Литмир - Электронная Библиотека

Веры Лявонаўне гэта было знаёма. Яна і сама распавяла дзецям пра сваю сям’ю толькі тады, калі тым было каля дваццаці гадоў. Пра тое, што дзед ейны — выслужаны дваранін на цывільнай службе, а па-нашаму — шляхцюк. Пра хутар Дзеравец, дзе ў іх стаяў двухпавярховы дом, і ў кожнага з іх, шасці дзяцей, быў свой пакойчык, а яшчэ гасцёўня і сталоўка. Як яны ўсе рабілі па гаспадарцы і нават насілі лапці, а вечарам пераапраналіся ў прыстойныя строі, заводзілі грамафон, і ў іх збіралася «інтэлігенцыя» з усёй акругі: настаўнікі, урач, бацюшка, ксёндз, ураднік, суседзі-дваране Міцэвічы.

Многія з іх потым пайшлі пад нож. Міцэвічы паспелі ўцячы ў Польшчу. Яны шмат для вёскі сваёй зрабілі: пабудавалі бальніцу і школу, выкапалі калодзеж, але неяк загадзя даведаліся, што іх, нягледзячы на добрыя справы, можа чакаць. Адна з іхніх дачок, замужам за Верчыным братам, засталася, бо муж у Грамадзянскую ваяваў афіцэрам у Чырвонай Арміі. Мужа не толькі не пашкадавалі, але, у адрозненне ад астатніх братоў, расстралялі, хоць і змагаўся за народнае шчасце. Братава дажывала тады век з дзецьмі ў Магілёве. Іншых братоў Верчыных саслалі разам з бацькам. Бацька памёр яшчэ ў дарозе. Казалі, убачыў у нейкім сібірскім горадзе вакзал — бясконцы, бязмежны, парэзаны рэйкамі, здаецца, большы за ўвесь яго трыццацігектарны надзел, — і гэткая туга яго ахапіла, што ён лёг на падлогу вагона тварам уніз і з гора памёр. А браты выжылі. Аселі ў Сібіры, нават іх з Петраком туды клікалі. Казалі: «Тут вольніца». Але кожны вечар, як распавядалі потым пляменнікі, прыехаўшы да Веркі ў госці, бацькі выходзілі на двор і глядзелі на захад сонца.

Выжыла Верчына маці: па патрабаванні Петрака ўцякла, калі арыштавалі бацьку, у Чарнігаўскую вобласць да сваякоў. Потым, вярнуўшыся дахаты, дажывала свой доўгі век у малодшай дачкі. Выжыла гадоў на дваццаць маладзейшая за Верку сястра Наста. Яна перабралася да іх з Петраком у вёску. Але тады ўсё роўна пастанавілі яе арыштаваць. Пятрок паспеў прыскакаць на кані з райана і папярэдзіць іх. Сам схаваўся ў лесе, бы і не было яго тут, а Верка расклала вогнішча пад сушылкай для сена, паклала Насту на сетку з сенам і падняла тую ўгару. Паабяцала моцна не паліць і папрасіла Насту трываць, бо інакш усё роўна смерць. Кожны раз, калі салдаты паролі штыкамі сена, якое ляжала ў капе на падлозе хлява, Верка баялася знепрытомнець, бо ёй уяўлялася, як штык уваходзіць у цела ейнай любімай сястры. Салдаты не здагадаліся, што Наста хаваецца над вогнішчам, а не зашылася ў сена, і хутка з’ехалі. Насту гэтым разам удалося ўратаваць. Яны з Петраком потым думалі-думалі і вырашылі аддаць сястру замуж за саракагадовага бабыля: у новай сям’і грахі продкаў з яе б здымаліся. На сваім вяселлі Наста сядзела на печы разам з дзецьмі, пакуль жаніх з гасцямі гулялі. А ўсё роўна яе потым арыштавалі і адседзела яна каля году ў турме. Выйшла з турмы, прыйшла на вакзал: куды падзецца? Дому няма, бацькоў няма, на сястру цень навядзеш. Але ж, здаецца, замужам, хоць і за чалавекам ледзь не ўдвая старэй за яе. Паехала ў вёску да мужа. І яшчэ пяцьдзясят гадоў з ім пражыла, нарадзіла яму дваіх дзяцей, выгадавала ўнукаў…

Вера выпрастала на канапе ногі. Ад сядзення за пісьмовым сталом, у бібліятэках, ад стаяння на занятках, пасля дзвюх цяжарнасцяў ногі ў яе пачалі балець — павылазілі вены. Яна шкадавала, што гэтак рана засталася «без ног» — пакуль была маладая, баялася занадта агаляцца, а пасталела — трэба ўжо хаваць пакручанае часам цела. Паглядзела на свой пісьмовы стол. Трэба ад яго пазбаўляцца. Хутка яна не зможа сабе дазволіць і дома працаваць за сталом — толькі лежачы. Можна купіць секрэтэр — для нетбука якраз згадзіцца. Фатаграфіі на ім таксама можна прыстроіць. Яна палюбіла свой стол зусім нядаўна — ужо пасля таго, як малодшы сын пайшоў у школу і наладзілі яму рабочае месца. Тады Вера змагла засяродзіцца на сабе, сваіх жаданнях. Праўда, далёка справа не зайшла — яе хапіла толькі на тое, каб паставіць на стол фатаграфіі ў рамачках. Цяпер і яны з мужам, і дзеці мелі свой куток, і Веры ўяўлялася, што ейнае побытавае жыццё на бліжэйшыя гады закансервуецца — пакуль не трэба будзе нешта сур’ёзна мяняць для дзяцей-падлеткаў і, дасць Бог, студэнтаў. Можа быць, прыйдзецца пашырацца, а можа, яны будуць мусіць плаціць за вучобу дзяцей ва ўніверсітэце — тады ўжо ўсё застанецца як ёсць. А калі сын ці дачка рана возьмуць шлюб? А калі нават не рана? Колькі ў іх з мужам часу на тое, каб, вылезшы з дзіцячых хваробаў і сабраўшы ў металічныя баначкі ад ландрынак іхнія малочныя зубы, забяспечыць сваіх дзяцей матэрыяльна? І ці здатныя яны на гэта? Вера зірнула на фатаграфію маці. Канечне, застаецца спадзеў на тое, што маці зможа дапамагчы, але ў яе самой няпэўны статус, і невядома, як у яе будзе са здароўем.

…У дзяцінстве, калі Вера хварэла і сядзела дома альбо проста рана прыходзіла са школы, яна любіла ўпотай падысці да мацерынага вялізнага пісьмовага стала. Гэта быў раскладзены напалову стол-кніга. Ён быў застаўлены тоўстымі фаліянтамі, энцыклапедыямі, слоўнікамі, але Веру цікавіў нататнік у скураной вокладцы з дзяўчатамі ў народных строях. У гэтым нататніку маці распісвала ўвесь свой гардэроб: што з чым апранаць і для якіх нагодаў. Як шахматысты запісваюць камбінацыі фігураў, так маці пазначала спалучэнні вопраткі. Па-першае, яна вельмі добра шыла. Шыла часта, лёгка, паміж іншымі справамі — навукай, выкладаннем, дзіцём. Потым, калі яна ў сорак гадоў абараніла доктарскую і пачала ездзіць на стажыроўкі ў Францыю, маці прывозіла адтуль адзенне, і ў нататнік заносіліся ідэі, падгледжаныя ў францужанак ці на старонках французскіх жаночых часопісаў. Плюс у яе быў прыродны густ, файная знешнасць, самабытнае адчуванне колеру, стылю і жаноцкасці. Гадамі гартаючы нататнік маці, Вера вывучыла, здаецца, усе магчымыя спалучэнні строяў. Яна доўга думала, што з зялёнымі штроксамі пад швэдар можна апранаць выключна сіні атласны станік. І толькі калі ёй самой было за трыццаць, яна зразумела, што запісы ў нататніку не ёсць фіксацыяй нейкага таемнага закону моды, а з’яўляюцца адлюстраваннем мацерыных схільнасцяў і перавагаў.

У маці была нетыповая для беларускага субстрату знешнасць — хутчэй, экзатычная: цёмна-каштанавыя валасы, зялёна-карыя вочы пад даўгімі вейкамі, тонкі нос з невялікай гарбінкай, маленькі рост, дробная фігура дзяўчынкі-падлетка. Усё тое, што па незразумелых прычынах гэтак злавала ейную свякроў, рабіла Ларысу адметнай і прывабнай для іншых людзей. Да гэтага дадавалася пластыка любімай коткі, пявучы пяшчотны голас, глыбокія гуманітарныя веды. Яна заварожвала. Людзі глядзелі ёй у рот, імітавалі яе, вучыліся ў яе. І яна была разумнай — зрабіла добрую навуковую кар’еру. Толькі ўсё гэта было нішто для свекрыві, каторая не шанавала яе і ігнаравала любое ейнае дасягненне.

Яшчэ як Ларыса прыехала знаёміцца з бацькамі мужа, свякруха неяк з парога неўзлюбіла яе. Прыбылі яны ў пятніцу, а ў суботу раніцай, калі яны з Лёнем яшчэ спалі, Лявонаўна пабудзіла яе і загадала: «Ідзі, палі печ». Ларыса абурылася. Яна знаходзілася ў гасцях, лічыла сябе ўжо гарадской, і паленне печы падалося ёй непрымальным. Яна села на ложку і вымавіла: «Я не для таго ў інстытуце вучылася, каб сялянскімі справамі займацца. Я, калі і буду печ паліць, то не ў вас, а ў сваёй маці». Нявестка і сама была з вёскі, з заможнай, моцнай сям’і, але цяжка сказаць, ці ўмела Ларыса гэтую печ паліць. Маці з бабуляй гэткіх даручэнняў ёй не давалі — бераглі для вучобы і такой працы, якую робяць усім гамузам: бульбу саджаць, бульбу браць, гной выкідаць, сена грабці. Да таго ж ніхто гэтак, як Ларыса, не мог навесці парадак у хаце. Але яна і сапраўды не была вясковым чалавекам — як ёй у шаснаццаць гадоў выкупілі за кабанчыка пашпарт (бо раней жа ў сялян пашпартоў не было) і яна паехала працаваць і заканчваць школу ў Менск, яна зрабілася зусім не вясковай. Усё ў ёй памянялася: і адзенне, і маўленне, і манеры. Інстытут яе змяніў яшчэ болей — Ларыса вывучылася на выкладчыцу французскай мовы. Бацькі аддалі ёй першынство і ўва ўсім слухаліся сваёй вучонай дачкі. А дачка абараніла кандыдацкую дысертацыю, тады доктарскую і даслужылася ажно да прафесара. Ну а калі яна пачала ездзіць у Францыю, то яе ўвесь раён лічыў за славутасць.

24
{"b":"828985","o":1}