Литмир - Электронная Библиотека

З цягам часу Ларыса пачала падазраваць, што нянавісць да свекрыві закладзеная ў нявестак прыродай — гэта псіхалагічны буфер, каб магчыма было цярпець мужа. І вось свекрыві ўжо няма, і Ларысе кідаецца ў вочы ўсё тое, што злуе жонак у сваіх мужах: там нешта запляміў, тут захламіў, не гэта купіў, не тое з’еў. І дачка… Як быццам яна ўсе гэтыя гады гадавала і расціла не сваю плоць і кроў, а чужароднае стварэнне. А можа быць, гэта іхняя двухпакаёўка зрабілася занадта маленькай для дзвюх палаваспелых самак? З цягам часу Ларыса пачала думаць, што так ненавідзіць дачку, бо не любіць і мужа. Бо калі б яна кахала мужа, то рысы ягонай маці, уласцівыя яму, не злавалі б яе так моцна. Разважала яна і пра тое, чаму свякрухі схільныя гэтак не любіць сваіх нявестак. У рэшце рэшт прыйшла да высновы, што, па-першае, помсцяцца за свае ўласныя крыўды, а па-другое, думаюць, што іхнія сыночкі маглі б выбраць сабе любую жонку, а спыніліся на гэтай. І ў яго заўжды застаецца шанец пайсці з сям’і — неабцяжараным дзецьмі — каб шукаць, з кім бы яшчэ працягнуць сваю пароду, і клапаціцца пра састарэлую маці.

Тым не менш праз некалькі гадоў пасля смерці Лявонаўны да Ларысы спакваля прыйшло асэнсаванне, што цяпер нішто не зможа азмрочыць ейнае сямейнае жыццё. Тады ж Ларыса ўпершыню трапіла ў Францыю. Ёй было трошку за сорак, яна была маладым доктарам навук па раманістыцы, у яе былі муж і дачка, даволі здаровыя і яшчэ не старыя бацькі, і яна нарэшце зрабілася паўнаўладнай імператрыцай у сваім свеце. Калі яна разам з калегамі і таварышам з органаў выйшла на вакзале ў Парыжы, яе агаломшыла столькі гадоў прагнутая французскасць: французская мова наўкол, іншы пах, іншыя выразы на тварах, іншая архітэктура. Нават не верылася, што можна вось так сесці ў Менску на цягнік і трапіць у столькі гадоў вывучаны і любімы свет, хай сабе і прайшоўшы папярэдне сіта характарыстык, урачоў, даведак. Яна была абранай сярод абраных і, як потым высветлілася, большая францужанка за саміх францужанак. Дзякуючы менскаму інстытуту замежных моваў у Ларысы было чыстае вымаўленне, яна выказвалася на граматычна правільнай літаратурнай мове, і, маючы ідэалістычнае ўяўленне пра французаў, яна гутарыла ў асноўным пра ўзнёслае. Напачатку некаторыя французы прымалі яе за гэбістку, бо ім не верылася, што чалавек, каторы ўпершыню трапіў у Францыю, можа так добра валодаць мовай і ведаць культуру краіны. А як Ларыса была апранутая! Усімі праўдамі і няпраўдамі даставаная тканіна была ператвораная рукамі Ларысы ў элеганцкія строі. На ёй жа была індывідуальна шытая вопратка! А Ларысе гэтак марылася накупіць сабе крамнай…

Агаломшаная, Ларыса правяла ў Парыжы некалькі першых тыдняў, каторыя падаліся ёй вечнасцю. У яе літаральна пухла галава ад уражанняў, падзеяў, жаданняў і шчасця. Яна сумавала па Лёніку і Веры, перад сном пісала ім лісты і, не дапісаўшы, падала ў ложак спаць, бо назаўтра трэба было ісці на заняткі, бегчы па музеях і крамах. Яна як быццам бы апынулася на плёнцы з французскім фільмам, і яе хутка-хутка закручвала з бабіны на бабіну разам з вобразамі, рухамі і галасамі. У такім стане Ларыса і пазнаёмілася з Філіпам, каторы вёў у іх семінары па семіётыцы. Ларыса займалася з вялікім імпэтам. Ёй уяўлялася, як яна, вярнуўшыся дадому, зробіцца сур’ёзным спецыялістам па прадмеце і паедзе на канферэнцыю ў Маскву з арыгінальным дакладам, апранутая ў куплёнае ў Парыжы адзенне. Ларыса ўважліва слухала выкладчыка, кансультавалася ў яго па прачытаным, і ў рэшце рэшт Філіп усё болей пачаў звяртаць асабістую ўвагу на таленавітую беларуску. Некалькі разоў пасля заняткаў ён запрасіў яе ў кавярню папіць кавы і пагаварыць на адцягненыя тэмы. Ларыса паставілася да гэтых запрашэнняў з усёй адказнасцю выдатніцы і, баронячы гонар роднага інстытута, дэманстравала свае веды. Праз нейкі час Філіп ужо не мог дачакацца гэтых размоваў, і яны сустракаліся рэгулярна тры разы на тыдзень пасля семінараў. Ларыса рыхтавалася да гэтых сустрэчаў, як першакурсніцай да семінараў па логіцы — гадзінамі седзячы ў бібліятэцы і штудзіруючы ўжо не задачы па логіцы, а сучасную лінгвістыку, літаратуру, часопісы па мастацтве і французскія газеты. Філіп знайшоў сабе музу. У яго з’явілася ўдзячная студэнтка, аддушына для душы і розуму. І ніхто не паказаў бы на яго пальцам, таму што гэта была сталая жанчына-аднагодка. Замужняя, цалкам бяспечная дама. Па вялікім рахунку, калега. Але яна была як дзяўчынка. Маленькага росту, з кароткай стрыжачкай, жвавая і танкарукая. З неадпаведна тоўстым заручальным пярсцёнкам па безыменным пальцы левай рукі. Калі Філіп спытаў, на якой руцэ ў іх прынята насіць пярсцёнак, Ларыса адказала, што на правай, але пярсцёнак спадае ў яе з правай рукі, і яна мусіць насіць яго на левай. Яму муляў гэты пярсцёнак — нейкая макарона на такім далікатным пальцы, і перад Раством, купляючы падарункі для жонкі, дзяцей і маці, Філіп набыў пярсцёнак і для Ларысы. Прымяраўся, прыкідваў, глядзеў каршуном на палец, прымружыўшы вока, каб не прагадаць з памерам, і ўрэшце выбраў правільна — танюсенькі пярсцёнак-трыніці.

Ларыса спужалася. Гэта быў такі дарагі падарунак, хоць сам Філіп сумняваўся, ці не банальна выглядае на Ларысе ўпрыгожанне, набытае ва ўнівермагу, а не ў ювелірнай краме. Ларыса не ведала, як ставіцца да такога двухсэнсоўнага прэзента: яна ж глядзела кіно. Ім з Лёнікам дапамаглі купіць заручальныя пярсцёнкі ейныя бацькі, і маладыя набылі тое, што змаглі выхапіць у адмысловай краме для тых, хто бярэцца шлюбам. Сяброўкі з інстытута падказвалі ёй, што можна паехаць закупіцца для вяселля ў Вільню, але Ларыса як агню баялася гэтай вузкай брукаванкі на Вільню: раз-пораз распавядалі пра пары, якія разбіліся на ёй, едучы купляць вясельную сукенку, а Ларысінага дзядзьку ледзь не разрэзала ў аварыі надвое, як крэсла, на каторым ён сядзеў, — ды добра, ён паспеў зваліцца на падлогу. Калі Філіп працягнуў ёй падарунак, Ларыса ў стане поўнай разгубленасці мялася, чырванела, бляднела, але ў рэшце рэшт успомніла пра дружбу народаў, ідэалы Французскай рэвалюцыі і пярсцёнак узяла. Яна не ведала, як паставяцца да такога прэзенту муж і таварыш з органаў, і вырашыла потым схадзіць у краму, даведацца пра кошт і зманіць, што купіла сама. Яна ж таксама, ведаючы, што на Раство прынята дарыць сябрам падарункі, купіла Філіпу шалік. Яшчэ калі яны сябравалі з Лёнікам, Ларыса думала, што падарыць яму на дзень народзінаў, і бабуля раіла ёй так: «Калі ты збіраешся з ім жыць, то падары кашулю, а калі не, то падары гальштук». Ларыса вырашыла, што для Парыжа гальштук не гадзіцца, і выбрала шэры кашаміравы шалік. Упякнуўшы ў яго грошы, яна супакойвала сябе тым, што на Веру і Лёніка ёй грошай яшчэ хопіць, а ёй самой нічога крамнага болей не трэба: шыла раней, абыдзецца самашытым і зараз. І так ужо накупляла сабе чамадан тканіны. І да кожнага адрэзу набыла сумачку і туфлі. Не магла стрымацца, асабліва таму, што гэта неперадаванае пачуццё, калі ты прыносіш у краму каснічок, просіш сабе аксесуары пад тон, і прадавачка дэманструе табе некалькі рэчаў на выбар. І не трэба стаяць пяць гадзінаў у чарзе, як яна стаяла за сваімі чэшскімі туфлямі, ці ехаць у Маскву, каб купіць сумачку. Дзеля такога можна і зэканоміць на ежы, тым больш што жанчыны наўкола былі такімі худымі, што нават Ларыса з ейнай падлеткавай фігурай падавалася сабе тоўстай.

Праз пару дзён пасля абмену падарункамі Філіп, адсвяткаваўшы Раство з сям’ёй, надумаў на Новы год запрасіць да сваёй маці Ларысу. Філіпава маці жыла адна пад Парыжам. Наслухаўшыся расповедаў пра таленавітую студэнтку, яна захацела пазнаёміцца з Ларысай асабіста, тым больш што ейны дзед, які сябраваў з польскімі эмігрантамі, распавядаў, што яны былі людзьмі адукаванымі, абазнанымі ў мастацтве. Гэтае сяброўства «перадавалася ў спадчыну»: дзедаў дзед і бацька таксама блізка ведалі палітычных уцекачоў з былой Рэчы Паспалітай. А пачалося ўсё з таго, што нейкая далёкая пра-пра-прабабка яшчэ падчас напалеонаўскіх войнаў зайшла замуж за свайго хатняга настаўніка музыкі з Польшчы. Гэтак тыя палякі адзін аднаго і цягнулі на чужыне. Дзеда здзіўляла іхняе самавызначэнне, таму што яны клікалі сябе то палякамі, то, здаецца, літоўцамі, то беларусамі. Невялікае даследаванне палітычнай карты свету паказала, што Беларусь — недалёка ад Польшчы і Літвы, і маман захацелася паглядзець на знаёмую сына, якая магла нагадаць ёй пра дзеда. Каб гэта не выглядала падазрона і каб Ларысе не было няёмка, Філіп запрасіў і ейную калегу-прыяцельніцу, а там мусіў клікаць і таварыша з органаў. Для такіх нагодаў у беларусаў былі прыпасеныя набор цукерак «Белавежская пушча», плеценая з саломкі шкатулка і вышываны ручнік з сувенірнай крамы.

28
{"b":"828985","o":1}