Нарэшце Аля падыходзіць да пакупніцы і, гледзячы ўбок, скрывіўшы рот, пытаецца, чаго тая жадае. Чатыры заварныя пірожныя з масляным крэмам, як заўжды. «Зараз ніхто не хоча масляны крэм. Усе бяруць бялковы. Мы стараемся многа не пячы пірожных з масляным крэмам, і невядома, ці будуць яны заўтра», — маўляў, не спадзявайся, што ты будзеш і далей жыць сваім прыгожым жыццём. Вера з мужам купляюць масляныя пірожныя, таму што бялковы крэм ужо зусім не бялковы — адна хімоза, а хочацца ж нейкай стабільнасці, пераемнасці пакаленняў, захавання традыцыяў. Таму Вера і не чытае цэтлік са складам начынкі — ёй хочацца верыць, што ейны масляны крэм сапраўдны і самы што ні на ёсць масляны — як у дзяцінстве.
Для Веры гэта маленькі рытуал — выбавіцца з аўтобуса і зазірнуць у дзяржаўны гастраном на прыпынку — «Суперфуд». Яны з мужам называюць яго крамай для бедных: у адрозненне ад гіпермаркетаў сюды прыходзяць па масла-малако, хлеббатон. Пару яблыкаў, пару ёгуртаў, сок і пірожныя. Мяса і ўсялякія выкрунтасы купляюцца ў гіпермаркеце, і пажадана ў дзень зарплаты — пакуль не патраціш ушчэнт. Веры шкада, што паміж ёй і пірожнымі стаіць Аля. З іншага боку, гэта напамін пра тое, што Бог няроўна дзеліць і што яна вельмі добра жыве ў параўнанні з некаторымі іншымі жанчынамі. У гіпермаркеце паміж табой і пірожнымі ўвогуле ніхто не стаіць. Бяры і кладзі ў пакецік, і ніхто не зверне на цябе ўвагу, бо ні сямействам з вазкамі, ні гуртам падлеткаў, патыхаючых таннай парфумай і пральным парашком, няма да цябе ніякай справы. «Суперфуд» для Веры — месца, дзе яна пачуваецца сацыяльна паспяховай.
Выйшаўшы з крамы, Вера прагулялася да дома. У прынцыпе, гэта не прагулка — проста дарога да дому, і бліжэй да яго ніяк не падбярэшся, хіба толькі на машыне. Вера лянуецца ездзіць на машыне па горадзе. Сама не ведае, чаму. Затое ў суботу а шостай раніцы нейкі гон падымае яе з ложка, у спешцы збіраюцца рэчы, муж, дзеці і загружаюцца ў машыну. Вера сядае за стырно і цягне іх праз увесь горад і далей, далей па трасе болей як за сто кіламетраў на лецішча. На лецішчы ў яе пачынаецца сапраўднае жыццё. Таму і прыехаць трэба як мага раней з сонным сямействам, якое, магчыма, таму і не пратэстуе, што яшчэ спіць. Калі выехаць а сёмай, можна, прыехаўшы, сесці на тэрасе і папіць ранішняй кавы. Як быццам ты толькі ўстала, выйшла на вуліцу, а там ўсё заліта святлом, пахне садам, троху холадна і ціўкаюць птушкі. І гэта тваё жыццё, твой свет.
На лецішчы ўсе разбрыдаюцца хто куды: муж Дзяніс займацца гаспадаркай, а дзеці — да дзеда. Дзед вярнуўся ў бацькоўскую хату недзе ў другой палове двухтысячных. Папершае, выйшаў на пенсію, а па-другое, не змог прыняць тое жыццё, якое цяпер прапаноўвалася яму ў горадзе. Сказаў: «Я саджаю сад і гарод. Праходзіць час, і я бачу плён сваёй працы. Я працаваў болей за сорак гадоў на карысць сям’і, на карысць краіны, і я не ведаю, ці мела гэта нейкі сэнс». Дзед быў выкладчыкам-філолагам і паэтам. Яму здавалася, што ягоныя веды і вершы мяняюць людзей да лепшага і служаць радзіме. Можа быць, і людзі змяніліся знешне да лепшага, і радзіма хвалілася тым, што ніколі не было ёй лепей, чым зараз. Ды неяк не верылася ў гэта на фоне таго бруталу, што даводзілася назіраць. Здаецца, была Беларусь, былі беларускія кніжкі, музыка, але гэта была не тая краіна, пра каторую дзед марыў, і ён не пазнаваў і не прызнаваў яе. І галоўнае, праўды болей было не дашукацца, а пачні з кім гаворку, дык скажуць: «Мы з вамі слухаем рознае радыё». Хай сабе і так, але ж ёсць яшчэ і факты, а не толькі каментары па тэлевізары і ў сацыяльных сетках. А інакш крыўда нейкая атрымліваецца. Адна крыўда. І дзед з’ехаў пакрыўджаным чалавекам. Асабліва адказнымі ў тым, што адбываецца, ён лічыў малодшыя пакаленні. Яму хацелася знайсці аднадумцаў сярод людзей бліжэйшага да сябе веку, але васьмідзесяцігадовыя бабулькі, ветліва гатовыя пранікнуцца ягонымі ідэямі, адна за адной сыходзілі ў іншы свет. Людзі маладзей, гадоў пяцідзесяці-шасцідзесяці, падзяляліся на гаспадароў і п’яніц. Гаспадарам не было калі гутарыць пра абстрактныя рэчы, а п’яніцы праяўлялі прыхільнасць адно пры наяўнасці бутэлькі. І дзед расчараваўся, затужыў. Крыўдаваў на дачку, на зяця. Сумаваў па ўнуках. Разжыўся прыблуднымі катом і сабакам, і абодва хадзілі за ім у грыбы. А тады неяк паваліла яму бура на хату таполю, і паламаўся дах. Пакуль страхоўка, пакуль дачка з зяцем купілі дахоўку, пакуль прыгатавалі дошкі, ішоў неяк праз вёску пастух па мянушцы Ахмет. Яго так празвалі, бо ягоны бацька-нябожчык быў татарын. І Ахмет гэты пахваліўся, што некалі з хлапцамі ездзіў на заробак ажно пад Маскву — будаваць катэджы. Слова за слова і Ахмет ўзяўся рамантаваць дах. Дзед яму гатаваў есці, наліваў чарку, бавіў байкі, чытаў свае вершы, скардзіўся на сям’ю і палітыкаў. Ахмет рабіў, еў, піў, з усім пагаджаўся, дзе трэба — пасмейваўся, за вершы — паважаў. І гэтак ён, бязбацькавіч, у дзеда і прыжыўся. Хоць-калі запіваў, і тады дзед тэлефанаваў Веры, уздыхаў і казаў, што Ахмет ненадзейны, бо п’яніца і застанецца цяпер участак някошаным. І вось прыязджала Вера з сямействам, і зяць ішоў да цесця на дапамогу, але Ахмет ужо праспаўся і дзед праганяў гэтых гарадскіх: «Ніхто гэтак, як Ахмет, не зробіць, а вы толькі языком мянціць умееце». Гэтак у іх пачынаўся новы сезон разладу. А Вера мітусілася паміж бацькам, мужам, дзецьмі і сціскала вусны, мінаючы Ахмета. Бяда ў тым, што на Ахмета нават злаваць было немагчыма, бо ён быў абсалютна незласлівым, і з дзяцінства Вера памятала, што ён толькі «хі-хі ха-ха». Але ж вось ён фаварыт бацькі, і той гатовы аддаць Ахмету родную хату, і гэта будзе страчаны рай для ейных дзяцей. Вера ведае кожную рысачку на столі, а цяпер тут жыве Ахмет.
Калі пачалася гэтая гісторыя з дахам і дзеда выратаваў Ахмет, Вера з мужам купілі ў стрыечнага дзядзькі маленькую хатку. Бабкі раілі ёй па тэлефоне: «Купляй і пераходзь. Там такая планіроўка, што можна адразу ўлазіны ладзіць». Калі б яно так было. Хата была купленая не гледзячы, пры дапамозе дзеда. У ёй даўно ніхто не жыў, і яна стаяла зарослая непралазным сліўняком. Калі Вера з мужам прыехалі, то зразумелі, што нават у сенцы ўвайсці ўжо небяспечна для жыцця, не тое што ў хаце жыць. Падмурак паехаў, сенцы праваліліся, дзіркі паміж бярвёнамі былі на некалькі пальцаў, смярдзела адсырэлай тынкоўкай і, што найгорай, чужым жыццём. Але, агледзеўшы свой набытак, Вера з Дзянісам выйшлі на вуліцу, акінулі вокам наваколле, і Дзяніс, бы прачытаўшы ейныя думкі, прамовіў: «У мяне такое адчуванне, што гэта мой дом. Не будзем прадаваць. не будзем вяртаць грошы. Будзем адбудоўваць». Чатыры гады. Чатыры гады заробкаў, скандалаў, сварак і спрэчак пра матэрыялы, печы, вокны і фарбу. Чатыры гады вайны, калі Вера заракалася вяртацца ў гэтую хату і ўпрошвала Дзяніса прадаць яе і знайсці новае месца, бо будавалі цесць з зяцем і барацьба была, такое ўражанне, не на жыццё, а на смерць. І пасярод гэтага жаху яна старалася жыць нармальным жыццём, займацца навукай, гадаваць дзяцей і малілася, каб яны не выраслі праз гэтую вайну псіхамі. І патроху кожны нешта рабіў: адзін габляваў, другі цясаў, трэці фарбаваў, чацвёрты зарабляў грошы. Усе ненавідзелі адзін аднаго — відаць, нават Ахмет, бо быў уцягнуты ў незразумелую яму бітву. І потым неяк усё сціхла. «До, — загадала Вера. — До будавацца. Рамонт немагчыма дарабіць — яго можна толькі спыніць». І гэтак усё скончылася. Ужо потым Ахмет дабудаваў ім тэрасу, а Вера з Дзянісам купілі плеценую мэблю і на столік паклалі шкло, якое не даходзілі ні ў каго рукі ўмацаваць, і Вера баялася, каб яго не скінулі дзеці. Але яна магла папіць тут ранішняй кавы, а дзеці пайсці ў госці да дзеда Лёні. Цяпер, калі іхняя вайна скончылася. І пачалася іншая — сапраўдная — у суседзяў. Хай сабе і за сотні кіламетраў. Няўжо ў гэтай частцы свету ніколі нельга будзе спакойна папіць кавы?
А сёння накрычаў дэкан. Вера прайшла ад крамы ўздоўж суседняга дома пад дрэвамі, што закрывалі яго ад дарогі. Адчыніла пад’езд, павесіўшы сумачку і пакет з пірожнымі на левую руку. Паднялася да ліфта, пераступаючы праз некалькі прыступак. Калі б маці зараз убачыла яе, то сказала б: Вылітая свякруха! І за што мяне Бог гэтак пакараў?» Вера ўсміхнулася. Бабка яе была даволі высокай для свайго часу і ніколі не ступала па прыступках ганка — жыргала праз іх з зямлі адразу на парог. Дзіўна, што гэткія рэчы перадаюцца ў генах. Вера зайшла ў ліфт — падымацца па лесвіцы дзеля кардыёнагрузкі не было настрою. Націснула кнопку. Пачытала непатрэбныя аб’явы. Ліфт хутка спыніўся. І вось ужо быў іхні паверх, з добрымі, талковымі суседзямі і кветкамі каля смеццеправода. Вера ўвайшла ў тамбур. У суседзяў пахла сушанымі грыбамі і карвалолам: з імі дажывала век дзевяностагадовая бабка. Адчыніўшы сваю кватэру, Вера адчула водар шарлоткі і духоў. Неразгаданых і таму любімых. Чым яны пахнуць? Грушамі? Лілеямі? Летам. Заціўкала канарэйка. Жоўтая, з заўсёдна палыселай халоднай парой спінкай — яна таксама чакала лета. Увайшоўшы і пляснуўшы на канапку каля ўвахода партфель і пакет з «Суперфуда», Вера разулася, скінула паліто, параспіхвала адзенне і абутак па шафах. Яна любіла чысціню і парадак, але рукі ў яе праз сілу заварочваліся на ўсю гэтую будзёншчыну, звязаную з пераапрананнем і прыбіраннем. Паклаўшы пірожныя ў лядоўню, Вера пайшла ў лазенку, каб прыняць гарачы душ. Яна заўжды так рабіла, каб змыць з сябе горад, працу і чужыя позіркі. Захутаўшыся пасля душа ў малочна-белы махровы халат, удыхаючы пах міндальнага гелю, Вера стала перад люстэркам, каб намазаць твар крэмам. Гэта быў для яе адначасова святы рытуал і вялікае задавальненне, таму што маці прысылала ёй даражэзную элітную касметыку.