Литмир - Электронная Библиотека

Акрамя Валодзькі, жыве яшчэ ў Львове Зося. Яна верная і адказная: піша яму рэгулярна лісты, шле віншаванні на збіраных у савецкія часы паштоўках. Зося адпрацавала сорак гадоў інжынерам, таксама, як і ён, пісала, беларускія вершы. У Львове яна была знакамітасцю, нават выступала са сваімі творамі на мясцовай тэлевізіі. Вершы пра радзіму яна чытала, як Інгеборг Бахман пра каханне, — наўзрыд. Украінцы падыходзілі да Зосі і абдымалі яе, бы суцяшалі, а яна не давярала ім: ведала, што за спіной яны абзываюць яе маскалькай. Так і засталася адна. Лёнік падумваў забраць Зосю да сябе. Яны маглі б купіць увясну чырвоных курэй, развесці трусоў — гэта не складана. На зіму б хапіла яек і мяса. Бульбу б выбралі, грыбоў насушылі, капусты б наквасілі, брусніц наварылі. Ці многа старым трэба? Толькі неабходна пенсію Зосіну ў Беларусь перавесці — невядома, як гэта зрабіць і колькі часу гэта зойме. Лёнік думаў: «Зося хоць бы памерла на радзіме». Ды стрыечная сястра смяялася: «Мне тут у Львове пяць хвілінаў ісці да тэатру, да беларускай суполкі. Рынак пад бокам». А сама ледзьве ходзіць, ды добра, казаў Валодзька, калі не пабіраецца — гэткая там нэндза. Але ўсё роўна пераязджаць баіцца: прыжылася на чужыне, прызвычаілася.

Так што пакуль Лёнік жыў з Ахметам, катом Рыжыкам і сабакам Шкетам. Гэта залаты быў сабака! Суседзі прыцягнулі яго шчаняткам з фермы, а потым выкінулі: самім не было чаго есці — толькі б выпіць. А Шкет да Лёніка і перабраўся. Бацька меркаваў, што гэта помесь скотчтэр’ера і бордэр-колі. Звычайны кудлаты дварняга насамрэч. Але надзейны: ніколі не зачапіў Верыных дзяцей, хоць яны яго цягалі і за хвост, і за вушы, і за вусы. А Рыжык Лёніка выратаваў: дзед ішоў некалі з поля, сабраўшы каларадскіх жукоў, і кот за ім увязаўся — нехта выкінуў, відаць, у бульбоўнік. Мышы ў хаце глядзелі на Лёніка ў тое лета з недаўменнем, як на няпрошанага госця. А Рыжык, хоць і маленькае кацяня, павывеў іх усіх. Потым ужо распанеў — мышы ў пакеце з хлебам шурудзілі, а ён, гультай, толькі ляжаў і паглядаў. Са стала, з талеркі Лёнікавай еў — гэткі пястун. Толькі Верынага малога і баяўся: той да Рыжыка падыдзе, пагладзіць, а тады як запішчыць — кот куляй ад яго ўцякае, а той смяецца. І сабака ад ката не намнога адстаў — з хаты ад восені не выгнаць. Немагчыма дзверы адчыніць — шасць у сенцы, і гэтак схаваецца, што і не знойдзеш. Вечарам ціхенька вылезе, калі Лёнік ужо паліць грубку, і давай хвастом круціць — не выправіш жывое стварэнне ў цемру на холад. Тады ўжо стаяць удваіх з катом, задраўшы галовы, у сабакі хвост хадуном ходзіць — чакаюць есці. Самыя надзейныя сябры. У Зосі ў Львове катоў ажно трое. Гэткія раўнівыя. Зося піша, прыязджаў да яе Валодзька пасля санаторыя ў Трускаўцы, яна яго частавала вячэрай перад цягніком на Менск, дык каты пад пад’ездам стаялі і гаротнымі вачыма ейны балкон свідравалі, а ў кватэру не ішлі. І гэткія помслівыя: загадзілі Зосі гасцявыя пантоплі, калі Валодзька паехаў. Рыжык бы так не зрабіў. Ён вольны кот: не спадабалася нешта — пайшоў сабе на гарышча ці ў поле паляваць. Усё-ткі ў гарадскіх кватэрах вар’яцеюць і жывёлы і людзі.

Не дзіва, што Вера не захацела іхнюю кватэру захоўваць. Дзяцінства ўжо даўно скончылася, а потым не надта яна была ў ёй шчаслівая. Казала: «Горай не прыдумаеш, як у гэтым катуху памерці. Наш сапраўдны дом — гэта дзедава і бабіна хата. А гэта — так, часовы прытулак». Яны з Дзянісам нешта зараблялі, дакладалі, разменьваліся, пакуль нарэшце не купілі трохпакаёўку ў новым доме. Ларыса яе адгаворвала, пераконвала, што лепей яшчэ дазбіраць грошай, каб мець дзве меншыя кватэры — хай бы нават двухпакаёўку і аднапакаёўку, каб не дзяліцца потым з дзецьмі і было дзе прытуліцца самім у старасці. Вера пярэчыла, што хоча пачаць новае жыццё ва ўласных чыстых сценах і каб усе былі разам. Каб і бацька, калі надумае, мог каля іх прытуліцца. І сёння трохпакаёўка не гэткая ўжо раскоша: у Фелікса ў садку ў нянечкі чатырохпакаёўка, пабудаваная па ільготным крэдыце. А яна, Вера, — дацэнт універсітэта, хай сабе яны за спадчыну і за грошы мужа-праграміста кватэру купляюць. Гэта для яе пытанне сацыяльнай роўнасці, дзе дацэнт і кандыдат навук у невыгодным становішчы ў параўнанні з нянечкай, каторая не мае ніякай адукацыі. І ты, маўляў, мама ў Францыі жывеш, магла б пранікнуцца ідэямі свабоды, роўнасці і братэрства. Ларыса тады на яе пакрыўдзілася: вядома, ёй трэба было думаць, дзе жыць, калі яна раптам вернецца, хоць і не хацелася такога развіцця падзеяў. Ізноў яны з Верай павадзіліся: дачка не хацела падпарадкоўвацца маці, кіравалася сваімі меркаваннямі. Ларыса папракала Веру, што хоча для яе найлепшага, дакарала падарункамі. Даводзіла, што калі б яна не пераводзіла Веры грошы падчас дэкрэтнага адпачынку, яны б ногі працягнулі. Дайшло да таго, што яны пачалі спрачацца, чый муж лепшы. Вера бубніла, што Дзяніс забяспечвае яе самым неабходным, хоць і не могуць яны быць гэткімі багатымі, як французы. Ларыса ёй пералічвала ўсе пункты, па каторых у іх недастаткова сродкаў: рахунку ў банку няма, на адукацыю дзяцей грошы не назапашваюцца, на пенсію не адкладаецца, і нават за мяжу яны два разы на год не ездзяць. Яны лузеры і матэрыяльна не забяспечаныя людзі. Замаўляць сабе штомесяц на сто даляраў кніжак у інтэрнэце ці паставіць душавую кабінку на лецішчы — гэта яшчэ не багацце. Вера ўспамінала пра бацьку: «Вы хіба надта багатыя былі ці нечым за Саветамі разжыліся?» Ларыса тады накідвалася на дачку: «Ты хочаш сказаць, што ў цябе быў благі бацька?» А сама ўцякла ад яго ў іншую краіну. Але такі яна чалавек: яна павінна быць найлепшай, найпрыгажэйшай, найразумнейшай і самай замужняй. І не сказаць, каб гэта яе ўласныя бацькі гэтак разбэсцілі: яна нават не была адзіным дзіцём у сям’і. Але для малодшай сястры яна таксама была царыцай і гуру. Гэтак склалася, гэтак яна сябе паставіла, гэта і дапамагло ёй дасягнуць усяго ў сваім жыцці.

Вера іншая. Яна ва ўсім сумняваецца, бясконца корпаецца ў мінуўшчыне, шукае ўсё новыя і новыя факты, доказы. Не можа прыняць рашэнне, бо заўжды нешта парушае ейнае ўяўленне пра дасканаласць: то палітыка, то клімат. Яе немагчыма любіць, бо яна не пачуваецца любімай. І не важна, хай бы Ларысе і запярэчылі неанатолагі, колькі яна карміла дачку сіськай і ці давала ёй пустышку — у псіхалогіі таксама ёсць свая мода, а жыццё застаецца жыццём, людзі — людзьмі. Ларыса з гадамі ўпэўнілася, што псіхалогія толькі ставіць дыягназ, а лечаць чалавека больш эфектыўна мастацтва і філасофія. І па вялікім рахунку, якія сокі Ларыса магла тады з сябе выціснуць? Самі ніколі не даелі — усё дачцэ. Гадзінамі стаялі ў чэргах, каб фруктаў купіць, а тыя перад носам маглі скончыцца. Добра, што была вёска: увесь дабрабыт толькі адтуль, ад Ларысіных бацькоў. Але пасля Чарнобыля яе вёска апынулася недалёка ад забруджанай зоны. Пра паездкі дамоў за прадуктамі ці з дачкой не магло быць і гаворкі. Нельга быць занадта асцярожным, калі справа датычыцца твайго адзінага дзіцяці. Ларыса пачала і бацькоў угаворваць пераехаць да яе на лецішча, тым больш што яно месцілася значна бліжэй, на поўнач ад Менску — можна было да старых нават на электрычцы пасля працы даехаць. Меншая сястра, жывучы ў пасёлку пад Менскам, супраціўлялася: не жадала расстацца з роднымі мясцінамі, бо і сама яна, і ейныя дзеці вельмі любілі вёску. У рэшце рэшт Ларыса перамагла, падтрымаўшы свае доказы французскімі матэрыяламі пра радыяцыю і Чарнобыль. Чамусьці менавіта яны падзейнічалі на радню безадмоўна. Так што маці з бацькам яны дагледзелі ўжо на Ларысіным лецішчы, туды ж перакачавала і сестрыно сямейства. Ларыса лічыла сябе з Лёнікам агароднікамі па прымусе, таму яна ўзрадавалася, калі лецішча спакваля адышло ў іншыя рукі. Яе ўразіла потым, што Лёнік гэтак захапіўся агародніцтвам на схіле гадоў, пераехаўшы на сваю радзіму. Яе здзіўляла і тое, што ён зрабіўся гэткім дэспатам у дачыненні да Веры, каторую раней вельмі любіў. Хоць гэткі стан рэчаў і быў Ларысе выгодны: на гэтым сонцы павінны былі быць нейкія плямы, каб можна было апраўдаць ейную здраду і каб дачка лічыла яе выратавальніцай, адзінай роднаснай душой. Вядома, у Веры былі яшчэ муж і дзеці, але муж, казаў бы той, не радня, а з дзецьмі таксама наваюешся — без саюзнікаў цяжкавата.

31
{"b":"828985","o":1}