«Збірайся, Верка. Доўга вы тут таптацца будзеце? Хутка немцы прыедуць. Хочаце, каб яны нам вёску праз вас спалілі?» — загадаў Мацей. «Але ж, Мацейка, якая я камандзірская жонка? Мой жа Пятрок радавым ваюе». «Можа быць і так. Толькі данеслі на цябе, Верка. Генюсь Надзьчын. Адпомсціў ён табе ў рэшце рэшт. Гультай гультаём, а данесці не паленаваўся». Вера Лявонаўна здзіўлена прыгадала гэтую гісторыю. Калі Генюсь быў у пятым класе, яна яму паставіла двойку за кантрольную па матэматыцы. Заслужана, справядліва паставіла. Нават не было як на троечку нацягнуць. Не са зла — ён не благі хлопец. Зух, круцяло, але не благі. А тады, пераказвалі ёй, прыйшоў Генюсь дахаты, а ў маці бабы былі на сяле. Надзька давай распытваць, як школа. Даведалася пра двойку, і так ёй сорамна зрабілася перад бабамі, так крыўдна, што няма чым пахваліцца і сын у яе гэткі няўдалы. А яна ж яго так гадавала, так спадзявалася, што толк з яго будзе, што яна ганарыцца ім будзе, калі ён падрасце. І скажуць людзі: «Во, якая добрая ў Паўлюковых парода». Ад злосці Надзька схапіла пугу і жорстка адлупцавала сына на вачах у баб. Генюсь плакаў, ажно выў, а пасля экзекуцыі паабяцаў: «Я Веру Лявонаўну заб’ю». Вось жа — стрымаў слова.
«Сыночкі мае, — пачала прасіцца Верка, — пашкадуйце маё дзіцятка. Мяне вазьміце, а яго адпусціце. Ён жа, дурань маленькі, нічога не разумее. Схавацца мог. Уцячы на двор мог. Ён за мамку спужаўся, кінуўся да мяне. А каб хітрэйшы быў, падлейшы быў, ціхенька б сядзеў, і вы б пра яго нават не ўзгадалі». Лёнік ізноў пачаў румзаць. «Не гандлюйся з намі, Верка! Нам што, сваіх дзяцей ім аддаць? Ці сабе кулю ў лоб? Хадзілі, прасілі. Да халеры вы нас у паліцаі ісці ўгаворвалі? А зараз мы для вас зладзеі. А ў нас цяпер праца такая. Мы людзі ў форме. Загадана арыштаваць жонак савецкіх афіцэраў з сем’ямі — значыць, мы мусім загад выконваць. І ён не адзін у цябе. Хочаш, каб і астатніх на расстрэл пацягнулі?» — запярэчыў Мацей. У Веркі апусціліся рукі. Яна ўспомніла, як Толік ўсміхаўся ёй сёння сваімі двума зубікамі. Рыма са сваёй сісяй. Зоська з бахуром. Як яна паглядзіць мужавай сястры ў вочы? Ужо не паглядзіць. Нікому не паглядзіць яна ў вочы. І мужа не дачакаецца. І вайна для яе не скончыцца. Канец. Канец. І яны з Лёнікам закладнікі. Верка зірнула на паліцаяў. Яны ўзброеныя. Валерка стаіць белы. З жахам, бездапаможна назірае за тым, што адбываецца. Мацей сярдзіты. Ён злуе — яму сваю сям’ю цяпер ратаваць трэба, аднавяскоўцаў. Верка прысела на кукішкі перад Лёнікам. Паглядзела яму ў вочы.
«Лёнечка, сыночак. Што б ні здарылася, ты павінен ведаць, што мы цябе з татам вельмі моцна любім і радыя, што ты ў нас нарадзіўся». Заплаканы Лёнік заўсміхаўся, абняў яе за шыю. Здаецца, ён падумаў, што ўсё благое скончылася і далей усё будзе добра. «Дайце хоць дзіцё апрануць», — папрасіла паліцаяў Верка. Яна ўзяла з драўлянай канапы хлопчыкаў швэдар. Апранула яго. Хацела зашпіліць, тады перадумала, нешта ўспомніўшы. Падышла да шафкі. Дастала самапечаны хлеб, цукарніцу. Адрэзала вялікую скібку, пасыпала яе цукрам, аддала малому. Той заўсміхаўся, паслухмяна сказаў «дзякуй». Выглядала ўсё так, як быццам яны пасварыліся, а зараз мама яго прабачыла і хоча падсаладзіць былую крыўду. Верка апранула прыталены пінжак і зашпіліла на жываце гузік. Раней насіла пінжак у школу, а цяпер вось корпаецца ў ім па гаспадарцы. Узяла Лёніка за руку. Паглядзела на паліцаяў. Нешта яны казалі. Неяк яна ішла, перастаўляючы босыя ногі: забыла абуцца — хадзіла ж у гэтую хату. Трымала Лёніка за далоньку. Час ад часу паціскала яе. Мая ты далонька. Як жа я цябе люблю. Як жа мы з татам радаваліся, калі ты нарадзіўся, Лёнік. Ты нашае позняе нечаканае шчасце. Наш першынец.
Калі яна зайшла замуж за Пятра, ёй было ўжо за сорак. Так атрымалася. Памерла ейная старэйшая сястра Наталля. Наталля з Пятром, як і яна пазней, вучыліся разам у Каніцкай настаўніцкай семінарыі. Сябравалі. Пажаніліся, нарадзілі сына Валодзьку. Даўгавата і пажылі. Вядома, як у вёсцы робіцца: калі Наталля памерла, вырашылі ейныя бацькі сасватаць за зяця сярэднюю дачку, каб дзіцё сіратой не расло. Верка да таго ўжо пабыла замужам за ўдаўцом — бацюшкам з суседняй вёскі. Але яны нават дзяцей нажыць не паспелі: таго арыштавалі ў трыццаць трэцім і паведамілі ёй, што муж расстраляны. Пасынка і падчарыцу распіхалі па далёкай радні, каб згубіўся іхні след і каб іх не адправілі ў дзіцячы дом. Верка вярнулася ў бацькоўскую хату. Яна не хацела замуж за Петрака, асабліва пасля таго, як страціла мужа. Але быў Наталлін сын Валодзька, і яго было шкада. Верка марудзіла, раздумляла, а тады неяк пад вечар прыскакаў да іх на кані Пятрок і папрасіў у бацькоў дазволу пагаварыць з ёй сам-насам на вуліцы. Яна дакладна і не памятала, што ён ёй казаў — нешта пра добрыя сем’і, пра дабрабыт, пра пароду. Верка слухала яго і думала, што вось напэўна зараз цікуе за ёй праз занавеску малодшая сястра Наста. А потым Пятрок сказаў словы, якія так моцна ўразілі Верку, што ўсе ейныя пачуцці і роздумы падаліся ёй няважнымі, нязначнымі, мізэрнымі ў параўнанні з вялікім сусветам, у каторым яны жылі. «Мы зараз бачым святло ад зорак, каторыя стаялі над зямлёй у часы старажытных грэкаў», — прамовіў Пятрок. Верка была настолькі ўражаная, што ўвесь час думала пра тое, хто ж будзе глядзець на святло ад зорак, каторыя зараз стаяць над імі. Гэтая сустрэча ўсё змяніла, і Верка пайшла жыць да Петрака, гадаваць пляменніка. А тады знайшоўся Лёнік. Ёй было ўжо сорак тры гады, і яна нават не спадзявалася, што некалі народзіць дзіця. Лёнікаў прыход у свет яна ўспрымала як цуд, думала, што, можа, гэта сястра-нябожчыца ў падзяку за тое, што яна глядзіць ейнага сына, папрасіла для Веркі ў Бога дзіцё. Калі Верка была цяжарная Лёнікам, то ёй часта сніліся сны, што выношвае яна байструка і тата яе пытаецца: «Дык хто, хто можа быць ягоным бацькам?» І тады яна перабірала імёны, вобразы і ніяк не магла прыгадаць, ад каго зацяжарала. А неяк ёй прыснілася, што Пятрок узяў яе за руку, падышоў разам з ёй да святла, каторае ўяўлялася ім Богам, і сказаў: «Гэта мая жонка». І тады яна ўжо ведала, што сын не народзіцца бязбацькавічам і будзе благаслаўлёны. А праз меней як два гады вярнуўся з турмы ейны былы муж. Яго, як высветлілася, не расстралялі, а проста далі тэрмін, а тады выпусцілі па амністыі. Што ім было рабіць? У новай сям’і ўжо было двое дзяцей: адзін сястрын, другі іх агульны з мужам. Пасядзелі яны, паплакалі разам. Былы муж пажыў у іх з тыдзень, і вырашылі яны ў рэшце рэшт пакінуць усё як ёсць. Былы муж паехаў да радні забіраць сваіх дзяцей, а яна засталася з Петраком. Можа, гэта Бог так пакараў яе цяпер за здраду бацюшку, за паламанае дзяцінства прыёмных дзетак?
Верка з сваіх роздумаў вынырнула ў рэчаіснасць — у тое, што ад яе засталося. Быў пачатак верасня. Прастора зрабілася шырэйшай і святлейшай, але гук не ляцеў яшчэ праз голае поле, як у лістападзе, калі чуваць, як пастухі ў суседняй вёсцы пакрыкваюць на кароў. Верку з Лёнікам прывялі на выган. Каля хат паўкругам стаялі бабы, падлеткі, дзеткі. Некаторыя кабеты прыціскалі да роту рог хусткі, гаротна раскачваліся. Сярод іншых з поўнымі жаху вачыма таўклася і Надзька Паўлючыха. Сыночка яе, наводчыка, нідзе не было відаць — не прыйшоў адкрыта пазлараднічаць. Пасярод выгану стаялі яшчэ дзве жанчыны: Самасеіха і Дарка. У абедзвюх мужы былі радавымі на фронце. Чым гэтыя бабы праштрафіліся, было Верцы невядома. З дзіцём — адна яна.
Па дарозе, што ішла праз лес ад суседняй вёскі, прыкаціла чорная машына. Выйшлі талмач і немец. Немец высокі, з тоўстым доўгім носам, лысы. У акулярах. Немец мільгам зірнуў на іх, перапужаных, абы-як апранутых баб. Адсутна, гідліва. На імгненне затрымаў накіраваны ў сябе позірк на Лёніка.
«Можа, сам які настаўнік, — падумала Верка. — Робіць цяпер работку». Немец пагутарыў праз талмача з паліцаямі. Запісаў нешта ў нейкім гросбуху. Яшчэ раз, пагардліва скрывіўшы вусны, паглядзеў на натоўп, на арыштаваных. Загадаў нешта праз талмача Мацею, сеў з талмачом у машыну і з’ехаў.
«Канцылярыя», — падумала Верка. У трыццатыя сярод жаху рэпрэсій, калі здавалася, што нават дыхаць можа быць небяспечным, тут таксама была канцылярыя. Усушка і ўтруска. Можна было змяніць імя, зайсці замуж, знікнуць, з’ехаць на будоўлю ў Расею, схавацца ў недасяжнай за балотамі вёсцы. Пятрок тады быў дырэктарам школы, ездзіў на нарады ў райана. Неяк ён даведваўся, каго будуць браць наступнага ці ў бліжэйшай будучыні. Папярэджваў людзей, даставаў пуцёўкі: каму на вучобу, каму на будоўлю. Ёй з Лёнікам во зараз не пашанцавала: дарога ў іх добрая, блізка да цэнтральнай калгаснай сядзібы, дзе атабарыліся немцы. Можна і парадак падтрымліваць. І няма каму папярэдзіць, няма каму дапамагчы. Пятрок на фронце. Сам ці жывы яшчэ? Валодзька сышоў у лес да партызанаў: баяўся, што яго, пятнаццацігадовага, пагоняць на працы ў Германію. Але ж адкуль Валодзька можа ведаць, што тут робіцца? Зараз раніца, усё адбываецца маланкава, будзённа. Нідзе ў небе старажытныя грэкі не напісалі ім: «Беражыся, Верка, беражы дзіцё: цябе сёння расстраляюць». Гросбух. Хаця б імёны іхнія туды запісалі?, Ці проста пазначылі: «бабы — 3 адзінкі, дзіцёнак — 1 адзінка»?