Литмир - Электронная Библиотека

Вера здрыганулася: ад вакна пацягнула холадам. Паставіла кубачак з выпітай кавай на падваконне. Паклала правую руку на левае плячо, абаперлася на яе падбароддзем. Хутка прыйдуць дзеці. Дачка Стася павінна забраць сына-першакласніка з прадлёнкі. Калі Фелікс нічога не згубіць у школе, кшталту камізэлькі ці якой-небудзь улюбёнай цацкі, ні з кім не паб’ецца, адзіная напруга будзе зрабіць хатняе заданне. Чытае і лічыць сын добра — гэта для іх з Верай адно задавальненне, але вось пісаць кручочкі, ды яшчэ левай рукой! Са Стасяй складаней. Ёй чатырнаццаць, і ўжо нават калі яна толькі заходзіць у кватэру, радасць ад сустрэчы змешваецца ў Веры з поўным недаўменнем і непрыманнем. Ну як можна насіць такое шчынкае чорнае адзенне, такую кароткую куртачку, як быццам бы яна распранула па дарозе дамоў чыхуахуа! І Вера мусіць ёй гэтую сабачую вопратку сама купляць, каб быць добрай маці. Што ж у гэтым добрага? Дзяўчынцы з прыстойнай сям’і варта было б насіць цёплае паліто светлага колеру, ваўняныя класічныя нагавіцы, які-небудзь кашміравы гольфік. Але нашто ёй маці, калі ў яе ёсць інтэрнэт? Маці з бацькам толькі для грошай. Дзякуй Богу, яшчэ пагаджаецца хадзіць на гурткі і да рэпетытараў. А інакш — канец, канец іхняму сямейству і іхняй пародзе. Усё, што Вера зараз можа зрабіць для сваіх дзяцей, — гэта, сапраўды, зарабляць на жыццё і старацца не адстаць у валоданні камп’ютарнымі тэхналогіямі, каб не выглядаць поўнай ідыёткай ў вачах дзяцей. Яна і так для іх крыху ненармальная, бо адзіная з усяго атачэння гаворыць па-беларуску. Палымяныя довады пра родную мову ўжо не дапамагаюць: што яны — туркі нейкія, а не беларусы, што мусяць адрозна ад усіх размаўляць? Сябрам дзеці тлумачаць, што маме патрэбная белмова па працы: яна выкладчыца. Суседзям гаворыцца, што дачка з сынам павінны быць у стане здаць іспыт па беларускай мове ў выпускным класе, а ў іх ужо няма радні ў вёсцы. Гэта супакойвае і не дазваляе лічыць Верыных дзяцей белымі варонамі. І павінны ж яны неяк разумець маміны артыкулы! Яшчэ Вера спадзяецца, што дачка з сынам скажуць ёй дзякуй за беларускую мову, калі змогуць прачытаць Статут ВКЛ, сучасную беларускую літаратуру. Праўда, ёсць сумнеў, што дзеці ўвогуле некалі за іх возьмуцца, як і за тыя артыкулы. Застаецца чакаць, пакуль нашчадкі дарастуць да беларускамоўнага інтэрнэту. На гэтым этапе для Веры — гэта адзінае прагматычнае апраўданне ейнай беларускамоўнасці, зарука таго, што дзеці будуць мець доступ да рознабаковых крыніцаў інфармацыі. Сама яна прызнае, што выпала з сучаснасці, бо ёй няма калі цікавіцца ўсімі гэтымі прыбамбасамі і інтэрнэт-цацкамі: усё так хутка мяняецца, а ёй трэба працаваць, яна яшчэ не разабралася з гісторыяй, каб далёка зазіраць у будучыню. За гэта ў іхняй сям’і адказвае Дзяніс. Дзякуй Богу, ён праграміст. Яны пазнаёміліся яшчэ ў ліцэі: ён вучыўся на прыкладной матэматыцы, і ніхто не ведаў тады напэўна, што будзе выгодным у далёкай перспектыве. Ёй пашанцавала. Пашанцавала і ў тым, што Дзяніс ёй патурае, кажа: «Табе важная самарэалізацыя, а вячэру я і сам магу зварыць». Але яна не вар’ятка — ёй хапіла разводу бацькоў, таму яна высільваецца хоць неяк займацца побытам. Хоць бы рабіць выгляд, што корміць сям’ю. Дарэчы, яна яшчэ паспее закінуць у мультыварку гародніну і згатаваць рататуй. Пакуль тушыцца ежа, яна зможа трошку сістэматызаваць матэрыялы для артыкула на тэму пісаную-перапісаную. Але яна піша пра канкрэтнага чалавека. Яна столькі шукала, супастаўляла, здагадвалася, знаходзіла пацверджанні. Цяпер яна амаль усё ведае пра таго загадкавага Крумкача. Дзе нарадзіўся, дзе вучыўся, з кім ажаніўся. Што казаў на допыце, у што верыў, на што спадзяваўся. Усяго толькі артыкул. Асобы ў гісторыі. Нават чытаць ніхто не будзе, акрамя прыгонных аспірантаў. Ды нельга не напісаць. Хай Тарапаха робіць сваю справу, а яна будзе рабіць сваю. Можа быць, той платнік будзе ейнай самай адданай чытацкай аўдыторыяй. Вера перасела з канапы да стала (шкада ўсё-ткі выкідаць такі вялізны стол: дзе яна дзене свае паперы?). Уключыла нетбук. Забыла, забыла пра вячэру. Ну, нічога, паспеецца. Гатаваць пры дзецях можна, а артыкулам займацца нельга. Паставіла пальцы на клавіятуру. Засяродзілася, нібы ў малітве. Зрабіла ў часе крок. Надрукавала, гледзячы, як разгортваюцца перад ёй карцінкі мінулага: «Фларыян Юльянавіч Цяцерскі. Гады жыцця: 1771, фальварак Цяцерын, — 1843, Парыж».

…Фларыян імчаў на кані праз вясновы лес. Гэта была яшчэ не сапраўдная вясна — канец красавіка. Шмат дзе пад дрэвамі заставаўся ляжаць снег. Але ў паветры лунаў ні з чым непараўнальны водар, калі пачынае дыхаць зямля, амываецца адлігай мох і паваленыя дрэвы, пахне перапрэлым лісцем, талай вадой і маладымі парасткамі. На сэрцы ў Фларыяна было лёгка і радасна: гэтая вясна абяцала быць непаўторнай, і наперадзе ў яго быў бясконца доўгі шчаслівы лёс. Адгэтуль жыццё ў ягонай айчыне вернецца да сваіх разумных вытокаў і ўдасканаліцца, таму што ўсе людзі паспалітыя атрымаюць свабоду. Яны будуць мець грамадзянскія правы, будуць існаваць у свеце, дзе пануе разумнасць і працвітанне. Кожны грамадзянін будзе імкнуцца да самарэалізацыі, рабіць свой унёсак у дабрабыт сям’і, свайго маёнтку і гораду, сваёй вёскі і радзімы. Вялікае княства ізноў будзе цэласным, незалежным, роўным сярод іншых краінаў, і ў ім будзе панаваць найвышэйшы розум, закон.

Фларыян быў на ўздыме. Напісаны ім верш-заклік да барацьбы разляцеўся па ўсіх атрадах. На яго глядзяць з павагай і шляхта, і сяляне. Ён цяпер вялікі чалавек, ідэйны натхняльнік паўстання, амаль як ягоны герой Якуб Ясінскі. Сам Міхал Клеафас Агінскі перадаў Фларыяну ўхвальны ліст праз людзей са свайго бліжняга маёнтка. А сёння Крумкача прызначылі кіраўніком атрада. Для ўсіх відавочны ягоны моцны баявы дух, ён умее натхняць людзей, умее з імі размаўляць, і мала хто страляе і фехтуе гэтак добра, як ён. Фларыян ляўша. Калі трэба, ён можа карыстацца зброяй любой рукой. Ён будзе адважным ваяром. Да ўсяго кожны ведае гэтую байку пра тое, што яго загаварыла ад кулі і ад шаблі маці. Перад тым як пераспавіць, узяла яго маленькага за пятачку, пацалавала ножку і прамовіла: «Няхай не возьме цябе ні куля, ні шабля». Бабы, што служылі ў іхнім маёнтку, разнеслі гэтую чутку па вёсцы і далей па наваколлі. Ён сам пасмейваўся з гэтых жаночых прымхаў, але пакуль, сапраўды, ён заўжды сыходзіў сухім з вады. Ён будзе непераможным ваяром. Ён будзе служыць сваёй айчыне і Богу, каторы на баку разумнасці і святла. Яны не могуць не перамагчы: у іх, як трапна сказаў Касцюшка, «палітычна мудрыя намеры». Фларыян прыхінуўся да шыі каня і панёсся на ім так хутка, што здавалася, вецер выдзера яго з сядла. Імгненнямі ў Фларыяна з’яўлялася ўражанне, што ў яго выраслі крылы, і ён зараз узляціць, паплыве над лесам, над полем, над вясновым пахам, над родным маёнткам. Ён рэалізаваўся. Ён знайшоў сваё прызначэнне ў жыцці — здабыць волю паспалітаму люду. Несці святло ведаў, агмень мастацтва. Ён быў шчаслівым маладым чалавекам, чый палымяны верш зараз прамаўляюць і ў шляхецкіх сядзібах, і ў гарадскіх пакоях, і ў сялянскіх хатах. Ягоны верш ляціць хутчэй за яго самога. Фларыян яшчэ мацней прыціснуўся да конскай шыі, яшчэ вастрэй адчуў пах конскага поту. Звярнуў увагу на валаскі на вушах каня. Усё наўкола плыло ў яго перад вачыма, лопалася ад салодкай радасці, якая распірала яму жывот, шчыміла грудзі. Усё цяпер будзе добра. Усё цяпер будзе правільна. Усё цяпер будзе, як мае быць…

Увосень ён гэтак жа імчаў праз лес. Прыхінуўся да шыі каня, каб не зачапіла куля. Адчуў моцны пах конскай скуры. Валаскі на вушах каня былі выяўней за наваколле, рэчаісней за паўстанне, за ідэалы, за выцякаючую скрозь пальцы радзіму. Падаючае лісце падавалася вялізным. Як быццам гіганцкія жоўтыя, аранжавыя і чырвоныя птушкі гатовыя былі кінуцца яму ў твар, даць крылом па вачах. Крумкач. З драпежніка ён пераўтварыўся ў ахвяру, і тонкакрылыя лісцінкі зграяй нападалі на яго. За ім гнаўся атрад расейцаў. Ён даў каманду сваім людзям адыходзіць праз лес, а сам скочыў на каня і панёсся па дарозе, каб адвесці ад сваіх ворага. Можа быць, ён спадзяваўся, што зробіцца ветрам, будзе хутчэйшы за вецер? Дагэтуль ён быў няўлоўным, непераможным. І зараз здолее ўцячы і сабраць па лесе сваіх сяброў. Ён Крумкач, легендарны герой паўстання, каторым захапляюцца і свае, і ворагі. Куля прасвістала зусім блізка. Які дзіўны гук. Гідкі. Салодкі. Ён выклікае прыліў адрэналіну ў крыві. Чым мацней свішчуць кулі, тым шырэй раскрываюцца ягоныя чорныя крылы, баронячы цела. Ён замоўлены. Кожны ведае гэтую байку. Стрэлы праціўніка суправаджаліся цяпер бесперастанным ціўканнем куляў. Фларыян зразумеў, што ягоны конь — цудоўная мішэнь, і ворагу лягчэй будзе яго падстрэліць. Крумкач саскочыў з каня і адкаціўся ў лес. Па правым баку ішла нізінка з балотцам. Ён ведаў гэта, бо яго і сястру цягалі туды маці з бабкай па журавіны. Нявартая мужчыны справа. Якому хлопцу падабаецца валандацца з ягадкамі — гэта не тое самае, што хадзіць у грыбы. Гэтай восенню грыбы ратавалі іх атрад ад голаду. Паўстанне губляла моц, наўкола быў вораг, памешчыкі не хацелі даваць правіянт. Крумкач пачуў, як заіржаў і паваліўся падстрэлены конь. Грымнуўся і пакаціўся кулём. Крумкач бег далей паміж дрэвамі і кустоўя. Ізноў стрэл. У яго? У каня? Раптам боль працяў пяту. Боль быў такі моцны, што аддаўся ў галаве, і нават незразумела было, што паранена — галава ці нага. Цёплая вадкасць палілася ў бот. Фларыян падумаў, што гэта гучыць, як у рыцарскіх раманах. Ён яшчэ спрабаваў бегчы, ступаючы на параненую нагу і ўскрыкваючы, а потым сціснуўшы ад болю зубы, але вельмі хутка яго дагналі пераследвальнікі і ўзялі ў палон.

32
{"b":"828985","o":1}