Литмир - Электронная Библиотека

Пасля Ларысінай першай стажыроўкі неяк усё стала на месца, вобраз ейны завяршыўся. Ларыса болей не спрабавала фарбавацца ў бландзінку, пачала насіць кароткія стрыжкі на густых цёмных валасах. Пачала сябе любіць і атрымліваць задавальненне ад існавання ў сваім целе і са сваім тварам. А на радзіме мужа яе не прымалі — і не ў апошнюю чаргу менавіта праз знешнасць. Свёкар са свякрухаю трошкі дапамагалі ім з мужам, прысылалі грошай на ўнучку, але шмат зрабіць для іх не маглі: яны ўжо былі даволі старыя, мелі траіх дзяцей, ды і пагарэлі ў вайну. Ад таго часу бацькі мужа ўжо не абжыліся.

Горай за ўсё зрабілася, калі з’явілася ў Ларысы дачка. Дзяўчынка нарадзілася чорненькай, з цёмнымі непрагляднымі вачыма, маленькім носікам, і Ларыса радавалася, што дзяўчынка, па ўсім відаць, падобная да дзеда, Ларысінага бацькі. Яна вельмі ганарылася, што працягнула сваю пароду. Але першыя валоскі выкачаліся, вочкі пасвятлелі і зрабіліся шэрымі, носік выцягнуўся, і дачка стала падобнай да свекрыві. Гэта была страшэнная абраза і здрада з боку адзінага дзіцяці — удацца ў чалавека, які гэтак ненавідзіць ейную маці. Даходзіла да таго, што Ларыса карміла малую грудзьмі і не магла пазбавіцца ад думкі, што выкормлівае чужое дзіця. «А што, калі мне падсунулі ў раддоме іншае немаўля?» — думала яна. Але не, метамарфоза адбылася з малой ужо дома, і да таго ж дзіцё было падобнае да радні па мужавай лініі. Гэта было вельмі прыкра. І потым, калі дзяўчынка падрастала, Ларыса сама лавіла сябе на тым, што чакае ад яе толькі «правільнасці»: не дазваляе той дэманстраваць свае эмоцыі, быць па-дзіцячы капрызлівай, плакаць, баяцца, выказваць свае думкі, бо за ўсім Ларысе мроілася вядзьмарка-свякроў. І яна таўкла сваю дачку: «Не плач! Не бойся! Не скардзься! Бо будзеш басячкай у насунутай хустцы!» І ўсё кідалася на Веру з папрокамі: «Лявонаўна ты вылітая!» Тады жартам заступаўся бацька: «Лявонаўна была добрай пароды. Ейны дзед меў трыста душ».

А дачка была файная, зграбная, далікатная, адрознівалася добрым густам. У Веры быў шарм — дастатковы, каб мець сваё кола прыхільнікаў. Не такі шумны, як у маці, што ажно біў па вачах, але мякчэйшы, цішэйшы — адцення празрыстага халоднага возера, а не летняга мора. Ды ўсё роўна скразіла ў ейнай знешнасці свякроў, і маці бачыла ў ёй нерэалізаваную, занядбаную старую. Некалі, праўда, сапраўды быў у Веры перыяд, калі яна пачала, як і ейная бабуля, усяляк маскіруючыся, хавацца. Вера тады была студэнткай-першакурсніцай і вярталася з сяброўкамі з тэатра. Яны праехалі некалькі станцыяў на метро, а затым чакалі свайго аўтобуса на прыпынку. Стаяла вясна, дзяўчаты былі апранутыя ў лёгкія сукенкі. Вера, вядома ж, у шытую маці. Пасля спектакля яны былі ў прыўзнятым настроі, смяяліся, радаваліся. Тут каля прыпынку прытармазіла машына, і выйшлі з яе некалькі хлопцаў, пачаўшы заляцацца да дзяўчат, а па вялікім рахунку, чапляцца. Сітуацыя пагражала прыняць непрыгожы абарот. Людзі на прыпынку назіралі за тым, як павернецца справа, за дзяўчат ніхто не заступаўся. Тады нехта з сябровак выгукнуў: «Мы зараз міліцыю паклічам!» А другая дадала: «Прыглядайцеся да іх, дзяўчаты, каб потым лягчэй было скласці фотаробата!» Хлопцы сцішыліся, але, адступаючы, самі напужалі дзяўчат: «Мы вас запомнім і яшчэ знойдзем!» Якраз падышоў аўтобус і сяброўкі заскочылі ў яго. Праводзілі дахаты першай Веру: яна жыла бліжэй да прыпынку, а тады ейны бацька праводзіў дадому астатніх. Вера тады моцна перапужалася, не магла заснуць. А дванаццатай ночы прыйшла ў бацькоўскі пакой і папрасіла сябе пастрыгчы. Бацькі пагутарылі-пагутарылі з ёй і ў рэшце рэшт пагадзіліся зрабіць ёй кароткую стрыжку. Бацька стараўся жартаваць, каб падбадзёрыць дачку: «Добра, што я цесцю ў свой час дапамагаў авечак стрыгчы!» Вера ўгаварыла маці пафарбаваць ёй валасы мацерынай цёмнай фарбай. Назаўтра дзяўчына выправілася на заняткі ва ўніверсітэт у новым вобразе: з каштанавым вожыкам на галаве, у шырокіх нагавіцах, у даўгой кашулі навыпуск і ў цёмных акулярах. Яна хадзіла ў такіх балахонах і цёмных акулярах ледзь не да самай зімы. Тады ўжо троху супакоілася: вырашыла, што ў жахлівай вязанай шапцы і ў штучным футры ніхто не пазнае гэтую прывабную даўганогую дзяўчынку. Ды й змарылася баяцца.

За той час, што Вера існавала ў сваім новым выродлівым выглядзе, маці ўпэўнілася, што прырода стварыла ейную дачку вельмі прыгожай. Што яна дасканала выглядала са сваімі светлымі валасамі, шэрымі вачамі, малочнай скурай. Яна была самой сабой, са сваім характарам і сваім лёсам. Але ў маці ўсё роўна заставалася нейкая жывёльная рэакцыя на дачку, і тая здавалася ёй невыноснай і агіднай. Свякруха памерла, калі Веры было гадоў сем, але засталася напамінам у дачцэ на ўсё жыццё. І ўся крыўда, якая павісла не высветленай паміж нявесткай і свякроўю, перакачавала ў адносіны маці і дачкі. Гэта было дзіўна: Ларыса была знаёмая са свякрухаю нейкіх дзесяць гадоў, а крыўда перажыла старую на бясконцы тэрмін. Нявестка не магла ўжо парахавацца з нябожчыцай, але несвядома помсціла той праз падобную да бабулі дачку.

А Вера даволі арганічна пачувалася ў сваім целе — здаровым, спартыўным, лёгкім. Яе ў прынцыпе задавальняла ейная знешнасць. У Веры быў спакойны характар, яна любіла людзей, дзяцей, прыроду, кнігі, і жыццё з сярэдзіны ейнай істоты падавалася ёй прыгожым і светлым. Гэта было ўзаемадзеянне гарманічнага чалавека з гарманічным светам. Ёй здавалася, што ўсё тое прыгожае, што яна любіць і што яе атачае, робіць і яе прыгожым чалавекам. Калі ж Вера глядзела на свае фотаздымкі, то яна адчувала расчараванне: як быццам гэта фатаграфіі не таго чалавека, каторы здабывае ейны досвед. Можа быць, гэта не проста погляд маці, можа быць, яна сапраўды сваім не самым тыповым тварам засмечвае навакольную прастору, парушае яе гармонію? Веры думалася, што людзям брыдка глядзець на яе, і маці мае рацыю і пакутуе ад таго, што хоць яна сама мае тонкае пачуццё прыгожага і сваёй знешнасцю ўпрыгожвае свет, ейная адзіная дачка робіць гэты свет гідкім. Праз гады Вера вярталася да схаваных брыдкіх фотаздымкаў і бачыла на іх мілую маладую дзяўчыну. Тады яна пыталася ў сябе: «Чаму я гэтак не падабалася сабе? Я ж была такой маладой і прывабнай. Я была здаровай». І паступова Вера зразумела, што, нягледзячы на неідэальнасць ейнай знешнасці, гэта ў першую чаргу погляд маці прымушае яе адчуваць сябе монстрам. Бо ў Веры былі сябры, у яе закохваліся мужчыны, і ніхто не хрысціўся, ўбачыўшы яе, як хрысціўся б, спаткаўшы страшнага чорта. Але ў падлеткавым узросце, калі пачалося ў яе сур’ёзнае самаўсведамленне і стаў мяняцца з дзіцячага на падлеткавы твар, Вера вырашыла шукаць для сябе занятак, які дазволіў бы ёй схавацца ад людзей. І неяк яна надумалася пайсці ў гісторыкі, каб працаваць у архівах і не кантактаваць з людзьмі. Падштурхнула яе да гэтага рашэння яшчэ і тое, што ў адзінаццатым класе ліцэй арганізаваў для іх паездку ў Вільню, і там у музеях яна ўбачыла падобныя да свайго твары. Гэтая загадка пачала пераследаваць яе, і ёй захацелася знайсці на яе адказ.

Вывучэнне гісторыі, праца ў бібліятэках і архівах, паездкі ў Вільню і Польшчу замірылі калі не маці, то саму Веру з ейнай знешнасцю. Вера адчула сябе цэльнай, часткай большага, чым яна сама, хоць ужо і няіснага свету. Напачатку Веры хацелася вярнуцца назад у часе, каб паглядзець, што ж там насамрэч у гісторыі было. А потым яна зразумела, што там не мелася ніякага плану, вялікай задумы, накіду ўзору. А было тое, што ёсць звычайна: удых-выдах, дзень-ноч, каханне-нянавісць, нараджэнне-смерць. Шукала Вера і свой радавод. Знаходзіла неабходныя запісы аб нараджэнні, хрышчэнні і смерці ў царкоўных і касцельных кнігах, «обыскі» шлюбаў, вывады са сведчаннямі аб маёмасным і сацыяльным стане. Паступова яна высветліла, што Крумкач — сапраўды мянушка, каторая ўтварылася ад назвы іхняга шляхецкага герба «Слепаворан». Па легендзе быў такі рымскі ваяр-трыбун, каторы прыняў выклік на двубой асілка-франка. Перад самай бойкай на шлем рымляніну сеў крумкач і пачаў так махаць крыллем, што франк не бачыў за імі ворага. З таго часу пачалі гэтага рымляніна клікаць Крумкачом. А ягоны нашчадак трапіў у Польшчу і Вялікае Княства Літоўскае ў сярэднявеччы, шукаючы сабе рыцарскай славы. Крумкачамі называлі сябе і Верыны продкі падчас паўстанняў васямнаццатага-дзевятнаццатага стагоддзяў. Гэта была падпольная мянушка — ды, відаць, не такая таемная, бо захавалася яна для нашчадкаў лепей, чым прозвішча. А можа быць, у гэтай ролі ейныя продкі былі больш зразумелыя для людзей, бліжэйшыя да іх, калі менавіта пад паўстанцкай мянушкай яны захаваліся ў народнай памяці.

25
{"b":"828985","o":1}