Литмир - Электронная Библиотека

І яна пачала сумаваць па Веры, па Лёніку. Можа быць, не па сённяшніх, а па тых, якімі яны былі ў сямідзясятыя і васьмідзясятыя, у самым пачатку на шляху да шчасця. Сучасныя Вера і Лёнік разам з Верыным мужам Дзянісам ператварыліся ў нейкіх псіхаў і маньякаў, якія змагаліся паміж сабой за хату Лявонаўны, а заадно грызліся з любой нагоды: ад пытання, на чым смажыць бульбу — на алеі ці тлушчы, да таго, хлусня і развод экалагічныя ўцяпляльнікі для дома ці не. Здавалася, што ў іхнім жыцці не было іншага сэнсу, акрамя як высветліць, хто каго. Уцягнулі ў гэтыя разборкі дзяцей. Дзяніс крычаў пра сына Фелікса: «Гэта ён да твайго бацькі падобны — баран упарты! Добра, што яшчэ дачка ў маю маці пайшла — не гэткая інтрыганка, як вашыя боны сфорцы!» Вера баялася, што і ейным бязвінным дзецям дастанецца ў спадчыну гэткі ж лёс, што і ёй. І яна не ведала, як гэтага пазбегнуць, як гэтую дзірку псіхалагічнай шкоды зацыраваць. А бацька з мужам, здаецца, і самі не памяталі, чаго ваявалі — абы змагацца. Калі пачалася вайна ва Украіне, Ларыса прасіла Веру па скайпе: «Маўчы. Маўчы сама і Дзянісу скажы, каб не падбухторваў бацьку да палітычных спрэчак, а то пазабіваецеся». Вера ж у дачыненні да ўкраінскіх падзеяў была спакойная, бо ў іншых сем’ях панаваў яшчэ страшнейшы разлад, а яны з бацькам якраз ад пачатку вайны больш-менш прыйшлі да згоды. Бацька праявіў, у адрозненне ад прадстаўнікоў свайго пакалення, наяўнасць розуму. Можа, таму, што ў іх у вёсцы тэлевізар прымаў толькі адзін канал, ды й той беларускі? Асабліва Веру здзіўляла, калі бацька і Дзяніс (заклятыя ворагі, калі гаворка ішла пра тое, хто апошні браў касілку, хто згубіў пласкагубцы і ці можна самому вастрыць ланцуг для бензапілы) казалі неверагодныя для абодвух словы: «Тут я з ім згодны. Ён мае рацыю». Вера адно думала: «Няўжо трэба было пачацца вайне ў братняй краіне і гінуць людзям, каб мае бацька і муж прадыхнулі ў асабістым супрацьстаянні не на жыццё, а на смерць?» Ваяўнічыя стасункі паміж мужам і бацькам, гэтая гісторыя з хатай, якую, невядома чаму, пачалі дзяліць і збіраюцца пакінуць чужому чалавеку, а раней развод бацькоў зрабіліся для Веры найвялікшымі расчараваннямі ў жыцці. Няўжо нельга было проста жыць, як людзі, радавацца ўнукам, дапамагаць адзін аднаму, бавіць разам час, ганарыцца адзін адным? Яны ж не алкашы якія-небудзь, у іх ва ўсіх ёсць адукацыя. Няўжо адукацыя не дае ім ніякіх жыццёвых перавагаў і гарантыяў разумнасці і шчасця?

…Калі бацькі разыходзіліся, высветлілася, што ўсе пражытыя імі разам гады былі несапраўднымі, няспраўджанымі, няшчырымі. Кожны з іх цягнуў Веру на свой бок. Маці знаходзілася ў поўным неадэкваце: незразумела было, нашто, калі яна ўжо цярпела столькі гадоў, ірваць з бацькам. Веры здавалася, што гэта проста нейкая гульня, спектакль, чужы сцэнар: «Можна паехаць у Францыю, у лепшае жыццё, і зайсці там замуж — значыць, паеду!» Ізноў пра свякруху, пра Лявонаўну, пра дачку не такую-не гэткую. Бацька спачатку разгубіўся, потым азлобіўся, называў іх абедзвюх няўдзячнымі, скардзіўся, што патраціў на іх амаль сорак гадоў жыцця, не пакрыўдзіўшы іх ні словам, ні справай. Дакараў: «Я голасу на вас ніколі не павысіў, рукі ніколі не падняў! Клапаціўся пра вас, стараўся для вас!» Нейкім чынам у сваёй свядомасці ён далучыў дачку да здрадніцы-маці. Ад таго часу Вера несла на сабе цяжар адказнасці за развод і мусіла выслухоўваць і трываць бацькавы папрокі за разбураны шлюб. Пакуль яны яшчэ жылі ўсе разам у сваёй з горам папалам атрыманай некалі бацькамі двухпакаёўцы, якая падавалася ім напачатку велізарнай, Веры хацелася толькі аднаго — разысціся са сваімі бацькамі, гэтак, як тыя разыходзіліся паміж сабой. Менавіта так — афіцыйна разысціся, каб не мець да іх аніякага дачынення. Яна пачувалася адрынутай, ледзь не сіратой. Як так атрымалася, што яна хацела вызваліцца ад людзей, якіх так любіла? Веры здавалася, што яна страціла да іх усе роднасныя пачуцці. Гэта было жахліва, але гэта была адзіная магчымасць для яе захаваць сваю псіхіку і не паламаць сваё ўласнае жыццё. Яна зразумела, што не ўмела ўтрымліваць з бацькамі дыстанцыю, што маці і бацька — гэта не адно цэлае, а два асобныя чалавекі са сваімі адрознымі ўяўленнямі, перакананнямі і чаканнямі. І яна, Вера, не ўпісвалася ў іхні свет. І які ён быў, гэты свет? Ейныя бацькі мяняліся на працягу ўсяго свайго жыцця. І зараз гэта былі зусім не тыя шчаслівыя маладыя людзі, каторыя пабраліся некалі шлюбам ці якімі яны былі ў Верыны шэсць гадоў. Час віць гняздо і гадаваць птушаня для іх прайшоў, быў пражыты і павінен быў застацца ў мінулым. Толькі праблема ў тым, што маці выпырхнула з гнязда і паляцела ў вялікі прыгожы свет, а бацька ў гэтым разварушаным гняздзе застаўся і мусіў потым назіраць, як яго абжывае іншы самец, пасля таго як Вера зайшла замуж. Гэта было невыносна. Нават любімыя ўнукі не згладжвалі ўражання пакінутасці, здрады, непатрэбнасці. А калі яшчэ і Толік памёр ад сардэчнага прыступу, крыху не дажыўшы да сямідзесяці гадоў — упаў, як мёртвы, грабучы сена — Лёнік канчаткова вырашыў з’ехаць на радзіму.

Толік быў моцным і адносна маладым гаспадаром. Людзі казалі: «Пакуль Толік жывы, Калінаўка не занепадзе». Не пашчасціла яму толькі з жонкай: яна не жадала з ім распісвацца, сварылася з Лявонаўнай, не глядзела мужа, не карміла яго, дзяцей не хацела, увосень забірала ўсе грошы ад продажу мяса і ўцякала да вясны ў райцэнтр. Толік зімаваў з маці, пакуль тая была жывая, а потым адзін. Цягнуў на сабе ўсю гаспадарку, і невядома, ці еў досыта, ці спаў дастаткова. Пасля Толікавага пахавання ягоная грамадзянская жонка, прыхапіўшы нават рэшту грошай, сабраных раднёй на хаўтуры, знікла ў невядомым накірунку. Бацькоўская хата засталася пустой, і пару гадоў Вера з Дзянісам карысталіся ёй як лецішчам. Непад’ёмную Толікаву гаспадарку яны з дзедам Лёням распрадалі. Хату вычысцілі, пафарбавалі, паслалі на падлогу дываны, абставілі старой мэбляй з гарадской кватэры. Каля варотцаў на гароды пасадзілі гартэнзію, па перыметры ўчастка насаджалі шыпшыны. Вера зачытвалася часопісамі па садоўніцтве, Дзяніс падкупляў дачную тэхніку. Курчылі з сябе дачнікаў. Дзед Лёня крыўдаваў: Вера — дзіцё, якое выгадавалі ў гэтай хаце — не павінна была ў ягоным родным гняздзе нешта кратаць і тым больш камандаваць. Дастаткова было таго, што дачка з зяцем і так, маючы грошы, памянялі гарадскую кватэру, якую некалі законна дала Лёніку дзяржава. А цяпер ён прыжывала, які мусіць быць удзячны за свой дабрабыт зяцю. Яго жахала тое, што гадамі абжываная, хоць і маленькая кватэра болей не належала яму. Лёнік зрабіў выснову, што гарадское жытло сплывае, а хаты на зямлі застаюцца. І ён учапіўся за гэтую хату, як некаторыя хапаюцца на пахаванні за дамавіну, не жадаючы адпусціць нябожчыка на той свет. Лёнік вырашыў асесці на радзіме, каб захаваць бацькоўскі дом і каб вёска не памерла, хай сабе і сышоў Толік. Але хоць Лёніка шанавалі і шкадавалі суседкі-бабкі — былыя вучаніцы ягоных бацькоў, ён пачуваўся вельмі самотным. Ён быў адзін. Адзін у цэлым свеце. Раней у ім жыла ўпэўненасць, што ён заўжды знойдзе дома роднасную душу: маці, бацьку, брата, суседак, каторыя ведалі яго з маленства і для каторых ён вечна заставаўся дзіцёнкам. Але вось ён прыехаў дахаты, і яму няма да каго прыхінуцца.

Праўда, у Менску жыў яшчэ Валодзька, але яму было за восемдзесят, ён пахаваў ужо другую жонку і старэйшую дачку. Неяк кратаўся паціху каля сына і ўнукаў: зімой у горадзе, летам на лецішчы ў радашковіцкім кірунку. А Лёнік застаўся сам-насам з нялёгкім сялянскім побытам, потым у разваленай бурай бацькоўскай хаце. І калі Ахмет дапамог яму, нават тады, калі ён проста спыніўся каля ягонай хаты спытаць, што здарылася, і потым палез без лішніх размоваў на дах, Лёнік падумаў, што ў яго яшчэ ёсць надзея не памерці ў пустэльні. Ахмет яму быў як малодшы брат — не, як сын, ніколі не народжаны, бо дысертацыі замянілі Ларысе наступных дзяцей. Ён адчуў сябе так, як тады, калі маці, нейкая адрозная ад сябе ранейшай, прыйшла за ім да Стэпкі, і потым яны разам рушылі да Коласіхі і забралі дамоў Толіка, і цётку Зіну, і Зосю, і Рыму. Ён сумаваў па гэткай вялікай сям’і, па шуме і гомане ў хаце, па радасці, якая ахапіла яго, калі прыйшоў дадому, уцёкшы з палону, счарнелы і схуднелы бацька. Як быццам усе, хто для цябе важныя, каго ты любіш, што б ні здарылася, нечакана вяртаюцца да цябе. Але няма ўжо каму вярнуцца. Здаецца, на могілках у яго болей радні, чым на гэтым свеце.

30
{"b":"828985","o":1}