Цётку можна было зразумець: творчая асоба, яна амаль пяцьдзясят гадоў хавалася ў ценю свайго другога мужа. Ён быў не толькі трафеем кахання, але і хмарай, якая захінула Ганну ад асабістай славы, прыхільнікаў, першых роляў у свецкім жыцці. Пасля сканчэння балетнай кар’еры жонка маэстра пайшла на пенсію, не выкладала, а толькі займалася хатняй гаспадаркай, гатоўкай палудняў для мужа і ягоных знакамітых і не вельмі гасцей, а таксама для ягоных дзяцей і ўнукаў. Па меркаванні Ады, Ганна Раманаўна баялася адлучыцца ад прыдбанай уласнасці і, як вартавы пёс, сцерагла маёмасць і любвеабільнага маэстра. А іх было так шмат: верагодных спадкаемцаў з мужавага боку і спакусніц. Дзякаваць богу, большасць Кастусёвых унукаў раз’ехалася за мяжу, пакінуўшы Ганну законнай уладальніцай свету, які яна дбайна стварала апошнія пяцьдзясят гадоў. Суперніцы ж пастарэлі, як і маэстра, а некаторыя нават памерлі.
Ганніным трыумфам была Соніна смерць. Кастуся тады не было дома. Ён збіраўся ехаць на малую радзіму, бо яго запрасілі на адкрыццё помніка знакамітаму паэту Яўгену С. — земляку і таварышу па гімназіі. Тут якраз патэлефанавала Ада і паведаміла пра смерць маці. Ганна разгубілася. Пачала думаць, як паведаміць навіну і не выдаць сваіх супярэчлівых перажыванняў: шкадавання, палёгкі… Потым перахацела ўвогуле нешта казаць, паглыбляцца ў смутак, глядзець на Кастуся ў жалобе. Нарэшце зусім забылася.
Дзеці чакалі яго. За пару дзён да здарэння Кастусь сказаў ім, што будзе побач з Соніным лецішчам — у Яўгенавай вёсцы. Пахаванне маці, здавалася, можна будзе хоць неяк ператрываць, бо яшчэ заставаўся бацька. Але ён не прыехаў. Вярнуўшыся ў нядзелю вечарам з урачыстасцяў, Кастусь па чарзе патэлефанаваў дзецям і перадаў прывітанне з роднай зямелькі. З Адай пасля таго здарылася істэрыка, схапіла сэрца — мусілі выклікаць хуткую дапамогу. Алег скрыгатаў зубамі.
Ганна ўзгадала пра смерць сяброўкі і папярэдніцы толькі праз некалькі дзён, ужо пасля вяртання мужа з Нарачанскага краю. Гэта быў страшэнны скандал. Ганна рыдала, Кастусь гатовы быў ірваць на сабе валасы. Ён не ведаў, як вымаліць прабачэнне ў дзяцей. Паімчаўся на працу спачатку да дачкі — у раённую паліклініку, потым да сына — ва ўніверсітэт. І хоць бацька распавёў ім праўду, горыч ад гэтай гісторыі застаўся назаўжды.
На Ганніна шчасце, дзеці Кастусёвы так і не прабачылі бацьку і засталіся яму чужымі да канца жыцця. Адданая ж Алеся занадта слабахарактарная: на яе дастаткова цыкнуць, і яна ўжо будзе ціха пакутаваць ад сусветнай тугі, але ніколі не стане за нешта змагацца. Як і нябожчыца Соня. Цяпер, на дзявятым дзясятку, Ганне можна было супакоіцца і атрымліваць ад свайго самастойнага існавання асалоду, накшталт той, якую адчуваюць маладыя дзяўчаты на здыманай ці прыдбанай ад бабулек-дзядоў кватэры. У жонкі маэстра такой свабоды ніколі раней не было.
Мелася і яшчэ адна прычына, па якой Ганна Раманаўна і ейная радня так рашуча пасунула Кастусёвых нашчадкаў. Некалі яны ўжо згубілі дом, віленскае радавое гняздо. Калі муж Ганнінай сястры Паўліны памёр, тая пазнаёмілася са сваёй быццам бы стрыечнай пляменніцай. Ніхто раней не бачыў і не ведаў яе. Жанчына клапацілася пра бабку, спачувала той, што гэтак цяжка даглядаць дом без мужа. Урэшце «пляменніца» ўмудрылася купіць у Паўліны дом, паабяцаўшы, што ён будзе заўжды адкрыты для старых гаспадароў. Бабку выправілі да дзяцей і ўнукаў у Беларусь з нейкімі няпэўнымі дакументамі. Скончылася ўсё тым, што аферыстка знікла, прадаўшы, відаць, гораду зямлю, а дом пачаў разбурацца і быў знесены, каб у ім не вяліся бамжы. Паўліне ж унукі казалі: «Бабуля, ты мусіш цяпер жыць як мага даўжэй, бо без папераў і беларускага грамадзянства мы нават не будзем ведаць, як цябе пахаваць». Бабка сумленна трымалася і памерла за некалькі дзён да свайго дзевяностагоддзя.
Лера сцвярджала, што ў дварышчы зніштожанага дома цвілі ружы, пасаджаныя яшчэ Ганнінымі і Паўлінінымі бацькамі. Наўкола стаялі карабельныя сосны, якімі, па Лерыным сведчанні, гандлявала яшчэ прабабка. Алеся цьмяна памятала гэты дом. У дзяцінстве разам з дзедам і бацькамі яны ездзілі да Паўліны з бабы Сонінага лецішча. Да Вільні было зусім блізка, і ехалі яны па брукаванцы, якая была, дарэчы, і ў бабы Сонінай вёсачцы. Больш за ўсё Алесю ўразіла тое, што ў Паўліны, у гарадскім доме, было два паверхі, а пасярод залі стаяў круглы столік і вакол яго — скураныя фатэлі і канапа. Для савецкага дзіцяці гэта было моцнае ўражанне.
Жэня памятала пра віленскі дом больш. Яна расказвала пра спевы вакол стала, гульні ў шарады разам з дарослымі, але Алеся, відаць, нічога гэтага не застала. Пакуль яна падрасла, пастарэў дзед і ўтварыліся межы. Праўда, маэстра хваліўся, што бесперашкодна ездзіць у Вільню, бо жыве па двух пашпартах: на беларускім баку прад’яўляе беларускі, а на літоўскім — літоўскі, атрыманы да 1939 года. Алесі з цяжкасцю верылася ў рэалістычнасць такой аферы, але гіпнатычны шарм дзеда, сапраўды, мог тварыць цуды.
Пра дзіцячыя паездкі ў Вільню Алесі ўзгадвалася, у асноўным, здзіўленне ад таго, што там размаўляюць на нейкай незразумелай мове: не па-руску, не па-беларуску і не па-польску. Дзяўчынка нечакана заўважыла гэта гадоў у дзесяць. Яна разважала, як ператравіць гэтае адкрыццё, і няўмела, у адрозненне ад літоўцаў, ела загорнутае ў цэлафан марозіва ў форме кілбаскі. Чамусьці незнаёмая мова прывяла да адчужэння ад горада маладосці бабуль і дзядоў. Алеся не магла звязаць старыя фотаздымкі і байкі продкаў з сучаснымі вуліцамі, хоць тыя і захаваліся лепей, чым Менск. Вытанчаная даўніна, магчыма, не зусім справядліва, асацыявалася ў дзяўчынкі толькі з бабы Соніным лецішчам, дзе жыла беларуская мова.
Ганна Раманаўна распавядала, што ў пяцідзясятыя гады трапілі яны ўсёй кампаніяй у Менск — былыя гімназісты, якім пашчасціла прысвяціць сябе мастацтву, а не палітыцы. Літоўцы лічылі іх за палякаў, палякі — за рускіх, а хацелася быць беларусамі. Ганна і Соня з жаночай непасрэднасцю пыталіся ў земляка Яўгена С.: «Паслухай, якая ж гэта Беларусь? Тут жа ніхто не размаўляе па-беларуску!» Соня вырашыла для сябе супярэчнасць тым, што засяродзілася на спадчыне бацькоў і адпачывала душой на лецішчы ў вёсцы. А Ганна ўпарта задавала гэтае пытанне ледзь не да дзевяноста гадоў. Дзед маўчаў, бо адзіным дзейсным сродкам уплыву на рэчаіснасць лічыў малітву. Як каментаваў тую жаночую збянтэжанасць вядомы паэт, з цёткі не ўдалося выцягнуць, бо яна звычайна заварочвала размову на гімназічныя ўспаміны. Пра тое, як па закрыцці гімназіі выправілі іх, пяцярых дзяўчат, што засталіся з усяго курсу, у рускую школу, і слова «прастапад» замест «перпендикуляр» выклікала ў новых аднакласніц здзеклівы смех. Як прыйшоў да іх некалі з Кастусём незнаёмец і паведаміў, што дырэктар гімназіі Грышкевіч выратаваўся: скочыў з цягніка, калі яго везлі ў Сібір. Ганна Раманаўна ўспамінала, што пакуль чалавек гэты гутарыў з ёй, яна ўсё цвердзіла, што не ведае ні гімназіі, ні дырэктара, бо гэта магла быць звычайная падстава. Чалавек гаварыў, а цётка ўсё выяўней усведамляла, што гэта гімназіст Зміцер Д. Падчас нямецкай акупацыі Вільні ён быў закаханы ў Ганну і праз сваё чамусьці не падзеленае каханне сабраўся загубіць сябе вар’яцкім чынам: паехаць на працу ў Германію. Грышкевіч выклікаў тады дзяўчыну і ўпрошваў яе пераканаць хлопца застацца, што яна і зрабіла. Паехаў тады Зміцер ужо пасля вайны на ўсход — прымусова адпрацоўваць грэх нацыянальна свядомай адукацыі.
Вось так цэлае жыццё, адгалоскі гістарычных амбіцыяў і палітычных перспектываў захаваліся ў сумбурных успамінах былой балерыны, якая настойліва паўтарала адзін і той расповед, бы мантру. Магчыма, яна баялася забыцца на мінулае, а можа, спрабавала дастукацца да сучаснікаў. Маўляў, глядзіце — вось я, з плоці і крыві, такая, якая ёсць. Праваслаўная віленская беларуска, былая балетная зорка. Усё, пра што вы толькі чулі, адбывалася са мной, і я жывы помнік таму свету, які вы яшчэ хочаце пабудаваць. А ён ужо быў, і ў ім жылі людзі — з цёплай скурай, разумнымі вачамі, таленавітыя і адукаваныя. І хто быў цішэйшы, хітрэйшы ці шчаслівейшы, той выжыў. А хто вытыркнуўся ў «няправільнасць» самім існаваннем сваім, у таго кроў даўно астыла і косці параць зямлю.