Литмир - Электронная Библиотека

«Ікона гэта вашая, Соніна. Вісела яшчэ ў хаце твайго прапрадзеда — той, дзе зараз тваё лецішча. Гэтай іконай бласлаўлялі Кастуся і Соню ейныя бацькі. А шлюб у іх быў несапраўдны: распісаліся за сталом з графінам і гранёнай шклянкай на чырвоным кумачы. Мы таксама не венчаныя. Так што я лічу, што ніколі не была замужам», — расставіла кропкі над «і» Ганна Раманаўна. Алеся ўнутрана ўзвілася. Яна любіла дзеда і бабулю Соню, і хоць дзед Віктусь быў ёй бліжэй за роднага, дзяўчына часам адчувала злобу да разлучніцы-цёткі. А зараз высвятляецца, што яна нават не мела дачынення да Кастуся. Можа, новую ахвяру кахання сабе нагледзела?

«Ганна Раманаўна, — уварвалася ў кабінет бялявая, — гарбату заварваем альбо чакаем да вечара?» Алеся і дзедава ўдава вярнуліся з мінулага ў сучаснасць. «Дарэчы, — камандавала памагатарка, — мне патрэбная працоўная кніжка маэстра. Трэба высветліць сякія-такія даты для музея». Бялявая пераможна зірнула на «венцаносную» ўнучку. Так, Алеся ўжо не мела дачынення да «двара». Ганна Раманаўна ўсхапілася і махам адчыніла шуфляду пісьмовага стала. У Алесі ажно вочы палезлі на лоб: нават перад ёй дзед толькі прыадчыняў шуфляду, каб дастаць запісную з тэлефонамі і адрасамі ці канверт. Праз момант унучка супакоілася: «Відаць, няма ўжо чаго хаваць. Мяркуючы па ўсім, я апошняя ў спісе спадкаемцаў. Але ж і Ігар — круцель! Не прызнаўся, што захбпаў дабро. Нічога. Што не раздалі сваім, цяпер панясуць вось гэтыя малалеткі». Алеся змрочна назірала, як бялявая з цёткай корпаюцца ў дзедавых паперах. «Які бардак! — абуралася Ганна Раманаўна, — Лера ж усё прыбірала!» «Ага, — злосна каментавала пра сябе Алеся, — шукала тэстамэнт». «Нічога страшнага, — падбадзёрвала гаспадыню студэнтка. — На вакацыях навядзём парадак. Болей жа тут няма каму дапамагчы», — дзяўчына кідала асуджальны позірк у бок унучкі маэстра. «Ну-ну, — адбрэхвалася ва ўнутраным дыялогу Алеся, — паглядзела б я на цябе, як бы ты, лічы, адна немаўля гадавала, зарабляла грошы і прабівалася праз заслоны варожага клану».

Усё стала на свае месцы. Зноў нехта заняў прастору паміж Алесяй і Ганнай Раманаўнай, якая не замяніла памерлую Соню мужавым унукам. «Гэта кроў не вада, — суцяшала сябе маладая жанчына, — а нам яна чужая, хай сабе і цудоўная, і любімая». «Яна нас не палюбіць», — адрэзала Алеся няісную пупавіну. Дзедава ўдава ўжо тлумачыла дзяўчатам, хто абдымае яе на выстаўленых фотках. Гэта былі калегі па тэатры, студэнты маэстра — усе закаханыя ў зграбную прыгажуню Ганну, гэтак шчасліва замужнюю за неверагодна таленавітым і пародзістым мужчынам. Алеся пачала падазраваць, што гэтыя кавалеры мелі нейкія шанцы, што студэнтка слухае зусім іншыя гісторыі — не пра гімназію і беларускую мову. Але гэта багема. З добрымі каранямі, устойлівая па жыцці, непітушчая, але ўсё ж багема. А Алеся — рэпетытарка, у якой стрыечная сястра ўдала выйшла замуж за джазмена-нарвежца. Адымі ў Алесі «гастролі», і што застанецца? Муж, сын, сям’я, лецішча — іхняе радавое гняздо.

Стомленая сумнымі развагамі, Алеся пайшла ў залу. Даставаць посуд, накрываць на стол. З цётчынага, яшчэ віленскага, разнога камода маладая жанчына пачала даставаць кубачкі і сподачкі. Здаецца, раней на дзедавых прыёмах сервізаў хапала. Цяпер жа трапляўся ў асноўным разнамасны посуд. Алеся змучана шукала больш-менш прымальны набор, але нічога вартага не знаходзілася. Дарма дзед адмаўляўся ад «венікаў» і «чарапкоў» і вярнуў ёй прывезены з Англіі белы з рэльефнымі фруктамі сервіз Веджвуд. Яна вазіла за сабой гэты цяжкі парцалян са здыманай кватэры на кватэру, пакуль не асела ў новым мікрараёне і не пачала частаваць з яго сваіх нешматлікіх гасцей.

Нарэшце Алеся нашкрабла чатыры аднолькавыя кубкі са сподачкамі, расставіла іх разам з талеркамі на круглым стале, усярэдзіну прыстроіла каля вазы з кветкамі нарэзаны дзяўчатамі торт, фрукты і шакаладныя цукеркі. Уражанне было такое, што зараз усё гэта спаўзе з маленькага століка, і незразумела было, як вакол яго размяшчалася ўся радзіна. Бялявая і чорненькая прынеслі чайнік, прыляпілі яго збоку, потым вырашылі адразу разліць гарбату па кубках. Дзедавай унучцы гэта падалося няправільным, але яна разумела, што больш не мае права голасу. Палілбся нямоцная, светленькая гарбата, якую дзед назваў бы памыямі. Алеся ледзьве стрымлівалася, каб не зрабіць заўвагу.

Раптам пазванілі ў дзверы. Усярэдзіне кватэры ўзрадавана застракатала Ганна Раманаўна. Дзынкнула дэкаратыўная ліра на дзвярах — запусцілі гасцей. Алеся разам з астатнімі выйшла насустрач. Марына са світай. Высокая, ружовая, светлавалосая. Усё гэткая ж поўная, але, здаецца, ні на грам не патаўсцелая пасля родаў, у адрозненне ад унучкі маэстра. Алеся ўжо ведала, што Марына нарадзіла сына крыху раней за яе. Як казала дзедава ўдава, невядома ад каго. «Няўжо ад яго?» — здзіўлялася пра сябе Алеся. «Але ж гэтага не можа быць: яму было амаль дзевяноста! Відаць, пераемніца напускае туману, каб лічылі яе за спадкаемцу не толькі ў музыцы». Адзінае падавалася Алесі пэўным: тое, што дзед намаліў дзяцей жанчынам, каторых любіў.

Марына ў суправаджэнні маленькага лысага акампаніятара і незнаёмца разрэзала прастору прыхожай, як «дзесяціпавярховы» карабель разразае роўнядзь гавані. Пераемніца павіталася з усімі з вышыні сваёй недасяжнай вялікасці. Удавана радасна «пазнала» Алесю. Скрыпач-акампаніятар выхапіў яе вачамі сярод прысутных і сапраўды прыязна кіўнуў галавой. Ён быў са старой дзедавай гвардыі — той самы чалавек, які запраўляў дзедаву машыну ў гэтую першую сустрэчу на запраўцы. Марына прадставіла незнаёмца: нямецкі кампазітар, чые творы выконваў маэстра, заязджаўся да вас тады й тады. Цётка істэрычна, уголас пачала разважаць, ці яна насамрэч ужо бачыла госця. Пераемніца мякка, як малой, тлумачыла, што ёсць нават фатаграфіі, якія задакументавалі тыя візіты. Ах, так! Ну вядома ж! Цяпер Ганна Раманаўна магла запусціць чужынца ў хату. Алеся хіхікнула пра сябе, і ўся працэсія ламанулася без запрашэння ў дзедаў кабінет. Акампаніятар, мінаючы ўнучку маэстра, вінавата развёў рукамі. Студэнткі зарулілі ў залю. Цётка як растала. А Алеся засталася стаяць у прыхожай. Падумаўшы, яна неахвотна далучылася да дзяўчат.

Тыя ўжо выграбалі з камоды, што траплялася пад руку, не зважаючы на колер і малюнак. Новыя кубкі нагрувасцілі стосікам на стале. Студэнткі прыжмурылі вочкі і вырашылі здымаць налітыя кубкі са сподачкаў і раскладаць у апошнія торт, бо на талеркі не было месца. Алеся ўжо не магла гэта спакойна назіраць:

— Але ж сподачак выконвае пэўную функцыянальную ролю пры кубку!

— Якую? — рыкнула бялявая.

— Ну, напрыклад… Раптам вадкасць выплюхнецца?

— Мы акуратна піць будзем.

— А калі я захачу сесці папіць гарбаты на канапу?

— Дык што?

— На што я кубак пастаўлю?

— На вісу патрымаеш.

— Але ж гэта не элегантна.

Студэнткі пераглянуліся. Паціснулі плячыма і працягвалі раскладаць торт па сподачках. На дзедавым інкруставаным стале ўтвараўся інтэрнатаўскі хаос. «Ну, калі тут цяпер такія ліберальныя парадкі!..» — кіданула моладзі Алеся і пайшла ў кухню. У калідоры яна сутыкнулася з Ганнай Раманаўнай, якая курсіравала паміж кабінетам і спальняй. «Раскладзіце стол!» — загадала дзедава ўдава. «Ах ты», — раззлавалася на сябе Алеся. «Дык вось чаму мы так лёгка маглі сесці за яго ўсе разам!» Але было ўжо позна. Перакладаць торт на талеркі, мыць сподачкі не хацелася. З іншага боку, яна магла сабе ўявіць, які вэрхал пачнецца, калі цётка ўбачыць, што дзяўчаты зрабілі са святочным сталом. Ганна Раманаўна якраз зазірнула ў залу. Але не: тое, чаго не прабачылі б унучцы маэстра ці Леры, сышло студэнткам з рук.

Алесі зрабілася зусім сумна. Ніколі яна, здаецца, не пачувалася тут як дома. Раней дзедаў снабізм і цётчына падазронасць да мужавай радні часта зводзілі на нішто ейную шчырасць. Цяпер жа ў хаце гаспадарылі чужыя людзі, а яна зноў стаяла на абочыне, хоць і бавілася ў гэтай сям’і ледзь не трыццаць год. Сёння Алеся была снобкай, бадай, горшай за дзеда, а Ганна Раманаўна трапіла пад уплыў людзей, якія зрабілі менавіта яе, а не ўдаву вядомага піяніста зоркай.

15
{"b":"828985","o":1}