Литмир - Электронная Библиотека

Люстэрка запацела, у лазенцы стаяла пбра. Бацькі звычайна кпілі з Веры: «Ты як твая прабабка Рахвееўна: тую таксама сарокі гатовыя былі панесці». Бацька неяк распавядаў, што, калі яму было гадоў пятнаццаць, маці выправіла яго з малодшым братам у суседнюю вёску да сваёй маці — Рахвееўны, гэта значыць Ерафееўны. Яе трэба было памыць у лазні. Бабку сваю бацька памятаў цьмяна: яна рэдка завітвала да іх. Ісці да Рахвееўны было, канечне, гідка. Думаў: «Ёй пад сто гадоў. Смярдзючая слінявая старая». Маці папярэдзіла, што бабка будзе ў полі пасвіць кароў. Калі ўнукі прыйшлі да яе, то ў іх літаральна адвіслі сківіцы. Сустрэла іх высокая, сухенькая, падобная да маці пажылая жанчына, якая з вельмі роўнай спінай стаяла, абапёршыся абедзвюма рукамі аб калок перад грудзьмі. Рахвееўна акінула ўсмешлівым вокам нашчадкаў і вымавіла: «Ну што, хлопцы, закурым?» Так ён упершыню і закурыў. З гэтай бабкай яны яшчэ нацярпеліся ў той дзень страху. Нацягалі ў лазню вады, дроў, напалілі моцна, як Рахвееўна і прасіла. І пайшла тая мыцца. Яны яе чакалі-чакалі, тады брат прапануе: «Давай праверым — відаць, памерла ад моцнага духу. Нельга ж так доўга мыцца». Дзеці падышлі бліжэй да лазні, пашкрабліся і гукнулі бабку: «Рахвееўна! Ці жывая ты там?»

«Ой, жывая, мае хлопчыкі. Гэтак жа добра папарыцца. Калі вы яшчэ да мяне прыйдзеце…».

Вера сабрала перад люстэркам валасы ў хвост — яна не любіла хаваць твар. Пакруціла галавой — паглядзела на сябе і так і гэтак. Усё як раней — усё той жа твар. Не сучасны. Няправільны. У карцінных галерэях у Вільні гэткія ёсць, а па вуліцы з гэткімі тварамі не ходзяць. Бабчын авал твару, шэрыя каціныя вочы. Дзедава валявое падбароддзе. Профіль, як на рымскай манеце. Вера падцягнула ўгару скуру на пераноссі. Няпекна. Не, ніколі ёй не быць падобнай да маці. Вера ўздыхнула і пайшла на кухню варыць у турачцы каву. Узяўшы пірожныя і вялікі кубак кавы (бо не нап’ешся ж з маленькага), яна прыладзілася з купленымі часопісамі на кутняй канапе пад вакном у зале. Паставіла кубак і талерку з пірожнымі на падваконне, накрыла ногі клятчастай ваўнянай коўдрай, паглядзела на свой вялізны стол, які займаў супрацьлеглы кут. На стале яе чакалі раздрукаваныя аркушы новага артыкула. Сярод іншых стаяла фатаграфія бацькавай радзіны. Здавалася, яны ўсе ледзьве-ледзьве ўшчаміліся ў кадр. З правага краю размясціліся ейная бабуля, маці і яна, трохгадовая стрыжаная пад хлопчыка бялявая дзяўчынка. Бабуля стаяла апусціўшы долу вочы, насунуўшы на твар хустку. Для васьмідзесяцітрохгадовай жанчыны у яе была нечакана зграбная фігура, прыталены пінжак на адным гузіку і прыгожая спадніца-звон, якая адкрывала здаровыя босыя ногі з тонкімі шчыкалаткамі. Маці побач з бабуляй выглядала зусім маларослай — чарнявым дзяўчом у кароткай квяцістай сукенцы і басаножках на высокай платформе. Вера, трымаючы маці за руку, шукала нешта пад нагамі — відаць, саромелася аб’ектыву. Закароткая крымпленавая сукенка з даўгімі рукавамі. Вера яе памятала — цёмна-руды монстр з тоўстай тканіны. Акуратна падцягненыя белыя гольфы. Барвовыя пантофлікі. Былі ў яе тады і лепшыя строі: напрыклад, жоўтая піжама (таксама ёсць фота ў вёсцы — снедаюць яны за сталом на вуліцы, бо столькі радні наехала ў бабчыну гасцінную хату, што туды не ўбіцца), сіняя сукенка ў сардэчкі (для нашчадкаў дакументальна не зафіксаваная). «У свае восемдзесят тры гады я хацела б стаяць у цэнтры фотаздымка і з адкрытым тварам. І хаця б з прыблізна такой шыкоўнай фігурай, як у бабулі», — падумала Вера. Яна выцягнула з-за шыі свой даўгі хвост, правяла ўказальным і вялікім пальцамі па светлых шаўкавістых валасах, пакруціла кончык. Нахмурылася, паглядзела на фатаграфію. Яе хаця б проста выклікалі на размову да дэкана, а не прыгаварылі да расстрэлу, як бабулю Лявонаўну.

…Паленне бразнула аб падлогу. Падскочыў кот, ганяючы перад печчу цыбуліну. У гэтай хаце нешта лапаталі дзеці. Заплакаў маленькі Толік. Верка пайшла да дзяцей. Над калыскай, расшпіліўшы кашульку, схілілася сямігадовая пляменніца Рыма і торкала малому «сіську»: «На сісю, Толік, на». Рыміна двухгадовая сястра Зося ў хлапечай майцы-безрукаўцы гулялася побач з самаробным бахуром. Не было толькі трохгадовага Лёніка — можа, выскачыў за ёй, калі яна хадзіла па дровы? Хоць бы не прастыў. Мужава сястра Зіна прывезла дзяцей у вёску з Горак: палічыла, што ў вёсцы надзейней, чым у горадзе. Сама пайшла з раніцы ў грыбы: набраць «курачак». Якія грыбы, калі наўкола немцы? Верка дастала з калыскі Толіка, пераспавіла, прысела на ложак і пакарміла яго грудзьмі. Усміхнулася, гледзячы на сынавы два ніжніх зубікі і ззяючыя блакітныя вочкі. Зірнула ў вакно. Па вуліцы да іхняй хаты наўскос ішоў паліцай. У Веркі ёкнула сэрца. Паліцай гэты быў бяспечны — Валерка, Аньцін сын. Яго не варта баяцца, бо бабы самі хадзілі і ўпрошвалі Валерку пайсці ў паліцаі, каб быў нехта свой, каб не паставілі якога злодзея. На пачатку вайны хлопец па гадах не патрапіў пад мабілізацыю, але для паліцая якраз згадзіўся. Ды толькі што яму тут рабіць, каля іхняй хаты? Навучаная досведам перадваеннага дзесяцігоддзя, Верка хуценька падышла да стала. Адной рукой трымаючы Толіка, адкінула настольнік, адчыніла шуфляду. Запахла праполісам і валяр’янкай. Верка перабрала пальцамі ў шуфлядзе: шарык праполісу, бутэлечка валяр’янкі, нажніцы з аблезлай зялёнай фарбай, просты аловак, зашмальцаваны нататнік з кардоннай вокладкай, адрыўны каляндар на 41 год. Няспраўджаны год, якога, лічы, не было, бо палова памятных датаў і святаў апынуліся абясцэненыя вайной. Катушка чорных нітак з уторкнутай у іх іголкай. Пруткі для вязання. Ключ ад школы на тасёмцы з беларускім арнаментам. Верка выхапіла ключ і аддала Рыме: «Бяры дзяцей і бяжыце гародамі ў школу. Прыхапіце ў дварышчы Лёніка. Я ці мама прыйдзем за вамі вечарам. Калі раптам нас да ночы не будзе альбо Толік будзе моцна крычаць, пяройдзеце да Коласіхі. Толькі не ідзіце па вуліцы». Верка дастала з калыскі сусла і торкнула Толіку ў рот, укруціла малога ў коўдру. Зняла з сябе швэдар і накінула на плечы Зосі. Той павіс на ёй ажно да пятаў. «Бяжыце, пакуль Толік не расплакаўся. І не забудзь забраць з сабой Лёніка. Вось жа неслух. Уцёк на двор, і добра, калі ўсё абыдзецца».

Прыціснуўшы да сябе левай рукой скрутак з Толікам, правай рукой Верка падганяла перад сабой дзяўчат. Давяла да дзвярэй, уторкнула Рыме Толіка, зашпіліла Зосі верхні гузік на швэдары, склала ёй ручкі перад сабой — люляць бахура.

«Бягом бяжыце, і каб ні гуку». Адчыніла сені, выпхнула дзяцей, агледзела двор, шукаючы Лёніка. Няма. Відаць, сядзіць ізноў за дрывотняй, гуляецца з драўлянымі машынкамі, зробленымі яму бацькам. Дзяўчаты завярнулі за рог хаты, бягучы ў сад. Добра: там і падбяруць малога.

Верка вярнулася ў хату, падышла да стала. Уздрыгнула, бо адразу ў сянёх бразнула клямка. Паспела. Паспела выправіць дзяцей. Загрукалі па падлозе боты. Памарудзіў і тады ўвайшоў у хату паліцай, таргануўшы на сябе шаляваныя дзверы. Хлопец узняў ад няёмкасці брыво, лоб пайшоў зморшчынамі. Валерка быў ейным вучнем, і неблагім. «Збірайцеся, Вера Лявонаўна, я вас арыштаваць прыйшоў. На расстрэл вас павядуць». «Мамачка, не!» — закрычаў, зайшоўся слязьмі Лёнік, выскачыў з запечку і абняў маці за ногі. Дык вось дзе ён гуляў. Ну, вядома. Там таксама былі машынкі — папяровыя, на колах з драўляных катушак. Калі паліцай паведаміў, што прыйшоў арыштаваць яе, яна ледзь не абмачылася, а калі закрычаў Лёнік, яна зразумела, што жыццё ейнае скончылася і яна памерла яшчэ да выканання прысуду. У яе вымерлі ўсе пачуцці, уся чуллівасць, мяккасць, уразлівасць. Але яна стаяла, прыціснуўшы да сябе і гладзячы далонню Лёнікаву галаву, і ліхаманкава думала, што рабіць. Цягнуць час. Гандлявацца. Лёнік крычаў страшна: рот разяўлены, напоўнены слінай, сам увесь чырвоны, вочы залітыя слязьмі. Як быццам ён можа нешта змяніць: вось пакапрызнічае як след, і маме адменяць прысуд. Ён любіў дамагацца свайго крыкам. Бабы раілі Верцы: «Ты яго адлупцуй добранька прутом. Бі як сідараву казу, каб навука была, а то потым рады не дасі». А яна яго шкадавала, так і не пабіла ні разу — абдымала, суцяшала, гутарыла. Калі ўжо зусім раздурэецца, плісне на яго вадой з жалезнага кубачка, як на шкадлівага ката. Лёнік і сцішыцца патроху. А халоднай парой дык змерзне і палезе, румзаючы, на печ — наступным разам падумае, ці варта крычаць. «І малога з сабой бярыце. Загадана расстраляць жонак савецкіх камандзіраў і камісараў з сем’ямі», — вымавіў паліцай. «Якая ж я жонка камандзіра? Ты ж сам ведаеш, што Пётр Сымонавіч радавым на фронт пайшоў». «Данеслі на вас, Вера Лявонаўна. Нехта немцам стукнуў, а яны парадак любяць. Ёсць непарадак — трэба выпраўляць». Верка апусціла вочы на Лёніка — той ужо толькі ўсхліпваў, не лямантаваў. «Адпусці малога, Валерка. Мяне забяры, а яго адпусці. Скажаш — дзеці былі ў грыбах, а тады ў лесе схаваліся. Мо, да партызанаў прыбіліся. Ніхто з немцаў не палезе ў лес гэтую дробязь шукаць. Нікому яны насамрэч не трэба — нават для парадку». Паліцай завагаўся. Паглядзеў былой настаўніцы ў вочы, адкрыў рот нешта сказаць. І тут рэзка бразнула клямка ў сянёх, загрымелі ўпэўнена боты, і дзверы ў хату адчыніў Мацей. Мацей паспеў паваяваць. Ён па мабілізацыі трапіў у дывізію імя Берыі, меў добрае абмундзіраванне. Яно яму і выратавала жыццё. У адным баі Мацея кантузіла, і ён застаўся ляжаць на полі разам з загінулымі. А тады прыйшлі бабы пашукаць, чым можна разжыцца. Адна кабета пачала здымаць з яго боты, ён і ачуняў. Тая самая баба яго і выхадзіла. Вярнуўся ён тады, хаваючыся, дахаты. У партызаны не пайшоў: іх бандытамі лічылі, бо яны тады самі па сабе бадзяліся і мусілі выжываць. Галодныя, узброеныя, псіхічна пакалечаныя вайной мужчыны. А ў Мацея была вёска, сям’я. Вось яго таксама бабы прыйшлі ўпрошваць, каб паліцаем пайшоў. Свой чалавек, сямейны. Ён будзе за сваю вёску і за людзей.

20
{"b":"828985","o":1}