Сабраўшы неабходную інфармацыю пра сваіх продкаў, Вера змагла скласці фамільнае дрэва ад канца чатырнаццатага стагоддзя. Яна радавалася нават тады, калі ў дакументах апошніх двухсот гадоў знаходзіла старонкі са старанна замазанымі прозвішчамі, павыдзіранымі, абпаленымі агнём аркушамі, дзе, мяркуючы па іншых крыніцах, павінны былі быць дадзеныя пра ейных дзядоў — так яна магла адчуць сувязь з гэтым «міфічным» стрыечным дзядзькам, каторы такім чынам ратаваў іхні род. Паўстанне Касцюшкі, паўстанне 1830 года — раз за разам яе продкі ўздымаліся на змаганне за грамадзянскія правы свайго народа, кіруючыся ідэаламі Статута ВКЛ, Рэчы Паспалітай і Французскай рэвалюцыі. Раз за разам розныя адгалінаванні сям’і пазбаўляліся шляхецкага гонару, маёмасці, захоўваючы толькі добрае імя. Бандыцкае для новых уладаў. Славутае для сваёй радзімы, вызначэнне каторай расплывалася і рассыпалася, саступаючы месца іншаму самаўсведамленню.
У 1863 Крумкачы ўжо не бралі актыўнага ўдзелу ў паўстанні — рабілі, што маглі. У іхняй мясцовасці паўстанне ішло стыхійна: у горадзе ваявалі гімназісты, за ягонымі межамі аб’ядналіся шляхта, святарства і некаторыя сяляне. Калі пасыпаліся галовы, высветлілася, што іх было шмат. Шмат, але недастаткова, хоць доўга яшчэ ўспыхвала ў ворага пад нагамі зямля. А Крумкачы толькі-толькі залізалі раны ад двух папярэдніх паўстанняў. Вярнуліся і пасяліліся ў вёсцы, а не ў маёнтку сасланыя ў Сібір. Большасць іхняга роду ўжо лічылася сялянамі. І ў іх нарэшце з’явілася новае прозвішча: ірвалася і палілася папера з царкоўных і касцельных кнігаў — лічы і не было крыміналу, бо палала ўсё наўкол. Яны марылі пачаць гісторыю роду наноў, яны маглі б цяпер здабываць адукацыю, рабіць кар’еру.
Вывучаючы гістарычныя матэрыялы, робячы свой радавод, Вера пыталася ў сябе, ці былі ў паўстанняў 1794, 1830 і 1863 гадоў шанцы на перамогу, ці гэта былі проста заканамерныя сутаргі выяўна паміраючага арганізма. Альбо арганізма, які перажывае перараджэнне, нараджэнне новага. І тады яна падыходзіла да іншага пытання: «Як бы склаўся лёс Беларусі і Еўропы ў дваццатым стагоддзі, калі б гэтая жменька грамадзян перамагла, калі б шляхта і кіраўнікі паўстанняў былі цалкам паслядоўныя ў сваіх перакананнях і дзеяннях, калі б не здрада магнатэрыі і значная лічбавая перавага ворагаў ? Ці мелі б месца дзве сусветныя вайны? Ці спыніла б гэтая перамога іхніх ваяўнічых суседзяў?» А калі зрабіць у разважаннях яшчэ адзін крок назад у часе: «Ці мела б месца ўся гэтая крывавая калатнеча паўстанняў і войнаў, калі б не падзелы Рэчы Паспалітай?» Так, гісторыя не ведае ўмоўнага ладу. Але хіба іхняе, так званае сапраўднае жыццё, не ёсць няпэўным, умоўным ладам?
Так ці іначай, але хаця б план прадзедаў даць дзецям адукацыю ўдаўся. Дзед Пётр вывучыўся на настаўніка і, атрымаўшы ў васямнаццаць гадоў дыплом, амаль адразу пайшоў у боты на Першую сусветную вайну. Выратавала яго менавіта пісьменнасць — ён адслужыў пісарам у штабе. Пасля рэвалюцыі іхні полк апынуўся ў Вугоршчыне. Пад канец грамадзянскай яны прарваліся на радзіму — праз восем гадоў пасля мабілізацыі. Пятрок імкнуўся настаўнічаць, верыў у будучыню Беларусі. Выжыў у трыццатыя, выратаваў шмат людзей, але шмат было і страчана.
У сорак пяць гадоў Петрака прызвалі радавым на Другую сусветную. На дзесяць чалавек у іх была адна вінтоўка. Іх гналі на мяса, відаць, каб немцы патрацілі патроны. А можа быць, меўся нейкі хітрэйшы план. Пятрок са зброі меў прыхоплены з дому сцізорык. У першым жа баі камандзіры адправілі салдат на верную смерць. Не на перамогу. Не за радзіму. Не за сям’ю. Не за дзяцей. За Сталіна? Дзеля Сталіна, дзеля Гітлера і іхняй хворай псіхікі. Хлопцы крычалі, лаяліся. Сярод іх былі амаль падлеткі, якія маглі б быць Петраковымі вучнямі. Хто меў зброю, страляў. Астатнія — з тварамі, пакручанымі страхам, адчаем і бездапаможнасцю — проста беглі шэрагам, падалі, курчыліся ад болю, паміралі адразу, мучыліся, прыціскаючы акрываўленыя рукі да прастрэленых галоваў і жыватоў. Нечыя дзеці. Нечыя былыя немаўляткі, што вучыліся пры мацярках садзіцца і поўзаць, гаварыць і хадзіць. Не на славу чалавечага генія, а каб памерці ад фашысцкай кулі. А на адну такую кулю наштампуюць яшчэ сотню ці тысячу. Але гэтыя загінулыя салдаты, будучыя ці існыя ўрачы, інжынеры, настаўнікі, паэты, мастакі, сяляне і рабочыя не народзяць ужо дзяцей. Не спраўдзяцца самі, не сплоцяць Богу свой чалавечы талент.
Пятрок, бягучы сярод іншых, успомніў, як яны з мужыкамі выходзілі раніцай на пакос і шэрагам, выхваляючыся адзін перад адным, ішлі, косячы траву. Цяпер касіла іх. Пятрок закрычаў страшным голасам. Голасам настаўніка, каторага дасталі вучні. У каторага ад злосці, шаленства пацямнела ў галаве. Каторы гатовы — не, не забіць — ляснуць лінейкай, хай бы і не па галаве хулігана і недатумка, а па дошцы. Паламаць тоўстую метровую драўляную лінейку папалам, зараўці: «Вон з класу! Марш да дырэктара!» Падумаць: «Добра, што не забіў». Пятрок закрычаў голасам настаўніка, катораму ягонае стагоддзе давала раз за разам заданне забіваць людзей: у Першую сусветную, падчас сталінскага тэрору, цяпер у Вялікую Айчынную. Забіваць замест таго, каб вучыць. Забіваць бессэнсоўна, бязмэтна альбо самому загінуць. І яны ж браталіся з гэтымі немцамі — у Першую сусветную, пасля нямецкай рэвалюцыі! І дзе тады былі яны — леніны, троцкія, сталіны, гітлеры? Пятрок закрычаў, не чуючы свайго голасу. Яму на момант падалося, што гэта ён плача наўзрыд. Але ён не мог плакаць. Ён жа мужчына. Ён настаўнік. Ён ужо адслужыў адну вайну. Перакрываючы віск куляў, замагільнае маўчанне забітага камандзіра, Пятрок даў каманду акапвацца. Ён служыў у штабе, ён ведаў, як вядуцца баявыя дзеянні. Ён узяў сцізорык і пачаў капаць. І ён імгненнямі сам не мог успомніць, што капае: акоп ці сабе магілу. Пачалі акапвацца астатнія — хто, чым мог. Амаль бяззбройныя, яны яшчэ спрабавалі адстрэльвацца з акопаў. Потым іх узялі ў палон. Яны выжылі. Яны не ведалі, ці мелі рацыю, але настаўніцкі крык, а можа быць, і сам Бог, выратаваў іхняе жыццё.
У нямецкім палоне Пятрок захварэў: наеўся сырых буракоў, якія бабы скатвалі ім у лагер з пагорка. Вырашыў, што гэта тыф. Зразумеў, што так ці іначай памрэ. Падгаварыў яшчэ двух хлопцаў на ўцёкі — ім няма чаго было губляць, акрамя сваёй смерці. Хлопцы ўзялі яго пад рукі і пацягнулі да шпіталя. Немцы не хацелі пэцкацца заразай і прапусцілі іх, а яны крок за крокам, зайшоўшы за будынак шпіталя, кінуліся ўцякаць. З траіх выжылі двое — аднаго здалі мясцовыя людзі. Пятрок дайшоў дадому, вылечыўся, пагарэў, адбудаваў хату. Пасля вайны хаваўся ад арышту на балотах: ён жа быў у палоне, ды і хадзілі чуткі, што ратаваў у трыццатыя людзей ад рэпрэсіяў. Пераседзеўшы пагрозу, ізноў настаўнічаў. Бо гэта святое. Бо настаўнічалі, пісалі, перакладалі папярэднікі. Такі быў у ягонай сям’і абавязак.
І вось яна, Вера, працуе цяпер у архівах, бібліятэках і на ўніверсітэцкай кафедры — студэнтка-гісторык, затым выкладчыца, кандыдат гістарычных навук, маці дваіх дзяцей, жонка інтэлектуала з добрай сям’і з радаводам не менш значным, чым у яе. Значыць, яны выжылі — аскепачкі славутага мінулага. І такіх аскепачкаў, яна ўпэўнілася, было шмат. Цікава было тое, што шляхі бацькоўскага, мацярынскага і мужняга роду перасякаліся ў мінулым: то нейкія далёкія дзяды вучыліся разам у Віленскай гімназіі, то нехта ў некага выкладаў, то нехта сутыкаўся ў духоўнай семінарыі, то сведчылі ў судзе па бойцы паміж двума панамі-суседзямі, то стрыечныя цёткі-дзядзькі перажаніліся. Вера здзіўлялася, як, нічога пра гэта не ведаючы, не ведаючы ўжо дакладна гісторыі роду, маючы толькі згадкі-трызненні старых людзей (з каторых, з большага, кпілі), не маючы нават сапраўдных прозвішчаў, ейныя бацькі, бацькі мужа і яны самі знайшлі адно аднаго. Калі яна размаўляла на гэтую тэму на канферэнцыі з адным нямецкім прафесарам, ён распавёў ёй, што ў Германіі яны тлумачаць гэта паняткам «Bürgerheіt» — валоданнем грамадзянскімі дабрадзейнасцямі, калі пэўныя каштоўнасці, выхаванне перадаюцца з пакалення ў пакаленне і людзі знаходзяць адно аднаго ў адпаведнасці з імі, нягледзячы на свой сучасны сацыяльны і матэрыяльны статус ці адукацыйны ўзровень. Вера на той момант настолькі праніклася гэтай ідэяй, што напісала на гэтую тэму артыкул, хоць і разумела, што такі кірунак не будзе надта папулярным у нашай навуцы. Гэтая ідэя была кшталту праблемы партызанаў. Усе ведалі такія небяспечныя тэмы, па каторых маглі ў рэшце рэшт не зацвердзіць пісаную гадоў дзесяць дысертацыю. Тады раілі: «Пішыце пра Абаму і ягоную палітыку». Але не паспеў нехта разабраць па костках Абаму, як у няміласць трапілі любыя афраамерыканцы, нават у працах па літаратуры і лінгвістыцы, бо пачалася вайна ва Украіне (невядома, які лёс напаткаў бы дзядзьку Тома ці дзядзьку Рымуса, але пра іх на той прамежак часу, відаць, ніхто не пісаў). І па вялікім рахунку, скажуць яны вам у кулуарах, хіба гэтыя негры — людзі? Ізноў папаўзлі страшныя расповеды пра тое, як нехта гадамі сядзеў на нішчымніцы, рабіўшы даследаванне, і абяцаў дзецям, што вось напішацца дысертацыя, і мама зможа іх забяспечыць і бавіць з імі болей часу. А тады абараніла мама дысертацыю, атрымала добрыя водгукі і адзнакі, прайшла ўсе белыя-чорныя рэцэнзіі, а палітыка памянялася, і працу не зацвердзілі. А дзеці выраслі. Дзяцінства нармальнага не бачылі, зарабілі сабе на ўсё жыццё гаймарыт, бо мама паклала сябе на алтар навукі. І маме той таксама жыць ужо позна, бо гады не тыя, і на пляж яна цяпер рызыкнула б выйсці толькі ў хіджабе. І нават калі б мама і атрымала ступень кандыдата, то трэба было б шукаць яшчэ адну працу, каб хаця б пракарміцца — альбо ісці ў прыбіральшчыцы ці касіршы, бо ім болей плоцяць. Таму што і муж ужо ўцёк.