Литмир - Электронная Библиотека

Мужчыны прынеслі піва ў адмысловых пінтавых куфлях, прыселі побач. Слова за словам, кампанія пачала распытваць іх з мужам, ці лёгка было пакідаць дома малога — першае расстанне, ды яшчэ з абодвума бацькамі. Сафія мямліла пра бабак-дзядоў, пра тое, што нельга адмаўляцца ад кар’еры, бо потым дзіцё само дзякуй скажа. Але што яна магла ведаць напэўна? Пераконвала больш сябе, чым прысутных. Галандзец стаў распавядаць пра свайго сына. Успомніў, як сам удзельнічаў у нейкай канферэнцыі, калі малы толькі нарадзіўся. У нейкі момант Марцін гатовы быў усё кінуць-рынуць і ляцець дахаты. Стрымаўся толькі дзякуючы намаганню волі. Сафія таксама менавіта трымалася. Няёмка было некуды зрывацца, асабліва пасля таго, як канферэнцыя планавалася апошнія два гады. Увесь гэты час Сафія пацвярджала арганізатарам, што прыедзе, хоць і баялася пакідаць маленькае дзіцё. Затое цяпер яна была гэтак блізка да поўнай самарэалізацыі! Маладая мама, асабіста запрошаны на канферэнцыю спецыяліст, яна перажыла ў Англіі з мужам другі мядовы месяц (дакладней, тыдзень) і бавілася ў пабе з вяршынкамі інтэлектуальнай эліты. Карацей, паводзіла сябе жанчына годна і не падавала знаку, што хвалюецца за дзіцё і не ўпэўненая нават у тым, што добра адпрацавала семінар. Перад паездкай Сафія ўвогуле сумнявалася, што яшчэ памятае, як робіцца яе справа: у галаве цікаў гадзіннік кармленняў, прагулак, сну.

Калі зайшла гаворка пра дзяцей, маладая маці сядзела, сціснуўшы зубы, а Марцін толькі дзіву даваўся, які ў яе слабы мацярынскі інстынкт. Потым галандзец змяніў гнеў на міласць і ўсміхнуўся. «Нічога. Выгадуеце. Вырасце — будзе вам з мужам добрым сябрам. Мой сын хутка сканчае школу і пажартоўвае, што хоча працягнуць сямейную справу — зрабіцца філосафам». Тут Хорст узяў рэванш і папікнуў Марціна за тое, што галандцы, як апошнія сафісты, займаюцца філасофіяй за грошы: кансультуюць бізнесоўцаў, у той час як нямецкае адгалінаванне дабрачынна працуе ў турмах і з цяжкімі падлеткамі. Марцін развёў рукамі: «Я і сам не ведаю, чаму нам плоцяць такія шалёныя грошы за нашую справу. Але попыт ёсць, і не малы. Людзям не дапамагае псіхалогія і якая-небудзь энэлпішная дрэсіроўка — яны памяшаліся на філасофскіх практыках. Кажуць, ім гэта ідзе на карысць». «А то», — падбіў выснову Васіль і пачаў развіваць тэорыю пра прычыны гэтай з’явы. Зразумела было, чаму яго так ірвуць з рукамі на міжнародныя канферэнцыі: Васілёва фантазія ў сукупнасці з фактамі з якіх заўгодна галінаў навукі здольная завабіць нават такіх стомленых ведамі старых еўрапейцаў. А Сафія ўжо не слухала. Гэты галандзец зрабіў непапраўнае: нечакана ён усміхнуўся той самай усмешкай, каторую ёй лепей было б не бачыць.

Гэта была старая хвароба, ад якой, Сафія думала, яна канчаткова вылечылася. А раней жа было зусім блага. Дастаткова было сустрэць чалавека з падобнымі вачыма… Нават не проста вачыма, а адмысловым прыжмурам, як ужо немагчыма было не ўзгадаць гэтае каханне. Калі ж яшчэ і ўсмешка была падобнай, то скручвала яе не па-дзіцячы. Аднойчы ў Лондане Сафія сутыкнулася з гатэльным адміністратарам-арабам такога тыпу. Потым з маладым немчыкам з поўдня Германіі. Тады ледзь не год яна мучылася на сваіх семінарах па філасофіі, бо там сядзела коратка стрыжаная дзяўчына — выліты блізнюк таго мужчыны. Заходзячы ва аўдыторыю, Сафія рабілася змрочнай. Студэнтка ж яе выяўна апасалася. На куратарскіх занятках выкладчыца даведалася ад дзяўчыны, што тая мае карані за Уралам, як і дзед гэтага хлопца. Студэнтка прызналася, што баялася спачатку куратарку, бо не можа сысціся ні з кім з беларусаў, а сяброў заводзіць сярод рускіх, калі вандруе за мяжу. Калі дзяўчына налета знайшла сабе падпрацоўку і кінула хадзіць у філасофскі клуб, Сафія ўздыхнула з палёгкай: лепей трымацца падалей ад дзіўнай гульні генаў. Жанчыну пужала тое, што нейкае знешняе падабенства, пэўны тыпаж прыгажосці могуць мець над ёй такую ўладу, адымаць у яе розум.

І вось цяпер гэты галандзец. Марцін, як і шмат хто з прысутных, быў філосафам па адукацыі. Гэта была чарговая канферэнцыя для тэарэтыкаў і практыкаў дыялогу. Першапачаткова канферэнцыя разраслася з сустрэчаў суполкі кантаўскай філасофіі. Удзельнікі часта сябравалі сем’ямі, працавалі ў агульных міжнародных праектах. Яны былі як адно цэлае. Нават тыя, хто наязджаў толькі на канферэнцыі і не сустракаўся з астатнімі ў перапынках паміж імі, здаваліся роднымі, і адчуванне было такое, што яны не разлучаліся на два гады. Гэтыя сустрэчы хоць-калі падаваліся больш рэальнымі, чым астатняе жыццё. Гэта быў збор цікавых, разумных людзей, з якімі яны размаўлялі на адной мове.

Сярод удзельнікаў канферэнцыі, акрамя вучоных і выкладчыкаў, было шмат коўчаў, кансультантаў, якія выкарыстоўвалі філасофскія методыкі дыялогу ў дапамозе людзям. Амаль усе прысутныя некалі былі тэарэтыкамі з імем, але ў пэўны момант вымушаныя былі зарабляць грошы. За канкрэтнымі справамі, за ледзь не клінічнай практыкай яны паціху адыходзілі ад працы з філасофскімі тэкстамі. Займаліся хто чым. Індывідуальныя кансультанты дапамагалі кліентам убачыць перспектыву, наўчыцца самастойна вырашаць праблемы, будаваць сваё жыццё. Шмат каго з коўчаў запрашалі бізнесовыя кампаніі: супрацоўнікі не маглі дамовіцца паміж сабой і цярпелі страты. Заклікалі медыкі: у іх сутыкненні з грамадскасцю — трэба шукаць залатую сярэдзіну паміж прагрэсам і этыкай. Кансультанты трохі зайздросцілі ўніверсітэцкім выкладчыкам і школьным настаўнікам. На іх глядзелі з павагай: тыя маглі займацца чыстай філасофіяй і карміць за гэта сям’ю. Настаўнікі лічылі за лепшае маўчаць пра тое, што вялікі кавалак іхняй філасофскай практыкі — усталяванне дысцыпліны на ўроку. Кансультанты хадзілі на семінары да настаўнікаў паслухаць пра вечнае, чыстае, светлае. Настаўнікі ішлі да кансультантаў пагуляцца ў філасофскія гульні па новых методыках. Асобнае месца займалі тыя, хто працуе з асуджанымі: іхняя работа лічылася вельмі адказнай і небяспечнай. Заўжды цікава было паглядзець відэазапісы такой працы. Глядзіш на твары асуджаных, прагных змяніцца і пачаць новае жыццё, і думаеш: такіх бы вучняў у клас — бяды б не было.

Сафія сама пачынала як выкладчыца ўніверсітэта. Першыя пару гадоў яна ганарылася сваёй прафесіяй, лётала як на крылах ад таго, што можа перадаваць сучасныя веды моладзі. Яшчэ ж некалькі гадоў таму шмат што з філасофіі было калі не забаронена, дык недаступна! Выкладанне здавалася Сафіі пакліканнем, навука — святым абавязкам. Але потым нешта змянілася. Дакладней, вядома, што. Любы патэнцыйны пэтэвушнік мог цяпер атрымаць платную вышэйшую адукацыю. Грошы бацькоў, нярэдка голых ды босых, дазвалялі такім студэнтам лічыць, што адукацыю яны якраз купляюць, а не здабываюць. Тут ужо было ні да сучасных, ні да класічных ведаў: аўдыторыя зрабілася для Сафіі полем бітвы за захаванне элементарнай чалавечай годнасці. У навуку ж масава кінуліся правінцыялы, якія мусілі чапляцца за сталіцу, і менчукі, якім хацелася неяк прыгожа сябе прымяніць. Старэйшае пакаленне спужалася за свае месцы. Трэба было працаваць локцямі. Ці хаця б падабацца. Сафія не падабалася, не любіла амерыканскі футбол і гульню ў музычныя крэслы. Яе вышпульнула з сістэмы. Дзяўчына зрабіла новы раўнд: атрымала дадатковую адукацыю ў Еўропе і падалася ў кансультанты. У бізнес-агенцыі ёй спадабалася больш, чым на дзяржаўнай службе. Адчуванне было такое, як быццам існуюць дзве розныя Беларусі: абадраная «бюджэтная», якую нават савецкай назваць складана, і багацейшая прыватная. Па вялікім жа рахунку абедзве сферы ўяўлялі сабой балота з рарытэтнай флорай і фаўнай.

«Беларускія балоты — гэта лёгкія Еўропы», — сцвярджалі неяк эколагі. Можа і так. Як казаў Сафіін муж Васіль, болей падобна да таго, што Беларусь — гэта запалыя грудзі Еўропы.

Чаму Сафія не эмігравала? Цяжка сказаць. Магчыма, родная багна незаўважна зацягнула яе. Сафія ніяк не магла раз і назаўжды кінуць сваё балота. Яна была як грыб: калі яго не выдраць з грыбніцай, ён налета прарасце на той самай лаціне зямлі. Так і жыла: па месцы мешкання ў Беларусі, па належнасці да інфармацыйнай прасторы — за мяжой. Працавала Сафія то тут, то там. Кансультавала асобных людзей, універсітэцкую публіку, бізнесоўцаў. Што датычыцца першых дзвюх групаў, то тут вялікай розніцы з Захадам не было: магчыма, таму, што звяртаўся да яе даволі прасунуты народ. У бізнесе ж нашыя людзі задавалі толькі адно пытанне: як падаражэй прадаць альбо як паболей зарабіць. За мяжой разважалі ўжо пра тое, як прадаць, каб не пакрыўдзіць вытворцу, калегаў, спажыўца, матухну-прыроду ды сябе, любімага.

64
{"b":"828985","o":1}