Мацей падышоў да вяскоўцаў. Стаў паміж імі і асуджанымі са стрэльбай наперавес. Валерка — з тварам чалавека, які здзейсніў ненаўмыснае, але ўсё ж забойства — крочыў да прыгавораных. «І выраку не абвясцілі, — падумала Верка. — Заб’юць, як быдла. Іншы гаспадар нават са свойскай жывёлай перад тым, як забіць, пагаворыць і развітаецца». Валерка махануў рукой у бок калгаснай стайні. Асуджаныя бабы і назіральніцы завылі. Нехта зрабіў першы крок — можа, проста пахіснуўся. Але яны зварухнуліся, як адно цэлае, пацягнуліся перад паліцаем на расстрэл. У Веркі нарадзілася ўпартае жаданне не парадаваць смерць, гора, чорта, паліцая, немцаў і ўсіх тых падлаў, праз каторых ішла вайна, сваім плачам. І яна не хацела спужаць Лёніка. Сціснула зубы. Ад злосці на ўсю гэтую брыду і чалавечую пошасць, якія спаганілі ім жыццё і цяпер збіраюцца скончыць яго гвалтоўна. Сціснула Лёнікаву руку, быццам хацела нешта яшчэ зрабіць для яго ў апошнія імгненні. Быць добрай маці, падтрымаць, супакоіць: маўляў, не бойся — пакуль я з табой, нічога не здарыцца. Відаць, яна зрабіла яму балюча, бо ён паглядзеў на яе поўнымі болю і жаху вачамі. Яна ўсміхнулася яму, успомніўшы, як вучылі яе жанкі любіць дзяцей былога мужа: «Клапаціся пра іх, усміхайся ім, і яны будуць верыць, што ты іх любіш». Ізноў зірнула на сына. Слёзы міжволі паліліся з ейных вачэй. Яна ішла павольна, але праз высокі рост крок у яе быў шырокі, і Лёнік ледзьве паспяваў за ёй. Перабіраў подбегам ножкамі, прытрымліваючы правай ручкай каля шыі незашпілены швадарок. Скібка хлеба засталася ляжаць у пяску. На твары страх, разгубленасць: «Куды нас вядуць? Што тут робіцца?» Левай рукой трымаўся мёртвай хваткай за мацерыну руку. Мёртвай хваткай. Мёртвай. Не! Толькі не Лёнік, толькі не ейны першынец, ейнае нечаканае мацярынскае шчасце!
Яны ішлі па дарожцы каля крайніх хат. Наперадзе быў Стэпчын сад. У Стэпкі не было плота, а хата, у адрозненне ад астатніх, стаяла ў глыбіні сада. Той быў зарослы кустамі, травой, крапівой. Людзі казалі: «Нашто Стэпцы плот? — Яна ж чарнакніжніца!» Калі б хто запытаў, чаму чарнакніжніца, то адказалі б: «Таму што ёсць у яе чорная кніга». Ніхто ніколі не бачыў, каб яна варажыла — толькі загаворвала сякія-такія хваробы, але ў сад па яблыкі да яе лазіць баяліся. І цяпер сад ламаўся ад яблыкаў. «Хай бы хоць пасушыла, — падумала Верка. — Да Вялікадня б не з’ела». Вядома, сапраўдная прычына адсутнасці плоту была ў тым, што Стэпка зайшла замуж і пабудавала хату перад самай Першай сусветнай. Мужа прызвалі, і ён загінуў. Засталіся толькі хата, самыя неабходныя гаспадарчыя пабудовы і дачка. Верцы ўспомнілася чамусьці, як брат, вярнуўшыся пасля гэтай вайны з нямецкага палону, навучыў іх на Вялікдзень хаваць у садзе фарбаваныя яйкі, развешваць распісаныя шкарлуіны ад яек на дрэвах. Яны тады заможна жылі вялікай сям’ёй, весела. Але і з Петраком яны працягвалі так рабіць. Спачатку для Валодзькі, потым для Лёніка. Верка ўважліва паглядзела на сына. Пагладзіла па галоўцы. Азірнулася на паліцая. Валерка дзёўбся за некалькі метраў ззаду, адной рукой прытрымліваў на плячы рэмень ад стрэльбы. Глядзеў сабе пад ногі, бы школьнік, які насваволіў і ўсвядоміў віну. Верка нахілілася да Лёніка, як бы супакойваючы, і пачала ціхенька гаварыць на вушка: «Лёнік, сыначка, памятаеш, як мы на Вялікдзень яечкі ад зайчыка ў садзе шукалі? Зірні — наперадзе Стэпчын сад. Ты ж ведаеш, яна чарнакніжніца, і сад у яе чароўны. Там і зараз велікодныя яечкі можна знайсці. Толькі за хатай. Як мы да саду дойдзем, ты адразу заскоквай у яго, як зайка, і хаваючыся за кусцікамі, бяжы за хату. А як яечкі знойдзеш, ідзі ў хату да Стэпкі, пакажы ёй. А калі не знойдзеш, усё роўна ідзі да Стэпкі — хай яна табе дапаможа шукаць. Толькі не плач, калі крапіўка ўкусіць, а то яечкі схаваюцца. І мяне не кліч. Я за табой потым вечарам прыйду». «Мама, — ты за мной прыйдзеш?» «Канечне ж прыйду, сыночак, куды ж я падзенуся? Я ж за табой заўжды прыходжу». Верка пацалавала Лёніка ў макаўку, паставіла перад сабой, шапнула: «Прыгніся і бяжы. І маўчы. Хаця толькі маўчы!» І, засланіўшы сабой, піргнула ў кусты. Прайшла яшчэ трохі, як бы хілячыся да іх, скрабучы спадніцай. Лёнік, прыгнуўшыся, шаснуў у кусты, зашорхаў па траве, па крапіве. Верка з бабамі і паліцаем пайшлі наперад, і хутка Стэпчына хата засталася далёка ззаду. Верка азірнулася на Валерку. Ён усё гэтак жа дзёўбся, невідушчымі вачыма гледзячы сабе пад ногі, і ёй здавалася, яна чуе, як сівеюць у яго на галаве валасы.
Дзед Лёня распавядаў потым, што памятае, як яго вялі на расстрэл. Вядома, ён успрымаў усё па-дзіцячы, але казаў, што разумеў, што яго чакае смерць, і ўсё думаў пра рапуху. Незадоўга да таго выраку, летам, Лёнік кінуў каменем у тоўстую страшную рапуху. Пацэліў ёй па лапцы, і тая павісла на кавалачку скуры. Вылезла мяса, пайшла кроў. Маці тады на яго моцна лаялася: «Нашто ты жывую істоту пакалечыў? Хай бы забіў, а то пакалечыў, і яна цяпер мучыцца будзе. А мне што яе цяпер — ісці дабіваць? І хай бы дзеля яды ці самаабароны, а то проста дзеля забавы!» Ён не змог ёй растлумачыць, што хацеў забіць рапуху, бо яна яго напужала. Ноччу Лёнік дрэнна спаў, кідаўся, плакаў. Нараніцу затэмпературыў. Маці пасадзіла яго сабе на калені, паіла малінай і цяпер ужо суцяшала: «Ну нічога страшнага, сыночак. Тую рапуху напэўна які-небудзь бусел падабраў, аднёс дзетак карміць. Будзем лічыць, што ты яму паляваць дапамог. А буслы ж — яны вельмі карысныя: яны змеяў ядуць». І вось пакуль іх вялі на расстрэл, Лёнік усё пра гэта думаў: «А раптам не заб’юць, раптам толькі пакалечаць? І будзе нага вісець на скуры, вылезе мяса, і пойдзе кроў. І буду мучыцца потым». Таму, калі маці нечакана выправіла яго шукаць яйкі за Стэпчынай хатай, ён адчуў вялікую палёгку ад таго, што можна не думаць болей пра рапуху. Дзед Лёня не мог ужо прыгадаць, ці збіраўся ён сапраўды шукаць яйкі. Памятаў толькі, што за хатай, каля калодзежа, ён убачыў Стэпку і з дзіцячай непасрэднасцю, як бы завітаўшы на сяло, пачаў расказваць, што іх з маці арыштавалі і вялі на расстрэл. І яшчэ дзвюх баб. А ішоў за імі Валерка са стрэльбай. А дзядзька Мацей застаўся на выгане. А мама загадала яму шукаць у садзе велікодныя яйкі. Невядома, што там падумала і перажыла тая Стэпка, але малога да сябе забрала і хавала яго, пакуль было трэба.
Верка ішла цяпер лёгка, спора. Падняла галаву да неба, глядзела на аблокі, на лінялы блакіт. Яна была шчаслівая. Яна ўсміхалася. Яна не баялася памерці, бо ведала, што ўсе дзеці выжывуць. І што за вартасць у ейнага жыцця? Толькі дзеці. Што яна пра сваё жыццё памятала? Як закрычалі нованароджаныя Лёнік і Толік. Лёнік зароў на ўсё горла, моцным хлапечым голасам. Абвясціў усім пра свой прыход. Яна нараджала яго ў бальніцы ў райцэнтры. Як памылі, здзіўлена аглядаўся, тарэшчыўся на лямпачкі на столі. Толік нарадзіўся зімой у першы год вайны. Нараджала яна яго дома з бабкайпавітухай. Толік спачатку неяк заквакаў, а тады заплакаў панемаўлячы, жаласліва, просячы абароны. А як абмылі, спавілі, паклалі ў рукаво ад кажуха, і хлопчык адразу заснуў.
Што яна памятала асабіста са свайго жыцця? У галаву лезлі нейкія нязначныя кур’ёзы. Прыгадалася чамусьці, як яна яшчэ дзеўкай, жывучы з бацькамі на сядзібе, пасвіла кароў у полі. Статак у іх быў невялікі — усяго дзесяць кароў. Была позняя восень, пахаладала, і яна надумала апрануць лісінае футра. Добра, што не ў вёсцы жылі, а то людзі б засмяялі. Маці таксама нічога не бачыла: была занятая гаспадаркай, а Верачка рана выганяла. І вось дайшлі каровы да лесу, і бачыць яна — на дрэве нейкі чорт чырвоны сядзіць. Ды такі выяўны: з рагамі, нагамі і капытамі. Верачка са страху забыла і пра статак і пра футра. З усіх ног кінулася дахаты. Пабеглі яны тады назад разам з бацькам, братамі і меншай сястрой Настай правяраць, што за чорт такі ў іхнім лесе пасяліўся. Мужчыны са стрэльбамі, Наста з іконай. Падышлі да дрэва, а гэта авечка аблупленая на сасне вісіць, а пад дрэвам гультай і злодзей мясцовы, накрыўшыся знятай шкурай, спіць. Гэта ён ноччу авечку ў вёсцы скраў, аблупіў і прылёг паспаць. «Ну добра, — падумала Верачка, — хоць не адна я сёння ў футры».