А гэтыя сны… Дапякалі нават не размовы ў іх, а пачуццё безвыходнасці ад таго, што яны не разам з гэтым чалавекам. Калі Сафія ўжо была на мяжы і баялася засынаць, ёй прыснілася вось такая гутарка з былым каханнем: «Усё, што мы з табой зрабілі, мы зрабілі не для сябе, а дзеля нашых дзяцей. Наўрад ці ты ці я захацелі б абраць такі варыянт, дзе няма тваёй дачкі і майго сына — менавіта тых, якімі яны ёсць». Нараніцу Сафія адчула, што гэты мужчына болей не патурбуе яе. Падумала, што гэта расстанне з сынам і ягоны роспач іншасказальна мучаць яе. Парадавалася ў душы, што хутка ад’езд і што семінар яе ўжо скончыўся. Можна будзе адаспацца на пленарных пасяджэннях канферэнцыі. На секцыі яна пойдзе толькі да сяброў і да тых, чые прапановы яе насамрэч зацікавяць. Усё астатняе яна прагуляе. Патусуецца лепей у кніжных крамах. Так яна і зрабіла. Цяпер можна было не працаваць цэлы дзень, а рабіць перапынак хоць на пару гадзінаў. Арганізатары таксама людзі не дурныя, вось і прыдумалі агульны вечар адпачынку, падзялілі людзей па інтарэсах. Так Сафія і апынулася ў групе аматараў рымскай спадчыны.
Назаўтра, пасля размовы ў пабе, якая скончылася тым, што заходнікі пачалі пераконваць Сафію з Васілём эміграваць, бо яны марнуюць свае жыцці на радзіме, галандца нідзе не было відаць. Жанчына пабаялася пытацца ў арганізатараў, куды ён падзеўся: ёй падалося, што ўсе адразу здагадаюцца, чаму Марцін цікавіць яе. Сафія з палёгкай вырашыла, што галандзец, адпрацаваўшы свой семінар, паехаў дахаты, бо чалавек ён даволі дамашні. Была яшчэ адна прычына, па каторай жанчына радавалася ад’езду Марціна. Галандзец паспяхова кансультаваў сямейныя пары і ахвотна дзяліўся досведам на канферэнцыях. Мог спантанна наладзіць шоу ў сталовай ці ўніверсітэцкім дворыку. Гэтым разам на канферэнцыі Сафія з Васілём былі адзінай парай. Марцін настойліва заклікаў іх на свой майстар-клас, і ўжо сабраў публіку, якой збіраўся прадэманстраваць сваю методыку. Сафія ўпарта адмаўлялася: ссылалася на стому, занятасць, а насамрэч проста баялася трапіць у рукі ўмелага спецыяліста і «выдаць» што-небудзь пра свае сны ды параніць Васіля. Да ўсяго яе папярэдзіла адна нарвежская аўтарка кніг па філасофіі: «Пасля сесіі з Марцінам будзеш яшчэ месяц збіраць у адно дробныя аскепкі сябе». Цікава, што нарвежка гэтая таксама была ў свіце прагных напіцца іхняй з Васілём крыві і здзівілася, калі Сафія цвёрда настояла на сваім праве не ўдзельнічаць у майстар-класе галандца.
У рэшце рэшт усё склалася гладка. Апошнія пару дзён канферэнцыі прайшлі бесклапотна, у нецярплівым чаканні вяртання ў Менск. Гэты чалавек і Марцін адышлі на другі план: Сафія малявала ва ўяўленні, як радасна іх з мужам будзе сустракаць сын. Калі ж бацькі нарэшце прыляцелі ў Беларусь, зрабілася не да асабістых жарсцяў: малы не хацеў прызнаваць маці. Дамінік гуляўся з татам, з ім еў, засынаў і яго клікаў па абуджэнні. Маці для яго як быццам не існавала. Сафія не ведала, як да малога падступіцца. Яна была побач, прысутнічала пры гульнях, хадзіла з Васілём і сынам на прагулку, але Дамінік глядзеў скрозь яе. Раніцай у Сафіі нечакана з’явіўся вольны час: Васіль займаўся сынам, а яна магла на самоце паснедаць. Раней яна не разумела, як гэта людзі могуць хацець пазбавіць сябе жыцця, але цяпер яна пачувалася так, што гатовая была кінуцца з балкону, каб не знаходзіцца ў гэтай сітуацыі. Наколькі было моцы, Сафія трымалася за філіжанку кавы і казала сабе: «Я даю сабе тыдзень. Праз тыдзень я буду думаць, што мне рабіць. Праз тыдзень я змагу ўбачыць, змянілася нешта ці не». Малы адтаў праз два дні. На працягу гэтых дзён, якія падаліся Сафіі вечнасцю, уся сям’я хадзіла ў парк. Спачатку яны разам гулялі ў мячык. Потым Васіль ляжаў на лужку і чытаў новыя кнігі на ангельскай мове. Сафія насілася за Дамінікам, пакуль той даследаваў паркавыя дрэвы, дарожкі і сметніцы. Малы час ад часу азіраўся на яе, і ў яго поглядзе з’яўлялася гэтае, невядома адкуль прыдбанае: «О, жанчына! Здрада табе імя!» Сафія ўнутрана здзіўлялася: «Тыповы мужык: ты з’язджаеш на тыдзень, а ён цябе ўжо не прызнае!» У нейкі момант маці не магла болей трываць гэтую холаднасць. Яна села на падлогу на кухні і заплакала. Дамінік падышоў і абняў яе. Калі ж Сафія хацела абняць яго ў адказ, ён адбег да балкона. Потым рэзка развярнуўся, падышоў і ўдарыў яе далоняй па твары. Сафіі палепшала: яна зразумела, што малы спрабуе выказаць сваю пакуту. Не вытрымаў усяго гэтага драматызму Васіль. Ён успыхнуў: «Пагавары ж ты з ім! Ты можаш гутарыць з кліентамі і не хочаш па-людску растлумачыць усё роднаму сыну. Хай ён не ўмее размаўляць, але, можа, ён цябе зразумее!» Муж узяў Дамініка на рукі, а Сафія пачала гаварыць. Прасіла прабачэння, выказвала свае пачуцці, завярала, што разумее сынавы перажыванні. Нарэшце паабяцала болей не з’язджаць. Так надоўга. Прынамсі, пакуль яму не споўніцца трох гадоў. Яна і не зманіла сыну: у Галандыю яна потым паехала толькі на тры дні.
Пасля ўсяго, што адбылося, канферэнцыя падавалася Сафіі нейкім сном. Жанчыну цяпер здзіўлялі начныя з’яўленні гэтага чалавека і тое хваляванне, якое абудзіў у ёй Марцін. Сафія была ўпэўненая, што двайнік галандца назаўжды застаўся ў мінулым. Прагулка, крама, лецішча, дом — шчаслівыя і спакойныя сямейныя клопаты згладзілі ўспаміны як пра паездку, так і пра старое балючае каханне. І вось зусім нечакана Сафія сустрэла сястру свайго былога захаплення. У той дзень трэба было ехаць па нейкую драбязу «ў горад». Каля «Цэнтральнага» гастранома, як гэта звычайна бывае са старымі знаёмымі, жанчына сустрэла Галю. Пазнала яе толькі таму, што прыняла тую за брата: Галя пастрыглася і схуднела. Раней жанчыны і не сябравалі, і не варагавалі: абедзве чакалі, як павернецца лёс. Пасля таго, як Сафія зайшла замуж за Васіля, яны сутыкаліся дзе-небудзь на «культурных мерапрыемствах», гутарылі пра агульных знаёмых, але Сафія наўмысна ніколі не пыталася пра Галінага брата. Тая сама не вытрымлівала і пад канец гаворкі «даносіла», дзе ён і як. Цяпер абедзве ўзрадаваліся сустрэчы: яны былі прывідамі маладосці, калі ўсё здаецца больш сапраўдным і важным, чым калі табе добра за трыццаць. Па старой завядзёнцы Галя, распытаўшы пра тое, хто замужам, хто разышоўся і ў каго колькі дзяцей, распавяла пра брата. Паскардзілася, што ён засеў у нейкім маленькім гарадку ў Галандыі. Хай бы яшчэ ў Амстэрдаме! Жанчыне не зразумела было, нашто брату было з’язджаць, ды яшчэ ў нейкую правінцыю — тут жа праграмеры таксама добра зарабляюць. Сафія адказала, што, відаць, дух свабоды прывабіў яго. Гэтага за грошы не купіш, у руках не патрымаеш. І гэта альбо ёсць, альбо не. Гэта нешта, што лунае ў паветры. Сафія ўзгадала адну пакручастую старажытную вуліцу недалёка ад Гановерскага ўніверсітэта, дзе жыў выкладчык і філосаф Густаў Х-н. Калі стаіш каля ягонага дома, адчуваеш, што інфармацыйная прастора, напрацаваная гаспадаром і вучонымі-папярэднікамі, нікуды не падзелася і напаўняе наваколле. У той жа час у Беларусі здавалася, што ўсё тое вялікае і творчае, што рабілася людзьмі, амаль бясследна знікала ў нейкай багне. Сафія добра жыла, нядрэнна зарабляла, у яе быў нейкі там духоўны свет, але адчуванне было такое, як быццам яна існуе на дне яміны, напоўненай вязкай субстанцыяй. Хто яна тут? Пустое месца. Цень свайго ценю. Чалавек з натоўпу. Гэтае пачуццё амаль фізічна агарнула Сафію. Яе ахапіла паніка. Яна раптоўна забылася на рэальныя абставіны свайго жыцця, на сваё сямейнае шчасце. Трэба было тэрмінова нешта рабіць. Сафіі захацелася вырвацца з гэтай уяўнай безвыходнасці. Яна маланкава пралічыла некалькі хадоў наперад і ў напаўадчайным стане сутаргава папрасіла Галю запісаць свой і-мэйл. Гэта быў самы надзейны сродак сувязі: паштовыя адрасы, тэлефоны мяняюцца, а і-мэйл перарабіць рукі не дойдуць. Да таго ж гэты і-мэйл ведаюць усе старыя сябры, калегі. Інакш Сафію цяжка знайсці — за апошнія сем гадоў яна чатыры разы пераязджала. Сафія трохі ведала Галю і была ўпэўненая, што тая перадасць і-мэйл брату. Галя — прыроджаны «пераносчык навінаў», а па-простаму пляткарка. Яна мастачка тэатру — ёй усё цікава, усё для яе лёсавызначальна, і ўсё сенсацыя. Галя не вытрывае і напіша брату пра сустрэчу з Сафіяй. Дасць яму і-мэйл. Так Сафія пачне чакаць.