Литмир - Электронная Библиотека

Плынь думак перапыніла Ганна Раманаўна. З няёмкасцю цётка пакратала маладую жанчыну за плячо і прапанавала пайсці пазнаёміцца з нямецкім кампазітарам. «Ідзі, — падбухторвала яе старая. — Ты ж зорка. Кроўная радня. Сама па сабе, не за ягонай спінай. Пахваліся. Хай гэты немец бачыць, што Кастусь не дарма пражыў жыццё». Алесю ўскалыхнула спагадлівасць цёткі і жаданне адстаяць гонар маэстра. З вільготнымі вачамі дзедава ўнучка памкнулася была кінуцца ў кабінет, але сумелася. Раптам яна ўявіла сабе, як будзе выглядаць іхняя размова: «Ах, вы ягоная ўнучка! Ах, вы так добра валодаеце нямецкай мовай! Ах, вы граеце фры-джаз!» І потым яны пойдуць піць брыдкую слабенькую гарбату з гэтых страшных разнамасных кубачкаў без сподачкаў. А ён жа немец! Яна вандравала па Германіі. У іх за спіной пакаленні бюргерскай уладкаванасці і дасканаласці. І тое, што робіцца зараз у зале, запомніцца кампазітару як калгас, некультурнасць, выключная побытавая неахайнасць. Гэты стол, сервіроўка, манеры — гэта ўсё не дзед. Гэта поўная яму супрацьлегласць.

Алеся тарганулася ўбок ад цёткі. Потым гэтак жа імпульсіўна абняла і пацалавала яе. Любоў, абурэнне, злосць, прыкрасць ад дзедавай цяпер ужо канчатковай смерці і прысутнасці ў доме чужых людзей пераліліся праз гэтыя дотыкі да Ганны Раманаўны. Маладая жанчына валявым голасам прамовіла, што ёй трэба бегчы дахаты: глядзець малога, праводзіць заняткі. Дзедава ўдава залямантавала, што не адпусціць Алесю галоднай, але справа была вырашанай. Унучка маэстра выйшла з кухні ў прыхожую, пачала абувацца, шукаць куртку пад наваленай на фатэль вопраткай. На галашэнне гаспадыні выскачылі студэнткі. Алеся растлумачыла ім свой раптоўны адыход, усяляк падкрэсліваючы, што яна спадзяецца на разуменне такіх талковых дзяўчынак. Неабходнасць вяртацца да дзіцяці падзейнічала бездакорна. Студэнткі кіўнулі галовамі. Цётка войкнула і пабегла ў кабінет на Марынін прызыў.

Алеся рашуча рушыла да дзвярэй, потым крыху ніякавата азірнулася на бялявую і папрасіла зашчоўкнуць за сабой замок. Гэтак яна сыходзіла другі раз. У свой мінулы візіт сюды яна стаяла адна каля выхаду, а ў глыбіні кватэры цётка вяла хворага дзеда з кабінета ў спальню. Дзед памахаў ёй рукой і сказаў: «Ты такая далікатная. І твар у цябе беленькі і гладкі, як яечка». Усміхнуўся і зноў памахаў. А яна выйшла і зачыніла дзверы, не замкнуўшы іх. Гэта была іх апошняя сустрэча пры дзедавым жыцці.

Раней Алеся не любіла вяртанне з дзедавага дому ў рэчаіснасць. Заклапочаныя людскія твары, грубыя паводзіны паступова змывалі з яе чароўны флёр дзедавага і цётчынага свету. Цяпер маладая жанчына ўздыхнула з палёгкай, вырваўшыся з не зусім зразумелага ёй удовінага балагану. Каля пад’езда Алесю зноў агарнулі травеньскія пахі. Ёй не хацелася злаваць на Ганну Раманаўну — тая была ўсяго толькі бездапаможнай старой, даверлівай да тых людзей, каторыя гатовыя былі ўтварыць яе асабістую, а не маэстраву світу. Алесю прыводзіла ў шаленства зборышча чужаніцаў, якія не адпавядалі ейнаму ўяўленню аб дзедавым сусвеце. З іншага боку, гэта ўсё былі маэстравы знаёмыя, вучні, каторыя насамрэч таўкліся вакол дзеда апошнія некалькі гадоў ягонага жыцця. Гэтыя людзі даглядалі ўжо цяжка хворага прафесара, бо жонку бераглі ад клопатаў і перажыванняў, а для дзяцей і ўнукаў ён, магчыма, хацеў заставацца моцным і нязломным. А можа, не лічыў, што мае права патрабаваць іхняй апекі. Ці, што цалкам верагодна, сумаваў у кампаніі радні, якая не была яму цікавай.

Алеся павольна пацягнулася да метро. Вецер дзьмуў у спіну, падганяючы яе дахаты, навяваючы патрэбны транспарт. Ужо ў аўтобусе ўнучка ўзгадала, што можа патэлефанаваць Ігару ці Жэні і паскардзіцца на стан рэчаў, на прыхадняў, якія акупавалі дзедаву кватэру і задурылі галаву цётцы. Але не, гэта быў бы дзіцячы ўчынак, дурная размова. Усе былі на сваіх месцах, кожны выконваў сваю ролю. Вось і яна, Алеся, прыедзе зараз дахаты і будзе даваць урок. Якраз праз пару гадзінаў прыйдзе займацца вакалам малады чалавек. Алеся бралася цяпер за ўсё, што ішло ў рукі. А хлопец вучыўся для сябе, каб з сябрамі спяваць пад гітару ў пераходзе. У пераходзе — выключна таму, што не здымаць жа яму з сябрамі гараж, як якім падлеткам, калі проста хочацца сустрэцца і густоўна патусавацца. Алеся адпрацуе і, як звычайна, загадае: «Грошы — не ў рукі, толькі на фано». І яны разам з вучням пасмяюцца з ейнай новапрыдбанай прымхлівасці.

Знянацку зазваніў мабільны. Гэты самы вучань. Дрэнная вестка для яе, шыкоўная для яго. Ён не будзе болей займацца, бо едзе ў Англію — працаваць праграмістам на «БіБіСі». Зойдзе развітацца. Ну што ж, можа, і голас яму там некалі спатрэбіцца. Змянчоная, на мяжы слёзнай істэрыкі, рэпетытарка заплюшчыла вочы. У памяці ўсплыла карціна, як яны з дзедам ішлі праз гарадскі сад у царкву. Цвілі фруктовыя дрэвы, птушкі спявалі, сцежка вілася ў маладой пахнучай траве. Мінуў бягун у спартовых трусах. «Бяжыць насустрач інфаркту, — усміхнуўся дзед, — артыкул быў такі». Сам маэстра ішоў павольна, важна, як заўжды, з прамой спіной. Здавалася, яны знаходзіліся не ў Менску, а ў нейкім казачным месцы, у іншым часе. Спакойным, разумным, ураўнаважаным. Усё ў гэтым свеце было радасным, добрым, насычаным творчасцю. Але вось яны прыйшлі ў царкву, а там, вядома ж, людзі — як гэта ні недарэчна, са сваімі амбіцыямі, пыхай, злосцю, нелюбоўю. Алеся зірнула на дзеда: нішто старонняе не закранала яго. «Вось паглядзі, — паказаў маэстра на звон, — я ахвяраваў грошы на яго. Магла б і ты займацца дабрачыннасцю, але табе пакуль важны асабісты поспех па тваёй чорнай лініі». Дзед не дакараў — ён ведаў, што ў яе яшчэ ёсць час, шмат часу, бо побач з ім ёй заўсёды было шэсць гадоў.

Алеся расплюшчыла вочы. Слёзы размазалі акварэльныя новабудоўлі за вакном. Хутка яна выйдзе з аўтобуса, дапаўзе да кватэры, абдыме сына — копію прадзеда, але яна яму не скажа пра гэтае падабенства. Няхай будзе сабой. Захоча, хай нават будзе бухгалтарам. Алеся ажно здрыганулася ад такой страшнай перспектывы, каторая пагражае ейнаму сыну праз гуманістычнае выхаванне. Не, яна падыдзе да вакна, падыхае глыбака паветрам, настроіць пальцы: акуратна пагладзіць сцяблінкі кветак. Будзе душыць дзіцёнка класікай і трошкі джазам. І тады яна, можа, і скажа, што не дарма пражыла сваё жыццё. Яна ж зорка, дзедава ўнучка, кроўная радня, сама па сабе. Яна ягоная чорная лінія, і яе выратуе толькі прыстойны фры-джаз.

Травень 2009 — травень 2010 г.

НАСТАЎНІК ЗАЎЖДЫ ВІНАВАТЫ

У той дзень яе выклікалі да дэкана. Зусім нечакана. У яе тады быў такі добры настрой! Яна чытала новы курс лекцый і знаходзілася, што называецца, «у плыні»: доўгая падрыхтоўка скончаная, і цяпер застаецца «абкатваць» матэрыял у аўдыторыі. Яна ўжо і забылася, што за пару дзён да гэтага выгнала з лекцыі па гісторыі сярэднявечча студэнта. Той увесь час бубніў нешта суседу і замінаў ёй і астатнім працаваць. Нават не тое, каб выгнала а проста сказала — бяззлобна, будзённа: «Каму нецікава, можаце пакінуць аўдыторыю — я ўжо пазначыла прысутных. Будзем потым размаўляць на іспыце. не хочаце слухаць — ідзіце, займайцеся сваімі справамі». Той балбатун уз’еўся: «Вы мяне выганяеце?» Яна адрэзала: «Так, калі вы не жадаеце працаваць разам з усімі». Студэнт дэманстратыўна ўстаў і выйшаў. І, як высветлілася потым, пайшоў напрасткі да дэкана. Платнік. Маўляў, мы плоцім грошы і плоцім вашым выкладчыкам. Мы разлічваем за свае грошы атрымаць адукацыю. Вашая выкладчыца не мае права выганяць студэнта, які аплочвае ейную працу. І вось цяпер яе выклікаў дэкан.

Дэкана празвалі Тарапаха. Ён быў тоўсты, і на гэтым тоўстым целе касцюм тапоршчыўся, як браня, а з каўняра тырчэла на тонкай шыі лысая галава. У дэкана быў, відаць, нервовы цік, таму што галава ў каўняры хадзіла ўзад-уперад, справа-налева. І першапачаткова празвалі яго Чарапаха. Але двухгадовы сын адной выкладчыцы пачуў некалі, як маці абмяркоўвае Чарапаху з калегай, і пачаў паўтараць: «Тарапаха! Тарапаха!» Гэты выпадак абляцеў увесь факультэт, і новая мянушка прыжылася.

17
{"b":"828985","o":1}