Як ейны бацька здолеў гэтулькі гадоў падстрахоўваць маці? Гатаваць, прыбіраць, глядзець Веру, заплятаць ёй косы, калі Ларыса з’язджала на стажыроўкі. І ён жа сам выкладаў, пісаў вершы. Адвучыўся ў аспірантуры, напісаў дысертацыю, але не абараніўся, бо некаму трэба было займацца будзённымі справамі і зарабляць грошы тут і цяпер, а не праз нейкі нявызначаны час. Працаваў простым выкладчыкам, падрабляў на вячэрніх курсах і, калі ўдавалася, рэпетытарстваваў. Выдаў дапаможнік па сваім даследаванні, атрымаў за яго ганарар і супакоіўся — не дарма працаваў, здабыў хлеб надзённы. Тут якраз Ларыса пайшла на новы віток — паступіла ў дактарантуру. А ён адстаў. Дома ў яго нават асобнага пісьмовага стала не было — ён карыстаўся адкідным секрэтэрам у савецкай паліраванай мэблі-сценцы, што стаяла ў дзіцячым пакойчыку. Таму ягонае жыццё было прывязанае да біярытмаў і раскладу заняткаў Веры. А Вера любіла глядзець, як бацька працуе за сваім адкідным сталом позна ўвечары, працягнуўшы праз увесь пакой падаўжальнік для настольнай лямпы. Ёй было спакойна, яна лёгка засынала, а калі прачыналася раніцай, то секрэтэр быў акуратна зачынены, і яе сустракаў чысты новы дзень у ейным уласным пакойчыку.
Цяжэй працаваць бацьку зрабілася, калі ў Веры збіраліся сябры і кавалеры: яму было няёмка, і ён не мог засяродзіцца, рыхтавацца да заняткаў. Туліўся тады на кухні, а калі Ларыса гатавала свае французскія прысмакі, ён і сам не ведаў, дзе падзецца. Калегі з універсітэту ці тое жартам, ці тое сур’ёзна раілі яму пакласці ліст фанеры на ванну і на ім пісаць. Але Лёнік не скардзіўся — ён бачыў сваю самарэалізацыю ў творчасці, напісанні вершаў. А геніяльны верш можна і на калене накідаць. Выкладанне было для яго пакліканнем, але галоўны талент свой бацька бачыў у паэзіі. Ці быў ён добрым паэтам? Неблагім. Ці мог ён зрабіцца папулярным паэтам у краіне, дзе ўсё меней і меней людзей размаўляла на той мове, на каторай ён пісаў? Цяжка сказаць. У цэху паэтаў яго паважалі, жанчыны і потым п’яніцы ў вёсцы пруцянелі ад ягоных вершаў і страчвалі ўласную волю. Але з цягам часу, калі ягонае прозвішча згадвалася хоць-калі толькі ў якіх-небудзь студэнцкіх курсавых і рэфератах, бацька думаў, што ён нашмат лепшы агароднік і садавод, чым паэт, калі вартасць рэчы вызначаць ейнай карыснасцю і рэзультатыўнасцю. Калі дзед Лёня перабраўся ў вёску, пакінуўшы кватэру дачцэ з зяцем і ўнукам, пачэсным паэтам ён быў менавіта для простых людзей, вяскоўцаў, сасланых жонкамі з горада мужоў-выпівох на пенсіі. Ён быў знакамітасцю. На яго забыліся крытыкі, універсітэт, але мясцовыя мужыкі хваліліся пры нагодзе: «Я ўчора дапамагаў гарадзіць плот Паэту. Выпілі з ім па чарцы. Чытаў мне свае вершы. Моцна напісана. Не ўспомню словы, але за душу бярэ».
Дзед Лёня амаль не ўзгадваў жонку. Адвык ад яе. Адзінае пачуццё, якое захавалася ў яго да Ларысы — гэта нават не нянавісць, а боль ад расстання. А Лёніку некалі тлумачылі, што каб пазбавіцца ад фантомных боляў, нельга думаць пра страчаны орган. Ён і не думаў пра Ларысу — жыў, як жывецца. Калі ссыльныя алкашы пачыналі скардзіцца на сваіх жонак, слухаў, спачуваў, паддакваў, але сам пачуваўся халасцяком. Можа быць, хоць-калі і ўспамінаў той час, калі яны з Ларысай былі маладымі, калі Вера была дзяўчынкай, і яны існавалі ў сваім утульным маленькім свеце.
Ларыса была жонкай на зайздрасць іншым: файнай, разумнай, спраўнай. Пакуль яна сядзела над сваімі фаліянтамі, усё ў яе сквірчэла на пліце, з духоўкі пахла выпечкай. На кухонным стале заўжды ў іх ляжаў накрухмалены настольнік. На палуднаванне мужу яна варыла гарачы шакалад і падавала яго ў адмысловым парцалянавым кубачку. Ларыса ўмела зрабіць жыццё прыгожым. Нават калі быў дэфіцыт усяго на свеце, яна ўмудралася стварыць адчуванне таго, што іхні дом — поўная чаша. Вера расла маленькай прынцэсай. Ларыса абшывала яе, майстравала з ёй цацкі і ўпрыгожанні. Заўжды старалася з’ездзіць на канферэнцыю ў Маскву і прывезці дачцэ глянцавых сшыткаў, фламастэраў, шакаладных зайцоў. Цягнула дамоў торбы кніг і тканіны. Ніхто не мог бы сказаць, што Лёню з Ларысай самім у дзяцінстве не было чаго есці. Ні ў вайну, ні пасля вайны нічога не было. Лёня ўзгадваў, як казлянятам на мордачкі апраналі скуру вожыка, каб яны не высмакталі ў казы малако. І ўсё роўна каза прыходзіла дахаты з пустым вымем, і адзіным далікатэсам заставалася іржаная булачка — маці пякла іх і давала ім з Толікам з сабой у школу. Ягоная дачка не павінна была так жыць. Вера павінна была пачувацца любімай, абароненай, мець дастатак. Таму Лёня падтрымліваў імкненне Ларысы пісаць кандыдацкую, а тады і доктарскую дысертацыі. Ларыса меркавала так: «За год напішу, і тады маё дзіцё, пакуль я жывая, будзе забяспечанае». І яны шчыравалі ўдваіх, кожны як мог, дзеля дачкі. Дзеля Веры Лёня пагадзіўся ўпершыню адпусціць Ларысу на стажыроўку на паўгода ў Парыж. Была сярэдзіна васьмідзясятых, замежжа было іншым светам. Для жонкі гэта была нечуваная ўдача, і яна выслужыла яе сабе. Сумнявалася, ці ехаць, баялася кінуць мужа з дачкой, потым пераконвала саму сябе і астатніх: «Нічога, гэта неяк добра для нас у будучыні сплоціцца».
Два разы на тыдзень яны пісалі адно аднаму лісты. Вера — калі прымушаў бацька. Ларыса слала ў лістах для дачкі паштоўкі з рэпрадукцыямі імпрэсіяністаў, коцікамі, сабакамі, каляднымі матывамі. Такога дзіва ні ў кога тады не было. Калі Ларыса вярнулася з Францыі, то здавалася, што вакол ейнай галавы свіціцца німб. На ёй была куплёная модная вопратка, ад яе пахла незвычайнымі духамі, і пастрыжаная яна была парыжскім цырульнікам. Ларыса выглядала і паводзіла сябе як жанчына з французскага кіно. А сама яна жыла як у сне, хай бы ізноў ператварыўшы іхняе сямейнае жыццё ва ўтульны рай. Але Лёню яна нагадвала паламаную цацку. З нейкай трэснутай дэталькай, якая болей не спружыніла. Не спружыніла для яго.
Лёнік падыходзіў Ларысе. Ён быў ёй парай на пэўным этапе ейнага жыцця, ён быў ідэальным ва ўсіх адносінах для таго свету, у каторым яны пабраліся шлюбам. Калі Ларыса ўпершыню ўбачыла яго, ён уразіў яе сваёй адказнасцю, дасканаласцю. Лёнік насіў касцюм і гальштук, пахнуў адэкалонам, быў нейкім старасвецкім кавалерам. Да ўсяго — начытаным гуманітарыям. І пісаў вершы. Выдаў з часам свой зборнік. Калі Ларыса пачула, як ён чытае свае вершы, яна вырашыла зайсці за яго замуж. Ягонай адзінай заганай было паленне. Але гэты пах цыгарэтаў, змяшаны з драўняным пахам ягонай скуры і адэкалону, выклікаў у яе любоўнае замілаванне, нават калі яны ўжо канчаткова разышліся з мужам.
Іхняе каханне было сапраўднай ідыліяй са шчаслівым канцом-вяселлем. Нават сямейнае жыццё з нялёгкім савецкім побытам было ім у радасць — ніхто ніколі не дакараў адзін аднаго нямытым посудам ці непрыбранай кватэрай. Яе і не было напачатку — туляліся па інтэрнатах, жылі на агульнай кухні. Хто першы прыходзіў дахаты, той гатаваў есці, хто меў час, мыў посуд і прыбіраў. Ларыса не падпускала мужа толькі да сціркі. Але яны стараліся рабіць усё разам, пры гэтым размаўляць, разважаць. Ім здавалася, што і дачка тады набіраецца пры іх розуму. Галоўнае было — жыць насычаным культурным, духоўным жыццём, працаваць на любімай абодвума працы, развіваць дачку. Іхняе існаванне разам было разумным, апраўданым, і можна было падумаць, што нават з космасу відаць свячэнне, якое ліецца ад іхняй сям’і.
Усё б так, калі б не свякруха. Чорная хворая пляма, якая выжырала іхнюю энергію, каханне, зводзіла на нішто клопат адно пра аднаго, абясцэньвала Ларысіну навуковую працу, Лёневы вершы і даччыны таленты. Здавалася, што Лявонаўна ненавідзела іх. Ненавідзела іх разам, паасобку і, відаць, мела мэтай як мага хутчэй убачыць іх усіх у дамавіне. Уся тая разумнасць, правільнасць, якую яны стваралі, разбуралася хімерамі, пакалечанымі свядомасцю свекрыві. Колькі разоў Ларыса, каторая шчыра любіла свайго мужа, гатовая была разысціся з ім пасля паездкі да ягоных бацькоў. Колькі разоў яна кідала сваёй любімай, адзінай дачцэ ў твар злосныя словы: «Ты гэткая самая, як твая бабуля Лявонаўна!» Гэтаму адчаю і расчараванню не было межаў. А нявестчына нянавісць да свекрыві прачыналася раніцай раней за Ларысу і не давала ёй заснуць уначы. Ларысіна доктарская, ейная апантанасць кар’ерай былі народжаныя гэтым пачуццём, былі спосабам давесці ўсім, хто чаго насамрэч варты. І нават смерць Лявонаўны не палепшыла, а пагоршыла сітуацыю, таму што крыніца нянавісці знікла, а само пачуццё засталося, перакінуўшыся на мужа і дачку.