліся, бо Соня не-не ды ўзгадвала мужу гэтую сямейную крыўду. Відаць, дзеду, затурканаму папрокамі, нічога не заставалася, акрамя як кінуцца ў абдымкі вечна закаханай у яго і ўжо разведзенай жончынай сяброўкі.