Люты–снежань 2009 г.
ГЭТКАЙ БЯДЫ, альбо КАХАННЕ ЯК ШТАМБАВАЯ РУЖА
Чакае яна. Чакае яе муж. Чакае нават іх сын, хоць ніхто не сказаў яму, чаму і навошта чакаць.
Яна ведае, на якой вуліцы ён жыве. У яе запісаны недзе нумар яго тэлефона. Яна можа звязацца з яго раднёй, якая, мабыць, за даўніною гадоў забылася, адкуль яе ведае, і лічыць ледзь не далёкай сваячкай. Але яна маўчыць. Яна партызаніць. Яна жыве сваім правільным жыццём. Яна не парушае гармоніі быцця, якая ім абодвум была міласціва дараваная лёсам. Яна проста чакае вестак з Галандыі.
Усё валіцца ў яе з рук, і жыве яна як самнамбула. Яе існаванне падпарадкаванае чаканню. Яна робіць працу: піша артыкулы, праводзіць трэнінгі, кансультаванні. Зрабіўшы пэўны кавалак работы, яна націскае кнопку, каб забраць пошту. У яе даволі ўтульная залежнасць — чакаць і-мэйлу. Калі б яна захварэла на чаканне звычайнага ліста і мусіла бегаць на першы паверх правяраць паштовую скрынку, ёй прыйшлося б цярпець нягоды. Скразнякі, чужыя людзі, добрыя і благія суседзі, неабходнасць больш-менш прыстойна апрануцца, каб спусціцца ўніз. Відаць, яна б доўга не вытрывала і вылечылася ад такой складанай хваробы. А так можна бясклопатна пакутаваць на чаканне электроннага паведамлення і не замарочвацца наконт прыліку альбо раз і назаўжды пазбавіцца ад любоўнай іпахондрыі, уласцівай рамантычным дамачкам.
Яна магла б разабрацца, чаму Галандыя. Па прафесіі яна кансультант-логатэрапеўт. Яе праца грунтуецца на свядомым стаўленні да словаў. Словы выратавання супраць словаў згубы. Гэта ёй добра ўдаецца. Не дарма яе клічуць Сафія. Да яе прыходзяць людзі, распавядаюць ёй свае гісторыі, разбіраюцца разам з ёй у сваіх спадзяваннях, планах на будучыню. Яна дапамагае ўсім, у каго ёсць праблемы альбо ахвота абмяркоўваць тэму, сфармуляваную ёю. Закаханым, расчараваным, кар’ерыстам, лузерам, шматдзетным, бяздзетным. Але яна не скажа сабе, чаму Галандыя. І ўсё ж нарэшце задае сабе пытанне. Адно слова: «Чаму?» Яе розум, як выдрэсіраваны сабака, пачынае тлумачыць ёй.
Памятае, усё памятае — і няма чаго спадзявацца, што сабакі не ўмеюць гаварыць. Карацей, сядзяць яны ва ўніверсітэцкім пабе аднаго старажытнага ангельскага гарадка. Яна, яе муж Васіль — філосаф-вучоны, Хорст — прарэктар аднаго з нямецкіх універсітэтаў, Марцін — галандскі філосаф-кансультант і амерыканскі студэнт філасофіі і эканомікі Эд. Яны прыехалі на вялікую канферэнцыю па практычнай філасофіі. Толькі што яны вызваліліся ад агульнай павіннасці на выбар — нефармальнага баўлення часу ў вольны вечар. Выбар быў жорсткім: спяваць, глядзець дакументальны фільм пра чарговую сярмяжную тугу і схадзіць на шпацыр — паглядзець на рымскую сцяну вакол старога горада. Спяваць Сафія пагадзілася б толькі пад наркозам. На мінулай брытанскай канферэнцыі пасля «Дробна драбніцы» яна сарвала апладысменты японцаў. Паслухаўшы іхняе выкананне японскіх народных песень, Сафія зразумела, чаму: японскія спевы падаліся ёй атанальнымі. Можна ўявіць сабе, як яна спявала, бо японцы кланяліся ёй да канца канферэнцыі і па чарзе фатаграфаваліся з ёй на фоне гістарычных карпусоў універсітэта. Калі ж дапусціць, што спевы Сафіі ім не спадабаліся, то магчыма, японцы, уражаныя яе адчайнай мужнасцю камікадзэ, развітваліся з ёй, бо прыстойны чалавек павінен быў бы зрабіць сабе пасля такой ганьбы харакіры. Так што са спевамі яна болей не рызыкавала. Сярмяжнай тугі хапала сваёй, таму заставалася прагулка.
Перад уваходам ва ўніверсітэцкі двор Сафію з Васілём чакалі астатнія шукальнікі лёгкага жыцця. Дваццаціаднагадовы амерыканец Эд, які, дасягнуўшы паўналецця, не хацеў марнаваць часу, і, відаць, палічыў, што на праглядзе палітычнага фільма ці падчас спевак у коле ангельскіх лэдзі не пажлукціш піва. Абцяжараны комплексам віны за нацысцкае мінулае бацькоў Хорст (ён пераконваў Сафію, што гітлерызм дыскрэдытаваў групавыя спеўкі). І прыблудзіўшы да іх галандзец Марцін, які, па аднаму яму вядомых прычынах, настойваў на тым, што сапраўды хоча падзівіцца на разваліны.
Уся кампанія прырыхтавалася да доўгай дарогі. Яны набралі ў лёгкія паветра і, правільна дыхаючы, шпарка рушылі ў патрэбным кірунку. Шпацыр заняў каля дзесяці хвілінаў. Некалькі з іх пайшлі на тое, каб дапытваць стрэчных, як прайсці да рымскай сцяны. Асабліва складаным гэтае пытанне падалося дзвюм паўнаватым дамачкам на прыпынку аўтобуса, каторыя думалі-думалі і ўрэшце паказалі на даволі прыстойную сцяну ўздоўж тратуара насупраць. Падышоўшы да ўмацавання, вандроўнікі трошкі засумняваліся, што менавіта яно — аб’ект іхніх пошукаў, але на ім мелася шыльда, каторая сведчыла, што гэтая сцяна — самая што ні на ёсць рымская. Праўда, шмат разоў надбудаваная і перабудаваная. Патаптаўшыся каля рэліквіі, яны вырашылі для прыліку хаця б прагуляцца ўздоўж яе. На дарожцы каля сцяны змяшчаліся максімум трое, таму Сафія ішла паміж Хорстам і Марцінам, якіх празвала пра сябе «старымі еўрапейцамі». А муж і амерыканец адсталі і абмяркоўвалі падзенне аўтамабільнай індустрыі ў Дэтройце. Да Сафіі даляталі толькі асобныя рэплікі Васіля пра лібертарыянцтва і студэнтава мантра, разбаўленая раўнамерным глытаннем піва з банкі, схаванай у папяровы пакет: «Never come to Detroіt». Сафія вырашыла на ўсялякі выпадак прыслухацца да гэтай парады, калі раптам закарціць эміграваць. Па дарозе, аглядаючы шэрыя каменныя асабнякі, акуратныя лужайкі і шчымліва дасканалыя садзікі, а таксама «Міні» розных мадэляў і колераў, маладая жанчына са «старымі еўрапейцамі» перайшлі на гаворку пра ровары. Як заўжды, пачалося з галандца, які не прамінуў папікнуць сумленнага немца скрадзенымі ў вайну веласіпедамі. Хорст засаромеўся нацысцкага мінулага сваіх продкаў яшчэ болей, але паступова гутарка пайшла пра сучасную любоў еўрапейцаў да ровараў. Цяпер ужо немец змог адыграцца і пасаромець Сафію за родны горад Менск, дзе няма ўмоваў катацца на веліку, а дзікія і адсталыя беларусы ездзяць у лепшым выпадку на транспарце, а ў горшым — на ўласных аўтамабілях. Пашкадаваўшы пра гэты недапушчальны недахоп, які асабліва адчуваецца ў завейныя марозныя дні, Сафія ўзгадала пра свой любімы стары бабулін ровар з адмысловым выпрастаным рулём. Тут ужо Хорст з Марцінам зайздросна ўздыхнулі і пачалі наперабой хваліцца адзін перад адным сваімі рэплікамі даваенных веласіпедаў.
Дарога назад заняла ў кампаніі хвілінаў пятнаццаць. Спадарства старалася надаць шпацыру статус мерапрыемства, а таксама на ўсялякі выпадак марудзіла з вяртаннем, каб іх не зацягнулі на спеўкі ці ў кіназалу. На ўваходзе ва ўніверсітэцкі кампус яны заўважылі, што ў іх утварылася суполка, згуртаваная агульнай еўрапейскай любоўю да ровараў і беларуска-амерыканскай — да піва. Амерыканец Эд глядзеў у будучыню вачыма шчаслівага паўналетняга маладзёна, які думае, што цяпер жыццё будзе суцэльнай легальнай п’янкай. Сафія разумела ягоныя пачуцці, бо сама не магла дачакацца, калі кіне карміць малаком дзіця, каб выпіць на Новы год шампанскага. Але калі гэтае свята нарэшце надышло, яна мусіла прызнацца сабе, што «піць неяк не надта й хочацца». З часам Эду давядзецца перажыць нешта накшталт таго, але цяпер яму карцела працягнуць банкет.
Узяўшы ў рукі мапу кампусу, яны вылічылі, дзе знаходзіцца ўніверсітэцкі паб, і пайшлі шукаць прытулку. Паб неспадзеўна ўзрадаваў іх жывой джазавай музыкай у напаўпустой зале. Яны прыселі за не зусім тыповы для ангельскіх пабаў высокі столік з барнымі зэдлікамі. Сафія адчула сябе гадоў на пятнаццаць маладзей — замарочанай на джазе студэнткай, якой яна была некалі, падчас вучобы ў Лондане. Успомніла велізарныя залы з джазавымі запісамі ў лонданскіх музычных крамах і тое, як ледзь не са страхам хадзіла туды, бо на яе галоднымі вачыма, затуманенымі слязьмі замілавання, пазіралі сур’ёзныя дзядзечкі — аматары джазу. Эх, была б яна неўладкаваная правінцыялка — была б хітрэйшая і смялейшая. Даўно была б замужам за брытанцам з добрай сям’і і ездзіла на «Міні». Але Сафія была ўладкаваная мянчучка: дагледжаная, любімая бацькамі і распешчаная ўвагай маладых, нахабных, прыгожых хлопцаў-студэнтаў. Вечных студэнтаў, адзін з каторых, хай сабе і кандыдат філасофскіх навук, стаў яе мужам. Галава закруцілася ў Сафіі ад прыемных успамінаў пра вучобу ў Англіі і рамантычнае вяртанне дадому, дзе яе чакаў Васіль — галоўны прэтэндэнт на руку і сэрца. Сафія слухала музыку і ўсміхалася сваім згадкам пра мінулае, якое ўдобрыла глебу для сённяшняга шчасця.