Фларыян сядзеў у астрозе на шляху паміж Унечай і Бранскам. Разам з ім сядзелі людзі Агінскага. Там жа ён сустрэў некалькіх са сваіх паплечнікаў. Шляхта магла сустракацца паміж сабой, сялян трымалі ізалявана. Фларыян ведаў, што ніхто з сяброў не выдасць яго, а асабістых ворагаў ён не паспеў нажыць. Усё жыццё ён выклікаў у людзей адно захапленне сваімі талентамі і вартасцямі. Ваяваў ён пад мянушкай, і доказаў ягонай ролі ў паўстанні не было. На допытах Фларыян пацвярджаў, што так, ён адстрэльваўся ад расейскіх салдатаў. Але ён мог быць звычайным шляхцічам якіх заўгодна поглядаў, які ратаваўся ад узброеных людзей. Узброены сам, бо час неспакойны. Якія мaе перакананні? Ён чалавек адукаваны, ідэалы Французскай рэвалюцыі яму блізкія і ўяўляюцца прагрэсіўнымі. Падзел Рэчы Паспалітай? Нельга прымусіць людзей у адно імгненне памяняць свядомасць. Гэта іхняя агульная радзіма — палякаў і ліцвінаў. Спрадвечна расейскія землі? Не ведаю. Расейцаў мала ў сваім жыцці сустракаў. Сёе-тое з расейцаў чытаў, асабіста не знаёмы. Ягоны род месціцца на гэтай зямлі не меней за трыста гадоў. Суседзі — людзі таксама не прышлыя. Сяляне ўвогуле нікуды не кратаюцца — абрабляюць гэтую зямлю ад цара Гароха. Дзякаваць Богу, плодзяцца, перадаюць у спадчыну свае рамантычныя абрады і традыцыі, музыку і майстэрствы. З гэтага пункту гледжання яны людзі светлыя. Цёмныя, бо не ведаюць сваіх магчымасцяў. Так, ён вандраваў пасля навучання ва ўніверсітэце. Захапляўся рыцарскай эпохай, аб’ездзіў амаль усю Заходнюю Еўропу. І сяляне, і паны, і месцічы там багацейшыя. Ён быў звычайным падарожнікам. Харчаваўся і плаціў за начлег грашыма, дадзенымі ў дарогу бацькамі. Хоць-калі расплочваўся малюнкамі і граў на скрыпцы. Можа, гэта і не варта шляхецкага гонару, але ён быў малады, ім кіраваў дух авантуры. Меў лісты да далёкай радні і знаёмых. Спыняўся ў іх. Да паўстання вандроўка не мела дачынення. У Расею не ездзіў: меў іншы план падарожжа, бо чытаў іншую літаратуру. Цікавіўся еўрапейскім сярэднявеччам. Па вяртанні на радзіму працаваў хатнім настаўнікам малявання і музыкі. Ажаніцца не паспеў. За адсутнасцю непасрэдных доказаў актыўнага ўдзелу ў паўстанні, акрамя наяўнасці зброі і спробы адстрэльвацца падчас затрымання, сасланы ў Сібір за спачуванне паўстанцам, магчымы ўдзел у бандыцкіх асацыяцыях, распаўсюджванне небяспечных бунтарскіх ідэяў і падбухторванне да бунту сялян і шляхты, з якімі падтрымліваў актыўныя стасункі пад прыкрыццём настаўніцкай дзейнасці і збору фальклору. Пазбаўлены шляхецкага гонару, правоў і маёмасці разам з усім родам і непасрэдна стрыечнымі братамі — кіраўнікамі бандыцкіх асацыяцыяў.
У камеры Фларыян заплюшчваў вочы і бачыў тое імгненне, калі ён вясной скакаў праз лес, перажываў яго раз за разам. Гэта быў момант шчасця, спраўджанасці быцця, калі разумееш, што ўсё рабіў менавіта дзеля гэтых хвілінаў душэўнага ўздыму. На што яны спадзяваліся? Яны кіраваліся сваёй верай, сваімі перакананнямі. Паўстанне павінна было перамагчы, таму што ў іх былі талковыя правадыры, а іхнія ідэі, змены, каторыя яны задумалі, былі прагрэсіўнымі і разумнымі. Гэта павінна была быць перамога розуму над абсурдам, адсталасцю і бязладдзем. Няўжо ж яны няўгодныя Богу? Можа быць, яны і ўгодныя Богу, але непатрэбныя людзям — магнатам, буйным землеўладальнікам, нават сялянам, каторых яны меліся ашчаслівіць. Шмат хто з іх будзе лічыць інсургентаў злачынцамі, як закамандуе новая дзяржава, бо не ў стане зразумець, чаго паўстанцы для іх хацелі. Паўстанцкія імёны будуць зганеныя для людзей, але ж гэта імёны змагароў за сапраўднае шчасце народа. І што думаюць пра яго сваякі? Як цяпер зойдзе замуж ягоная сястра? Праз ягоную дзейнасць і працу братоў увесь род пазбаўлены шляхецкіх правоў. Яны болей не будуць мець гонару служыць сваёй айчыне, як служылі раней, калі былі актыўнымі творцамі яе лёсу. І якая цяпер у яго радзіма? Як яна завецца? Што цяпер ёсць ягонай радзімай? Месца засталося тым самым, але як быццам бы нехта пакрыў палатно новай грунтоўкай, і яны ўсе апынуліся пад тоўстым слоем свежых фарбаў, нанесеных грубымі, тоўстымі мазкамі. Яны твор, пра каторы ніхто не будзе ведаць, бо пра старую карціну забудуць, і ніхто яе не ўбачыць, пакуль новананесены слой не пойдзе трэшчынамі пад уздзеяннем часу…
Фларыян вярнуўся ў родныя мясціны недзе праз сем гадоў. Маёнтак іхні перайшоў да расейскай генеральшы Свіньіной. Гэта ў гісторыі свайго краю яны мелі значэнне і насычалі прастору сэнсам, а ў новай дзяржаве яны былі нязначнай дробнай шляхтай з небяспечнымі памкненнямі. Ды што яны — нават у князёў Агінскіх, чыймі суседзямі яны былі, адабралі ўладанні. Фларыянава сям’я, дакладней тыя, хто ад яе застаўся, перабраліся ў сядзібу ў вёсцы кіламетраў за дваццаць ад былога радавога гнязда. Сядзіба — гэта моцна сказана. Хутчэй, правільней назваць яе вялікай хатай. Хоць яна і мела левае і правае крыло, але месцілася пры вуліцы і не мела пад’езду. Сэнсу ў тым пад’ездзе ўжо таксама не было: не было каму іх наведваць. Браты, сябры, аднадумцы параскіданыя па ўсім свеце. Сястра зайшла замуж за Фларыянавага паплечніка-паўстанца і даволі сціпла жыла ў фальварку недалёка ад бацькоў. Фларыян параіўся-параіўся з роднымі, і вырашана было з’язджаць за мяжу. Бацькі лічылі, што нельга марнаваць усё тое, што было здабыта ў папярэднія гады: адукацыю, мастацкі талент, валоданне замежнымі мовамі. Ніхто з іх не ўяўляў, як іхні сын мог бы рэалізавацца ў новых умовах, не маючы звыклага асяродку і былога статусу. У бацькоў заставаліся грошы, якія прызначаліся Фларыяну ў спадчыну, і ён змог на гэтыя сродкі з’ехаць у Францыю. Крумкач звязваў сваю будучыню з радзімай, але не ведаў, што мог для яе зрабіць, не маючы тытулу, правоў, гонару і маёнтку. Фларыяну сорамна было цяпер браць грошы ў родных, каторыя праз яго былі пазбаўленыя шляхецкіх прывілеяў і зведзеныя да сялянаў, але не спраўдзіць жыццё, жывучы сялянскім клопатам, было для яго яшчэ горай.
У Парыжы Фларыян пазнаёміўся з іншымі эмігрантамі з Рэчы Паспалітай і дзякуючы ім не згубіўся на новым месцы. Яны сустракаліся, займаліся асветніцкай дзейнасцю, распаўсюджвалі інфармацыю пра паўстанне, Рэч Паспалітую, Вялікае Княства Літоўскае. Фларыян зарабляў на жыццё, як заўжды, працуючы хатнім настаўнікам музыкі і малявання. Напачатку ён жыў у мансардзе. Потым закахаўся ў адну са сваіх вучаніцаў і рызыкнуў зрабіць ёй прапанову. Ён быў чалавекам высакародным, з добрай рэпутацыяй, і бацькі дзяўчыны далі згоду. Фларыян, як кажуць сяляне, пайшоў у прымы. Так ён і жыў: кахаў, гадаваў дзяцей і ўнукаў, сябраваў, выкладаў, клапаціўся пра сваіх вучняў, хварэў, старэў, рыхтаваўся да смерці. Ён не пакінуў вартай вялікай увагі творчай спадчыны, але ў ягонай сястры захаваліся некалькі Фларыянавых карцін, якімі потым вельмі ганарыліся ейныя нашчадкі. Карціны тыя згарэлі ў Другую сусветную вайну. Перад смерцю, рыхтуючы тастамент, Крумкач запісаў на паперы свой легендарны верш. Ён так і захоўваўся, нямы, Фларыянавымі нашчадкамі разам з ягонымі дзённікамі, лістамі, малюнкамі, нотамі любімых твораў, сярод якіх быў і «Марш паўстанцаў 1794 года» Міхала Клеафаса Агінскага. Нават дзеці Фларыянавы ўжо не маглі прачытаць бацькаў верш, ды, відаць, і не ведалі, хто ягоны аўтар, бо, валодаючы мовай музыкі і выяўленчага мастацтва, троху разумеючы польскую мову, па-беларуску маглі сказаць толькі пару словаў, кшталту «дзякуй» і «калі ласка». Хоць калі бацька з замілаваннем глядзеў на сваіх дзяцей і, з вачыма поўнымі слёз, прамаўляў на гэтай мала зразумелай мове: «Як бы вашыя дзед з бабай і цётка радаваліся, гледзячы на вас». Але казаў ён гэта сам сабе.
Фларыян не быў самотным чалавекам, бо новая радзіма прыняла яго прыхільна і падарыла яму будучыню: ён сустрэў тут сваю жонку і нарадзіў дзяцей. У яго былі сябры сярод французаў, і ён падтрымліваў цесныя зносіны з эмігрантамі з Рэчы Паспалітай. Але ён быў сумным чалавекам. Ён тужыў па радзіме, па бацьках, па сястры, па стрыечных братах, па сябрах з атрада. Па родных мясцінах, па тым прыгожым свеце, які яны, паўстанцы, меліся стварыць. Па акварэльных адценнях беларускай прыроды, якіх ён нідзе болей не сустракаў. Але збольшага ён лічыў сябе шчаслівым чалавекам: ён узгадваў свае рамантычныя падарожжы ў ранняй маладосці, і ў яго быў той вясновы дзень, калі ён імчаў на кані праз лес. Вясновы дзень на радзіме, якую чакала вялікая справядлівая будучыня. Ён быў шчаслівым нават у той момант, калі ў яго, быццам бы замоўленага ад кулі, цякла ў боце кроў. Цёплая жывая кроў. Ён быў жывы. Ён жыў. Ён жыў на сваёй радзіме. Ён быў настаўнікам, летуценнікам, змагаром, затым «бандытам». У сваім лесе, дзе ён паляваў з бацькам, братамі і дзядзькамі, дзе ён збіраў грыбы і ягады з маці, бабкай і сястрой. І гэты лес дыхаў, дарыў яму свой пах і свае гукі. І маці ў белай хустцы, усміхаючыся, аглядалася на яго, каб не адстаў, не зблудзіў, не згубіўся. Мілая маці, каторая загаварыла яго ад кулі і шаблі, толькі не загаварыла ад цемрашальства, ад здрады, ад вялікай палітыкі, ад кахання, ад эміграцыі, ад тугі па радзіме, па свабодзе. А гэты лес і дагэтуль стаіць і дорыць свой пах і гукі новай вясной новым дзецям. І невядома, ці загаварылі іх маці, а можа, забылі, не падумалі альбо не было такой патрэбы…