Литмир - Электронная Библиотека

Нейкім чынам у Сафіі вельмі добра атрымлівалася дапамагаць людзям адказваць на складаныя пытанні. Барані Бог ёй было самой прапаноўваць адказы — яна не давала нават парадаў. Кліенты ўсё рабілі самі. У іх раскрываліся сэрцы, праясняліся галовы. Словы, каторыя раней здаваліся людзям лухтой, блытанінай альбо, наадварот, жалезным законам быцця, рабіліся празрыстымі, і праз іх нарэшце праглядаў сэнс. Сафія настройвалася на кліентаў, цягнула за патрэбныя нітачкі, і людзі — раз, і рабілі неабходныя адкрыцці, прымалі мудрыя рашэнні. Сафіі нецікава было корпацца ў болі і крыўдах мінулага — яе вабіла перспектыва, вызваленне, шчаслівае выратаванне. Яна была медыумам, сучаснай шаманкай, якая ўмела прыцягваць цуды за кошт уласнага і чужога розуму.

Сафію ахвотна запрашалі за мяжу. Яна сама хоць-калі здзіўлялася, чаму. У нас калі чалавек мае нейкі талент, то яго любяць патаптаць, памучыць, пакамечыць і выкінуць. Потым сказаць: «А нам самім дваццаць гадоў ходу не давалі. 180 рублёў замест 280 плацілі. І падзарабіць нельга было. Чаму вы думаеце, што вы лепшыя за нас?» Здавалася, што ў гуманітарнай сферы большасць кіравалася адным дэвізам: «Ёсць я, а астатнія хай здохнуць!» На Захадзе, як у яе склалася ўражанне, наадварот, цягнулі таленавітага чалавека за вушы. Колькі яна забівала на падтрыманне неабходных сувязяў, на доўгатэрміновыя планы. Разбэшчаная ўсёразуменнем і доўгацярпеннем замежнікаў, яна рэзала праўду-матку ў вочы ангельцам, казала брыдкасці французам, папракала вайной немцаў. А ўсё роўна — пісалі, тэлефанавалі, упрошвалі, натхнялі, падбухторвалі. Зрабілі з яе паспяховага прафесіянала, далі магчымасць напрацаваць сабе шыкоўнае рэзюме. Заходнікі падаліся Сафіі больш чалавечнымі і адказнымі за бліжняга свайго, хоць, па ўсіх філасофскіх прадказаннях, заходняя цывілізацыя мусіла даўно загінуць праз свой індывідуалізм. Была, відаць, і яшчэ адна прычына такой увагі заморскіх кліентаў: Сафія падазравала, што яна брала меней грошай за сваіх замежных калегаў.

Гэтым разам ганарар за семінар часткова аплочваў канферэнцыю. Упускаць такі цудоўны шанец з’ездзіць у Англію было шкада. Тым больш, што Сафіі хацелася адчуць, што яна яшчэ жывая як асоба, а не проста маці свайго дзіцяці, хай сабе і самага любімага на свеце. Гэта потым Сафія будзе прасіць у малога прабачэння, рыдаць і абяцаць ніколі болей не пакідаць яго. Цяпер жа яна атрымлівала асалоду ад таго, што зможа сама па сабе вандраваць і пачувацца цэласнай нават без дзіцяці.

…Калі Сафія з Васілём дабраліся да кампуса, яны размясціліся і прылеглі паспаць. У Сафіі нечакана разбалеліся вушы пасля пералёту. Магчыма, праз гэта ёй пачалі сніцца кашмары пра сына: вось ён паваліўся і няма каму падняць, вось ён скардзіцца, што не далі яму блакітны паільнічак. Сафія прачнулася. Сны і думкі пра маленькага сына былі невыноснымі. Трэба было нешта рабіць з тым жахам, які апанаваў іх з Васілём. Сафія разумела, што нельга напляваць на ўсё і паляцець назад дахаты: столькі было прыгатаванняў да паездкі. Ды і самалёта ў Беларусь у гэты дзень болей не было. Сястра адгаварыла іх з мужам браць з сабой мабільныя: сказала, што будуць толькі рваць сабе і дзіцяці сэрцы, а праўду ім усё роўна ніхто не скажа. Васіль проста не знаходзіў сабе месца: перажываў за малога. Сафія мусіла захоўваць халодны розум і за сябе, і за мужа. Урэшце Васіль, раззлаваны, што паслухаў жончыну сястру, вырашыў тэлефанаваць дахаты, каб даведацца, як сын. У пакоях тэлефонаў не было: пасялілі іх у студэнцкім інтэрнаце. На дзіва, працаваў адзін з двух манетных аўтаматаў на тэрыторыі кампусу. Дома сказалі, што ўсё ў парадку: сын вясёлы, гуляецца з дзедам, з бабай, не плача і пра бацькоў не пытаецца. Сафія вырашыла проста замкнуць на тыдзень сэрца. Супакойвала сябе тым, што дзіцё пад добрым наглядам — не прапала ж яна сама за сваімі бацькамі. Толькі потым, па вяртанні, паглядзеўшы фотаздымкі за гэты час, што сын правёў у дзеда з бабай на лецішчы, Сафія зразумела, што весела малому ў разлуцы не было. Яна зараклася з’язджаць ад яго так надоўга.

Але на той момант прыемная праца, магчымасць пабыць з мужам сам-насам, пагаварыць, пагуляць, палайдачыць у вольны час падаліся Сафіі раем. Яна сама здзіўлялася таму, што для яе магчыма расстацца з дзіцём і не звар’яцець. Праўда, праз пару дзён прафесійныя абавязкі пачалі вымотваць. Сафія не магла болей тусавацца і старалася высыпацца, каб прыстойна дацягнуць да канца свайго семінару. Гэта агульная бяда ўсіх кансультантаў. Здаецца, яны не ўдзельнічаюць наўпрост у абмеркаванні праблемы кліента, але потым іх усё роўна зацягвае, мозг працуе на вырашэнне задачы. Перастаеш сябе адчуваць, перастаеш думаць пра сваё. Тваё цела і мозг — медыумы ў дасягненні мэты, адказу на пастаўленае пытанне. Да ўсяго рашэнне чалавека ці групы магло не падабацца Сафіі. Яна разумела, што пры іншай канстэляцыі атрымалася б нешта адрознае і, можа, больш прывабнае для яе. Але па правілах методыкі яна не магла непасрэдна ўплываць на кліента. Ёй заўжды трэба было нагадваць сабе, што адказнасць за дзеянні, якія будуць наступствам іхняй размовы, нясе субяседнік. Гэтым разам пытанне падавалася ёй недарэчным: «Ці важны дыялог для разумення?» Адказ здаваўся тупікова відавочным: «І так, і не». Семінарская група трапілася зацікаўленая: яны працавалі з імпэтам і наважылі вызначыць складнікі ўдалага дыялогу, умовы для разумення. Сафія ўнутрана здзіўлялася апантанасці ўдзельнікаў, бо ёй здавалася, што дыскусія загадзя абяцала быць схаластычнай. Ды не, гэтыя ўмудрыліся знайсці нешта сутнаснае. Чым складаней робіцца размова, тым большая нагрузка кладзецца на кансультанта, але Сафія адчувала, што выцягне і гэтую групу. У скрайнім выпадку яе выратуе абмежаванне ў часе. Ёй пашанцавала: група выкараскалася. Людзі засталіся задаволенымі, сведчылі, што зразумелі, як гутарыць і ставіцца да субяседніка, каб атрымаўся дыялог. Сафія таксама праз гэтую размову адчула, што дэманстравала ў рэальным жыцці зашмат пагарды да простых смяротных, калі тыя не мелі гонару быць яе кліентамі.

На фоне агульнага спакою (не трэба было ні глядзець за дзіцём, ні гатаваць, ні прыбіраць, ні мыць посуд) Сафіі працягвалі сніцца цяжкія сны. За сына яна, здаецца, болей не хвалявалася. Затое нечакана ўсплыў у памяці мужчына, з якім Сафія і не сыходзілася і не разыходзілася ніколі, але гэты чалавек нейкім чынам заўжды ведаў, калі ёй не хапае дыхання, каб жыць далей. Ведала і яна, калі вынырнуць у ягонае жыццё. За амаль дваццаць гадоў знаёмства яны ніколі не былі сталай парай: абое лічылі сябе нявартымі адно аднаго. Калі іх сустракалі дзе-небудзь у горадзе альбо на вечарыне, то побач з імі балюча было знаходзіцца. Гэтыя двое ўтваралі кокан энергіі, які іскрыў усярэдзіну і вонкі. Яны падзараджалі адно аднаго, і не кожны з тых, хто акаляў іх, мог вытрымаць такую канцэнтрацыю жыццёвай сілы. Калі кокан распадаўся, падавалася дзіўным, што гэтыя людзі могуць мець дачыненне адзін да аднаго. Калі ж яны былі разам, немагчыма было ўявіць іх сабе паасобку. Сафія, у цэлым не надта схільная да містыцызму, падумвала пра тое, што іх, верагодна, знітавала нейкая гісторыя ў мінулым жыцці. Інакш ёй цяжка было растлумачыць гэтае хімічнае каханне і той факт, што менавіта гэты мужчына, з каторым не ўдаецца знайсці агульную мову за ранішняй кавай, дае ёй столькі натхнення на гады жыцця.

Пасля іхняй апошняй сустрэчы прайшло сем гадоў. Раней Сафія проста не паверыла б, што зможа столькі без яго пражыць. У яе надараліся такія моманты, калі яна пыталася ў сябе, ці не трэба звярнуцца па энергетычную падтрымку да гэтага чалавека — хаця б убачыць яго, хаця б пагутарыць. Падумвала-падумвала і адмаўлялася ад гэтага: для цэласнасці ёй пачало хапаць сябе, сваёй сям’і і старых сяброў. Таму для Сафіі было нечаканым, што гэты мужчына апанаваў яе сны. Ён сніўся ёй штоноч: скардзіўся, што пакутуе ў разлуцы, і пытаўся, чаму якія-небудзь недарэчнасці здольныя развесці людзей па жыцці. У сне яны абмяркоўвалі, ці ёсць альтэрнатывы лёсу. Сафія любіла думаць пра гэта раней, калі ёй было гадоў дваццаць. Жыццё падавалася развілкай, на якой можна было выбраць адзін шлях, потым памяняць рашэнне і вярнуцца на перакрыжаванне. Цяпер яна трываць не магла гэткія размовы. Сафія разумела, што ў яе няма часу на эксперыменты. Што адзін выбар цягне за сабой лёс і лад жыцця. Калі табе за трыццаць, неразумна збочваць з талкова абранай дарогі, якая ўдзячна цябе вядзе.

65
{"b":"828985","o":1}