Бабы параўняліся з калгаснай лазняй. Раней яна была бацькавым хлявом, а як бацьку раскулачылі, перанеслі яе да канюшні як агульную маёмасць. Гэтак і іхнюю будаваную сваімі рукамі двухпавярховую хату перавезлі ў суседнюю вёску пад школу. Рэчы з хаты вяскоўцы парасцягалі і нават яблыкі ў садзе паабдзіралі. Дык хай бы ўжо бралі ды не ламалі дрэваў, а так крыўдна было Верцы глядзець, як яблыні, з гэткай любоўю імі ўсёй сям’ёй саджаныя, без віны гінуць.
Паліцай крыкнуў ззаду: «Усё! Прыйшлі!» Самасеіха і Дарка залямантавалі. Верка спужалася, выразна зразумела, што праз некалькі хвілінаў памрэ. У яе ад хвалявання пацякло малако. Яна ўявіла сабе, як, відаць, плача па ёй зараз у школе галодны Толік. Ніколі яна ўжо не пакорміць яго, ніколі не абдыме, не пацалуе, не ўдыхне ягоны немаўлячы пах. Верка заплакала. Яна плакала па сабе, па дзецях. Па мужу і па бацьках. Па сёстрах і братах. І па старажытных грэках. Недзе зараз глядзелі на яе зоркі і толькі праз тысячы гадоў нейкая жанчына ўбачыць люстраны адбітак Веркі ў іхнім святле.
«Заходзьце ў лазню!» — загадаў Валерка. Бабы закрычалі, яна таксама заплакала ўголас. Паліцай зайшоў за імі ў прылазнік і прамовіў: «До раўці! Будзеце сядзець тут ціха! Каб ніводнага гуку ад вас не было. Я стрэлю чатыры разы ў паветра. Праз пару дзён выйдзеце. Я скажу, што немцамі забаронена нават хаваць жонак савецкіх афіцэраў. І ты, Лявонаўна, маліся, каб твой малы не швэндаўся па вуліцы і не выдаў нас без пары». Валерка развярнуўся, выйшаў з лазні і зачыніў за сабой дзверы. Тады яна пачула чатыры стрэлы. Блізкія, страшныя, яны бы працялі ейныя грудзі, прайшоўшы праз намоклыя ад малака пінжак і кашулю. Недзе далёка ў вёсцы пачуўся бабскае выццё. Выбухнуў нізкім голасам паліцэйскі воклік Мацея. Для ўсіх яны ў гэтае імгненне памерлі. Яна толькі падумала, ці зразумеў што-небудзь Лёнік.
Верка з бабамі зайшлі ў лазню, схаваліся ў самым дальнім куце. Верка села на лаву са слядамі ад газеты, якую падкладалі дзеля гігіены. Прытулілася галавой да шэрага бярвення, паглядзела на святло ў акенцы. На падваконні ляжаў высахлы абмылак, і па ім укругавую хадзіў матыль. І ён хаваўся ў лазні, ратуючы ад восені сваё жыццё…
Верка не ведала, колькі часу яна прасядзела ў лазні, спала ці не спала. Ад тых дзён яна запомніла толькі шэрае бярвенне і адбітак ад газеты з нечытабельным тэкстам. Калі яна ачуняла, дзверы ў лазню былі адчыненыя, а Самасеіха з Даркай ужо сышлі. Верка ўзнялася, выпрастала задубелы ад малака пінжак і выйшла на святло. Асенняе сонца разанула вочы. Зрабілася холадна. Ад вопраткі ейнай смярдзела, грудзі балелі. Верка гародамі вярнулася дамоў. У хаце было стыла, ціха. Верка памылася, пераапранулася. Набрала ў калодзежы свежай вады, прынесла ў хату і павесіла вядро з вадой на крук. Хацела запаліць печ. Тады перадумала, бо пабаялася, што, пакуль яе не будзе, згарыць хата. Завязала чыстую хустку, нацягнула яе на твар і пайшла збіраць дзяцей…
З гэтай лазні Верка выйшла абсалютна сівой. Ёй яшчэ дасталася ў гэтую вайну. Усё ж згарэла хата: нашыя абстрэльвалі з гарматаў немцаў, якія заселі ў школе, і папалілі хаты людзям. Добра, што выратавалі сякі-такі скарб: за лісінае футра паставілі новы зруб, а за швейную машынку «Зінгер» паклалі дах. Калі адступалі немцы, давялося дванаццаць гадзінаў стаяць з Лёнікам і Толікам на руках у халоднай рацэ пад абрывам. Верка здранцвела і не магла сама вылезці, хоць і скончыўся бой. Выцягнулі яе з вады суседзі, каторых паклікаў, здолеўшы сам выкараскацца з вады, Лёнік. У сорак чацвёртым забралі на фронт сямнаццацігадовага Валодзьку. Ён пачаў вучыцца на механіка ў вучэльні, і яго ўзялі кіроўцам да нейкага чына, таму, дзякаваць Богу, хлопец выжыў. На другі год вайны ўцёк з палону і вярнуўся дахаты муж, але пасля вайны яны мала пажылі разам, бо Петрака накіравалі працаваць у школу за дваццаць кіламетраў. Пятрок жыў пры школе і вяртаўся дадому толькі на выходныя ў суботу вечарам. Сама яна болей у школе не працавала, бо свая згарэла, а ў суседняй вёсцы хапала настаўнікаў. Ды й узрост. Ды й хустка, ды й босыя ногі. Верка з Лёнікам і Толікам засталіся на гаспадарцы. Валодзька паехаў вучыцца далей. Малыя хадзілі за сем кіламетраў у школу. Але ўсе вывучыліся. Валодзька з Лёнікам атрымалі вышэйшую адукацыю, выйшлі ў людзі, ажаніліся, панараджалі ёй унукаў. Толік застаўся пры ёй, бы прыстыў. А яна гэтак і пражыла наступныя сорак гадоў у насунутай на твар хустцы і босай — да самых маразоў не абувалася. Нешта ёй гэтак зрабілася пасля таго арышту, ды й холад быў не холад у параўнанні з гэтым днём, калі яе вялі на расстрэл. Што датычыцца гэтых паліцаяў, яны не захацелі адступаць з немцамі: яны лічылі, што, па вялікім рахунку, нічога благога аднавяскоўцам не зрабілі, хутчэй, сапраўды збераглі. Але людзі, маючы досвед трыццатых гадоў, настроілі іх выехаць у Расею, і след іхні згубіўся — нават для блізкай радні. Наводчык Генюсь таксама падаўся на ўсход. Спіўся, і казалі, што сабутэльнікі выкінулі яго з пятага паверху — ажно галава ўвайшла ў тулава па ногі. У старасці Лявонаўна думала, што цудам выжыла ў рэпрэсіях, у вайне, толькі, каб ваяваць са сваімі нявесткамі. Асабліва не ладзілася ў яе з Лёнікавай жонкай. Тая, ганарыстая, маленькая і чарнявая, бы цыганка, не шанавала яе і ўпотай, а то і адкрыта ваявала супраць свекрыві. Лявонаўна як ведала, што гэтак атрымаецца. Неяк, яшчэ напачатку вайны, зайшла да яе ў хату цыганка і патрабавала аддаць золата, а то муж з вайны не вернецца. Верка хацела прагнаць зладзейку, накрычаць на яе, а тады раптам сумелася і аддала тое, што было: залатыя завушніцы і заручальны пярсцёнак. Цыганцы было гэтага мала, і яна сама хуценька адчыніла шуфлядку стала, як галодная жывёла, пакорпалася ў ёй і дастала адтуль вышыты бісерам пусты кашалёчак і складное люстэрка ў металічнай асадцы колеру золата. Яшчэ з Верчынага дзявоцтва. Цыганка задаволена выйшла, наплявузгаўшы брыдкасцяў і пашаптаўшы нешта каля рога хаты. А Верка так і засталася стаяць пасярод пакоя — усё адбылося імгненна, як у сне. Добра хаця б, што злодзейка не знайшла залаты хрысцільны крыжык. Верка неяк даўна зняла яго, бо Толік, калі карміўся малаком, чапляўся за яго ручкай і моцна торгаў. Яна баялася, што малы парве ланцужок, зняла крыжык і схавала ў шуфлядку швейнай машынкі. Калі хата гарэла (вось што нашаптала гэтая цыганка!), выкідвалі самае каштоўнае — гэтак і крыжык потым знайшоўся ў машынцы. Але тое люстэрка не давала Верцы спакою. Усё ёй здавалася, што сочыць цыганка праз люстэрка за ёй і ейнай сям’ёй. А неяк прыбег Лёнік, задыханы, са школы і давай расказваць, што іх з астатнімі дзецьмі нагнала ў лесе падвода, поўная цыганоў, і адзін з іх кажа: «Ну што, каторага з іх возьмем?» А другі адказвае, паказваючы на Лёніка: «А давай вось гэтага, чарнявенькага». Лёнік тады, што было моцы, даў лататы праз лес. Верка і падумала, што гэта цыганка сваіх супляменнікаў праз люстэрка на Лёніка навяла. Ну, а калі ўжо Лёнік прывёз дамоў з гораду паказаць сваю жонку, апранутую ў чырвоную сукенку, то Верка адразу зразумела, што высачыла яго ў рэшце рэшт гэтая цыганка і да цыганкі ж і прыжаніла.
Дзеці Верчыны ў Петрака гэткія чарнявыя пайшлі. Ён быў чарнавалосым, блакітнавокім. У такога паспрабуй не закахайся. Празвалі іх людзі Крумкачамі. І Верка думала, што гэта праз колер валасоў. Але нехта са старых людзей бавіў, што не — гэта мянушка ад іхняга сапраўднага прозвішча. Яны былі раней шляхцюкамі і мелі маёнтак. А тады ці тое сам прадзед, ці тое ягоны брат прыняў удзел у паўстанні супраць Расеі. Ніхто не мог ягоны атрад разбіць, а яго самога ўлавіць, бо ён быў загавораны. Маці яго супраць кулі і шаблі замовіла, трымаючы за пятку. А пятка незагаворанай і засталася. Тады царскія салдаты пацэлілі яму са стрэльбы ў пяту і ўзялі ў палон. Сядзеў ён у адной камеры са слуцкімі князямі. За ўдзел у паўстанні маёнтак аддалі манахам, а ўвесь іхні род быў пазбаўлены шляхецкіх правоў, абвешчаны разбойнікамі, і ніхто з іх не мог болей вучыцца. А што за паўстанне, калі гэта было і як дакладна яны зваліся, не скажу, бо не ведаю. І Верка з Петраком пасмейваліся з гэтых старэчых баек, бо яны адукаваныя людзі і чыталі легенду пра Ахілеса. Усёй шляхетнасці ў Петраковай сям’і былі невядомага паходжання акварэльныя карціны на сценах. Збольшага гэта былі выявы мясцовага возера, пабуранай за саветамі царквы і няіснага маёнтка, ад каторага застаўся падмурак і кусты буйной шыпшыны. Калі ў вайну гарэла хата, то выносілі самае важнае для жыцця, ды ніхто не парупіўся ратаваць малюнкі. Але Пятрок пацвярджаў, што прозвішча іхняе несапраўднае, змененае, здаецца, ягоным стрыечным дзядзькам-святаром, бо ягоны продак насамрэч удзельнічаў у нейкім паўстанні і яны не маглі рухацца па службе, а найперш — набываць адукацыю, а гэта сямейная традыцыя. Толькі як яны зваліся і што да чаго, Пятрок таксама не ведаў, акрамя той легенды пра Крумкача з замоўленай пятой: надта ўжо іхнія продкі стараліся захаваць сваю таямніцу — баяліся, што дзеці прагаворацца і быць бядзе.