Філіп заехаў за сваімі студэнтамі на машыне. У ягоным «Сітраене» пахла скурай сядзенняў і зусім інакшымі, чым у Ларысінага мужа, цыгарэтамі і духамі. Было цёпла, грала радыё. Яны пад’ехалі да асветленага вокнамі двухпавярховага дома, які на той момант падаўся Ларысе палацам. Жонка Філіпа з сынам і дачкой прыехала на сваёй машыне раней. Ларысе здавалася, што ад іх сыходзіць ззянне, як ад мадонны і Ісуса — настолькі яны былі французскія французы. А зграбная, дагледжаная маман падарыла Ларысе загорнуты ў падарункавую паперу пакуначак, у каторым угадвалася скрыначка з духамі. Падкладаючы госці на талерачку французскія сыры, гаспадыня безупынку размаўляла з ёй пра імпрэсіяністаў і экзістэнцыялістаў, Валеньція Ваньковіча і Напалеона Орду, Адама Міцкевіча і Гіёма Апалінэра, Казіміра Малевіча і Рамэна Гары, Хаіма Суціна і Марка Шагала. Ларыса не заўжды разумела выбар гаспадыні, не ведала ўсіх згадваемых імёнаў і здзіўлялася пра сябе, што Напалеон меў дачыненне да мастацтва і да арды. Ларыса пачала падазраваць, што маман рыхтавалася да сустрэчы з ёй у бібліятэцы, як яна сама да спатканняў з ейным сынам. На ўсялякі выпадак, каб падтрымаць размову, Ларыса ўзгадала крэм «Пані Валевска» у сіняй баначцы, хоць ёй было б прасцей пагаварыць пра ніколі раней не каштаваны сыр. Гаспадыню парадаваў новы кірунак размовы пра амурныя сувязі французаў і палякаў, і яна распавяла пра свайго польскага продка. Гэта было не зусім дарэчы, таму што Ларыса адразу засумавала: як бы і не сапраўдная францужанка гэтая маман, і Філіп, лічы, часткова паляк, а не француз. А што дзіўнага ў гэтых паляках? Яна сама не зразумееш хто — ці тое беларуска, ці тое полька. Але маман чамусьці было вельмі важным пацвердзіць рэальнасць таго продка-паляка. Яна ўстала з-за вялізнага авальнага стала, падышла да камоды і перадала Ларысе акварэльны малюнак, напісаны тым прадзедам. «Мой любімы», — падзялілася маман з Ларысай. Гэта быў даволі звычайны акварэльны пейзаж. Халоднае азярцо, справа на пярэднім плане — сосны, па левым баку ідзе паўкругам лес, за ім — царква, на другім беразе — сядзіба, хаткі, правей — сяляне пасвяць кароў. Карціна падалася Ларысе простай і вельмі знаёмай. Здаецца, яна недзе сто разоў бачыла падобную выяву і нават пачула плёск хваляў, адбітыя паверхняй вады гулкія крыкі і смех дзяцей, адчула пах свежай рыбы, сасновага бору і суніцаў. Але яна не магла тады ўзгадаць, ці ведала нешта накшталт насамрэч. І ці магла яна бачыць нешта, адлюстраванае на карціне хай сабе і не зусім, але ўсё ж французскага мастака? Гэты французскі дом, французская ежа, французскае віно, ейныя першыя ў жыцці французскія духі, французская машына Філіпа і збольшага францужанка-маці як быццам зачаравалі Ларысу, пазбавілі яе волі. Яе панесла хваляй, і невядома было, куды яе вынесе.
Ноччу Ларыса ляжала ў маленькім гасцявым пакойчыку, абабітым тканінай з кветкамі, і плакала ад зайздрасці, ад жарсці да нармальнага здаровага жыцця. І ёй хацелася ўгрызціся ў гэтую сям’ю і жыць у ёй, чым заўгодна — нават паразітам. Хоць і шкада было, што не яна першая адкрыла для сябе гэты свет і што тут ужо патаўкліся перад ёй палякі. Але ж калі гэта было! Ларыса думала, як жа пашанцавала Філіпавай жонцы, што ў яе такая свякруха, якая печы ніколі ў вочы не бачыла і ведае толькі, што такое камін у загарадным доме. Свядомасць Ларысы кляшчом упілася ў гэтую вытанчаную, цывілізаваную дамачку, якая цяпер назаўжды асацыявалася ў яе з абазнанасцю ў мастацтве, раскошай і падоранымі духамі. Ларыса нават не пшыкнулася імі, каб не быць непрыстойнай і не наслядзіць у гэтым казачным доме — проста панюхала флакончык. Ад сапраўдных французскіх духоў у яе ажно галава забалела. Яна павезла іх дамоў у Менск некранутымі, бо там гэта быў знак замежжа, недасяжнага шыку і багацця, каторае трэба было расцягнуць надоўга.
Ларыса сябравала з Філіпам і ягонай сям’ёй болей як дзесяць гадоў. Яны перапісваліся (асобна — з маман), абменьваліся падарункамі. Філіп слаў ёй кнігі па лінгвістыцы, маман — альбомы па мастацтве і дызайне інтэр’ераў. У канцы васьмідзясятых — пачатку дзевяностых, калі жылі з лецішча і вёскі і карысталіся талонамі на прадукты, Філіп з маман слалі ім пасылкі: гарбату, каву, шакалад, маргарын у круглых банках, салямі, скрыначкі з сырам, муку і макароны. Ларыса тады казала Лёню з Верай: «Ну вось, сплацілася. Як я была на стажыроўцы, вы без мяне памучыліся, а цяпер французы нас падкормліваюць». Раз у некалькі гадоў Ларыса сама ездзіла ў Францыю на стажыроўкі і са студэнтамі. Інстытут запрасіў пару разоў у Менск Філіпа як куратара праграмы па абмене. Выраслі Філіпавы дзеці. Ляснуў савок. Вырасла і паступіла ў інстытут Вера. Памяняўся ўвесь уклад жыцця. Усё было магчымым, бо мяняўся свет. Жыццё зрабілася вальнейшым. Цяпер не трэба было збіраць тузін характарыстык і праходзіць усіх урачоў, каб паехаць у Францыю. Ларыса квітнела ў сваім франкафонным асяродку. Філіп атрымаў прафесара, надрукаваў кніжку і разышоўся з жонкай. Лёнік на хвалі адраджэння пачуваўся шчаслівым і важным чалавекам, выдаў яшчэ адзін зборнік вершаў. Інстытут замежных моваў перайменавалі ў лінгвістычны ўніверсітэт. Памянялася сімволіка — раз, другі. Палітычныя спадзевы змяніліся палітычнымі расчараваннямі. Усе пачалі з’язджаць. Як бы і Ларысе трэба было ехаць, бо не было чаго заставацца, хоць і не было ад чаго ўцякаць. Але Лёнік быў чалавекам з іншага часу — у новых умовах ён пачуваўся як рыба з зарослай сажалкі ў салоным, пагрозліва бязмежным акіяне. Вера была ўжо дарослай маладой жанчынай, якая глядзела на бацькоў як на недастаткова пародзістых сабак: не тое чыталі, не гэта слухалі, не тое любілі, не гэта елі. А там, у Францыі, жыў Філіп — у добрым старым свеце, зразумелым і, як здавалася, дасканалым. Ларысін і Філіпаў шлюб выглядаў даўно наспелым і натуральным. І Ларыса ўпрыгожыла сабой Філіпава сямейства, хай бы яны былі ўжо далёка не маладыя, а маман, калі добра прыгледзецца, — свякруха як свякруха, праўда, культурная і ў выкшталцоным інтэр’еры.
У Францыі ў Ларысы было ўсё тое самае, што і ў папярэднім шлюбе — муж-філолаг, пісьменнік са сваёй кніжкай. Яны жылі, як двое студэнтаў, толькі, дзякуючы ўзросту і Філіпаву статусу, не абцяжараных побытам і дзецьмі. І гарачыя круасаны на сняданак Ларыса таксама не ела: сачыла за фігурай, баялася за здароўе. Але гэта была ейная ўлюбёная Францыя. Нават плата за такое шчасце — звольніцца з універсітэта, пайсці на пенсію ў пяцьдзясят пяць гадоў, быўшы доктарам навук, — падавалася адэкватнай. Толькі час бег, бо дні цягнуцца, а гады пралятаюць, і Філіп з Ларысай пачалі старэць. Не так рэзка, як Ларысіны бацькі ў адпаведным узросце, але ўсё-ткі старэць. І тады паўсталі іншыя пытанні: дзе лячыць зубы — у Беларусі ці Францыі, дзе падлатваць хранічныя захворванні, ці не лепей прайсці ўсялякія касметычныя працэдуры падчас наведвання Менску, каму муж перапіша кватэру. І вось калі муж завяшчаў кватэру сваім дзецям, а прагматычная, як усе французы, маман адпісала свой дом, адпаведна, унукам, Ларыса засумнявалася, ці надоўга яна затрымаецца ў Францыі. У яе была пажыццёвая віза, яна падпрацоўвала праз інтэрнэт рэдактарам перакладаў на расейскую мову, але ўсё ейнае прыгожае жыццё трымалася толькі на надзеі, што муж яшчэ трошкі пажыве. Інакш яна і не ведала, куды потым падзецца. У Ларысы былі назапашаныя сродкі, але яна баялася старасці на чужыне. Дзе ёй прытуліцца, калі муж памрэ раней за яе? Пайсці ў дом састарэлых? Але яна чытала, што гэта ўсё даражэй, і ведала, што павінны і дзеці нешта за бацькоў даплочваць, а ёй няма каму дапамагчы. І з кім бавіць старасць? У Ларысы завяліся сяброўкі ў Францыі, але гэта не тое самае, што сяброўкі ейнай маці-нябожчыцы ў вёсцы, якія сустракаюцца дзесяць разоў за дзень, дапамагаюць табе палоць гарод, калі ты захварэеш, і прыбягуць да цябе дахаты, калі на працягу некалькіх гадзінаў не ўбачаць цябе ў двары. Маці расла з імі з дзяцінства разам, і яны былі ёй, калі добра разабрацца, стрыечнымі сёстрамі альбо стрыечнымі сёстрамі мужа. Ларыса разумела, што яна проста не ведае, як старэць, а тым больш паміраць, у горадзе, у чужой краіне. Няўжо ёй давядзецца вяртацца назад, у Беларусь? І што яшчэ горай — у вёску, з якой яна ўсё жыццё ўцякала, усім сваім жыццём даводзіла і сабе, і іншым, што яна не вясковая. І да каго? Да былога мужа? Да дачкі? Ёсць яшчэ спадзеў на сястру, што тая забярэ да сябе ці пусціць на лецішча, і яны будуць разам дажываць век на накопленыя Ларысай грошы. Але ў сястры свая сям’я, унукі — ці трэба ёй будзе Ларыса ў якасці прыжывалкі, а не добрай феі-францужанкі? Можна было б паспрабаваць вярнуцца на працу ва ўніверсітэт. Усё-ткі яна доктар навук, цяпер амаль носьбіт мовы. Калі б удалося прыладзіцца хаця б дацэнтам, калі не прафесарам, яе б толькі нагамі наперад з універсітэту вынеслі. Толькі вось дзе жыць? У дачкі ўжо цэлая сям’я, двое дзяцей. Можна назбіраць грошай, пашырыць жыллёвую плошчу, стаяць раніцай у чарзе ў туалет. Але гэтак не хочацца на схіле гадоў ператварацца ў бабулю, калі сама нядаўна зайшла замуж. Ды яшчэ ваяваць за тое, дзе трэба ставіць заварнік, чаму не прынялі ў шафу абутак, каму гатаваць есці і мыць посуд і хто ніколі не адціскае губку. Перабываючы ў такіх не зусім аптымістычных думках, Ларыса пакуль сутаргава хапала паветра Францыі і ўпівалася кожным імгненнем у гэтай благаславёнай краіне. Усё яшчэ прыгожая, зграбная, элегантна апранутая жанчына, яна разумела сваю перавагу перад усімі, хто застаўся дома, і з гонарам несла сваю адметнасць.