Литмир - Электронная Библиотека

Тарапаха адчытваў Веру, круцячы ад псіхозу галавой яшчэ мацней, чым звычайна. А яна сядзела, слухала і думала, ці не існуе ў Тарапахі мозг асобна ад галавы, гэтаксама, як галава асобна ад тулава. Не сказаць, каб ён занадта злаваў, — фармальна, завучаным тонам пагражаў звольніць яе, бо платнікі ствараюць працоўныя месцы, і не толькі для яе, але і для калегаў, асабліва пенсіянераў, каторыя інакш апынуцца на вуліцы са сваёй мізэрнай пенсіяй. Тарапаха лаяў яе, як школьніцу, якая паліла за рогам пад вокнамі класа і псавала здароўе сабе і аднакласнікам. Гэта яна, Вера Леанідаўна, амаральная істота, якая ганьбіць саму ідэю вышэйшай адукацыі для нашай цудоўнай моладзі. І не, правілы паводзінаў і элементарны прылік не распаўсюджваюцца на платнікаў, і я вазьму лепей практыкантку ці магістрантку, каторыя будуць ганарыцца сваёй пасадай, працаваць за хлеб і шкадаваць студэнтаў. І не трэба нам тут мацёрых дацэнтаў, досведу і ведання прадмету — у нас свая бухгалтэрыя.

Вера дыхала павольна — удых-выдах — каб не заплакаць перад Тарапахам, каб не сціснуць ад злосці вусны, каб не быць непрыгожай. І нават не таму, што маці ў дзяцінстве кідала ёй у твар сваю самую моцную карту: «Ты непрыгожая, калі плачаш», — хоць разумець гэта трэба было як «Пастарайся хаця б не плакаць, каб быць прыгожай». Не, не таму, а каб захаваць яшчэ хоць трошачкі годнасці, бо яе так мала заставалася, калі цябе сканавалі вочы бесклапотных, забяспечаных бацькамі студэнтаў, у каторых усё, вядома, будзе лепей, чым у цябе: і касцюм, і абутак, і дом, і машына, і суперсучасныя гаджаты. Будзе, бо гэта тое, да чаго яны імкнуцца, а не да ведаў па гісторыі ці нейкіх там адкрыццяў з тваёй дысертацыі. Твой занятак, тваё дацэнцтва, твая кандыдацкая ступень, якія сёння здабываюцца, як права на жыццё, калі табе ўдасца сысці з інквізітарскага слупа, значаць толькі, што ты боўтаешся недзе на дне сацыяльна-маёмаснай іерархіі.

І не, яна не будзе тлумачыць пра тое, што цэлы тыдзень трэба, каб напісаць чарнавы варыянт лекцыі, і некалькі дзён, каб зрабіць талковую PowerPoіnt прэзентацыю. А яшчэ трэба ўсё жыццё, а найперш адпачынак, чытаць, шукаць матэрыялы, каб потым выйсці да студэнтаў і паўтары гадзіны ўтрымліваць іхнюю ўвагу. Пазначыўшы прысутных. Вось у акцёраў — адзін спектакль у дзень, і скажуць, што пачэсная праца. А ў цябе такіх спектакляў тры-чатыры ў дзень і скажуць: «Лайдачка — працуе паўдня». А ты працуеш бясконца і нават на працу ездзіш не на машыне, а на транспарце. І не толькі таму, што шкада грошай на бензін, а яшчэ і таму, што ў аўтобусе, сеўшы на канцавым прыпынку, можна паўгадзіны папрацаваць.

І так, ёсць яшчэ дом, сям’я, дзеці. Нявыцерты пыл, нямытая падлога, заплямленыя кранікі, нячышчаныя ўнітазы, закарэлая пліта, посуд, гатоўка, прасаванне вопраткі, як справы, што было ў школе, а кэт — гэта кот?, няма калі папіць кавы, прагулка ў парку, соплі, тэмпература, запішамся да лора, няма ўрача, пойдзем у платную, не буду піць цёплае, хачу халодны ёгурт, пойдзем у цырк, вятранка, а першай лягла — а чацвёртай пад’ём, бо ізноў соплі, і хоць ты валасы на галаве ірві. Бо трэба пісаць лекцыю. Ставіць пальцы на клавіятуру і друкаваць. Калі гэтыя пальцы вызваляцца ад усіх іншых клопатаў і абавязкаў. І вось нейкім чынам усе справы робяцца. Дзеці ідуць у садок і ў школу, лекцыя пішацца, а каля ноўта стаіць кава, бо гэта нездаровая раскоша — піць каву і губляць каштоўныя пятнаццаць хвілінаў працы. А потым ты, шчаслівая ад таго, што ў цябе такая цікавая прафесія і ўдалая лекцыя не без інтрыгі, прыбіраешся па ўсіх канонах французскага стылю, пшыкаешся вытанчаным парфумам і едзеш на працу. На вуліцы пахне ранкам і выхлапнымі газамі. У аўтобусе ты чытаеш што-небудзь для душы — часопіс ці кніжку па псіхалогіі, засынаеш, прачынаешся на канцавым прыпынку і пераходзіш у метро. Сустракаеш калегу, гаворыш пустыя словы. Дабіраешся да ўніверсітэта, здаеш у гардэроб паліто. Бярэш на вахце ключ. Заходзіш у лекцыйную аўдыторыю. І каб не трэба было пазначыць прысутных, то студэнты, відаць, і не замоўклі б. Бо ў іх таксама быў ранак і выхлапныя газы, і канспект у транспарце, і УКантакце. А цяпер ім трэба расказаць суседу пра ўсе тыя вялікія падзеі, што адбыліся з імі з учарашняга вечара. Па-першае, таму што яны сапраўды адбыліся, а падругое, таму што ў маладосці жыццё доўгае і насычанае, а ты не паспееш азірнуцца, як ізноў прыбіраеш навагоднюю ялінку. Студэнты паступова замаўкаюць, калі пачуюць за гвалтам, што ты ўжо чытаеш спісы, і баяцца прапусціць прозвішча, бо атрымаюць потым малы рэйтынг. І яшчэ гэты платнік.

Вера глядзела на Тарапаху і чамусьці ўспомніла, што ён некалі выкладаў у іхняй групе і яны, у прынцыпе, любілі яго. Не баяліся, бо яму не трэба было нікога застрашваць — настолькі ён быў паважаным спецыялістам. Веру заўжды выбіралі дарыць Тарапаху ружу на дзень народзінаў, і яна казала яму шчырыя пажаданні здароўя і даўгалецця ў прафесіі. Аднагрупнікі стаялі паўкругам вакол іх і ўсміхаліся ад вуха да вуха, і было ў гэтых усмешак падвойнае дно. Дэкан нарадзіўся восьмага сакавіка, але бацькі абачліва запісалі яго васямнаццатым, каб не псаваць яму дзень народзінаў. Усе гэта ведалі, і на міжнародны жаночы дзень ледзьве стрымліваліся, каб у істэрычным запале не сказануць «Са святам Вас!», бо атрымалася б, што віншуюць яго з бабскім святам. Затое ўжо васямнаццатага кланяліся яму ў пояс, як японцы, як бы паказваючы, што не, мы і не думалі віншаваць Вас восьмага — і чуць нічога такога не чулі, і ведаць не ведаем. А цяпер сядзіць гэты Тарапаха і лае яе за тое, што яна добра робіць сваю працу і, па вялікім рахунку, не нашмат болей, чым за хлеб. Вера разумее, што яна рабіла б і проста за дзякуй, бо яна гісторык-фанатык, але вось дзякуй якраз і не сказалі. «Пытанні ёсць?» — скончыў залівацца салаўём пра платнікаў і «выкіну ўсіх на вуліцу» дэкан. Пытанняў няма. І так усё зразумела. Вера Леанідаўна выпаўзае з кабінета, стараючыся не зачапіцца нагой за нагу. І якая карысць прыгожа апранацца і добра выглядаць, калі зусім не цэняць і не шануюць? І нашто столькі працаваць? Усё. Усё ўжо напісана, начытана, і не трэба марнаваць на працу жыццё. Лепей згатаваць мужу смачную вячэру і займацца дзецьмі. Трэба будзе запісаць сына на дадатковы гурток. Якраз вечарамі ў гімназіі каратэ — не было каму раней вадзіць. А цяпер яна будзе. Выйдзе з універа, сядзе на метро, накупляе ў пераходзе часопісаў, нажарэцца салодкага і будзе ляжаць на канапе. А на працу ёй цяпер пляваць. Хай Тарапаха працуе, а ў яе ёсць дом і сям’я.

У мікрараённым гастраноме вельмі добры кандытарскі аддзел. І тут, Вера ведае, ейнае чырвонае паліто нараспашку і цёмна-сіні касцюм з нагавіцамі, ейны скураны партфель пад кракадзіла і нямецкія паўбоцікі выклікаюць у прадавачак непадробныя павагу і зайздрасць, класавую нянавісць, ад каторай у Веры вырастаюць крылы, і яна адчувае, што не дарма ішла сваім шляхам. Прадавачку, суседку Алю з першага пад’езда, трэба доўга чакаць, каб папрасіць заварных пірожных. Аля ненавідзіць Веру за ўсё тое, што прымушае выкладчыцу пытацца ў сябе, ці правільны яна рабіла ў сваім жыцці выбар, і што выглядае для прадавачкі вяршыняй жаночага поспеху. Аля працуе таксама ў вагавой і пірожныя ўспрымае як сваю крэатуру. І менавіта для гэтай фіфачкі ёй пірожных шкада. А раней жа яны выгульвалі сваіх дзяцей разам у пясочніцы, сядзелі ў чэргах у паліклініцы і нават падтрымлівалі гутарку. Праўда, Аля выгульвала не роднае дзіцё, а пляменніцу — бацькі дзяўчынкі лепей піва пап’юць дома, чым будуць валэндацца з дзіцём. Аля шкадуе пляменніцу і займаецца ёй болей, чым некаторыя мамачкі з так званых добрых сямей: водзіць у садок і з садка, па паліклініках і гуртках, вучыць чытаць і пісаць, вымаўляць гукі. Дваровае сяброўства скончылася, калі Вера выйшла на працу пасля дэкрэту і завітала ў гастраном у працоўнай амуніцыі з іголачкі, а не, як звычайна, у паношаных джынсах і стаптаных і сапсаваных пяском туфлях. У Алі не было дэкрэту, выхаду на працу — яна заўжды насіла сваю самую прыстойную вопратку — невыразную і танную. А тут учорашняя роўня раптам апынулася элегантнай дамай, прыбранай па ўсіх законах французскай моды. Так заўжды бывае з гэтымі маладымі мамкамі: сустрэнеш іх пасля дэкрэту і не ведаеш куды вочы падзець ад сораму — такія яны багатыя і ўладкаваныя. Тут і сяброўству канец.

18
{"b":"828985","o":1}